«З Маладзечна мы ідзём да Будслаўскай Маці…» XXXI Пілігрымка 1-5.07.2024
«Калі хто хоча пайсці за Мною,
няхай адрачэцца ад сябе,
возьме крыж свой і ідзе за Мною».
Мц 16, 24
Сярод мноства відаў вандравання вылучаецца адзін асаблівы – пілігрымка. Яна адрозніваецца ад іншых тым, што для такога тыпу вандроўкі патрэбны не толькі час або нейкія матэрыяльныя рэчы, але рэлігійная матывацыя і вера. Пілігрымка – гэта падарожжа да месца, якое лічыцца святым, з мэтаю выканання ў ім пэўных рэлігійных актаў. Папа Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на тое, што пілігрым выходзіць насустрач жывому Богу і адначасова ўваходзіць у гісторыю, якую Бог творыць разам з намі. Так і пілігрымы на пачатку ліпеня накіроўваюцца насустрач Богу і Яго Наймілейшай Матулі ў Будслаў.
Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе – месца прыцягнення вернікаў не толькі з Беларусі, але і іншых краін. Калі верыць паданням, яшчэ ў XVI стагоддзі манахам-бернардынцам, якія пражывалі ў Будславе, было бачанне Дзевы Марыі, пасля чаго ў мястэчка пачалі хадзіць паломнікі.
Пайшлі і мы, каб пакланіцца ёй і пакінуць свае просьбы і падзякі. Але перад тым, як вырушыць у дарогу, пілігрымы з Маладзечна, Радашковічаў, Смалявічаў, Мінску, Смаргоні, Астраўца і нават Пінску раніцай 1 ліпеня сабраліся ў касцёле святога Піо ў Маладзечне на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Біскуп Юрый цэлебраваў Імшу ў інтэнцыях пілігрымаў, якія ідуць да Маці Божай Будслаўскай. У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім нагадаў, што «пілігрымка прыносіць у нашае жыццё не толькі нейкую разнастайнасць, але і нейкі духоўны крок наперад, бо мы перажываем гэта не толькі як падарожжа, але перажываем гэта, як духоўнае практыкаванне».
І такім чынам мы ўпадабняемся да Езуса, які таксама вандраваў з горада ў горад, з вёскі ў вёску, прапаведаваў Божае слова.
«Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву» (Матфея 8:20), – паўтарыў словы з Евангелля біскуп Юрый. І дадаў: «На шляху ў вас будзе шмат выпрабаванняў: сёння вы дасведчыце спякоту, якая з’яўляецца самым неадпаведным часам для вандроўкі, але сіноптыкі прадказалі і навальніцу, гром, дожджык. Таму пасля спякоты будзеце мокрыя, але шчаслівыя. Важна, што вы зможаце дасведчыць рознае надвор’е. Але ўсе выпрабаванні праходзяць. І яны з’яўляюцца адлюстраваннем нашага паўсядзённага жыцця: ёсць тое, што дастаўляе нам непрыемныя моманты, камфорт і радасць – і гэта ўсё будзе ў пілігрымцы».
«Таму помніце, калі вы вандруеце ў гэтай пілігрымцы, вы ідзяце шляхам Хрыста. І вы зараз як Езус Хрыстус, які вандруе, зносіце ўсе тыя цярпенні, каб дасягнуць пэўнай мэты, бо калі няма мэты, ўсе цярпенні нявартыя», – адзначыў біскуп Касабуцкі, заахвоціўшы пілігрымаў аднавіць у сабе гэты Божы вобраз.
Кожны з нас мае сваю мэту, якая ёсць у глыбіні сэрца – гэта ўжо наступная рыса пілігрымкі. Пілігрымка – гэта падарожжа ў Імя Божае, у якім мы маем свае інтэнцыі; падарожжа, якое звязана з малітвай, перш за ўсё, – гэта час асаблівай малітвы. У кожнага з нас свае патрэбы, свае інтэнцыі – малітвы, звязаныя з пэўным нашым імкненнем прайсці праз розныя выпрабаванні. Такая малітва мае падвоеную сілу і значэнне.
Маладым людзям варта памаліцца аб распазнаванні свайго паклікання. Бо падчас пілігрымак часта нараджаюцца пакліканні да манаскага, да святарскага жыцця.
«Пілігрымка – гэта чароўны і незвычайны час. Мы ніколі не ведаем, што, дзе і як Бог выкарыстае, каб даць нам пэўную ласку. Малітвы ніколі не бывае зашмат. Акрамя малітваў прыватных ёсць малітвы агульныя. Таму не варта закрывацца толькі на сваёй малітве. Малітва за іншых людзей – гэта вельмі важная рэч», – падкрэсліў пастыр, заклікаўшы да духу братэрства.
Таксама іерарх заахвоціў пілігрымаў маліцца за тых, каго яны сустрэнуць у дарозе, хто будзе прымаць іх на начлег, дзяліцца кавалкам хлеба і кубкам вады.
Яшчэ адной рысай пілігрымкі, па словах святара, з’яўляецца наша праца над сабою, над сваімі слабасцямі, каб хоць на палову сантыметра наблізіцца да Бога.
У дарозе варта слухаць кіраўніка пілігрымкі, быць дысцыплінаванымі. Дысцыпліна – гэта тое, што разам з малітвай, духоўнымі практыкаваннямі, канферэнцыямі, споведдзю, выпрабаваннямі з’яўляецца фундаментам добрай пілігрымкі.
«Жадаю ўсім, каб гэта пілігрымка прынесла плён, каб кожны з вас атрымаў Божы дар, каб кожны з вас зрабіціў хоць маленькі крок наперад», – сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый.
Напрыканцы святой Імшы пілігрымы ўручылі біскупу хусцінку пілігрыма і сертыфікат на капуцынскую каву ў Будславе.
Далей да прысутных звярнуўся кіраўнік пілігрымкі брат Уладзіслаў Мінько, які нагадаў, што сёлетняя 31-я пілігрымка з Маладзечна ў Будслаў праходзіць пад дэвізам «Ранамі Яго мы аздароўлены». Брат Улад падзякаваў усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі пілігрымкі, а таксама звярнуў увагу на пэўныя арганізацыйныя моманты і пажадаў усім добрай дарогі.
На пляцоўцы перад касцёлам біскуп Юрый благаславіў пілігрымаў і праводзіў у дарогу.
“Калі ты хочаш ісці за Мной,
Выракайся самога сябе.
Вазьмі свой крыж, ідзі за Мной.
Калі ты хочаш жыццё сваё зберагчы – Загубіш яго,
а калі загубіш дзеля Мяне – зберажэш”, – спявалі пілігрымы вырушаючы на сустрэчу з Нябеснай Матуляй.
У гэтым годзе агульная тэма пілігрымкі была прысвечана 800-годдзю стыгматаў св. Францішка, таму была прасякнута францішканскім духам. На працягу 5 дзён пілігрымы слухалі 10 канферэнцый, удзельнічалі ў занятках у групах, перажывалі святыя Імшы, адарацыю, набажэнства аздараўлення з заступніцкай малітвай, спявалі, маліліся, разважалі, сведчылі, гулялі ў футбол (пасля 3 дзён шляху!), лячылі мазалі, умацоўваліся ежай і сном і ўсё ішлі, ішлі...
Вілейка, Касцяневічы, Даўгінава, Бярозаўка... Нарэшце, пераадолеўшы шлях у 120 км, колькасцю 266 чалавек ўвайшлі ў Будслаў. Кожны са сваім досведам перажытага.
Прывіталі Маці Божую.
Сфатаграфаваліся.
І, канечне, пакаштавалі капуцынскай кавы.
Як перажылі гэты час пілігрымы? Слова ўдзельнікам.
Таццяна Шумель, настаўніца гісторыі, у пілігрымцы 1-ы раз:
«Шмат разоў мне даводзілася праводзіць пілігрымаў з нашага касцёла св. Піо, шмат разоў вітаць іх у Будславе. А вось, каб самой адправіцца ў пілігрымку, – гэта са мной упершыню. Прымала рашэнне я вельмі доўга, да апошняга дня не ведала: ісці ці не ісці. Што было такога страшнага для мяне? Напэўна, невядомасць. Але дзякуй Богу, брату Уладу, маім сябрам і сям’і, якія мяне падтрымалі і натхнілі. І вось я ўжо 1 ліпеня знаходжуся на святой Імшы, якую ўзначальвае наш дарагі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён, як заўсёды, з гумарам і ўсмешкай на твары, накіроўвае і бласлаўляе пілігрымаў. Ура! Ну, вось і я, нарэшце, адкрыла новую старонку ў сваім жыцці: распачала сваю першую пешую пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай! Гэта такое прыемнае пачуццё – рабіць штосьці ўпершыню. Пакуль што не хапае слоў, каб усё выказаць, але я ведаю адно: усё, што ні робіцца – толькі да лепшага!
“Пілігрым”… Як жа хораша гучыць гэта слова! Так, як апетыт прыходзіць падчас ежы, так і адчуванне нечага незвычайнага і цудоўнага расло ўва мне ад прыпынку да прыпынку, з дня на дзень па дарозе да Нябеснай Матулі.
Дарога была не заўсёды лёгкай і простай – як і папярэджваў нас біскуп Юрый: і спёку, і доджык з прахалодай, і нават лівень мы выпрабаввлі на сабе ўжо ў першы дзень. І 22,8 кіламетраў за плячыма. Для нетрэніраванага чалавека гэта вельмі шмат. Жадання вярнуцца назад не было, але часта ўзнікала пытанне: ці змагу я дайсці, ці дазволіць мне здароўе? І так прыемна было адчуваць клопат брата Улада, даражэнькіх сяброў, пра мой настрой і самаадчуванне. Я ведала, што ў мяне ёсць падтрымка, – ад гэтага рабілася так лёгка на сэрцы, што кіламетры пралялалі незаўважна.
Вельмі падтрымлівалі спевы нашых даражэнькіх дзяўчатак – Дамінікі Гулевіч і Ірэнкі Туровіч, таленавітых сястры Марыі і брата Вадзіма! Ніколі не думала, што стану слухаць рэп, але вось францішканскі рэп брата Вадзіма выклікаў не толькі маё захапленне!
«Хэй, Франшішак, бедачына,
Дзе ж твая Айчына?
Дзе твая Айчына?
Нябесная Айчына.
Навучы нас хадзіць па слядах тваіх»,– гэтыя словы і цяпер круцяцца ў маёй галаве.
А ўжо колькі ў дарозе ў нас было малітвы?! Некалі пачула, што малітва – гэта слова, якое становіцца жыццём.
«Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць Вам (…). Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай» (пар. Ян 16, 23–24).
І мы прасілі: за сябе, за святароў і сясцёр, за родных і блізкіх, за знаёмых і незнаёмых… І гэта было неверагоднае адчуванне еднасці, бо ў малітвы ёсць сваё таямнічае правіла – Бог па сваёй волі невядомым нам чынам уклаў сваю ўладу ў рукі людзей, якія моляцца за іншых. Я думаю, што толькі за межамі нашага тленнага свету мы ў поўнай меры зразумеем, што, па сутнасці, лёсы людзей і народаў вырашаюцца не кіраўнікамі, а невядомымі людзьмі, якія ўзносяць свае ціхія і пакорныя малітвы Богу. У малітве заключана вялізная моц! Выпрабавана на сабе неаднаразова! Аднойчы адчуўшы гэтую моц, ты ўжо ніколі не перастанеш маліцца. Апостал Якуб казаў: «Шмат можа шчырая малітва справядлівага» (пар. Як 5, 16).
І сапраўды, толькі малітва здольная сваёй моцай змяніць свет і сэрцы людзей. Молячыся за іншых, мы самі становімся багацейшымі.
Але не толькі просьбы ўзносілі пілігрымы да Неба, а таксама і словы падзякі. Малітва падзякі заснавана на веры ў тое, што ў нашым жыцці нічога не адбываецца без Божага Провіду ці наслання, і ўсведамленне гэтай праўды нясе ў сабе радасць і шчасце.
Увечары другога дня (2 ліпеня) у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах (Вілейскі дэканат) адбылася Адарацыя крыжа Сан-Дам’яна. Адарацыя мае вялікае значэнне для вернікаў. Праз гэты пабожны акт мы спрычыняемся да радыкальнай перамены свету і да таго, каб Евангелле прыносіла багаты плён. Кожны чалавек, дзякуючы ўдзелу ў адарацыі, трывае ў Хрысце і Яго любові. Адарацыя – гэта рэальная магчымасць адчуць, што Бог кожнага з нас вельмі любіць.
«Наша прысутнасць у святыні і адарацыя святога Крыжа – гэта час ласкі, каб навучыцца адчувальнасці Бога ў нашым поглядзе на бліжняга, у нашых меркаваннях, учынках і адносінах», – сказаў некалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Многія з прысутных, стоячы на каленях перад Крыжом, змаглі адчуць гэту ласку на сабе.
На трэці дзень вечарам (3 ліпеня) у касцёле св. Станіслава ў Даўгінаве (Вілейскі дэканат) адбывалася нешта неверагоднае! «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» (Ян 20:29). Заступніцкая малітва… Такая форма малітвы вядомая даўно і зафіксавана на старонках Святога Пісання. Заступніцкая малітва прысутнічае ў Касцёле практычна ад самага пачатку. Яна прымала розныя формы ў малітоўнай традыцыі. Адна з іх – заступніцкая малітва ў невялікай групе. Яна заключаецца ў тым, што адзін або некалькі разам з прысутным святаром моляцца над асобай, якая звяртаецца з пэўнай просьбай (інтэнцыяй). Святар моліцца над патрабуючым, ускладаючы на яго рукі (жэст заступніцтва, еднасці і прызыву Святога Духа), просячы Бога зазірнуць у яго сэрца і выслухаць яго просьбу, напрыклад, аб аздараўленні, аб духоўным умацаванні, аб спазнанні Божай любові.
Цішыня, няўпэўненыя позіркі вернікаў і адухаўлёныя твары святароў… Слёзы ручайкамі цякуць па тварах сабраўшыхся.. Толькі Бог ведае ўсе цяжкасці чалавека, які стаіць на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам… Малітва… Гэта малітва, як глыток свежага паветра, глыток надзеі для многіх сабраўшыхся ў святыні… Я выйшла са святыні іншым чалавекам! Такіх пачуццяў яшчэ ніколі ў жыцці не перажывала! Нават толькі дзеля такіх момантаў можна цярпець цяжкасці на шляху да Марыі!..
Чацверты дзень (4 ліпеня) быў для мяне самым складаным, бо мы не толькі ўбачылі разнастайнасць усіх відаў беларускіх дарог (палявая, лугавая, лясная, з асфальтам і без яго, з ямамі і выбоінамі, пясчаная і гравейка…), але і выпрабавалі іх на сабе. Якой бы дарога ні была, вялікай ці малой, шыкоўнай ці сціплай, куды б яна ні вяла, гэта заўжды гісторыя: гісторыя жыцця і лёсаў многіх пакаленняў. І як тут не ўспомніць «Новую зямлю» Якуба Коласа:
«Дарогі, вечныя дарогі!
Знаць, вам спрадвеку самі богі,
Калі красёнцы жыцця ткалі,
І вашы лёсы вызначалі,
Няма канца вам, ні супыну;
Вы жывы кожную часіну,
То задуменны, смутна строгі,
То поўны чараў спадзявання,
То страхаў цёмнага знікання…»
Цяжкасці дарог напужалі, але я не здалася, бо вечарам чакаў супольны вечар на лужку ля касцёла Маці Божай Міласэрнасці ў вёсцы Бярозаўка (Докшыцкі дэканат Віцебскай дыяцэзіі), дзе кожны з прысутных мог падзяліцца сваімі думкамі, эмоцыямі і сведчаннямі атрыманымі і перажытымі падчас пілігрымкі. Час ляцеў, разыходзіцца ніхто не хацеў!
А яшчэ кожны дзень у дарозе мы слухалі канферэнцыі і сведчанні, падрыхтаваныя братамі і сёстрамі, а таксама простымі вернікамі. Сказаць, што гэта было цудоўна – нічога не сказаць!
Асабліва мяне, ды і не толькі мяне, бо слёзы былі на тварах многіх жанчын, кранула сведчанне Алены Каральковай.
Часам жыццё здаецца бушуючым морам, у якім мы з усіх сіл спрабуем застацца на плаву... Што нам застаецца? Надзея! Менавіта яна, падобна якару, утрымлівае нашу душу, калі мы гатовыя здацца. Надзея на Бога не дае нам патануць у хвалях адчаю і бяссілля. Надзея – гэта зіхатлівае святло, якое Гасподзь даруе нам. Яго полымя асвятляе нам дарогу да выратавання і напаўняе нашы сэрцы радасцю. Надзея – гэта каштоўны дар, які мы павінны ўзгадоўваць у сваіх сэрцах. Ён патрабуе ад нас цярплівасці, веры і любові.
Прыклад з сямейнага жыцця Леначкі і яе мужа Вадзіма – гэта важнае сведчанне для многіх сем’яў, якія знаходзяцца ў роспачы і адчаі, у якіх апускаюцца рукі ад перажытага.
Надзея, укаранёная ў Богу, узвышае нас і вядзе да вечнага збаўлення. Няхай Найсвяцейшая Дзева Марыя, маці Надзеі, дабраславіць нашыя сэрцы гэтым неацэнным дарам.
«Аднаві маю надзею, запалі ўва мне любоў.
Пане, дай жывую веру, каб ёй жыць слуга Твой мог.
Я ведаю, Ты любіш мяне. Я ведаю, Ты чуеш мяне,
Мой Езу, з’яднайся са мной, жыві ўва мне…»
Не пакінула абыякавай і канферэнцыя Сяргея Дасюкевіча пра Святы Ружанец і яго дзеянне ў жыцці многіх людзей і асабістым жыцці Сяргея. Малітва Ружанца – гэта нібы вяночак з руж, які мы ахвяруем Багародзіцы.
«Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з Табою. Благаслаўлёная Ты паміж жанчынамі і благаслаўлёны Плод улоння твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн».
«Ружанец – вельмі, вельмі глыбокая малітва. Яна выходзіць за межы слоў, бо тое, што Бог робіць для нас, знаходзіца па-за словамі», – адзначае папа Францішак.
А яшчэ Ружанец – гэта незвычайная моц і зброя супраць злога духа, і таму веруючаму чалавеку трэба адмаўляць хаця б адну дзясятачку Ружанца кожны дзень. Часу гэта вымагае няшмат.
Што яшчэ мяне падбадзёрвала і натхняла падчас пілігрымкі? Гераізм мамачак, якія не зважаючы ні на што, мужна цягнулі калясачкі, веласіпедзікі са сваімі дзеткамі! Хтосьці быў з адным дзіцяткам, а многія вялі да Маці Божай двух, трох і, нават, чатырох дзетак. Вось гэта мацярынская любоў і клопат, вось гэта ахвярнасць!
Хочацца таксама адзначыць працу медыкаў, службы парадку, работнікаў кухні і вадзіцеляў. Дзякуй усім вам, дарагія нашы, што мы ў добрым здароўі і настроі, акрыленыя Верай, Надзеяй і Любоўю, змаглі дайсці да Будслава.
Будслаў… Нацыянальны санктуарый Маці Божай… Ура! Змагла! Вытрымала! Дайшла! 5 дзён, 125 кіламетраў, 266 цудоўных і шчырых вернікаў!
«…Прымі, о Маці, сэрца малое, радасць і горыч нашы прымі.
Хочам з крыніцы праўды напіцца, Тваёй малітвы чакаем мы…»
Час рухаецца наперад, але памяць прыемна аднаўляе мае ўражанні, атрыманыя ў пілігрымцы. Той духоўны стан спакою і шчырасцi, прастаты i добразычлiвасцi, дабрыні і міласэрнасці нельга параўнаць нi з чым. Гэта пiлiгрымка стала цудоўным знакам у маiм жыццi. Кожная малiтва, позiрк i ўсмешка суседа, уся прырода былi гаючым бальзамам для маёй душы і неспакойнага сэрца. I ўсё, што я магу сказаць, – гэта дзякуй! Дзякуй Богу за маё духоўнае ўмацаванне, за маё жыццё і сям’ю, за сяброў і людзей, якiя мяне акружаюць і з якімі я сустрэлася ў дарозе, за супольную малiтву, якая вядзе мяне па жыццi.
Не магу прыйсці ў сябе... Я настолькі шчаслівая, што гэта не апісаць словамі! Гэта проста неверагодна! Я зноў хачу ў пілігрымку! Нам усім па дарозе з Богам! Пілігрымка 2025, я цябе чакаю і вас, шаноўныя, запрашаю!»
Алег Шумель, настаўнік фізікі, у пілігрымцы 3-і раз:
Шляхам Хрыста.
Аднаўляем, але не тупім –
Зноў пілігрымам завуся.
Другі год у чорнай групе
І еду на белым “бусе”.
З інтэнцыямі да Марыі,
Просьбы чытаем з ліста.
З малітвай – малыя, старыя
І з вераю, шляхам Хрыста.
Спякота была палёгкай,
Дождж паліваў, як з куста.
Нам цяжка было, і лёгка,
Бо з вераю, шляхам Хрыста.
З розных мы мясцінаў.
Усе разам, і не з праста,
У Будслаў шлях не адзіны –
Адзіны з вераю, шляхам Хрыста.
Шчасце прыносіць дарога.
Плённая кожная вярста –
У служэнні, што людзям і Богу,
Што з вераю, шляхам Хрыста.
Нашаму “генералу”.
Вёрстаў прайшлі сёлета шмат –
Крута вадзіў нас кругамі брат Улад.
Выпрабаванні пойдуць на лад –
“Усё будзе добра!” – казаў брат Улад.
Кожнаму дню ў пілігрымцы быў рад –
Хораша з Вамі ісці, брат Улад.
Брат Андрэй Багдановіч OFM Cap:
«У самурая няма мэты, у самурая ёсць толькі шлях» – кажа прымаўка... А ў мяне шлях так звязаны з мэтай, што і не раздзеліш. Той, хто сказаў пра Сябе: «Я – дарога!», сказаў таксама: «Я – жыццё!», «Я – праўда!». Даўно я не адчуваў сябе такім жывым, як у гэтай дарозе, праўда! Гэтая пілігрымка, 5 дзён з Маладзечна ў Будслаў, стала абсалютна новым досведам. І хаця я ўжо магу сябе назваць пілігрымам са стажам, але тут як з кнігай, якую калісьці ўжо чытаў, а праз гады нібы адкрыў для сябе нанова. Што гэта? Захапленне, часцейшы пульс, глыбіня і асэнсаванне... Усё гэта і яшчэ больш.
Таксама «крохкасць» – раптам я адчуў, што фізічна я ўжо не той, якім прызвычаіўся сябе бачыць. Так лёгка рассыпацца ад мазалёў, дрэннага надвор'я, умоваў... І з аднаго боку, гэта мне страшна не падабаецца. Але як заўтра ў касцёлах пачуем словы апостала Паўла: «Пан сказаў мне: Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці. Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні, уціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны». Бо ў такім мне і праз такога мяне Бог многае зрабіў у гэтыя дні. І для мяне, і для іншых. А мая тут толькі слабасць, а Ягоная – Моц! Захапляюся...
Неверагодныя падзеі, дні, людзі і месцы. Неверагодны Будслаў і Каралева Беларусі. Хрыстос, Які аздараўляе праз раны і святы Францішак. Маё сэрца поўнае і радасць поўная. Я шчаслівы, хоць ногі і «адвальваюцца». Хачу захаваць гэта і падзяліцца. Хачу падзякаваць за ўсё і дзякую шчыра! Не буду тут гаварыць доўга, бо ня ўмею. І... хоць я і пашкадую за гэтыя словы... АЛЕ – калі выходзім у наступным годзе?
«Нябесная Айчына, навучы нас хадзіць па слядах Тваіх!»
Таццяна Дасюкевіч, выхавацель дзіцячага садка, у пілігрымцы 3-і раз:
«Наша цудоўнае падарожжа да Мацi Божай Будслаўскай! Спякота, дождж, адсутнасць элементарных рэчаў, мазалi, фiзiчная стома i яшчэ шмат… Усё гэта нiшто ў параўнаннi са шчырасцю i адданасцю служэння нашых братоў капуцынаў, моцнай малiтоўнай праграмай, кранальнымi спевамi, прыкладамi служэння для iншых падарожных са мной братоў i сясцёр, мaёй любай сям’i i сяброў, арганiзацыi бяспекi службы парадку, смачных страў i добрага настрою ад нашых павароў, кранальныя дзяленнi нашых вернiкаў… .Вы лепшыя!!!!!!!!!! Я шчаслiвая і ганаруся, што iшла побач з Вамi!!!!! Божага Благаслаўлення Вам i апекi Мацi нашай Нябеснай!!!!!!!»
Наталля Станкевіч, ландшафтны дызайнер, у пілігрымцы 1-ы раз:
«Калі ў Будслаў – то толькі праз пілігрымку! Гэта першыя словы, якія былі выказаны сэрцам у хвіліны неверагодна ўзнятых пачуццяў пасля наведвання сёлета Будслаўскай святыні.
Адзначу адразу, што ў Будслаў наша сям’я трапіла не першы раз. Бо мы маем традыцыю наведваць фэст у час начнога святкавання. Але сапраўдныя, дужа трапяткія, пачуцці адчулі менавіта ў хвіліну ўваходу на тэрыторыю святыні ў адным патоку з людзьмі, блізкімі табе сваімі поглядамі, дзеяннямі, каштоўнасцямі.
Нельга паверыць, што пілігрымка – гэта тая магчымасць, а дакладней падарунак Пана Бога, на працягу якога ты адчуваеш сябе незвычайна шчаслівым, ты адкрыты заўважаць і захапляцца ўсім асяроддзем і даволі простымі рэчамі. Толькі адна ўсмешка святара, які ідзе з побач з табой, чаго каштуе! Яна нібы адлюстроўваецца тысячамі такіх усмешак у тваім сэрцы і прагне да далейшага жыцця ў іншых сэрцах. Гэта нібы глыток новага чыстага паветра, трывалы падмурак, чароўны штуршок для далейшага жыццёвага шляху.
Новае сяброўства, унутраная духоўная асалода, радасны бляск вачэй, пачуццё супакою – гэта той скарб, які ты знойдзеш у час падарожжа.
Дзякуем Пану Богу за магчымасць усё гэта перажыць асабіста».
Ірына Несцяронак, працуе выхавацелем у школе, у пілігрымцы 4-ты раз:
«Сёлетняя пілігрымка Маладзечна -Будслаў стала для мяне не столькі чарговым выпрабаваннем, колькі адкрыццём новага ў хрысціянскім жыцці. Гэта і больш глыбокае знаёмства з постаццю св.Францішка і яго духоўнасцю. І больш шырокае ўяўленне пра францішканскі крыж Сан -Дам'яна. Гэта зарадзіла ўва мне мару, што і сведчыць аб каштоўнасці і плёне пілігрымкі. Змястоўныя, разважлівыя канферэнцыі, смелыя, шчырыя, адкрытыя выказванні і хрысціянскі досвед дадалі надзеі, падтрымалі ў веры, напоўнілі любоўю.
Шчырае дзякуй бр.Уладзіславу і яго супер камандзе за натхнёны і адухоўлены шлях. Няхай Пан Бог будзе прысутны ўсюды і ва ўсім, а Панна Марыя аберагае, суцяшае і радуе.»
Цімафей Савянок, сёлетні выпускнік БДУІР, удзельнік ФМ Тау:
«У пілігрымку з Маладзечна пайшоў, хіба, чацвёрты раз. Чаму пайшоў - пытанне складанае. Напэўна, у асноўным - праз тое, што меў адказнасць за гук пілігрымкі. Першыя тры дні, калі яшчэ не прайшлі звычайную дыстанцыю пілігрымкі, ішлося, за выняткам умоваў надвор'я, досыць лёгка. І мясціны знаёмыя, і прайшлі яшчэ няшмат. Але, вядома, увечары першага дня лавіў сябе на думцы, а ці не сысці мне з дыстанцыі - і, напэўна, каб не абавязкі, то й сышоў бы.
Таксама апошнія два дні былі больш цяжкія - ногі ўжо з сярэдзіны дня нагадвалі пра сябе. Але як толькі прыйшлі ў Будслаў, усё быццам рукой зняло.
Хоць выходзіў у пілігрымку без сфармуляванай інтэнцыі, Бог знайшоў, што мне паказаць. Таму другі дзень, асабліва ранішняя Імша, перажыліся як ніколі раней. Таксама дакранула Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з заступніцкай малітвай, якую перажывалі вечарам трэцяга дня ў Даўгінаве.
Агулам магу сказаць, што пілігрымка дакладна прайшла недарма. Я вельмі рады, што была магчымасць сваёй службай паспрыяць іншым пілігрымам.»
Настасся Гацэвіч, скончыла 10 класаў гімназіі, г. Пінск, у пілігрымцы 1-ы раз:
«Это была моя первая пилигримка в Будслав, и я точно знаю, что не зря преодолела большой путь и выбрала именно эту пилигримку. Узнала я про неё в Инстаграм, наблюдала за прошлогодней и мне очень понравилась атмосфера, и тогда я решила, что в следующем году пойду с ними. Близилось время пилигримки и начинаются мысли: «А зачем вообще ты туда едешь, ведь это совершенно незнакомый тебе город, ты там практически никого не знаешь», но я всё равно поехала, ведь меня звал голос внутри. Приехала уже в Молодечно, узнаю, что есть ещё человек, которого я знаю, становится легче. Вот начинается пилигримка, начинаются трудности, мозоли и начинаются мысли, которые посещали меня, наверное, каждый день: «Ну, вот зачем пошла, приехала бы в Будслав, красивенькая, со здоровыми ножками, ну, вот надо было тебе пойти, только мозоли собираешь». Но под конец каждого дня я точно понимала для себя, что это не зря и точно приносит свои плоды.
Во время адораций я чувствовала такую силу молитвы и такое внутреннее умиротворение. Спасибо огромное за эти адорации, ведь я посмотрела на свою жизнь и веру с другой стороны, и только ещё больше возросла в вере. Если у тебя был вопрос, мучающий твой разум, ты точно мог подойти к любому брату или сестре и тебе бы ответили, а в добавок ещё напутственные слова сказали. Шли дни, я знакомилась с ещё большим количеством людей и очень была рада каждому знакомству. У нас сформировалась небольшая компания, без которой я не представляю эту пилигримку, без них мне было бы намного тяжелее. Шутки, просто их присутствие давало силы идти дальше. За что им отдельная благодарность. Во время пилигримки у меня собралось небольшое количество мозолей, но они были большими и болючими. И как было приятно слышать, когда у тебя спрашивают: «А как ты идёшь? Не тяжело ли тебе?» Это забота по отдельному трогала меня.
Также в этой пилигримке я нашла ответы на волнующие меня вопросы, возросла духовно и много чего узнала. За это спасибо огромное нашим братьям и сестрам, спикерам, аниматорам. Я очень прочувствовала силу молитвы, узнала как она помогает через свидетельства других людей. Я точно могу сказать, что мы стали огромной семьёй, в которой тебе обязательно помогут, если тебе это будет нужно и поддержат добрым словом. Люблю всех и всем благодарна, помню в молитве, навеки в моём сердце «Молодечно – Будслав 2024»!
Дзмітрый Махала, кіроўца:
«В детстве несколько раз участвовал в пилигримке, один раз даже ехали на велосипедах с другом, позади колонны. Но, честно говоря, с возрастом лень победила меня, и я отложил это дело в дальний ящик.
Нагрянул ковид - затишье.
И вот на календаре 2022, капуцины сдувают пыль с громкоговорителей и объявляют, что пилигримке быть. Брат Владислав предложил поучаствовать в организации безопасности, так пазл и сложился, возвращаемся в колею! (Интересный факт: когда с женой планировали даты отпуска в начале года о пилигримке еще никто речи не вёл, но все удачно совпало и мы смогли пройти этот путь).
В 2023 году не смог принять участие из-за работы. Но в 2024 году заранее спланировал отпуск на эти даты.
Пройти этот путь пешком не мог по состоянию здоровья, но и оставаться в стороне не хотел. До пилигримки мои обязанности менялись много раз, но в конечном итоге был тепло принят на кухне. В армии это лучшее место для работы, но не в пилигримке! Со стороны выглядело проще, но ничего: слаженная работа быстро вошла в привычку, и стало легче.
Хоть пешком не шёл, но маршрут весь знаю, думаю всем понравился.
Круто, что в него была включена деревня Берёзовка, я бы назвал это место "Дача капуцинов". На территории чувствуется домашний уют: кустики, клумбы, грядки, теплицы, кострище и даже баня! Ну просто класс!
Несмотря на то, что расстояние в этом году было рекордным - пилигримы летели, а не шли. Думаю это всё благодаря атмосфере, которая там была!
Благодарен Богу, что имел такую возможность послужить людям. Спасибо всем участникам и организаторам, Вы лучшие! Обещаю, что в следущем году компот будет слаще!»
Вадзім і Алена Каральковы:
«Пілігрымка - гэта, калі твой дзевяцігадовы сын, вярнуўшыся дадому, раніцай спявае: "Пачынайце вусны нашы Маці праслаўляці...". А муж перад абедам: "А мы галодныя, ну накарміце нас". Наогул настрой ва ўсіх радасны.
Пілігрымка - гэта, калі ты так свецішся, што наступным разам твае сябры ідуць з табой.
Пілігрымка - гэта шмат новых знаёмстваў і сустрэч з сябрамі.
Пілігрымка - гэта, калі ты яшчэ не вярнуўся дадому, а ўжо марыш аб наступнай. А вярнуўшыся шмат дзён думкамі і душой знаходзішся ў ёй.
Пілігрымка - гэта, калі чарга за духмянай капуцынскай кавай не сканчаецца.
Пілігрымка - гэта рамантычны час знаходжання з Богам, Марыяй і блізкім чалавекам.
Пілігрымка - гэта вельмі асаблівы час, месца, стан, якія не паспрабаваўшы не зразумееш.»
Таццяна Сакалоўская, адміністратар у стаматалагічным цэнтры «ЧЕЛСЕНА-ДЕНТ», у пілігрымцы 2-і раз:
«Гэта была мая другая пілігрымка і сказаць шчыра, я зусім інакш яе сабе ўяўляла і чакала зусім не тое, што даў адчуць мне Бог, бо ў Яго свае планы на нас.
Тое, што я адчула, – гэта немагчыма апісаць і перадаць. Пачну з таго, што апошнія пяць месяцаў я праходзіла набажэнства першых суботаў месяца – перапрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі, і гэты месяц быў апошні, пяты. Мы начавалі ў Сасноўшчыне, гэта была апошняя ноч перад прыбыццём у Будслаў. Прачнулася я ў 4 гадзіны раніцы ад вельмі хуткага стука ў сэрцы і таго, што бачыла ў сне. Гэта быў свет, такі моцны, які свяціў усё мацней і мацней, а за ім прыбліжалася фігура Маці Божай… Такога я яшчэ ніколі не адчувала ў сваім жыцці: дрыжыкі па ўсім целе і цяпер ідуць ад успаміну. Гэта было нешта вялікае, незямное, вышэйшае, нават немагчыма апісаць. Больш я ўжо не заснула, а толькі малілася. І ў галаве толькі адно пытанне: што гэта за пачуцці і чаму такія моцныя, такія, што нават немагчыма перадаць?
Праз два дні, прыняўшы Святую Камунію, я атрымала адказ – гэта хвілінкі на небе! І ў галаве адразу словы са Святога Пісання: «Не бачыў вачэй, не чула вуха, і не прыходзіла на сэрца чалавеку тое, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго». Адно магу сказаць, што гэта было нешта неверагоднае, цудоўнае і найвышэйшае, што немагчыма растлумачыць. А для сябе я зразумела, што Марыя – гэта зорка надзеі!
У гэтым маім цудоўным падарожжы я дзякую за кожнага, хто быў побач са мной 5 дзён, за падтрымку, дапамогу, клопат, усмешкі і шчырыя сэрцы. Дзякую за ўсе канферэнцыі братоў і сясцёр, а таксама ўсім, хто дзяліўся сведчаннем. Дзякую Богу за пачуццё сваёй слабасці і мізэрнасці. Бо калі я слабы, тады моцны. Раю ўсім, хто яшчэ не быў у доме Маці Божай Будслаўскай, прыйсці да Яе, бо Яна чакае кожнага з вялікай любоўю, Яна атуліць і дасць супакой. Яе любоў і клопат можна адчуць толькі сваім сэрцам, Яна чыніць неверагодныя цуды, таму заклікаю кожнага з пашанай да нашай Матулі».
Ірына Шота, педыятр у дзіцячай бальніцы, з дачкой Ганнай у пілігрымцы другі раз:
«Хвала Хрысту!
Пілігрымы парафii святого Юзафа выражаюць сваю павагу, удзячнасць кожнаму, з кім крочылі гэты дзіўны шлях да Маці Божай ! Нам вельмі прыемна і цёпла, што прымаеце нас як сваіх родных і разам мы ідзем сапраўднай вялікай сям’ёй!
Не ведаю нават, як выказаць падзяку брату Уладзіславу, бо яго працу над гэтай пілігрымкай цяжка нават уявіць, таму проста знайце, брат Уладзіслаў, што Вы ў нашых малітвах.
Дарэчы, як і браты Андрэй і Вадзім! Вы надалі асаблівую капуцынскую харызму гэтаму шляху і ўпэўнена, што кожны з нас будзе чакаць вас і надалей!
Сестры Марыя і Ганна, вашы цёплыя позіркі, парады, ваша ўвага да кожнага, хто звяртаўся - праява такого шчырага служэння Пану Богу і людзям!
Дзякуй кожнаму за сведчанні ад сэрца, за неверагодныя спевы, за зусім не “палявое” харчаванне, за адкрытасць вашых сэрцаў! Нам з вамі было вельмі добра! А таму ўжо чакаем рэгістрацыі на пілігрымку Маладзечна-Будслаў 2025! Да новых сустрэч!»
Ганна Пырская, сацыяльны работнік, г. Гродна:
«У пілігрымцы з Маладзечна мы былі не першы раз. Самы першы быў у 2007 годзе, калі я ішла з маімі дзецьмі, дачкой і сынам. Сёлета я ішла з сынам і трыма ўнукамі Іосіфам 3 год, Іллёй 4 год і Сарай-Марыяй 6 год, дзецьмі дачкі.
Кожная маладзечанская пілігрымка мае свой характер і з кожным годам у ёй штосьці змяняецца. Хачу выказать вялікі дзякуй кіраўніку пілігрымкі а. Уладзіславу, таксама кухарам і кухарачкам, якія працавалі 24/7 і так смачна кармілі нас.
Прыехаўшы да дому ў Гродна, засталося шмат успамінаў: кляштар у Бярозаўцы, дзяленне сведчаннямі там ля вогнішча і, што найбольш мне спадабалася, спальнае месяца ў "гасцініцы", якой з'яўлялася для нас фура і ў якой мае ўнукі гэтак салодка спалі.
Дзякуючы адной з папярэдніх маладзечанскіх пілігрымак мой сын Уладзіслаў пазнаеміўся з маладзечанскай парафіянкай Сабінай, якая цяпер з'яўляецца ягонай жонкай і носіць пад сэрцам ужо двое детак. Як раз і ішла я ў інтэнцыі нараджэння здаровых дзетак для Сабіны і Ўлада і Дароў Духа Святого для іх і дактароў згодна з Божай воляй.»
Кацярына Савянок, маці чатырох дзетак, у пілігрымцы 3-і раз:
Ужо другі раз мы з дзецьмі прайшлі ў пілігрымцы Маладзечна-Будслаў. Гэтым разам малодшыя сын і дачка ішлі толькі 3 дні, і я вымушана была ад’ехаць на адзін дзень. Я магу сказаць, што мае дзве пілігрымкі былі вельмі рознымі для мяне, і не таму, што змяніўся маршрут, а па ўнутранаму перажыванню. Калі першая для мяне была быццам крыжовы шлях, то ў другой мяне быццам неслі на руках. І гэта пры тым, што ад самага пачатку шляху я не адчувала ў сабе фізічных сіл, каб ісці: і ноччу напярэдадні спала не больш за 2,5 гадзіны, і там-сям нешта ныла, і апошні працоўны тыдзень быў вельмі напружаны. Аднак я адважылася вырушыць. Адважылася яшчэ і таму, што бр. Уладзіслаў запрасіў мяне быць адным з аніматараў, а гэта адказнасць. Таму я падчас Імшы аддала Пану Богу свой шлях са словамі: “Ну калі ў гэтым Твая воля, то дапамагай”. Да першага прывалу я думала, што не дайду, бо было неяк млосна ад спякоты. Але далей справы пайшлі прасцей. І на другі дзень увечары, калі зняла абутак, я зразумела, наколькі мяне Пан Бог умацоўвае: я прайшла 27 км у мокрых красоўках без вусцілак (бо даставала прасушыць і забыла ўсунуць назад) без мазалёў і вялікай стомленасці. Наогул, за 4 дні майго шляху ў плане здароўя занадта згаршэння не было. Толькі ў канцы апошняга дня нарэшце троху забалела нага, дзякуй Богу.
Што я зразумела за гэты шлях, за што хачу падзякаваць? Першае і для мяне найважнейшае - Бог мяне любіць, чуе, клапоціцца. Другое – гэта людзі, якіх сустрэла. Вельмі ўдзячна Пану Богу за с. Марыю і яе песні і за песні бр. Вадзіма. Трэцяе – гэта тэма пілігрымкі “Ранамі Яго мы аздароўлены”, якая раскрывалася праз цудоўныя канферэнцыі (дзякуй усім канферэнцыяністам), заняткі ў групах, набажэнствы, спевы, заглыбленне ў францішканскую духоўнасць. Запалі ў сэрца словы, што раны Езуса не загойваюцца, трываюць заўсёды на знак Яго вечнай і вернай любові. Гэтак і стыгматы, калі яны з’явіліся, то не знікаюць. “О, Езу, церні і любоў”…
Так сталася, што мае праблемы, з якімі я вырушыла ў пілігрымку, спадзеючыся на Божае святло ў гэтых справах, я ўбачыла з другога боку. Пра некаторыя я наогул забыла, а некаторыя адкрыліся для мяне больш яўна. Прыйшоўшы ў Будслаў, я зразумела, што гэтая пілігрымка ёсць толькі пачатак той, якую буду ісці ў сваім жыцці дзень за днём. “Нябесная Айчына, навучы нас хадзіць па слядах тваіх”.
Апошнія хвіліны ў Будславе. Яны яшчэ доўга будуць для мяне духоўнай ежай: усе раз’ехаліся, прыбралі гандлёвыя палаткі, супрацоўнікі камунальных службаў павывозілі смецце – і вось цішыня, толькі піск ластавак, якія наляпілі гнёзды на фасадзе базылікі, і час ад часу бой касцёльнага гадзінніка. А ў касцёле ў першых лаўках біскупы, ужо без літургічных шатаў, кожны трывае ў малітве. І гэта напаўняе сэрца радасцю і спакоем. І гэтак проста аказалася паразмаўляць з арцыпастырам і нечакана нават атрымаць у падарунак яго кепку з Рыма…
Дзякую Пану Богу за ўсіх нашых душпастыраў і за магчымасць усё гэта перажыць. Шчырая падзяка бр. Уладзіславу за арганізацыю і правядзенне пілігрымкі, за ўсе ідэі, гумар, нястомнасць.»
Брат Уладзіслаў Мінько, у 3-і раз з’яўляецца кіраўніком і духоўным натхняльнікам маладзечанскай пілігрымкі:
«Ведаю колькасць пілігрымаў, якія прайшлі рэгістрацыю і паўдзейнічалі ў пілігрымцы, іх – 266. Колькі з іх маладзечанцаў сказаць цяжка, бо ў нас пілігрымка такая зборная. Гэта значыць акрамя Маладзечна, Мінск, Новая Баравая, Смалявічы, Докшыцы, Слонім. Ёсць яшчэ пілігрымы з розных мясцовасцяў. А ёсць тыя, хто пра нашу пілігрымку пачуў з Гродна, Пінска, з Гомеля, Светлагорска. З суседніх маладзечанскіх мясцовасцяў – Заслаўе, Краснае, Радашковічы, Лебедзева, Беразінскае. Былі з Масквы два чалавекі. Павінна было быць больш, але, на жаль, у іх не атрымалася ў гэтым годзе.
Традыцыяй маладзечанскай пілігрымкі з’яўляецца пасвячэнне ў пілігрымы першым вечарам. Звычайна мы робім для іх выпрабаванні. Тут як бы не прыйшлося рабіць, таму што само надвор’е зрабіла адно вялікае выпрабаванне – вельмі моцна ўвечары ліло, была навальніца ноччу, а мы мелі палатачны начлег і палова людзей так даволі нядрэнна прамокла. Бачыў па вачах людзей, якія думалі ці не вяртацца. Але вытрымалі, вырашылі даць сабе яшчэ шанец і не пашкадавалі! Пасля першай ночы было намнога лягчэй.
Па дарозе сустракалі зычлівыя людзі. Нам людзі махалі, некаторыя плакалі. Асабліва памятаю адну бабульку, якая плакала калі нас бачыла, і благаслаўляла. Вельмі зычліва. Мы ў гэтым годзе пайшлі новай трасай, праз такія вёскі, якія пілігрымы не праходзілі. Таму некаторыя людзі здзіўлена на нас глядзелі. У Вілейцы начавалі каля лясніцтва, у Касцяневічах – другі начлег – у касцёле і вакол яго, трэці – у Даўгінаве. Дзякуем шчыра школе, якая згадзілася нас прыняць. Апошні начлег у нас быў у Бярозаўцы – вялікая тэрыторыя, на якой ўсе змаглі так добра размясціцца.
Варта пайсці ў пілігрымку! Ніхто не прападзе, спакойна, нас суправаджаюць. Больш шкада, калі не паспрабуешь чагосьці, чым калі ў чымсьці памылішся.»
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота і відэа: Вадзім Каралькоў, Вікторыя Гулецкая, Таццяна Шумель, Алёна Арлоўская, Юлія Бражыцкая, Віталь Жартун, Грыгаровіч Радаслаў, Валянціна Гулевіч, Аксана Пінчук, Юлія Капусціна, Іна Дубаневіч, Аксана Матусевіч, Наталля Весялова і ўсе, хто дзяліўся сваімі фотаздымкамі.
Мантаж: Кацярына Савянок, Цімафей Савянок
- Праглядаў: 1305