25 красавіка, серада, Свята св. Марка, Евангеліста
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я прыйшоў на свет як святло
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус усклікнуў і сказаў: Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў таго, хто Мяне паслаў. І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне. Я прыйшоў на свет як святло, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, але свет збавіць.
Хто пагарджае Мною і не прымае слоў Маіх, той мае сабе суддзю: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень. Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць. І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец.
Гэта слова Пана.
Словы, якімі Марк заканчвае сваё Евангелле і якія мы сёння пачулі, нясуць у сабе вельмі багаты змест. Можна глыбока разважаць над кожнай фразай сённяшняга фрагменту.
Гэтыя словы, якія кажа Езус, маюць асаблівы, урачысты характар, бо яны – апошнія словы да адзінаццаці апосталаў, якія Пан сказаў ім падчас зямнога прабывання. Пра што ж Ён кажа? «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле». Таму Касцёл з'яўляецца місійным па сваёй натуры. «Хто паверыць, будзе збаўлены». Вера неабходная для збаўлення. Але вера патрабуе супольнасці. Верыць можна толькі верай Касцёла.
«Хто паверыць і ахрысціцца...» Касцёл не ведае іншага сродку, акрамя хросту, каб адкрыць брамы вечнага шчасця. Хрост з'яўляецца першым і асноўным сродкам для адпушчэння грахоў. «У імя Маё», кажа Пан, Апосталы будуць чыніць цуды. Варта задумацца на веліччу імя Езуса, над моцаю заклікання гэтага імя.
«На хворых ускладаць рукі», «выганяць злых духаў». Вось крыніцы сакрамэнту хворых і практыкі экзарцызму ў Касцёле. «Езус узнёсся на неба і сеў праваруч Бога». Гэтыя сімвалы акрэсліваюць неадваротны ўваход чалавечнасці Хрыста ў хвалу Божую.
«Пан пацвярджаў слова знакамі». Акт веры, які неабходны для збаўлення, не з'яўляецца слепым памкненнем духа, а мае доказы верагоднасці.
Ці цалкам адпавядае мая вера веры Касцёла? Ці ведаю я веру Касцёла? Як я развіваю ў сабе дар святога хросту? Ці развіваецца атрыманае мною зерне новага жыцця ў Хрысце і дае яно годныя плады?
бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 871