Аляксандр Астраушка

22 чэрвеня ў касцёле св. Валянціна ў Смалявічах, што пад Мінскам, дыякан Аляксандр Астраушка OFMCap прыме сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.

Будучы святар, які належыць да Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, нарадзіўся 3 лістапада 1989 г. у Маладзечне. Пасля заканчэння ў 2008 г. маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы ўступіў у супольнасць братоў капуцынаў.

Пасля года, прысвечанага распазнанню паклікання, праведзенага ў Докшыцах, брат Аляксандр наступныя шэсць гадоў правёў у Польшчы, дзе праходзіў манаскую фармацыю і вывучаў філасофію.

Паглыбленне манаскай фармацыі і вывучэнне тэалогіі адбывалася ў Італіі, у горадзе Бары, які славуты тым, што менавіта там захоўваюцца рэліквіі святога Мікалая — любімага святога дзяцей усяго свету. Менавіта ў Бары 1 ліпеня мінулага года ў базыліцы св. Фары падчас святой Імшы, якую ўзначальваў арцыбіскуп Франчэско Какучы, Мітрапаліт Бары-Бітонцкі, брат Аляксандр Астраушка прыняў дыяканскае пасвячэнне.

Цяпер брат Аляксандр зноў на Беларусі і нясе служэнне ў парафіі св. апостала Андрэя ў Слоніме, дзе рыхтуецца да прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння, якое 22 чэрвеня яму ўдзеліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі падчас св. Імшы ў 11.00 у касцёле св. Валянціна ў Смалявічах (вул. Падлесная, 12).

23 чэрвеня ў 12.00 ужо як новапрэзбітэр брат Аляксандр Астраушка будзе цэлебраваць сваю першую св. Імшу ў касцёле св. Піо ў Маладзечне (парафія св. Казіміра, што па вуліцы Вялікі Гацінец), на заканчэнне якой удзеліць усім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.

https://catholic.by