Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 9, 38–43. 45. 47–48

Хто не супраць нас, той з намі. Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі. 

Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды. 

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора. 

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзьвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзьвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Cказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі» (Мк 9,38). Святы Ян Апостал выказваецца ў гэтым сказе за ўсіх апосталаў. Гэтая сцэна нагадвае эпізод з Кнігі Лічбаў (Ліч 11,16-17.24-29): малады Езус Навін прыбег да Майсея і расказаў аб тым, што на мужоў, якія не прыйшлі на сабранне у шацёр, таксама зышоў Дух Божы і яны прарочылі. Езус Навін, таксама як Ян, дамагаўся каб Майсей забараніў ім. Але Майсей адказаў яму: “ Ці не раўнуеш ты з-за мяне? О, каб усе ў народзе Пана былі прарокамі, каб Пан даў ім свайго духа”.

Імя Езуса Хрыста прадстаўлена як Імя Бога Айца, якое ўтрымлівае ў сабе вялікую моц, здольную перамагчы ворагаў. Імя гэтае з’яўляецца крыніцай збаўлення, з якой удзяляецца чалавецтву благаславенне і сіла, таму прарокі заўсёды прамаўлялі ў імя Бога. Апосталы і вучні Езуса выганялі злых духаў у Імя Хрыста, а малітва ў імя Сына Божага ахінала хвалой таксама і Айца. Дух Святы спасланы Айцом ў Імя Сына. Імя Сына, Езуса Хрыста, з’яўляецца жыццядайнай крыніцай. У Імя Езуса вучні будуць збірацца разам, гэтае Імя будуць абвяшчаць і ў Імя Ягонае будуць удзяляць Хрост. Езус кажа: “ Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне”.

Ці не зайздрошчу іншаму чалавеку з-за яго талентаў і здольнасцяў? Ці заклікаю Найсвяцейшае Імя Езуса ў мае працы і змаганні?

Брат Аляксандр Дзіц OFMCap, Польшча.

 

Убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 1, 47–51

Убачыце анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману.

Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне?

Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю.

Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!

Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта.

І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.

Гэта слова Пана.

 

catholic.by

“Убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага”. Гэтае таямнічае абяцанне Езуса выклікае асацыяцыю з эпізодам з жыцця Якуба (Быц 28,10-22). Пасля канфлікту з братам з-за бацькавага благаславення, Якуб уцякае з бацькоўскага дому да дзядзькі. Падчас аднаго з начлегаў у дарозе ён бачыць дзівосны сон: па драбіне, якая стаіць на зямлі а вяршыняй абапіраецца на неба, сыходзяць і ўзыходзяць анёлы. Праснуўшыся, Якуб будуе ў гэтым месцы ахвярнік, складае ахвяру, а само месца называе Бэтэль – гэта значыць “Дом Бога”. І з таго часу яго шматлікія патомкі ўшаноўвалі тое месца як святое, месца асаблівага кантакту з Богам.

Як бачым, анёлы - добрыя бесцялесныя духі, сваёй прысутнасцю паказваюць, што прастора іх служэння гэта Божая тэрыторыя. Калі Езус прадвяшчае, што ўбачым, як анёлы сыходзяць і ўзыходзяць на Яго, то для вучняў (нашчадкаў Якуба) гэта азначае, што маюць дачыненне з кімсьці непараўнальна большым, чым проста Месіяй. Яго святасць нават большая, чым святасць санктуарыя ў Бэтэль. Ян Евангеліст акрэсліў гэта словамі: “Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды” (Ян 1, 14).

Арханёлы і анёлы дзейнічаюць незаўважальна для большасці з нас, быццам Божыя спецслужбы, але дзякуючы іх служэнню сатана – наш спрадвечны вораг, не ў стане поўнасцю разарваць сувязь паміж небам і зямлёй. Анёлы ўмацавалі Якуба ў Божым благаславенні і ў барацьбе з уласным страхам. Арханёл Рафал вылечыў з цялеснай і духоўнай хваробы Тобія і Сару (Тоб 3,17). Арханёл Габрыэль спадарожнічаў Сыну Божаму, калі Той сыходзіў ва ўлонне Багародзіцы (Лк 1, 26-38). Арханёл Міхал перамагае старадаўняга цмока - увасабленне сатаны (Ап 12, 7-12). Усе гэтыя факты дазваляюць нам быць упэўненымі, што Бог апякуецца намі праз служэнне Ягоных арханёлаў.

Ці не паддаюся часамі паніцы адчуваючы дзеянне дэманаў у маім жыцці? Ці звяртаюся ў сваіх малітвах з просбамі і падзякамі да арханёлаў і анёлаў?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 18–22

Ты — Месія Божы. Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх:  А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

На сустрэчу з незнаёмым чалавекам часта прыходзім з гатовымі ўяўленнямі пра яго, якія склаліся з таго, што мы пра яго раней пачулі. Уяўленні гэтыя ў сваю чаргу фарміруюць і пэўныя нашы чаканні да гэтага чалавека. Але ж інфармацыя з чутак, як вядома, не самая аб’ектыўная. У канчатковым выніку і сустрэча можа нас здзівіць або нават расчараваць.

Сённяшнія пытанні Езуса, кім лічыць Яго народ і кім лічаць Яго вучні, гэта таксама пытанні пра чаканні, якія ў іх сфарміраваліся ў адносінах да Яго. Калі Езус для іх як прарок Ілля, то магчыма ад Яго спадзяюцца барацьбы з чужымі язычніцкімі культамі. Магчыма, Ён павінен ачысціць ў народзе тое, што апаганена рымлянамі. Калі ж Ён уяўляецца ім як Ян Хрысціцель, то ад Яго спадзяюцца рашучага слова асуджэння беззаконняў і ўсякага роду несправядлівасці з боку духоўнай і палітычнай эліты. Выглядае на тое, што чаканні народу не дацягваюць да рэчаіснасці. Людзі яшчэ не ў стане заўважыць, што Езус з’яўляецца кімсьці нашмат большым, чым яны сабе ўяўлялі.

Паводле чутак, якія сёння ходзяць у свеце пра Бога, Ён абавязаны раз назаўсёды ліквідаваць злачынствы, стыхійныя бедствы і несправядлівасці. Калі ж гэтыя чаканні не спаўняюцца, многія радасна заціраюць рукі і рытарычна пытаюць: “ну і дзе гэты ваш бог?” У пэўным сэнсе высновы гэтых людзей праўдзівыя. Бо такога бога, якога яны сабе ўяўлялі, проста няма – ні тут у свеце, ні нават дзесьці далёка. Сапраўдны Бог – гэта Езус Хрыстус, які памірае і паўстае з мёртвых менавіта там, дзе несправядліва пакутуе чалавек. Сапраўдны Бог не вырашае нашыя беды замест нас, Ён вырашае іх разам з намі.

Ці мае чаканні ў адносінах да Хрыста не заніжаныя да вырашэння выключна надзённых праблем? Ці гатовы я супрацоўнічаць з Богам ў вырашэнні ўласных праблем і бедаў навакольнага свету?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

 

І хацеў убачыць Езуса

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 7–9

Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян уваскрос з мёртвых; другія, што з’явіўся Ілля; іншыя ж, што паўстаў нехта з даўніх прарокаў. Але Ірад казаў: Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы?

І хацеў убачыць Езуса.  

Гэта слова Пана.

catholic.by

Бог прамаўляе да нас словамі, знакамі ці падзеямі жыцця. Адказваць на гэта можна па-рознаму. Можна прыслухацца і зрабіць добрыя высновы, штосьці ў жыцці змяніць. А можна таксама гэтыя знакі ігнараваць або заглушаць. Можна прыкідвацца, што гэта толькі выпадковасць. Рэагуючы за кожным разам аднолькава, з цягам часу выпрацоўваецца навык. Гэта як выкідаць у спам розныя паведамленні, асцерагаючыся шкодных вірусаў. Бяда ў тым, што з размаху можна выдаліць і добрую навіну.

Да Ірада Бог прамаўляў таксама многа разоў. Калі заклік прагучаў з вуснаў Яна Хрысціцеля, Ірад пад націскам акалічнасцяў жорстка заглушыў гэты голас (Мц 14, 1-12). На гэты раз Бог прамаўляе ў словах і знаках, якія здзяйсняе Езус. Чарговы раз Ірад стаіць перад выбарам, што з гэтым паведамленнем зрабіць. Евангеліст Лука рэакцыю Ірада акрэслівае кароткім сказам: “І хацеў убачыць Езуса”. Гэта гучыць як шанец на дабрую сустрэчу. Аднак далейшая гісторыя паказала, што Ірад не змяніўся. Сустрэча сапраўды адбылася пазней, напярэдадні смерці Езуса, калі Яго прывялі ў палац Ірада на допыт. Але на той час Езус ўжо нічога не казаў словамі, бо сутыкнуўся з чарговай пагардай.

У чым жа прычына таго, што многія нават пачуўшы слова Бога і нават убачыўшы Яго дзеянне ва ўласным жыцці, аднак упарта ігнаруюць гэтыя пасланні? Найверагодней з-за падобных сумненняў, як у Ірада – што пасланне гэтае ўсяго толькі шкодны спам, які можа нашкодзіць наладжанаму камфортнаму жыццю.

Ці не выпрацаваўся ўва мне навык ітэрпрэтаваць падзеі свайго жыцця выключна як шэраг не звязаных з Богам выпадковасцяў? Ці звяртаюся да Бібліі і малітвы, каб выразней бачыць і чуць Добрую Навіну для мяне?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

Паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 9, 1–6

Паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі і ўладу лячыць хваробы. Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. І сказаў ім: Нічога не бярыце з сабою ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні грошай — не майце таксама па дзве вопраткі. Да якога дому ўвойдзеце, у тым і заставайцеся аж да свайго адыходу. Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх. 

Адправіўшыся, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Памяць пра мінулае можа нам дапамагаць ў будучыні, акрыляць да далейшага жыцця і напаўняць разумнай упэўненасцю, што ўсё атрымаецца. Але бываюць і такія ўспаміны, якія наадварот, баляць быццам незалечаная рана. Яны знеахвочваюць, часамі нават і паралізуюць крочанне наперад. Езус, перад тым як выслаць сваіх вучняў з місіяй абвяшчэння Добрай Навіны, вучыць іх, якім чынам працаваць са сваёй памяццю, каб яна дапамагала ісці наперад, а не затрымлівала на паражэннях і няўдачах.

Не браць з сабой ў дарогу якіхсьці забеспячэнняў, кшталту кія, торбы, хлеба ці грошай павінна навучыць іх больш спадзявацца на рэсурсы Божага провіду, чым на ўласныя сродкі выжывання ў пакуль што незнаёмым асяроддзі. Але яшчэ важней тое, каб многа разоў зведаўшы на сабе Божую клапатлівасць, яны замацавалі ў сваёй памяці перакананне, што і ў наступным месцы ўсё атрымаецца, галоўнае абвяшчаць і чыніць Божыя справы.

Абтрэсці пыл з ног пакідаючы месца, дзе Божае Слова не было прынята, гэта сведчанне супраць упартых. Маўляў: “не бяром з сабой ваш бунт супраць праўды”. У гэтым сімвалічным жэсце выражаецца таксама іх рашэнне, што балючы вопыт адкінутасці яны пакідаюць за сабой. Гэта рашэнне, што страх быць знову адкінутымі не стрымае іх ад таго, каб ісці ў наступнае месца.

Такім чынам перакананне ў Божым провідзе па-сапраўднаму акрыляе ўбогіх, г. зн. тых, чыя моц ўся зложана “у-Богу”. Яны лёгкім крокам ідуць наперад, умацаваныя добрымі ўспамінамі і неабцяжараныя няўдачамі, якіх не ўдалося пазбегнуць.

Ці не стрымліваюць мяне ў духоўным развіцці ці служэнні якіясьці былыя няўдачы? Ці ўмею сёння заўважаць і зберагаць у памяці знакі Божай любові да мяне?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 8, 19–21

Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прыйшлі да Езуса Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. І паведамілі Яму: Маці Твая і браты Твае стаяць звонку,  жадаючы ўбачыць Цябе.

Ён сказаў ім у адказ: Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Усе, хто любяць Пана ўсім сэрцам, усёю душою, розумам і ўсёю сілаю (пар. Мк 12,30), а сваіх бліжніх любяць як саміх сябе (пар. Мц 22,39), ды ненавідзяць свае целы з заганамі і грахамі, і прымаюць Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста і прыносяць годныя плады пакаяння — о, якія ж яны шчаслівыя і бласлаўлёныя, калі робяць усё гэта і ў гэтым трываюць! Бо Дух Святы спачне на іх (пар. Іс 11,2) і ўчыніць іх домам і месцам свайго прабывання (пар. Ян 14,23); і яны — сыны Айца нябеснага (пар. Мц 5,45), Якога справы чыняць; і яны — заручаныя, браты і маці Пана нашага Езуса Хрыста (пар. Мц 12,50). Мы Яго заручаныя, калі верная душа заручаецца ў Духу Святым з Панам нашым Езусам Хрыстом. Мы Ягоныя браты, калі выконваем волю Айца, які ёсць у небе (пар. Мц 12,50).

Ягоныя маці, калі носім Яго ў сэрцы і ў нашым целе (пар. 1 Кар 6,20) Божай любоўю, а таксама чыстым і шчырым сумленнем мы нараджаем Яго праз святыя ўчынкі, якія павінны служыць добрым прыкладам для іншых (пар. Мц 5,16).

Святы Францішак Асізкі, Пасланне да вернікаў.

 

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 8, 16–18

Свечку ставяць на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў народу: Ніхто, запаліўшы свечку, не хавае яе пад начынне і не ставіць пад ложак, але ставіць яе на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася. Таму зважайце, як слухаеце. Бо, хто мае, таму дадасца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Што будзе з запаленай свячой, калі накрыць яе якой-небудзь пасудзінай? Яе святло не толькі будзе схавана ў цемру, але яна таксама хутка згасне з-за недахопу паветра. Таму Хрыстос нагадвае сёння як паўсюднаму Касцёлу, так і малым лакальным супольнасцям: “Зважайце, як слухаеце. Бо, хто мае, таму дадасца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае”. Калі б мы, як Ягоныя вучні задаволіліся тым святлом і цяплом, якое самі атрымалі, і намагаліся зберагчы яго толькі для сябе, то непазбежна страцілі б нават тое, што ўжо здавалася б маем.

Таму словы сённяшняга Евангелля на працягу стагоддзяў, зноў і зноў распальваюць у Касцёле місійны дух, які выводзіць па-за межы ўласнай краіны ці сваёй малой суполкі веруючых. Ад выканання гэтага місійнага паклікання залежыць сам сэнс быцця Касцёла і быцця хрысціянінам кожнага з нас. Супольнасць, якая намагаецца зберагчы ад “неўтаямнічаных” скарб Евангелля, найперш становіцца самадастатковай сектай, а пазней пачынае душыцца ва ўласных традыцыях і асуджэннях навакольнага свету.

Таму адзіным спосабам вечнай маладосці нашай веры па-ранейшаму застаецца евангелізацыя рознымі спосабамі. Заключаецца гэта з аднаго боку ў тым, “каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло”, гэта значыць, каб дзверы Касцёла былі адчынены для любога чалавека, які сам шукае праўды. З іншага боку, гэта заклік, каб мы выходзілі да тых, хто па якіхсьці прычынах не можа ўвайсці да нас. Дзеля гэтага сапраўды варта пераадольваць прывязанасць да камфорту, моўныя ці культурныя бар’еры, матэрыяльную сквапнасць ці гістарычныя крыўды на суседзяў.

Ці не намагаюся я наладзіць жыццё ў сваёй супольнасці як закрыты клуб для “абраных”? Ці знайшоў я свой асабісты спосаб дзялення верай з іншымі? Ці гатовы я інвеставаць штосьці з сябе ў евангелізацыю свету?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 9, 30–37

Сын Чалавечы аддадзены будзе… Хто хоча быць першым, няхай будзе ўсіх слугою

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся. 

Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею…” Сэрца Езуса пранікнута прагненнем, каб як найбольш людзей пачула Добрую Навіну – Евангелле. Усе пешыя падарожжы Езуса скіраваныя на абвяшчэнне. Кожны чарговы крок Езуса – гэта пошукі новых слухачоў. Езус і сёння ідзе за табой – крок у крок. Ён прагне, каб і ў тваім жыцці прагучала Добрая Навіна. Якім чынам Збаўца шукаў на гэтым тыдні цябе? Праз якіх людзей, ў якіх падзеях прамаўляў да цябе?

Добрая Навіна заключае ў сабе муку, смерць і ўваскрасенне Езуса – містэрыю любові Бога да грэшніка. Аказваецца, апосталам складана было зразумець і прыняць, што жыццё іх Настаўніка скончыцца менавіта такім чынам. Вучні больш разлічвалі на тое, што Езус распачне чарговыя баі за свабоду Ізраэля і ў рэшце рэшт стане габрэйскім каралём. У цябе таксама могуць быць свае ўяўленні пра адносіны з Богам, свае планы на будучыню. Але ці пытаўся ты ў Езуса, чаго ад цябе прагне Ён? Ці маеш адвагу запытацца? Ці можа баішся і маўчыш?

Езус прадвясціў вучням, што хутка памрэ і паўстане з мёртвых. Гэта пераломны момант у гісторыі нашага збаўлення. І як на гэта рэагуюць вучні? Разважалі пра тое, хто з іх найбольшы. Пыхлівасць часта засланяе вочы і не бачым таго, што найважнейшае, а засяроджваемся на сваіх дробных інтарэсах. Часамі бывае, што марыш быць лепшым за ўсіх? А можа ў сэрцы ацэньваеш іншых звысоку каб адчуць сябе лепш?

Быць вучнем Езуса, азначае быць слугою іншых. Быць першым, азначае быць апошнім. Быць вучнем, азначае давяраць Богу як дзіця.

Брат Адам Звеж OFMCap, Польшча.

 

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 8, 4–15

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 8, 4–15

Што на добрай зямлі — гэта тыя, хто захоўвае слова і ў цярплівасці прыносіць плён 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Кaлі сабраўся вялікі натоўп i людзі з асобных гарадоў прыходзілі да Езуса, Ён расказаў прыпавесць: 

Выйшaў сейбіт сеяць зерне свaё. Кaлі сеяў, aднo ўпaлa пры дaрoзе, i былo пaтaптaнa, i птушкi нябесныя паклявалі ягo. Другoе ўпaлa нa скaлу i, узышoўшы, засoхлa, бo не мелa вiльгaцi. Іншaе ж упaлa мiж церняў, i рaзaм вырасла, але церні зaглушылі ягo. A iншaе ўпaлa нa дoбрую зямлю i, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы. 

Кажучы гэтa, Езус заклікаў: Хтo мaе вушы, кaб слухaць, няхaй слухaе.

I пытaліся ў Ягo вучнi Ягoныя, штo знaчыць гэтaя прыпавесць. Ён скaзaў iм: Вaм дaдзенa пазнаць тaямнiцу Валадарства Бoжaгa, а да астатніх Я гавару ў прыпавесцях, кaб гледзячы не бaчылі i слухaючы не рaзумелі. 

Вось што азначае гэтая прыпавесць: Зерне — гэтa слoвa Бoжaе. Штo пры дaрoзе — гэтa тыя, хто слухaе, але пoтым прыхoдзiць д’ябaл i зaбiрaе слoвa з iхнягa сэрцa, кaб не паверылі і не збaвiліся. Штo нa скaле — гэтa тыя, хто пачуе і з рaдaсцю прымaе слoвa, аднак не мaе кaранёў. Яны верaць часова, a ў пару выпрабавання адыходзяць. Штo ўпaлa ў цернi — гэтa тыя, хто пачуў, аднак клопаты, бaгaцце i ўцехi жыцця паглынаюць іх, i яны не прынoсяць плёну. A штo нa дoбрай зямлі — гэтa тыя, хто, пaчуўшы слoвa, захоўвае яго ў дoбрым i чыстым сэрцы i прынoсіць у цярплівaсцi плён.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сёння Евангелле распавядае пра тое, як выйшаў сейбіт сеяць сваё зерне. Гэта значыць, што зышоў Пан Езус каб данесці да людзей Слова Божае.

У гэтым Евангеллі Езус расказвае, што было пасеяна некалькі відаў насення. Але на самой справе разважанне ідзе пра розныя группы людзей. Адныя – не чуюць і не вераць у Бога, і жывуць толькі для сябе. Другія – чуюць і “быццам вераць”, але не даканца прынялі гэты факт і яны маюць слабую волю, каб перамагчы гэта. Трэція – чуюць, вераць, але штодзённыя клопаты, багацце, паглынаюць іх, і гэта больш галоўнае, чым духоўная ежа. Астатнія – гэта тыя, якія чуюць Слова Божае і вераць Яму, і імкнуцца да Пана, і хочуць пражыць сваё жыццё з Богам. Яны даюць прыклад сваім дзецям, а потым і ўнукам, што і духоўная ежа не павінна займаць апошняе месца у нашым жыцці.

Ці хачу я пражыць усё сваё жыццё з Панам Богам, пад Яго апекай, з Яго любоўю? Ці змагу я данесці сваім нашчадкам, што патрэбна верыць, што гаворыць нам св. Евангелле? Ці хачу я паяднацца з Богам на ўсё жыццё?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

 

 

Мацвей жыў са сваёй сям’ёй

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 9–13

Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Мацвей жыў са сваёй сям’ёй, меў свой дом, працу, добры прыбытак. Прасцей кажучы, быў шчаслівым. Гэта каштоўнасці сучаснага свету. Але, калі  Мацвея  паклікаў  Езус, ён устаў, усё  пакінуў  і  пайшоў. Гэта  азначае,  што  зямное багацце не дазваляла яму быць сапраўды шчаслівым. Лічыў, што ёсць лепшае і таму пайшоў за Езусам.

Калі да  Мацвея прыйшоў Езус з вучнямі. Тады фарысеі, убачыўшы гэта, спыталі аднаго з вучняў Езуса: “Чаму Езус есць разам з мытнікамі і грэшнікамі?” Езуса баяліся  спытаць, бо Ён ведаў іх думкі. Адказаў ім: “Хворы патрабуе лекара, а не здаровы. Я прыйшоў шукаць усё тое, што загінула для неба. Хачу грэшнікам паказаць міласэрнасць, прабачыць грахі і ўчыніць іх сябрамі Бога”. Гэта і ёсць  сапраўднае шчасце, якое ад нас ніхто не забярэ. Кожны чалавек, калі захоча, можа быць сапраўды шчаслівым, але павінен жыць па Божых запаведзях.

Ці магу я, як Мацвей, пакінуць зямное багацце і ісці за Езусам? Ці змагу я жыць па Божым запаведзям?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

 

 

Лк 7, 36–50

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 7, 36–50

Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час: 

Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем. 

Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца. 

І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе. 

Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік. 

У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго? 

Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана. 

Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў. 

І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць. 

А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі. 

І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе? 

А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сёння ў св. Евангеллі паводле Лукі, будзем  разважаць пра міласэрнасць Езуса. Пра тое, што кожны чалавек мае час, каб перагледзець сваё жыццё і свае ўчынкі: што ён робіць не так і, разам з тым, мае магчымасць навяртання да Пана Бога. Езус міласэрны, Ён любіць усіх і мы ўсе дзеці Божыя, асабліва прымае тых, хто рашыў перамяніць сваё жыццё, хто зразумеў, што ішоў не тым шляхам, хто хоча навяртацца да Пана Бога са шчырым сэрцам і адкрытай душой.

Хто са слязьмі просіць прабачэння за свае грахі і больш не хоча грашыць, а хоча ступіць на новы шлях, пачаць жыць па-новаму, па Божым Запаведзям, з Божай ласкай і пад Яго апекай? Як тая жанчына, якая паверыла і пайшла за Езусам. А Ён прабачыў  усе грахі. Гэта, значыць тое, што Езус Хрыстус любіць усіх і ўсе мы для Яго роўныя: багатыя і бедныя, малыя і дарослыя, маладыя і старэйшыя. Пан адорвае нас усіх аднолькава: і сваёй ласкай, і любоўю, і сваёй цярплівасцю.

Ці веру я ў Езуса так, як гэтая жанчына? Ці ўмею прабачаць тых, хто мяне пакрыўдзіў? Ці люблю я Пана так, як тая жанчына, якая не пашкадавала сваіх валасоў, якімі выцірала ногі Збавіцеля?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

 

Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі; мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 7, 31–35

Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі; мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Пан сказаў: З кім параўнаю людзей роду гэтага? Да каго яны падобныя? Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і клічуць адно аднаго, кажучы: Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі; мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі.

Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: У ім злы дух. Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: Гэты чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў. Але апраўдана мудрасць ўсімі дзецьмі сваімі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сёння Евангелле паказвае крывадушнасць тых, хто не хоча паверыць у Езуса як Сына Божага, а таксама ў Яна Хрысціцеля.

Сучасны чалавек лічыць уласную асобу дасканалай і вельмі часта не можа вызначыць сваё прызначэнне на зямлі. “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не плясалі, мы спявалі жалобныя песні, а вы не плакалі.” Вялікі дар ад Бога - цешыцца са шчаслівымі  і плакаць з тымі, якія пакутуюць, адэкватна адчуваць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях. “Я не ведаю як, але не так…” Вельмі часта мы шукаем сотні прычын, каб не ісці за Езусам, каб не прымаць удзел у яго выратавальнай місіі. Прасцей знайсці прычыну каб “не”, чым магчымасць, каб “так”. Чалавек супакойвае сумленне тым, што спасцігаць вучэнне Езуса Хрыста будзе пазней: “калі будзе час”, “калі не буду хадзіць на працу” і кожны раз знаходзіцца новая прычына. А Езус  чакае… Езус спачувае ў цярпенні і цешыцца ў радасці  разам з намі.

Ці заўседы мае пастановы ў адносіне да ўласных грахоў былі выкананы? Ці магу я з гонарам сказаць: “Я веру ў місію Езуса, Сына Божага!”? Ці чую я сэрцам запрашэнне Езуса да выканання яго заданняў?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 7, 11–17

Хлопча, кажу табе, устань 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і з Ім ішлі многія вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: Не плач. 

І падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся. І сказаў: Хлопча, кажу табе, устань. 

Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І Езус аддаў яго маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ. 

І разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Падзея, яка апісваецца ў сённяшнім Евангеллі паказвае вялікую дабрыню Езуса, Яго спачуванне да людзей, якія пакутуюць. Бог не хоча, каб чалавек пакутаваў, Бог хоча, каб чалавек заўсёды быў шчаслівы. Аднак сапраўднае шчасце можа спасцігнуць чалавек, які выконвае запаветы Бога.

 Бог паслаў свайго Сына на зямлю, каб праз яго ўчынкі, праз яго цудоўную міласэрнасць, любоў да бліжняга, людзі маглі пазнаць слова Божае. Езус праз свае  ўчынкі садзейнічаў шчасцю людзей, якіх ён вызваляў з немачы, а праз умацаванне іх веры дапамагаў ім знайсці дарогу да Нябеснага Айца. Слова Божае вучыць чалавека ў кожнай сітуацыі давяраць Айцу нябеснаму ўсе падзеі, якія адбываюцца з ім.

“Божа, дапамажы мне прыняць тое, што я не магу змяніць і навучы мяне цалкам давяраць Табе ў любой сітуацыі…” Ці магу я сказаць такія словы нават у самыя складаныя перыяды майго жыцця? Ці магу я, як Езус заўсёды бескарысліва спяшацца на дапамогу (духоўную і матэрыяльную) ўсім, хто яе патрабуе?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

 

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 7, 1–10

Нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.

Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу.

Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць.

Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры. 

Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сёння Евангелле  падрабязна распавядае пра праведную любоў да бліжняга, у дадзеным выпадку пра клапатлівую любоў працадаўцы (кіраўніка) да свайго працаўніка.

Сучасныя кіраўнікі разважаюць: “Людзей, якіх нельга замяніць – няма!” Вельмі часта звальняюць працаўнікоў, якія перастаюць дасканала выконваць свае абавязкі з-за хваробы.

Магчыма і любоў сотніка не была дасканалай, але паказала прыклад прызнання чалавечай годнасці. Магчыма, гэтая любоў – вынік глыбокай і трывалай веры сотніка. “Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.” У гэтых словах прыклад узаемадзеяння веры, надзеі, любові, пакоры і паслухмянасці – галоўных цнотаў чалавека, якія ратуюць яго душу.

  “Але скажы толькі слова, і будзе здаровы слуга мой”. Жывая вера сотніка ў словы Езуса Хрыста – прыклад цуду, які вяртае радасць здароўя і жыцця для слугі. Слова вучыць, што вера, пакора і паслухмянасць разам будуюць дарогу да вечнага жыцця.

Ці мая вера настолькі моцная? Ці ёсць у маім сэрцы давер Богу ва ўсіх маіх учынках, справах, жыццёвых сітуацыях? Ці клапачуся я аб дабры для людзей, якія вакол мяне, над якімі я маю ўладу?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

Ты — Хрыстус… Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 8, 27–35

Ты — Хрыстус… Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем,  другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на  трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.

І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

“З чаго складаецца жыцце чалавека?” – спытаецца хто-небудзь. Паводле адной з думак сённяшняга Евангелля, жыццёвая рэчаіснаць чалавека -  гэта пытанні і адказы на іх. Няма неразумных пытанняў, але бываюць дрэннныя адказы на іх. “Кім Мяне лічаць людзі?”- пытаецца сёння Езус у сваіх вучняў. Чуем розныя адказы, у меншай ці ў большай ступені сапраўдныя. Самы дасканалы адказ Пятра ў словах: “Ты Месія – Сын Божы”.

Месія – гэта значыць Выратавальнік.

Як разумееш сёння гэтыя словы ты і як разумеў іх сам Езус Хрыстус?

Якія словы Хрыста не хочаш прыняць у свае сэрца?

Затрымайся, чалавек, каля Крыжа і паглядзі на раны Сына Чалавечага, не думай толькі, што крыж – гэта звычайны “кавалак” дрэва і пачуеш: “Я Твой Месія і ў маіх ранах тваёе аздараўленне”.

Ці адчуваеш у сваей душы голас Езуса, які кліча цябе туды, куды сам пайшоў з любові да чалавека?

Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь

 

Каля крыжа Езуса стаяла Маці Ягоная

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 19, 25–27

Каля крыжа Езуса стаяла Маці Ягоная 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын Твой. Потым сказаў вучню: Вось Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Гэта слова Пана.

 

catholic.by

 

Сёння ў літургіі касцёла ўспамінаем Маці Божую Балесную, якая стаяла пад крыжам. Хто як не яна разумела Езуса ў час Яго пакутаў і смерці? Яна перажывала ўсё разам з Ім. „І праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (Лк 2, 35). Яна ведала, якая смерць чакае яе сына і перажывала ўсё ў веры і паслухмянасці Богу. Ніхто з людзей не ведаў і не любіў Езуса так, як яна. І стоячы там пад крыжам, яна цярпела разам з Ім, але ведала, што здзяйсняецца на крыжы.

Езус даручыў кожнаму з нас самае дарагое, што меў на свеце – сваю маці, Марыю. Каб мы прыбягалі пад яе заступніцтва. Для некаторых гэта можа азначаць няспынна маліцца на ружанцы, хадзіць у пілігрымкі, наведваць марыйныя санктуарыі. Гэта важна, але найважнейшае, гэта разважаць яе жыццё і праз яе больш пазнаваць Езуса і любіць Яго так, як любіць Яна. Маці Касцёла – маліся за нас!

Паспрабую ў цішыні ўявіць сябе пад крыжам разам з Марыяй. Паглядзець на Езуса, які памірае і пачуць словы, якія прамаўляе " вось Маці твая". Што я адчуваю? „І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” - ці гэтыя словы адносяцца да мяне? Ці ёсць месца для Марыі ў маім духоўным жыцці?

Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча

Павінен быць узвышаны Сын Чалавечы

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 3, 13–17

Павінен быць узвышаны Сын Чалавечы 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў Нікадэму: Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто сышоў з неба, Сына Чалавечага. І як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

Сёння ўспамінаем ў Касцёле свята Узвышэння Святога Крыжа. Кожны дзень, калі прачынаемся ці кладземся спаць, калі пачынаем ці заканчваем есці, мы робім знак крыжа. Робім гэта з удзячнасці і любові да Бога, бo Крыж з'яўляецца вельмі важным  знакам у жыцці хрысціяніна – знакам перамогі жыцця над смерцю. Ён прыпамінае нам тое, што было за нас ахвяравана. Езус, аддаючы сябе за нас на крыжы, знішчыў грэх і адкрыў для нас брамы неба. «І як Майсей ўзвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы». Езус адкрывае таямніцу сваёй смерці на крыжы, на якую быў асуджаны як злачынца. І калі паглядзець на гэта звонку, то выглядае дзіўным, што праз такую ганебную смерць Ён будзе ўзвышаны. Езус прынізіў сябе, а Бог Яго ўзвысіў. Чаму? «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае». Можна сказаць аддаў самае дарагое, каб мы маглі быць з Ім, каб вярнуць нам годнасць дзяцей Божых. Умовай атрымання жыцця вечнага з’яўляецца вера ў Езуса Хрыста. А верыць у Яго, г.зн. прымаць шлях пакоры, якім Ён крочыў. Узяць свой крыж і ісці за Хрыстом!

Ці веру я ў бязмежную любоў Бога, што Езус памёр на крыжы дзеля мяне? Ці гатовы я па прыкладу Езуса ісці шляхам пакоры, каб Бог быў праслаўлены?  Што сёння з'яўляецца маім крыжам?

Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча

Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 6, 27–38

Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі.

Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

У часы Старога Запавету было распаўсюджана права адплаты, так званае «вока за вока, зуб за зуб». Вучні Езуса таксама былі выхаваныя ў гэтай культуры. Права любові, якім жыў Езус, было чымсьці новым і незразумелым для таго асяроддзя. Само паняцце «любіць» кожны мог ўспрымаць па-рознаму. Таму Езус у сённяшнім Евангеллі так дакладна тлумачыць, што значыць «любіць».

Рабіце дабро, благаслаўляйце, маліцеся, прабачайце, давайце – усё гэта Езус заклікае рабіць усім, незалежна ад таго, ці гэта блізкі мне чалавек, ці вораг. Як можна палюбіць таго, хто нас абражае, хто нас праклінае? Па-чалавечы немагчыма так любіць. Але маем у сабе вялікі дар – Любові Божай, які дае нам магчымасць прабачаць і любіць Ягонай любоўю.

«Калі любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая» Езус сёння звяртаецца і да нас гэтымі словамі. Па тым пазнаюць, што вы мае вучні, калі будзеце любіць адзін аднаго – гаварыў Езус.

Ці ў сваім жыцці я кіруюся законам любові? Якія мае адносіны з людзьмі? Ці я ў стане ахвяраваць мой час, мае рэчы, малітву маім бліжнім і непрыяцелям?

 

 

Лк 6, 20–26

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 6, 20–26

Шчаслівыя ўбогія. Гора вам, багатыя

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.

Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.

Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

Шчаслівыя ўбогія, шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, плачаце, шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і адкінуць вас. Можа стварыцца ўражанне, што Езус гаворыць абсурдныя рэчы. Нам часамі здаецца, што галоўнае ў жыцці гэта мець грошы, каб усяго хапала, каб быць незалежным.

Як можна быць шчаслівым нічога не маючы, плачучы, будучы галодным і ўсімі адкінутым? Сучасны свет і яго ідэі маюць сваё паняцце шчасця, якое можа нас падманваць. Ты шчаслівы толькі тады, калі маеш многа грошай, калі зрабіў кар'еру, калі ты маеш уладу.  І мы імкнемся дасягнуць усяго гэтага і маем задавальненне толькі на якісьці час. Ці шчасце - гэта часовае задавальненне? Якое шчасце мае на ўвазе Езус у Евангеллі? У гэтым Слове схавана таямніца сапраўднага шчасця кожнага чалавека. Гэтым шчасцем з’яўляецца святасць, да якой пакліканы кожны чалавек. Жыццё з Богам і ўзаемаадносіны Ім могуць даць нам праўдзівы супакой.

Гэта свядомасць таго, што твой план на жыццё - гэта спаўненне Божай волі. Гэта калі адчуваеш свой голад, які насыціць можа толькі Бог сваёй прысутнасцю ў небе. Гэта, калі плачаш ад жалю над сваім грахом і ўсяго свету. Гэта калі робішся ўсё больш падобным да Хрыста.

Якога шчасця шукаеш ты? Ці шукаеш волі Божай ў сваім жыцці? Ці імкнешся да жыцця вечнага?

Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча

 

Лк 6, 12–19

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 6, 12–19

Правёў ноч у малітве. І выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У тыя дні:

Езус узышоў на гару памаліцца і правёў ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.

Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона. 

Яны прыходзілі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што ад Яго сыходзіла сіла і вылечвала ўсіх.

Гэта слова Пана.

catholic.by 

 

Правёў ноч у малітве да Бога. І выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі. Адбылася вельмі важная падзея ў жыцці касцёла. Езус з’яўляецца фундаментам, краевугольным каменем, а Апосталы быццам першыя цагліны Касцёла. Пакліканне адбылося пасля начной малітвы Езуса да Бога. Ён маліўся за кожнага з іх, каб маглі пайсці за Ім. Што маглі адчуваць вучні, калі пачулі свае імёны? Радасць, страх, няпэўнасць, здзіўленне. Езус верыў у іх, што яны адкажуць на Яго запрашэнне і пайдуць за Ім.

У кожнага з нас ёсць сваё месца ў Касцёле. Езус выбраў кожнага з нас, як і дванаццаць Апосталаў, каб мы ішлі за Ім і прыносілі плён, каб Яго слова станавілася целам у нашай штодзённасці.

Як я сябе адчуваю ў маёй жыццёвай сітуацыі?  Ці я адчуваю, што Езус і мяне выбраў? Як выглядае мая штодзённасць, ці сведчу я пра Езуса ў сябе ў хаце, на працы?

Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча

Лк 6, 6–11

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 6, 6–11

Сачылі, ці не будзе аздараўляць у шабат

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Аднойчы ў шабат Езус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў паралізаваную правую руку. А фарысеі і кніжнікі сачылі, ці не будзе Езус аздараўляць ў шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго. 

Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, у якога была паралізавана рука: Падыміся і стань пасярэдзіне. Той падняўся і стаў.

Тады Езус сказаў ім: Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць душу ці загубіць?

І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму: Працягні руку сваю. Той зрабіў гэта, і выздаравела рука ягоная.

А яны ж напоўніліся лютасцю і абмяркоўвалі паміж сабою, што б зрабіць з Езусам. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

У сённяшнім Евангеллі Езус зноў чыніць цуд, Ён у сінагозе аздараўляе чалавека з паралізаванай рукой. Ніхто не прасіў Яго аб аздараўленні, аб ускладанні рук. Чаму ж Езус робіць гэта? Напярэдадні аб'явілася хвала Божая, і людзі абвяшчалі дабро, якое ўбачылі. А сёння бачым, як кніжнікі і фарысеі «напоўніліся  лютасцю і абмяркоўвалі паміж сабою, што б зрабіць з Езусам». У іншым месцы Евангелля бачым, што яны шукалі, як забіць Яго. Адкуль такая лютасць? З-за таго, што Езус аздаравіў у шабат? Ён зрабіў гэта не столькі, каб вылечыць паралізаванага чалавека, але каб прамовіць да сэрцаў кніжнікаў і фарысеяў. Але яны не ўбачылі той глыбіні, якую хацеў паказаць ім Езус, не адкрыліся на Яго ласку. Бо яны глядзелі на Езуса праз прызму сваіх правілаў, свайго досведу. Іх законам былі дзясяткі пунктаў, якія яны павінны былі выконваць. А Езус хацеў паказаць, што галоўным і адзіным пунктам ёсць Любоў. Любіць Бога ўсім сваім розумам, усёй душою сваёю і ўсім сваім сэрцам, а бліжняга свайго, як самаго сябе. Нялёгка кніжнікам і фарысеям было прыняць Езуса, бо Яго словы сведчылі аб тым, што ім трэба было навярнуцца, змяніць мышленне. Як гаворыць св. Павел у першым чытанні: „дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя; таму што Пасха нашая, Хрыстус, ахвяравана за нас”.

Ці мае прызвычаенні не перашкаджаюць мне ў адносінах з маімі бліжнімі, у адносінах з Богам? Ці дазваляю я Езусу ствараць з мяне новага чалавека? Ці адкрыты я на Яго ласку і на Яго цуды?

Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча

 

 

Мк 7, 31–37

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 7, 31–37

Учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на Яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! — што значыць: Адкрыйся. І адразу ж  адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.

Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць.

Гэта слова Пана.

catholic.by

«Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве і лячыў усялякую немач у людзей». У сённяшнім Слове Божым чуем аб аздараўленні: «тады вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца, тады кульгавы, як алень, падскочыць, і язык нямых усклікне радасна» ( Іс 35, 5-6). У Евангеллі чуем, што да Езуса прыносяць чалавека глуханямога і просяць, каб Ён усклаў руку на хворага. І што адбываецца? Здарыўся цуд. Паглядзіце, якім чынам Езус зрабіў гэта: «Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка». Езус не аздараўляе яго на вачах натоўпу. Застаўшыся сам-насам з чалавекам, Ён дакранаецца да тых месцаў, якія яго абмяжоўваюць. У гэты момант адбываецца вельмі асабістая сустрэча чалавека з Богам. Дасканалы Бог сустракаецца са слабым чалавекам. Эффата! Адкрыйся! «І адразу ж  адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна».  Тут штосьці большае, чым толькі аздараўленне фізычнае, але перш за ўсё аздараўленне духовае. Спаўняецца прароцтва   прарока Ісаі. Езус аб'яўляе чалавеку Сябе і дае яму поўню жыцця.

Кожны чалавек мае свае слабасці і хваробы, якія нейкім чынам перашкаджаюць яму нармальна функцыянаваць.

Ці я ведаю, што мяне абмяжоўвае ў маім жыцці? Ці я аддаю Богу мае слабасці, мае хваробы, каб Ён мог аздаравіць мяне?

Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча

 

Зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 1, 18–23

Зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Свята Нарджэння Найсвяцейшай Панны Марыі Евангелле прадстаўляе падзеі, якія адбываліся напярэдадні нараджэння Хрыста. Цэнтральнай постаццю тут з’яўляецца Юзаф, жаніх Марыі. Напэўна вялікай нечаканасцю для яго была навіна пра тое, што яго нявеста цяжарная. Юзаф, паводле Евангелля, быў чалавекам справядлівым, гэта значыць такім, які захоўваў Закон. Марыя ж, Паводле Закону, пасля таго, як зацяжарыла па-за сужэнствам, падлягала пакаранню за нявернасць. Аднак Юзаф не хацеў яе выдаваць, бо ведаў яе і не дапускаў нават думкі пра здраду. Таму вырашыў паступіць інакш: хацеў ён адаслаць Марыю, але патаемна. Такім чынам пакранне мясцовай грамадскасці браў на сябе, аберагаючы яе. Ён хутчэй быў гатовы сам прыняць асуджэнне іншых, чым несправядліва абвінаваціць Марыю ў сітуацыі, якой не разумеў. Але ў сне Юзаф пачуў адказ на свае сумненні і заклік пераадолець свой страх, прыняць Марыю, сваю жонку. Ён адкрыўся на Божае Слова і паверыў, што тут гаворка ідзе не толькі пра ягонае жыццё, а пра штосьці большае. Дзякуючы сваёй веры, якая перамагла страх, атрымаў ласку, каб стаць Апекуном Сына Божага.

Сённяшняе слова заклікае кожнага з нас: не бойся адкрыцца на новае дзеянне Бога ў тваім жыцці, каб ты мог спазнаць Яго ласку. Не бойся таксама прыняць да сябе Марыю, пакорную слугу Пана, каб стала для цябе Маці і спадарожніцай на шляху.

Ці адкрыты я на новае дзеянне Бога і на перамены, якія яно прынясе ў маё жыццё? Ці прымаю Марыю як спадарожніцу маёй штодзённасці?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

Лк 5, 33–39

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 5, 33–39

Калі жаніх будзе забраны ад іх, тады  і будуць посціць 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час: 

Фарысеі і кніжнікі казалі Езусу: Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобным чынам робяць і вучні фарысеяў, а Твае — ядуць і п’юць. Езус адказаў ім: Ці можаце прымусіць гасцей вяселля посціць, пакуль жаніх застаецца з імі? Але прыйдуць дні, калі жаніх будзе забраны ад іх, тады і будуць посціць у тыя дні.

І расказаў ім прыпавесць: Ніхто не адрывае латкі ад новага адзення, каб прышыць да старога. Інакш і новае парвецца, і да старога не падыдзе латка ад новага.

Ніхто таксама не налівае новага віна ў старыя мяхі. Інакш новае віно мяхі парве і само выцячэ, і мяхі прападуць. Новае ж віно трэба наліваць у новыя мяхі. І ніхто, выпіўшы старога, не хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі сёння людзі практыкуюць пост, то часта робяць гэта ў рамках паляпшэння здароўя, для ачышчэння арганізму, ці для таго, каб пазбыцца лішніх кілаграмаў. Але матывацыяй сапраўднага посту павінна быць любоў. Бог надзяляе нас шматлікімі дарамі, якімі можам і павінны карыстацца. Аднак калі-нікалі трэба ад выкарыстання гэтых добрых рэчаў адмовіцца ў імя яшчэ большага дабра. Падобным чынам і з пастом. Адмаўляемся ад часткі сваёй ежы, каб прыйсці на дапамогу патрабуючым, каб узмоцніць сваю малітву за важную для нас ці для іншых справу. Сапраўдным сэнсам такога адмаўлення павінна быць любоў. Таксама любоў павінна быць матывацыяй да таго, каб сесці за шчодра накрытым сталом і святкаваць якуюсьці шчаслівую і добрую акалічнасць. Гэтаму вучыць нас Езус у сённяшнім Евангеллі, у словах пра гасцей вяселля і пост.

“Новае віно трэба наліваць ў новыя мяхі” – гэтыя словы з Евангелля вучаць нас таму, што прыняцце новага вучэння Хрыста павінна быць звязана з пераменай папярэдняга ладу жыцця. Не з’яўляецца сапраўдным навяртанне, калі хтосьці пачынае шмат маліцца і хадзіць у касцёл, адначасова прадаўжаючы ранейшае жыццё ў граху – у крадзяжах, хлусні ці чужаложстве. Новае віно не падыходзіць да старых мяхоў, а новая латка да старога адзення.

Дзеля чаго я практыкую пост? Ці гатовы я ў маім вандраванні за Хрыстом на радыкальныя перамены майго старога ладу жыцця?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

 

Пакінулі ўсё і пайшлі за Ім

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 5, 1–11

Пакінулі ўсё і пайшлі за Ім

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна.

А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову. Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі. 

Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць.

Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. 

Тады сказаў Езус Сымону: Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У сённяшнім Евангеллі адкрываем сцэну паклікання Сымона – Пятра. Езус, хочучы абвяшчаць сабраным вакол Яго людзям Божае Слова, вырашыў выкарыстаць лодку Сымона як амбону, з якой будзе прамаўляць. У гэтым месцы, на беразе возера, Сымон, які вядома ж і сам прыслухоўваўся вучэнню Настаўніка, адкрывае Божае Слова.

Цікавы аднак кантэкст, у якім апынуўся тут Сымон. Дык вось, Сымон зазнаў пэўную няўдачу, усю ноч лавіў рыбу і нічога не змог злавіць. Часта такія няўдачы і пачуццё бездапаможнасці становяцца прычынай, што чалавек перастае разлічваць на свае сілы. Гэта добры момант, каб адкрыць сэрца на слуханне Божага Слова і дазволіць, каб вёў сам Бог. Закончыўшы навучанне, Езус звярнуўся да Сымона з даручэннем, каб плыў на глыбіню і закінуў сетку для лоўлі. Пётр, ведаючы, што па-чалавечы не мела гэта ніякага сэнсу ў гэтую пару, паслухаў слова Езуса. Яго паслухмянасць прывяла да надзвычай шчодрага ўлову.

У гэтым Евангеллі Бог заахвочвае нас даверыцца Яму і Ягонаму Слову, якое нам дае. У сітуацыях, калі па-чалавечы ў нас не атрымліваецца, замест таго, каб паддацца, лепш паслухаць голас Бога і дазволіць Яму весці нас. Бог пераконвае нас, што не ўсё страчана, што не варта знеахвочвацца, а варта знову з надзеяй узяцца за заданне. Варта выплысці на глыбіню, каб спазнаць паўнату жыцця.

Чым я на дадзены момант знеахвочваюся? Калі я апошні раз рабіў штосьці ў паслухмянасці слову Хрыста? Ці спазнаў я ўжо плады паслухмянасці Богу ў постаці шчодрага жыцця?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

 

Лк 4, 38–44

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 4, 38–44

Таксама іншым гарадам Мне трэба абвяшчаць Добрую Навіну, бо для гэтага Я пасланы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пакінуў сінагогу і прыйшоў у дом Сымона. Між тым моцная гарачка ахапіла Сымонаву цешчу. І прасілі Яго за яе.

Стаўшы над ёю, Езус забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Жанчына адразу ж паднялася і прыслугоўвала ім.

На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя немачы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх. І шмат з каго выходзілі злыя духі, якія крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы! Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія.

Калі настаў дзень, Езус выйшаў і скіраваўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не сыходзіў ад іх. 

Але Ён сказаў ім: Таксама іншым гарадам Мне трэба абяшчаць Добрую Навіну аб Валадарстве Божым, бо для гэтага Я пасланы.

І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі высокая тэмпература мучае чалавека, знікае радасць жыцця і ён не ў стане нармальна дзейнічаць. Можа і хацелася б, але няма сілы. Колькі ж разоў даводзілася нам змяняць планы, бо прыйшла хвароба, аслабленне і трэба было класціся ў ложак. Сённяшняе Евангелле апісвае аздараўленне з гарачкі цешчы Сымона Пятра. Езуса, які прыйшоў ў дом Сымона, і Яго прасілі за цешчу, а Ён “забараніў гарачцы, і тая пакінула яе”. Аздароўленая адразу ж устала і ўзялася за паслугі гасцям.

У гэтым Евангеллі можна знайсці падказкі для нашага духоўнага жыцця. Гарачка цешчы Пятра – гэта вобраз нашых разнастайных немачаў і духоўных хваробаў, якія робяць немагчымым нашае служэнне Богу і людзям. Такая гарачка з’яўляецца сімптомам унутранай хваробы, якая паралізуе волю дзеяння. Калі мы пагружаныя ў духоўны маразм і не хочам узяцца за ажыцяўленне чагосьці добрага, тады нам неабходна аздараўленне моцаю Пана Езуса. Чалавек у гарачцы можа старацца працаваць, спрабаваць, але ў рэшце рэшт зразумее, што нічога з гэтага не атрымаецца. Падобным чынам і ў духоўнай сферы чалавека. Вопыт такога духоўнага бяссілля можа стаць пунктам выйсця да аздараўлення, калі толькі з глыбіні сэрца пачнем звяртацца аб дапамозе да нашага Збаўцы.

Якая гарачка на дадзены момант дакучае майму духоўнаму жыццю? Ці хачу я быць свабодны ад духоўнага бяссілля? Ці прашу Езуса аб вызваленні ад яе?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

 

Я ведаю, кім Ты ёсць: Ты — Святы Божы

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 4, 31–37

Я ведаю, кім Ты ёсць: Ты — Святы Божы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус прыйшоў у галілейскі горад Кафарнаум і навучаў там у дні шабату. І дзівіліся навучанню Ягонаму, таму што слова Ягонае мела ўладу. 

І быў у сінагозе чалавек, апантаны нячыстым духам. Ён закрычаў моцным голасам: Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю, кім Ты ёсць: Ты — Святы Божы.

Але Езус забараніў яму, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго. Тады нячысты дух кінуў яго на сярэдзіну і вышаў з яго, нічым не нашкодзіўшы яму.

І здзіўленне ахапіла ўсіх, і гаварылі адзін аднаму, кажучы: Што гэта за слова, што з уладаю і моцай Ён загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць? 

І разнеслался пагалоска пра Яго па ўсёй навакольнай мясцовасці.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сярод сённяшняй моладзі папулярныя коміксы, мультфільмы ці гульні пра супергерояў. У кожнага з іх ёсць нейкая выключная моц і ён выкарыстоўвае яе ў барацьбе з усякага роду злачынцамі. Сакрэт папулярнасці гэтых герояў звязана з прагненнем, якое ляжыць у глыбіні сэрца чалавека, каб завалодаць нейкай сілай, якая б дазволіла пазбавіцца зла. Часамі чалавек шукае гэтай моцы дрэнным спосабам, у неадпаведным месцы, прыбягаючы да практык якойсьці магіі.

Словы сённяшняга Евангелля ўсведамляюць нам тое, што ў Бога ёсць моц, якая можа вызваліць нас ад зла. І моц гэтая заключана ў Божым Слове, якое абвяшчаецца ў Касцёле. Тыя, хто слухаў навучанне Езуса, дзівіліся, “таму што слова Ягонае мела ўладу”. Слова гэтае мае ўладу таксама і сёння. Калі слухаем яго адкрытым сэрцам, яно вызваляе ад прыгнятаючых нас нячыстых духаў. Гэта яны няспынна спакушаюць нас да зла і з гэтым злом мы павінны нібы сучасныя героі штодзённа змагацца. Моц для барацьбы знойдзем у Божым Слове. Гэта заклік да таго, каб кожны дзень адкрываць Біблію і шукаць дапамогі ў святых тэкстах, у медытацыі Евангелля ці ў малітве псальмамі.

Якім чынам я слухаю Божае Слова? Ці зазнаю на сабе яго вызваляючую моц? Ці шукаю дапамогу у Божым Слове для барацьбы са штодзённымі спакусамі злых духаў?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

 

Лк 4, 16–30

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 4, 16–30

Паслаў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім... Ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана: 

Дух Пана на Мне; 
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім, 
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок, 
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.

Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных і казалі: Ці не сын Юзафа гэта?

І Ён сказаў ім: Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме. І сказаў: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёным тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую.

Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. 

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

Гэта слова Пана.

 

catholic.by

Штодзённа слухаем мноства выказванняў, якія гучаць вакол нас. Некаторыя з іх з’яўляюцца падманамі, якія ўводзяць нас у памылкі з адпаведнымі наступствамі. Іншыя выказванні, з’яўляюцца у сваю чаргу праўдзівымі і збаўчымі. Таму адны з іх з’яўляюцца фальшывай і сумнай навіной, іншыя ж добрай навіной.

Сённяшні фрагмент Евангелля паказвае Езуса ў Назарэце падчас літургіі ў сінагозе, дзе Ён абвяшчае Добрую Навіну ўбогім. Езус чытае найперш фрагмент з Кнігі прарока Ісаі, затым гаворыць кароткую пропаведзь – актуалізуе нядаўна прачытанае слова: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі”. Мэта Божага Слова, якое абвяшчаецца ў літургіі, у тым, каб спаўнялася яно менавіта сёння, каб станавілася целам у канкрэтным жыцці слухачоў.

Слова з чытанняў, запісаные шмат гадоў таму і абвешчаные падчас літургіі тлумачыць нам тое, што перажываем зараз. У ім ёсць моц, каб стаць Добрай Навіной пра вызваленне з таго, што мяне асабліва знявольвае і прыгнятае. Прымаючы пачутае слова, можам зведаць вялікія Божыя справы. Заўсёды, аднак існуе такая спакуса, каб не прымаць таго, што гаворыць нам Бог, каб знайсці адгаворку, што той, хто абвяшчае нейкі не такі, як хацелася б, што не так мы гэта сабе ўяўлялі. Тады гэтае, засеянае зерне слова губляецца і не можа прынесці плён. Таму слухайма ўважліва праўду, якая абвяшчаецца ў Божым Слове і прымайма яго дзеля нашага дабра.

Ці ўважліва слухаю чытанні падчас літургіі? Ці веру, што гэтае слова дадзена мне на сёння? Ці не шукаю адгаворак, каб не прыняць праўду, якая абвяшчаецца?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

Вы пакінулі запаведзь Божую

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23

Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.

Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?

Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.

Потым зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго.

Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Паводле Закону Майсея габрэі былі абавязаны абмываць рукі перад прыняццем ежы. Гэта мела гігіенічнае значэнне, але падыходзілі да гэтых абмыванняў як да часткі рэлігійнага рытуалу. Вучні Езуса не заўсёды дзейнічалі згодна са звычаямі, якія тады практыкаваліся, і бралі стравы не абмыўшы перад гэтым рукі. Гэта станавілася прычынай здзіўлення сярод фарысеяў, якія старанна захоўвалі Закон. Езус выкарыстаў гэты факт, як нагоду для тлумачэння праўды пра чалавечае нутро, якому неабходна ачышчэнне.

Рытуальныя абмыванні, якія існуюць ў шматлікіх рэлігіях, сведчаць пра спробы чалавека ачысціцца, абмыцца таксама ўнутрана, каб пазбавіцца бруду бязладдзя, праблем. Чалавек намагаецца ачысціць уласнае цела або тое, што знаходзіцца вакол яго. Існуе такое ўнутранае перакананне, што змяняючы рэчы звонку, можна змяніць сябе.

Сучасны чалавек вельмі клапоціцца пра вонкавыя змены дбаючы пра цела, займаючыся спортам. Хтосьці спрабуе змяніць жыллё, аўтамабіль, працу, сяброў. Але ўсе гэтыя змены не шмат дапамагаюць, бо чалавек і далей застаецца такі, як раней. Сапраўдная перамена магчыма толькі тады, калі ачысцім нутро свайго сэрца. Калі не кранаць сапраўдныя вытокі праблем чалавека, яго нячыстасці, то ўсцяж будзем блукаць, хочучы ачысціць толькі вонкавую рэчаіснасць. Чалавек знішчае сваё жыццё тымі нечыстотамі, якія выходзіць з ягонага сэрца. Нам часамі здаецца, што рэчаіснасць вакол нас кепская, сапсаваная. Але сапсавалі яе мы сваім самападманам, сваімі грахамі, якія выходзяць з сэрца.

Добрая Навіна ў тым, што дзякуючы ахвяры Крыжа, Хрыстус перамяніў нашу ўнутраную сітуацыю. Ён абвяшчае нашу свабоду – дзякуючы адкрыццю сэрца на Яго дзеянне, можам быць ачышчаныя ўнутрана.

Якія вонкавыя змены я прадпрымаў, каб паправіць уласнае жыццё? Ці не аказаліся яны ілюзорнай надзеяй? Ці адкрываю, што сапраўдная перамена жыцця павінна ісці праз ачышчэнне глыбіняў майго сэрца?

Брат Пётр Вротняк OFMCap, Габон (Афрыка)

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 25, 14–30

У малым ты быў верны, увайдзі ў радасць гаспадара твайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго. 

Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку. 

Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго. 

Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго. 

Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё. 

Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: Нягодны і лянівы слуга, ты  ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Створаны Богам свет з’яўляецца Яго ўласнасцю і валадарствам. Кожны з нас атрымаў ад Яго нейкі талент, дар, які трэба памнажаць дзеля дабра гэтага ж Валадарства. Правілы памнажэння простыя і вядомыя нам дзякуючы Божаму Слову. Вядома, найважнейшы талент, які мы атрымалі – гэта дар любові. Перш за ўсё гэты дар мы павінны памнажаць у сабе і ў іншых, каб Божая хвала перамяняла свет і нашыя сэрцы. Запаведзь любові, якую даў нам Езус Хрыстус, магчыма выканаць, бо кожны з нас атрымаў ад Бога дар любові, а зараз мы павінны яго ўносіць у свет вакол нас.

Ці кіруюся я ў сваім жыцці дабром для іншага чалавека, любоўю? Ці звяртаю ўвагу на Божае Слова, якое гаворыць мне, як ажыцяўляць запаведзь любові? Якія яшчэ таленты даў мне Пан Бог, каб я мог служыць імі дзеля дабра ўласнага і дабра бліжніх?

Брат Марыюш Захаркевіч OFMCap, Габон (Афрыка)