Skip to main content

23 красавіка, панядзелак

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 10, 11–18

Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна. 

У той час:

Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сённяшні фрагмент Евангелля варта спалучыць з тым, аб чым была гаворка раней: цудоўным аздараўленнем сляпога ад нараджэння і ў сувязі з гэтым – пытаннем некаторых з фарысеяў да Езуса: «Ці ж і мы сляпыя?»

            Тады да аўтарытэтных лідэраў ізраэльскага народу, у прысутнасці іншых слухачоў, Езус кіруе маляўнічую алегорыю пра пастыраў і фальшывых пастыраў. Сапраўдны пастыр уваходзіць праз браму – праз словы Святога Пісання, праз навучанне прарокаў. Але цяпер, калі народ і яго духоўныя лідэры ўжо дастаткова былі падрыхтаваныя праз шматлікія знакі і цуды Езуса, Ён адкрыта кажа, што менавіта ў Ім канчаткова выканалася Пісанне і словы Прарокаў. Ягоная місія – даць не толькі аздараўленне ад хваробаў у гэтым зямным жыцці, але даць сапраўдную поўню жыцця, пра якую слухачы нават і не здагадваюцца.

            Гэтыя словы Езус кіруе таксама і да «авечак». Бог кліча кожнага па імені, якое з'яўляецца святым, адвечным і непаўторным. Сапраўдныя авечкі слухаюць голас сапраўднага Пастыра. Тое, што Пастыр ідзе перад імі, можа азначаць, што іх не трэба біць пугаю, як жывёлаў, каб яны былі паслухмянымі.

            Ці з'яўляюся я паслухмянай «авечкай» Божай? Ці ўмею распазнаць голас сапраўднага Пастыра сярод мноства галасоў гэтага свету? Калі я пастаўлены кіраваць іншымі, выхоўваць іншых, маю адказнасць за іншых, то ці «ўваходжу праз сапраўдную браму» – Божае слова і навучанне Хрыстовага Касцёла?

            бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap, Беларусь

 

  • Праглядаў: 870