Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае
Гэту прыпавесць Езус скіраваў да першасвятароў і старэйшын народа, каб стымуляваць іх да адказу на пытанне. Прыпавесць вельмі простая. Першы сын не хоча ісці працаваць у вінаградніку, але пасля змяняе свой погляд і выконвае волю айца. Другі сын дзейнічае наадварот. Адказ на пытанне Езуса: ,,Каторы з двух выканаў волю бацькі?” - для ўсіх становіцца вельмі простым.
Аднак за прыпавесцю крыецца штосьці шакуючае для тагачасных слухачоў. Езус абвяшчае з усёй шчырасцю: „Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае”! Грэшнікамі з’яўляюцца тыя людзі, якія не захоўваюць Закон і якія, згодна з поглядам старэйшын народа, адказалі негатыўна на жаданне гаспадара вінаградніка. Займеннік „вы” адносіцца да слухачоў прыпавесці якія лічылі сябе вернымі і паслухмянымі наказам Закону. Апошні сказ Езуса паказвае радыкальную навіну, што прапаведванне Яна Хрысціцеля было заахвочваннем да працы ў вінаградніку – спаўненнем волі Бога. Далей і Езус заахвочваў ,,навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Божае” (3,2). Навука Яна Хрысціцеля і Езуса паказваюць усім слухачам, каб убачылі ў сабе грэшніка і дазволілі Божаму Валадарству пранікнуць у гісторыю свайго жыцця. Ад гэтага моманту прадстаўленыя ў прыпавесці катэгорыі людзей не можам ацэньваць Законам, але толькі ў адносінах да прапаведвання Езуса пра Валадарства Божае.
Ролі пераварочваюцца, і тыя якія казалі ,,не”, навяртаюцца, дзякуючы прапаведванню Евангелля, і ідуць працаваць у вінаграднік. Тыя, хто казаў ,,так”, не ідуць, пацвярджаецца гэта фактам, што яны не навярнуліся на голас Яна Хрысціцеля. Не прымаючы Яна Хрысціцеля, зрабілі сябе не здольнымі прыняць Езуса. Калі раней Езус не мог адказаць на пытанне: ,,Якой уладай робіць цуды?”, - цяпер гэта робіць праз прыпавесць, пацвярджаючы Божае пасланне Яна Хрысціцеля.
бр. Юрый Краўчанка
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, ён захавае жывой душу сваю
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан:
Вы кажаце: Несправядлівы шлях Пана. Цяпер паслухай, доме Ізраэля: Гэта мой шлях несправядлівы, ці несправядлівыя хутчэй шляхі вашыя? Калі справядлівы адварочваецца ад справядлівасці сваёй і чыніць беззаконне, і памірае, то за гэтыя беззаконні, якія чыніў, памірае.
Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ён захавае жывой душу сваю. Ён пабачыў і адвярнуўся ад усіх беззаконняў сваіх, якія чыніў, таму жыць будзе і не памрэ.
Гэта слова Божае.
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Для мяне жыццё — гэта Хрыстус
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Узвялічаны будзе Хрыстус ў целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць. Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, і смерць — гэта выгада. А калі жыццё ў целе — гэта для мяне плён працы, то не ведаю, што выбраць.
Вабіць мяне і тое, і другое: маю жаданне памерці і быць з Хрыстом, бо гэта значна лепш; але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.
Толькі вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага.
Гэта слова Божае.
Мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы.
Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Гэта слова Пана.
- Праглядаў: 1427