Skip to main content

Капліца-крынічка ў вёсцы Лешна

Крынічкі, ціхія крынічкі,

Як я люблю вас, як люблю!

Жывы струменьчык невялічкі

Мне апявае ўсю зямлю.

Кастусь Кірыенка

 

  

Нельга сабе ўявіць нашага жыцця без вады. З самага пачатку сваёй гісторыі чалавек заўважыў, што вада з’яўляецца адным з асноўных элементаў Сусвету. Лекары сцвярджаюць, што чалавек можа выжыць без ежы да двух месяцаў, але без вады – не больш за некалькі дзён. Нават самая смачная ежа губляе свой смак, калі вы адчуваеце смагу. Ды і сам чалавек, па меркаванні учоных, на 60-80% складаецца з вады…

Розныя народы маюць свае фальклорныя і міфічныя ўяўленні аб тым, што вада была першапачаткова хаосам, у якім былі змяшаныя іншыя элементы, і Бог пачаў стварэнне Сусвету з аддзялення вады ад цвердзі. У Бібліі пра гэта сказана так: “І сказаў Бог: ды будзе цвердзь пасярод вады, і ды аддзяляе яна ваду ад вады. І стварыў Бог цвердзь, і аддзяліў ваду, якая была пад цвердзю, ад вады, якая над цвердзю. І стала так. І сказаў Бог: ды збярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і ды з’явіцца суша. І стала так” (Быццё, 1: 6, 7, 9).

Ужо ў тыя далёкія часы былі заўважаныя лекавыя ўласцівасці вады з некаторых крыніц, іх гаючая сіла. Пазней шматлікія крыніцы сталі месцамі ўшанавання, каля іх будавалі паганскія святыні, прыходзілі памаліцца багам і прынесці ахвяраванні.

Пасля прыняцця хрысціянства царква ўзяла пад сваю апеку большасць крыніц. Ля такіх крыніц будаваліся капліцы, якія прадстаўляюць гістарычную і культурную каштоўнасць, змяшчалі іконы і фігуры святых, будаваліся купелі, усталёўваліся крыжы і засноўваліся манастыры. Шырокае распаўсюджванне атрымалі рэлігійныя святочныя набажэнствы, якія суправаджаліся хрэсным ходам. Кожная крыніца збірала значную колькасць паломнікаў у свае “асаблівыя дні”, звязаныя з якой-небудзь цудоўнай падзеяй. Пераважная большасць крыніц мела свой уласны “прыход”, які складаўся з жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў. Некаторыя людзі прыязджалі з іншых, часам аддаленых месцаў, не толькі для таго, каб папіць і набраць чыстай вады, акунуцца для вылячэння, але і для таго, каб здабыць духоўны спакой і супакаенне. Святыя крыніцы ў комплексе з культавымі камянямі, дрэвамі і пагоркамі былі важнымі месцамі культавага жыцця.

Вельмі багатую гісторыю мае і найбольш папулярная ў жыхароў нашага Маладзечанскага раёна капліца-крынічка ў 500 метрах за вёскай Лешна Лебедзеўскай парафіі імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Капліца ў маёнтку Саковічаў герба “Корвін” была вядома ўжо з другой паловы XVIII ст. Драўляны, пакрыты гонтай “касцельчык” быў пабудаваны ў заходняй частцы вёскі Лешна пры выездзе на Лебедзева. Капліца прываблівала шматлікіх пілігрымаў з-за цудоўнай крыніцы, якая знаходзілася на поўдзень ад святыні, каля ракі. Пра крыніцу расказваюць шмат цікавых гісторый і легендаў. З пакалення ў пакаленне людзі перадаюць тое, што чулі, і тое, што некаторыя самі перажылі.

Першая згадка пра крыніцу сустракаецца ў газеце “Наша ніва” за 1907 год: “У вярсце ад нашага мястэчка цячэ невялікая рэчка праз маёнтак пана Саковіча. Даўно ўжо ў народзе ходзяць слухі, бытцам у той рэчцы калісці з’явіўся цудоўны Пан Езус. З году ў год на каталіцкае сьвята “Сэрца Пана Езуса” каля гэтага цуда збіраюцца тысячы простага народу. Тамака людзі молюцца, мыюцца вадой з тае рэчкі, ды нясуць ў касцёл ахвяры: грошы, шмат яек, лёну, воўны і іншага дабра. Збіраеца тут такім парадкам больш як на тры сотні рублёў. Поп мясцовы пазайздросціў ксянзу добрага дахода і зрабіў у той самы дзень праваслаўнае сьвята. І ён, як дагэтуль ксёндз, угаварвае народ, каб маліўся каля той рэчкі з цудам, але ахвяры прыносілі не ў касцёл, а ў цэркву…”.

У дакладной запісцы ўпаўнаважанага з камітэта па справах рэлігіі па Маладзечанскай вобласці, напісанай у 1958 годзе, адзначалася, што крынічка шануецца тутэйшым насельніцтвам каля 300 гадоў. Здаўна вядома паданне, што калі людзі бралі і пілі ваду, некаторыя бачылі на дне крыніцы абліччы Пана Езуса і Маці Божай. З таго часу людзі пачалі прыходзіць да гэтага месца маліцца. На сухім месцы за 10-12 м ад крыніцы быў пастаўлены крыж. З тых часоў крыніца стала лічыцца святой. Людзі сцвярджаюць, што вада з яе мае гаючыя ўласцівасці і дапамагае пры хваробе вачэй, лечыць язвы. Дапамагае і хворай жывёле. Аднойчы людзі ўбачылі ў ёй адлюстраванне абраза Маці Божай. Прычым некаторыя ўдакладняюць, што на дне бачылі менавіта абраз Божай Маці Чанстахоўскай: “Было гэта ў 1954 годзе. Разам з іншымі дзецьмі я (Ірэна Сінько – аўт.) гуляла каля крыніцы. Памятаючы словы мамы, якая наказвала заўсёды папіць гэтай вады ды абмыць у ёй рукі і ногі, каб не балелі, мы нахіліліся над студняй і ўбачылі на дне абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Залачоны. Я стала адразу гаварыць пацеры (мамуся так вучыла), а адна дзяўчынка кажа: “Гляньце, нехта ікону паклаў у студню”, і дубцом спрабавала яе парушыць. Ікона знікла”.

Першымі паставілі там свой крыж католікі. Святкаванне каля яе праводзілі на дзясятую пятніцу пасля Вялікадня як праваслаўныя, так і католікі. Калі Вялікадні супадалі, то вернікі на дзявятую пасля яго пятніцу мірна ішлі хрэсным ходам разам.

Але маюцца ў гісторыі Лешненскай крынічкі і трагічныя старонкі існавання. Больш за 100 гадоў таму, а дакладней у 1904 ці 1905 годзе, стала яна замінаць царскім уладам. Па іх загадзе адзін вясковец спілаваў ля крынічкі крыж, але і сам у хуткім часе памёр. Гэты выпадак размежаваў вернікаў. Католікі сталі даводзіць, што крынічка належыць да іх канфесіі, праваслаўныя, што да іх.

У 1920-я гады крынічка была дагледжана, на яе пастаўлена цэмбравіна, атрымаўся неглыбокі калодзеж. Над крыніцай пабудавалі капліцу памерам 3х3 метры. З лебедзеўскага касцёла ў дзень свята Сэрца Езуса, у 10-ю пятніцу пасля Вялікадня, да крыніцы адбывалася працэсія пры шматлікім удзеле вернікаў. Крыж упрыгожваўся стужкамі рознага колеру, а ўнізе яго людзі клалі кветкі. У гэты ж час пачалі добраўпарадкаваць і іншыя крынічкі. Усяго ў 1925 годзе ў гэтых месцах іх налічваліся ажно тры дзясяткі. Пасля з крыніц утварылася маленькая рэчка Лешна.

Як бачым, людзі заўсёды шанавалі крыніцу. Аднак не ўсім гэта падабалася. У перыяд барацьбы з рэлігіяй яе спрабавалі знішчыць. У 1947 годзе было забаронена правядзенне працэсій да крыніцы, але людзі працягвалі наведваць у гэты дзень святое месца, кожны сам па сабе і невялікімі групамі. Былі сведчанні, што некаторыя найбольш набожныя вернікі ішлі на каленях ажно з Маладзечна, а жыхары Лебедзева туды выпраўляліся з харугвамі ад касцёла.  Пасля малебна яны набіралі ваду, кідалі ў крыніцу грошы.

Праз нейкі час кіраўніку калгаса было прадпісана луг каля прыбярэжнай паласы рэчкі ўзараць  аж да самай крыніцы і  знесці крыж, які быццам бы перашкаджаў апрацоўваць зямлю. Загад мусілі  выканаць. Крыж зноў спілавалі  і нават растапталі яго гусеніцамі трактара. Каптаж і каплічку знеслі бульдозерам. Адбылося гэта дзесьці ў пачатку 1960 гадоў. І зрабілі гэта па ўспамінах сведкаў ноччу,  якраз  перад самым фэстам. Адзін з вясковых хлопцаў вяртаўся  з вечарынкі і ўжо ў чатыры гадзіны раніцы не пазнаў святога месца – усе было разбурана. Кінуўся да хаты, разбудзіў бацькоў, суседзяў – ды ўжо было позна ратаваць… Убачыўшы такое варварства, мясцовыя жыхары плакалі ад болю і бездапаможнасці. Але праз які год крынічка зноў адрадзілася, перамясціўшыся толькі на дваццаць метраў вышэй па ручаі.

Пасля гэтага людзі яшчэ больш пацягнуліся ў гэтае месца. Пётр Варатынскі, яго бацька і браты тры гады запар аднаўлялі крыж, але яго зноў і зноў ламалі. А сведчанні пра цудоўныя з’явы не сціхалі, а наадварот пашыраліся, бо як сказана ў Бібліі: “…па веры вашай ды будзе вам” (Мц, 9: 29).

А вера мясцовых жыхароў была моцная! На працягу дзясяткаў гадоў яны спадзяваліся на аднаўленне святой крынічкі, і, калі з’явілася першая магчымасць, калі наша Беларусь стала незалежнай, у пачатку 1990-х гадоў вернікі з Лебедзева, сабраўшы грошы, зноў добраўпарадкавалі яе. Пенсіянеры Станіслаў Валкевіч  і Уладзімір Дзюдзель, былыя калгасныя шафёры, зрабілі каптаж, альтанку, паставілі побач каталіцкі крыж.

Вернікі пачалі  адраджаць і святкаванні каля крыніцы. Мясцовая верніца Яніна Мінькоўская звярнулася да ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага з просьбай наведаць цудоўнае месца і аднавіць там набажэнствы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Таму што менавіта ў гэта свята з’яўляўся некалі цудоўны абраз Маці Божай у крынічцы, нагадваючы людзям аб асаблівым ушанаванні Святога Сэрца Яе Сына. Ксёндз Эдмунд адгукнуўся на прапанову: паехаў, пазнаёміўся з мясцовасцю, а таксама з гісторыяй узнікнення цудоўнай крыніцы, і ўжо на свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса каля крыжа ў 2006 г. было адпраўлена ўрачыстае набажэнства, у якім акрамя ксяндза Эдмунда прынялі ўдзел ксяндзы Пётр Байгер і Канстанцін Буліч.

Пазней вернікі пабудавалі летнюю капліцу, якую на гэта свята ўпрыгожваюць кветкамі і галінкамі бярозы ды язміну. Штодзень да крыніцы пад’язджаюць людзі: хто на аўтамабілі, а хто і на веласіпедзе, каб набраць святой вады, якая не псуецца па некалькі месяцаў. Вада лічыцца лекавай і гаючай.

У цяперашні час крыніцу апякуюць прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Недалёка ад выхаду вады на паверхню вернікі ўстанавілі крыжы. Месца добраўпарадкавана. Для зручнасці і абароны ад непагадзі ўстаноўлены навес. Вада паступае ў бетонны рэзервуар, з якога выліваецца праз спецыяльны жолаб. Схіл забетанаваны, побач знаходзіцца лаўка. Ёсць планы абуладкаваць у гэтым раёне купель. “Крыніца Лешна” – гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння. 

  Святыя крыніцы нярэдка станавіліся месцамі прабачэнняў, а ў залежнасці ад змен у рэлігійным жыцці пераходзілі з-пад апекі адной царквы да іншай, ад адной канфесіі да другой. Некаторыя з святых крыніц сёння ўжо перасохлі, крыжы, капліцы і храмы каля іх разбураныя... Да пагорка, дзе калісьці стаяла наша капліца, сёння вядзе алея старых дрэваў. Сярод зараснікаў яшчэ можна адшукаць рэшткі падмурку святыні. Затое крыніца ўсё яшчэ б’е з-пад зямлі. Святое месца зноў дагледжана. Святая крыніца прымае ўсіх, хто прыйшоў з адкрытым сэрцам і з малітвай аб дапамозе сабе і блізкім.

Журчыць крынічка, гоман птушак –

Ты прыпыніся, сядзь, паслухай.

Падумай, як жыццё бяжыць...

Струменьчык жа звініць, звініць.

Забудзь пра горыч, пра растанні,

Ўсміхніся Сонцу на світанні.

Вада крынічная бурліць,

Як быццам кажа: “Трэба жыць”!..

Анатоль Умінскі

 

 

У суботу 17 чэрвеня ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі каля крыніцы ў Лешне а 12.00 зноў адбудзецца фэст, на які ўсіх сардэчна запрашае ксёндз Уладзімір Русак, пробашч лебедзеўскай парафіі імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

 

У кожнага з нас ёсць магчымасць дакрануцца да гісторыі і цудаў! 

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: з адкрытых крыніцаў інтэрнэт

 

 

 

  • Праглядаў: 1388