Людей неинтересных в мире нет.
Их судьбы – как истории планет.
У каждой всё особое, своё,
и нет планет, похожих на неё.
Е. Евтушенко.

Свет, у якім мы жывём, выдатны і дзіўна разнастайны дзякуючы мільярдам людзей, якія яго насяляюць. Сярод іх ёсць асаблівыя людзі, якія не пакідаюць нас абыякавымі сваім натхненнем, дабрынёй і арыгінальнасцю. Гэта людзі, якія не баяцца праяўляць сваю індывідуальнасць, цікавіцца новым і незвычайным, імкнуцца да святасці. Яны непазбежна прыцягваюць да сябе ўвагу дзякуючы сваім вачам і незвычайнаму святлу, якое выпраменьваецца з іх. Сустрэць такіх людзей можна ўсюды: яны могуць быць нашымі сваякамі, настаўнікамі, святарамі ці проста нашымі сябрамі. Яны цудоўна натхняюць і накіроўваюць нас да развіцця. Гэтыя людзі робяць нас лепшымі.

І першым, з кім мы сёння хочам вас бліжэй пазнаёміць, з’яўляецца неверагодны чалавек, пробашч нашай парафіі святога Казіміра брат Ігар Колзун.
Знаёмства з нашым касцёлам і парафіяй у брата Ігара адбылося ў 2008 г. падчас пастулату, калі па просьбе а. Тадэвуша Кавальскага дапамагаў каля трох тыдняў на будоўлі касцёла. А 25 ліпеня 2015 г.  ён разам з Максімам Варанюком склаў у нашым касцёле вечныя манаскія абяцанні, якія прыняў брат Алег Шэнда, Кусташ Кустодыі Беларусі ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.



Брат Ігар – выдатны чалавек і святар, які адыгрывае вялікую ролю ў жыцці нашай парафіі. Ён з’яўляецца сімвалам любові, міласэрнасці і спакою ў многіх жыццёвых сітуацыях. Дапамагае здабыць спакой і разуменне ў моманты цяжкасці і болю, заўсёды падтрымае добрым позіркам сваіх прыгожых вачэй, патрэбнымі словамі, або проста ўсмешкай. З ім заўсёды лёгка і проста.
Вось паглядзіце, з якой цеплынёй ён нам расказаў пра сябе і сваё пакліканне, пра тых людзей, якія сустракаюцца на яго жыццёвым шляху.

- Брат Ігар, адкуль Вы родам? Дзе і як прайшло Ваша дзяцінства?

- Я родам з прыгожага горада Верхнядзвінска, які знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі, на самай мяжы з Латвіяй і Расіяй.
Як можа прайсці дзяцінства ў гарадку, у якім налічвалася ў свой час 10 тысяч чалавек? Вядома ж, дзяцінства прайшло ў школе (усміхаецца брат Ігар). Хадзіць у касцёл пачаў рэгулярна з 8 гадоў. З гэтым звязана цікавая гісторыя. Кожнае лета я ездзіў да сваёй бабулі Ганны – дарэчы ўчора (інтэрв’ю запісана 1 чэрвеня, – аўт.) ёй споўнілася 90 год! – у вёсачку Малышкі пад Касцяневічамі, якую мы праходзім, калі ідзём у пілігрымцы ў Будслаў. Гэта адна са старажытных вёсак у Беларусі, дзе было гарадзішча і шмат яшчэ цікавага. У гэтай вёсцы мы з двума дваюраднымі братамі і праводзілі ўсё лета. І ўсё было добра, толькі вось мае браты хадзілі ў касцёл у Крывічах, а я – не. Бабуля перажывала з-за гэтага і вырашыла сама ўзяцца за маё рэлігійнае выхаванне: стала вучыць са мной пацеры на польскай мове. Мала я тады што разумеў з гэтага, проста вучыў.
І калі ў маіх братоў была першая святая Камунія ў Крывічах, бабуля падпіхнула мяне ўперад да святара са словамі: “Ну, і гэтага ўжо вазьміце!”. Ксёндз, ведама ж, здзівіўся, але бабуля была настойлівая і запэўніла святара, што я ўсё ведаю!

Наш брат Ігар стаў святару расказваць усё, што ведаў, але гэтага было малавата, і ён адправіў яго дадому. Бабуля ж нашага героя вельмі сумавала і трывожылася, што застаўся ў яе ўнук, якога яна не прывяла да веры. І хлопчык не хацеў засмучаць сваю любую бабулю. Прыехаўшы ў жніўні дадому, у Верхнядзвінск, узяў за руку сваю матулю і павёў яе ў касцёл, дзе былі браты капуцыны. Пробашча ў касцёле на той час не было, быў толькі святар, які прыехаў яго падмяніць. І менавіта ён, брат Віктар Барысевіч, узяўся за падрыхтоўку нашага Ігара да першай Камуніі. Прыйшоў час, і Ігар прыняў сваю першую святую Камунію ва ўрачыстай абстаноўцы, але ў адзіноце!

- Як цяпер помню гэты дзень, – успамінае брат Ігар. – Потым я стаў хадзіць да касцёла, прымаць камунію. І калі вярнуўся пробашч, то ён глядзеў на мяне і не разумеў, што я раблю ў касцёле, адкуль з’явіўся (пасміхаецца брат Ігар).
Але пробаш быў прадбачлівы і заўважыў у нашым Ігары задаткі рэлігійнасці, таму і запрасіў яго адразу стаць міністрантам.

- Хто займаўся Вашым рэлігійным выхаваннем?

- Бабуля была пэўным імпульсам, пазней мама паказвала прыклад веры і даверу да Бога.

- Як і калі Вы зразумелі, што хочаце прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і Касцёлу? Хто аказаў на Вас уплыў?

- Цяжка сказаць, што гэта было нейкае яснае разуменне (задумваецца). Гэта не было як быццам атрымаў пісьмо ад Бога явіцца ў пэўны час у пэўнае месца, напрыклад, у семінарыю, не. Гэта быў такі голас…
Я спачатку паступіў у Віцебскі ўніверсітэт імя П.М. Машэрава на гістарычны факультэт і выбраў спецыяльнасць гістарычнае і параўнальнае рэлігіязнаўства. Адвучыўся тры гады, здаў экзамены. І калі час блізіўся да завяршэння стаў сумнявацца і вырашыў праверыць наконт свайго паклікання.

Трэці курс для Ігара стаў пераломным, часта ён задумваўся пра сваё будучае, шмат маліўся. І вырашыў: або зараз пайду ў Ордэн – і Бог мяне там збавіць, або застануся тут, давучуся, найду дзяўчыну і ажанюся – і Бог мяне таксама збавіць. Ігар быў перакананы, што ў любым выпадку Бог падтрымае. У яго быў нейкі ўнутраны супакой, але трэба было зрабіць выбар менавіта цяпер: ці адной дарогай пойдзеш ці другой. А ў галаве гучалі словы: “Я цябе не кіну!”.

- І тады я забраў дакументы, шакіраваўшы сваіх сяброў пераходам у манастыр. Першы год пастулату адбыў у Докшыцах, дзе былі ўжо два такія ж кандыдаты. Потым адзін год пастулату правёў у Польшы ў Новым-Мясце і, нарэшце, – навіцыят, калі атрымалі габіты, склалі першыя манаскія шлюбы. Гэта быў такі час, калі ты не можаш выязджаць з кляштара, цэлы год павінен знаходзіцца разам са сваім магістрам-выхавацелем. Мы як раз трапілі там на рэформу ў фармацыі, якая заключалася ў тым, што сталі ўводзіць больш францішканізму. Нас было 8 братоў, і мы былі вельмі моцным курсам. Пасля мы перайшлі ў Люблін і шукалі сваіх паслуг: рабілі рэкалекцыі для бяздомных…

- А ці ведаеце вы, хто такі Францішак? – нечакана брат Ігар задае нам пытанне і працягвае свой аповяд. – Наогул, Францішак напачатку быў мажорам з вясёлым норавам і лідарскімі якасцямі. Яго бацька займаўся гандлем тканінамі і быў мясцовым алігархам, але ён не належаў да шляхетнага саслоўя. І ў яго было адзінае прагненне стаць шляхціцам. Але ў той час было шмат пракажоных – людзей з рознымі хваробамі скуры, якая гніе. Першапачаткова Францішак з гідлівасцю глядзеў на пракажоных, адварочваўся і нават уцякаў. І гэта нармальная рэакцыя чалавека, які бачыць гніючае цела. А пасля навяртання ў 24-гадовым узросце быў перыяд, калі Францішак сказаў: “Тое, што было раней для мяне горкім, стала салодкім”. Пазней ён даглядаў гэтых людзей, цалаваў ім раны…
І вось мы, наследуючы ідэі святога Францішка, пашлі ў хоспіс, дзе знаходзяцца ракавыя хворыя, якія пражываюць свае апошнія дні. Было там 12 ложкаў і вельмі вялікая смяротнасць: кожны тыдзень памірала па восем чалавек. Я лічу, што гэта была самая моцная паслуга. Нам трэба было даглядаць гэтых паміраючых людзей, мы сталі валанцёрамі, мы былі іх апошняй падтрымкай і надзеяй. Першапачаткова ўрач правяла з намі невялікі медычны курс. І мы здымалі габіты і ў белым халаце з 9 раніцы да 17 гадзін вечара з панядзелка да суботы працавалі на карысць людзям, было нават такое, што хворыя, даведаўшыся, хто мы, хацелі праз нас паяднацца з Богам.

- Як да Вашага выбару аднесліся бацькі?

- Начататку не вельмі добра. Тата моцна перажываў, а вось мама раіла пайсці ў ксяндзы, а не ў капуцыны. Але ў нашым Ордэне ёсць такое, што бацькі аднаго брата – гэта бацькі ўсіх. І калі пры сустрэчах браты сталі размаўляць з маімі бацькамі, называць іх мамай і татам, то яны зразумелі (дзесьці праз месяцаў шэсць) і прынялі мой выбар. Наогул мая мама вельмі веруючы чалавек, заўсёды наведвае касцёл, удзельнічае ў руху “Маці ў малітве”.

- Чаму Вы выбралі менавіта Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў?

- Таму што ў нас (у Верхнядзвінску – аўт.) жыў адзін брат капуцын Томаш Юньчык. Жыў адзін, браты яго наведвалі на імяніны, святы і ўрачыстасці. Тады праводзілі сустрэчы розныя. І я быў з пробашчам у вельмі добрых адносінах. Летам вечарамі пасля Імшы мы сядзелі з ім і размаўлялі. Хадзіў я ў пілігрымку і з марыянамі, але выбар пакінуў за капуцынамі. Дакладна праз брата Томаша.

- Якія былі самыя складаныя выпрабаванні ў Вашым жыцці падчас падрыхтоўкі да святарства?

- Нават і не скажу, магчыма вучоба. На кожным этапе ёсць пэўныя цяжкасці, выпрабаванні. Напрыклад, мы павіны пайсці ў семінарыю, а нам кажуць: “Не, пабудзьце яшчэ тут два гады!..” Складана, але ж з іншага боку я прыйшоў сюды не кар’еру рабіць…
Вось быў такі выпадак падчас майго навучання ў Польшчы. Сяджу я і разважаю, што буду рабіць летам, а да мяне падыходзіць брат Андрэй Жылевіч, якога толькі нядаўна выбралі кусташам Беларускай Кустодыі Братоў Меншых Капуцынаў, і паведамляе, аб тым, што вучыцца я буду ў Італіі.

 

Было гэта ў 2014 г. Менавіта з гэтага года адбываецца ў Італіі падрыхтоўка да святарства кандыдатаў з Беларусі ў рамках супрацоўніцтва капуцынскіх правінцый паўднёвай Італіі з беларускай Кустодыяй (CIFIS).

- Што рабіць? Зразумела, я збіраюся і еду ў Італію пасля заканчэння двухгадовага курса філасофіі ў Каталіцкім Люблінскім Унівэрсітэце Яна Паўла ІІ у Польшчы. У Італіі прабыў тры гады і вывучаў тэалогію. Вядома, усё гэта было складана, трэба было кінуць усё, зрабіць усё хутка, некаторыя экзамены здавалі па два ў адзін дзень, каб хутка выехаць. І за два тыдні канікул нам удалося ўсё паздаваць, уладкаваць і выехаць у Асізі на інтэнсіўны курс па вывучэнні мовы. Трэба было за 2,5 месяца вывучыць італьянскую мову так, каб ужо восенню распачаць вучобу. Было гэта не проста складана, а мегаскладана! Курс быў добры, але ўвайсці ў гэта новае жыццё было не так і лёгка: ментальнасць людзей, клімат, сама мова… Ды і форма заняткаў іншая. Для мяне гэта была ўжо трэцяя ўніверсітэцкая сістэма навучання. І кожная з іх адрозная. Але нягледзечы на усё, гэтыя цяжкасці былі пераадольнымі.

Брат Ігар разам са сваімі сябрамі-аднакурснікамі прыехаў ў г. Бары ў Італіі, каб распачаць курс тэалогіі ў Тэалагічным Істытуце Святой Фары. На працягу 2014-2017 гадоў яны вывучалі Святую Тэалогію на італьянскай мове і здавалі экзамены, а таксама займаліся душпастырствам моладзі і дарослых. У сакавіку 2017 г. года ён скончыў пісаць дыпломную працу і 1 ліпеня разам са сваімі аднагрупнікамі здаў цяжкі канчатковы экзамен. Такім чынам атрымаў дыплом Бакалаўра Святой Тэалогіі.

- Якія якасці павінны быць у чалавека, які вырашыў стаць святаром?

- Самае галоўнае – служыць Богу і людзям. Якія яшчэ? Усе якасці, якія могуць быць на службе Божай. Важна толькі памятаць, як гаварыў святы Павел: “але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабае свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае; і бязроднае свету, і прыніжанае, і нязначнае выбраў Бог, каб пазбавіць сілы значнае, – каб ніякая плоць не хвалілася перад Богам” (Кар. 1: 27-29). Бог сам выбірае, Бог сам кліча, а ўсё патрэбнае дадасца! Усе патрэбныя якасці.

- Як пачуць пакліканне?

- Ніхто не напіша табе на паперцы пра пакліканне. Ніхто не скажа табе, што ты будзеш святаром. Гэта твая асабістая сустрэча з Богам. І калі яе не будзе, ты проста замучаеш і сябе, і Бога, і людзей.

Дыяканскае пасвячэнне брат Ігар прыняў 9 ліпеня 2017 года ў базыліцы Святой Фары ў Бары (Італія). Пасля духоўных рэкалекцый, якія прыгатавалі брата Іагра да прыняцця першай ступені святарскіх пасвячэнняў (дыяканату) адбылася святая Імша, канцэлебраваная кусташам беларускай Кустодыі братам Алегам Шэндам OFMCap, на якую прыехалі шматлікія госці не толькі з Італіі, але таксама з Беларусі, Польшы і Латвіі. Пасвячэнні ўдзяліў Мансіньёр Мікеле Сэччія, Біскуп Дыяцэзыі Тэрамо – Атрі (Італія).

У першыя дні пасля пасвячэння брат Ігар меў магчымасць выразіць удзячнасць за асаблівае пакліканне ў санктуарыі святога айца Піо ў Сан Джавані Ратонда, выконваючы дыяканскую службу пры тым самым алтары, ля якога Эўхарыстыю цэлебраваў святы капуцын, а таксама ў велічнай базыліцы святога Мікалая, служачы на святой Імшы пры ягоных рэліквіях.

- Якая Ваша асноўная задача ў працы пробашчам парафіі?

- Пробашч нясе адказнасць за людзей, якіх яму давярае Бог праз уладу, давераную біскупам. Улада пробашча – гэта ўлада, якая замяняе ўладу біскупа: калі біскуп для ўсёй дыяцэзіі, то пробашч для канкрэтнай парафіі. Пробашч нясе адказнасць за збаўленне людзей.

 

 

- Як святарства змяніла Ваша жыццё і асобу?

- Безумоўна, чалавек змяняецца, духоўна расце, адкрывае сябе, пазнае праўду пра сябе і пра Бога. Але я лічу, што так бывае на кожнай працы. Я лічу, што ёсць шлях да збаўлення. Проста мой шлях да збаўлення цяпер такі.

- Хто або што ў Вашым служэнні Вас падтрымлівае?

- Вядома – малітва, а дакладней – людзі, якія за мяне моляцца. Я адчуваю гэту малітву. Мама за мяне моліцца, ёсць людзі, якія паабяцалі маргарытку, ёсць супольнасці, якія моляцца, і сёстры знаёмыя. Такая падтрымка сапраўды вельмі важная. У нас зараз моладзь францішканская стала маліцца. Так цікава назіраць, як яны кожны дзень за кагосьці з супольнасці моляцца. Гэта вельмі здорава!

- Ці былі ў Вас моманты, калі хацелася б змяніць свой жыццёвы выбар?

- Не, напэўна такіх момантаў, не было. Былі цяжкія сітуацыі, але ў мяне была пэўная ўпэўненасць: што б ні здарылася, я буду святаром! Яшчэ на самым пачатку фармацыйнага шляху, калі ўзніклі цяжкасці з польскай мовай, калі што не атрымлівалася, я быў ўпэўнены, што Бог пакіруе. Хто можа перашкодзіць Божым планам? У пастулаце і навіцыяце цябе заўсёды аб гэтым пытаюцца і кажуць: “Думай. Гэта твой шлях, гэта твой выбар. Будзь свядомым”. Што б ні здарылася, у любой сітуацыі я адчуваю сябе шчаслівым!

- Якія ў Вас ёсць асабістыя захапленні і інтарэсы, акрамя служэння Богу?

- Я люблю чытаць кнігі фэнтэзі, але зараз на гэта няма часу. Перад адыходам у кляштар сваю бібліятэку я раздарыў. А яшчэ люблю хадзіць па Маладзечне вечарам, калі ўжо ўсе спяць. Можна часам сустрэць знаёмых (брат Ігар задаволена пасміхаецца).

- Што Вы параіце маладым людзям, якія задумваюцца аб святарскім пакліканні?

- Адзіная парада – гэта іх асабістае рашэнне з Богам! Ніхто за іх не прыме рашэнне, і нікога слухаць не трэба: ні ксяндзоў, ні сясцёр, ні матуль, ні бабуль. Гэта асабістае рашэнне, асабісты выбар.

- Якую ролю Касцёл адыгрывае ў Вашым жыцці, і як Вы самі бачыце сваю ролю ў Касцёле, каб дапамагчы іншым людзям развівацца духоўна і паглыбляць свой вопыт веры?

- Там дзе мяне Бог хоча бачыць. Амэн.

Вось такі наш брат Ігар – сціплы, працавіты, таленавіты, вясёлы і вельмі добры Чалавек і Святар!

Шаноўны наш пробачш, брат Ігар, няхай Пан Езус бласлаўляе кожны Ваш дзень, а Маці Божая ахінае любоўю! Дзякуем Богу, што Вы ў нас ёсць!


Тэкст і апрацоўка: Таццяна Шумель
Інтэрв’юер: Вікторыя Гулецкая
Фота з асабістага архіва бр. Ігара Колзуна і архіва касцёла св. Піо