26 красавіка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Калі Езус абмыў вучням ногі, сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго. Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя.
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго абраў. Але, каб збылося Пісанне: Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту. Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што гэта Я.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне.
Гэта слова Пана.
Каб лепш зразумець словы Хрыста, прыведзеныя ў сённяшнем фрагменце Евангелля, варта прыгадаць, што перад гэтым Езус абмыў ногі сваім вучням і двойчы падкрэсліў, што і яны адзін аднаму павінны абмываць ногі. А цяпер кажа: «Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя». Сапраўды, не дастаткова толькі ведаць навуку і памятаць пра прыклад Настаўніка. Трэба яшчэ і дзейнічаць адпаведным чынам, каб быць шчаслівым у Божым Валадарстве.
Падрыхтаваўшы вучняў запаведдзю пакорнага і дзейснага стаўлення адзін да аднаго, Езус паказвае нязмерную веліч іх паклікання: «Хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае». І адначасова паказвае сваю Боскую роўнасць Айцу: «Хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне».
Каб вучні падчас выпрабанняў і пераследу не збянтэжыліся, не згубілі веру, як сапраўдны Пан і Валадар прадказвае ім, што нават сярод выбраных апостлаў знаходзіцца здрайца, каб споўніліся словы Пісання. А адначасова гэтымі словамі Ён выказвае вялікую цярплівасць і любоў да Юды Іскарыёта – гэта яшчэ адзін шанс для яго, каб, пачуўшы перасцярогу, ён мог апамятацца, навярнуцца.
Калі я лічу сябе вучнем Хрыста, як пераймаю прыклад Езуса, які абмыў ногі сваім вучням? Як гэтую навуку рэалізую ў сваім жыцці? Як я прымаю сённяшніх пасланнікаў Хрыста, наступнікаў апосталаў — біскупаў, святароў, іншых пасланых прапаведваць слова Божае? Ці ўспрымаю з павагаю словы перасцярогі, якія часам гучаць для мяне са старонак Святога Пісання, з навучання Касцёла, з вуснаў братоў у веры?
бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 766