24 красавіка, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я і Айцец — адно
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
І было тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма. Езус хадзіў у святыні па бабінцы Саламона.
Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці. Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта.
Езус адказаў ім: Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне. Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак. Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навек, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно.
Гэта слова Пана.
Сёння Евангелле прадстаўляе нам яшчэ адзін дыялог Езуса з юдэямі. Вось нядаўна яны пачулі ад Езуса алегорыю пра Добрага Пастыра і Ягоных авечак, а таксама пра фальшывых пастыраў. Праз некаторы час яны абступілі Езуса і запыталі: «Скажы нам адкрыта, калі ты Месія». На першы погляд можа здавацца, што юдэі шукаюць праўду, узмацненне сваёй веры. Але Езус, які бачыць думкі і намеры сэрцаў, адказвае не на вонкавае пытанне, а на іх думкі і намеры.
Які ж любячы і міласэрны педагог наш Пан! Юдэяў, якія зноў і зноў хочуць яго спакусіць і злавіць на слове, Ён не адштурхоўвае, не пазбягае размовы з імі, а далей імкнецца прывесці да веры, да Свайго статку. Вось Ён ім звяртае ўвагу: «Вы не з Маіх авечак» і адразу ж кажа, што тут побач ёсць Ягоныя авечкі, якія слухаюць Ягоны голас. І гэтым хоча ўзбудзіць у юдэях добрую рэўнасць, жаданне. Далей кажа пра ўзнагароду – вечнае жыццё, якое трэба разумець як вечнае і трывалае шчасце. А сам Ён – надзейны шлях да яго, бо авечак «ніхто не вырве з рукі Айца», а Ён і Айцец – адно.
Ці я – сярод тых, хто верыць у Добрага Пастыра? Юдэі верылі ў Бога нябачнага, але цяжка ім было паверыць у Сына Чалавечага. Ці не абмяжоўваюся і я вераю толькі ў нябачнага Бога? Якім чынам я слухаю голас Добрага Пастыра ў бачным Хрыстовым Касцёле?
бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 780