Skip to main content

22 красавіка, нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 10, 11–18

Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У сённяшнюю нядзелю ў касцёлах чытаецца Евангелле пра Езуса, Добрага Пастыра. Езус Сам прадстаўляе Сябе як Добрага Пастыра. Статак – гэта Ягоны Касцёл, Божы Народ, які пакліканы сабраць у сабе ўсіх дзяцей Божых у дасканалым адзінстве. Хаця авечкамі ў Касцёле кіруюць, па волі Божай, пастыры-людзі, аднак няспынна вядзе авечак і корміць іх Сам Хрыстус – Кіраўнік пастыраў.

            Таксама Езус прыводзіць доказы, якія павінны ўзмоцніць у слухачоў веру ў Яго. Сапраўдны Пастыр – той, якія з любові аддае жыццё сваё за авечак. Аддае добраахвотна, можа не аддаваць. Але таксама мае Боскую моц, каб зноў уваскрэснуць.

            Ягоныя авечкі маюць асаблівае веданне, кім з'яўляецца Ён. Але гэта іншыя веды, чым тое, як Ён ведае Айца. Езус прагне, каб усе людзі далучыліся да статка Ягоных авечак.

            Пройдзе няшмат часу, і тыя, хто слухаў тады словы Езуса, убачаць сапраўдную ахвяру Добрага Пастыра, а Пётр і апосталы, апранутыя ў моц Духа Святога, будуць абвяшчаць ім Уваскрасенне Хрыста, кажучы, што Ён – «камень, адкінуты будаўнікамі, які стаўся галавою вугла» (Пс 118), што акрамя Езуса «няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне» (Дз 4).

            Таксама сённяшнія словы Езуса вучаць нас любові. Мы не чуем ад Яго: «Вы павінны любіць», але ў словах Езуса бачым любоў Добрага Пастыра да нас, чуем пра адносіны з Айцом, які любіць Яго. Ці ж авечка з Хрыстовага статка, якая слухае свайго Пастыра, можа жыць па іншых законах, чым па законах любові, «якую даў нам Айцец, каб мы былі названыя дзецьмі Божымі, і імі з'яўляемся» (1 Ян)?

            Ці я ў поўні належу да Божага статка – Хрыстовага Касцёла? Ці, можа, мне яшчэ трэба прайці пэўную дарогу асабістага навяртання?

Якія мае адносіны да пастыраў-людзей у Касцёле? Ці веру, што праз іх дзейнічае і вядзе мяне Добры Пастыр – Хрыстус?

                        Якім чынам я наследую ў сваім жыцці прыклад Добрага Пастыра, які аддаў жыццё за авечак? Ці ўзрастае ўва мне любоў, «якую даў нам Айцец»?

            «Мае авечкі ведаюць Мяне», – кажа Пан. Ці паглыбляю я сваю знаёмства з Езусам праз чытанне Святога Пісання, навучання Касцёла, малітву?

бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 931