Skip to main content

27 красвіка, пятніца

Разважаем над словам Божым

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 14, 1–6

Я — дарога і праўда, і жыцце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.

Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?

Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сённяшні фрагмент Евангелля зноў пераносіць нас у Апошнюю Вячэру. Езус кажа: «Няхай не трывожыцца сэрца вашае», бо хвіліну перад гэтым Ён прадказаў адрачэнне Пятра, галавы апосталаў, калі той горача выказваў Яму сваю любоў і вернасць (гл. Ян 13, 37-38). Такім чынам, засцерагаючы вучняў ад легкадумнасці і непастаянства, Міласэрны Збавіцель, адначасова, запэўнівае іх у Божай апецы і прызначэнні для вечнага шчасця.

            Надышоў час, калі мала проста верыць у Бога, як верылі юдэі. Езус пабуджае вучняў задаваць пытанні, каб паўней раскрыць ім глыбіню праўды пра Сабе — Сына Божага.

            Ён называе Сябе ПРАЎДАЮ, бо не мае ў Сабе падзеленнасці, мноства «праўдаў». Таксама называе Сябе ЖЫЦЦЁМ, бо «у Ім мы жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 28). І называе Сябе ДОРОГАЮ – як Той, хто праз Сябе вядзе нас.

            Ці маю я гарачую любоў да Езуса, ці трывожыцца маё сэрца, што магу не ўбачыць Яго? Які мой давер да Божай апекі? Ці ўмею знаходзіць залатую сярэдзіну, каб, з аднаго боку, не ўпадаць у легкадумнасць, празмерна спадзяючыся на Божую Міласэрнасць, а з іншага боку — не мець сумніву ў Божай моцы і любові да мяне? Ці імкнуся глыбей пазнаць Боскую сутнасць Езуса праз частае чытанне тэкстаў Святога Пісання і разважанне над імі?

            бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 807