Skip to main content

4 красавіка, серада

Разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 24, 13–35

Пазналі Яго ў ламанні хлеба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Вось двое вучняў Езуса ў той жа дзень (першы пасля суботы) ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты напэўна адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх:  Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што яны бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:  Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Гэта слова Пана.

Бывае, што ў нас так шмат крыўды да саміх сябе і іншых людзей, так шмат расчараванняў, разбітых надзей і смутку, што мы адчуваем сябе так, быццам сэрца залівалася морам няшчасцяў. Не можам думаць ці гаварыць пра штосьці іншае, як толькі пра праблемы, што нас акружылі. Нават нашыя сны могуць быць нейкім чынам атручанымі смуткам. Вось так, не маючы палёгкі ні днём, ні ноччу, мы можам пражываць нашае жыццё як адзін вялікі кашмар.

Падобным чынам было з вучнямі, якія вандравалі ў Эмаус. Смутак, жаль і расчараванне цалкам іх агарнулі. Яны не жылі ні чым іншым, і нічога іншага не пранікала ў іх розум і сэрца, як толькі фатальнае паражэнне іх Настаўніка Езуса, ганебна знішчанага на крыжы.

Езус добра ведае становішча, ў якім яны апынуліся. Добра ведае сэрцы сваіх вучняў і таксама вельмі добра ведае нашыя сэрцы з іх бедамі. Таму перашае, да чаго Ён нас заахвочвае, падобным чынам, як і Кляопу з яго спадарожнікам, – гэта тое, каб мы выказалі перад Ім усё нашае расчараванне, свой смутак і жаль. А Ён, як ў гэтым Евангеллі, цярпліва выслухае і зразумее. А калі выкажам усё да канца, калі у нашых розумах і сэрцах утворыцца дастаткова месца для Яго слова, якое нясе ў сабе надзею, тады Ён пачынае ўсё нам тлумачыць. Плодам Езусавага слухання і нашага прыняцця Ягонага слова з’яўляецца новае жыццё. Адлюстраванне гэтага новага жыцця – палымнеючыя сэрцы вучняў. І толькі таким чынам перамененыя сэрцы здольныя распазнаць Езуса ў ламанні хлеба.

Ёсць ў нашым жыцці такія моманты, калі вяртанне сэнсу жыцця можа пачацца толькі са шчырага выказвання перад Езусам усяго таго, што ляжыць у сэрцы, каб вызваліць месца для Евангелля. Евангелле Езуса Хрыста – гэта ж Добрая Навіна аб перамозе Жыцця!

Як я перажываю сакрамэнт споведзі? Ці стаўлюся да гэтага сакрамэнту як да шанцу вярнуць сэнс жыцця? Ці магу я размаўляць з Езусам пра ўсё так, як размаўляюць з Сябрам?

Брат Міхал Дэя OFMCap, Польшча.

  • Праглядаў: 819