- Падрабязнасці
- Праглядаў: 622
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вось жаніх, выходзьце яму насустрач
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Гэта слова Пана.
Валадарства Нябеснае гэта між іншым прысутнасць Бога у Тваім сэрцы. Таму можаш дзейнічаць у тваім жыцці двумя спосабамі. Па-першае можаш жыць як тыя неразумныя панны. Не хацелася ім чакаць жаніха. Не ўзялі нават алею, хоць і маглі прадбачыць, што адзін запраўлены светач на ўсю ноч, гэта замала. Яны былі легкадумныя. Можаш аднак жыць як хтосьці, хто ўмее быць пакорным, як тыя мудрыя панны. Праявілі яны сваю пашану да жаніха дзякуючы сваёй прадбачлівасці - узялі алей для светачаў і прывіталі яго ўрачыстым святлом, як гэта загадвала тагачасная традыцыя. Таму ў нашым жыцці важная паслядоўнасць. Жаніх прыняў тых, якія ў момант прыйсця былі найлепш падрыхтаваныя на тое, каб прывітаць яго. Валадарства Нябеснае будзе толькі ў пакорных і любячых Бога сэрцах.
Ці веру, што аднойчы сустрэнуся нарэшце тварам ў твар з Тым, Які ёсць Любоў, з Богам? Ці слухаю Божае Слова, каб як найлепш падрыхтавацца на прыйсце Пана? Ці трывала і паслядоўна ажыцяўляю вучэнне Каталіцкага Касцёла?
Брат Марыюш Захаркевіч OFMCap, Габон (Афрыка)
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 579
ЕВАНГЕЛЛЕ
Будзьце гатовымі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо разумееце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
Хто ж верны і разумны слуга, якога Пан паставіў над хатнімі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час? Шчаслівы той слуга, якога, прыйшоўшы, гаспадар застане за гэтай справай. Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
Калі ж гэта благі слуга і ён скажа ў сэрцы сваім: Не спяшаецца гаспадар мой, — і пачне біць сваіх супрацоўнікаў, есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар гэтага слугі прыйдзе ў дзень, калі той не спадзяецца, і ў гадзіну, якой не ведае. І сурова пакарае яго, і прызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Гэта слова Пана.
Сёння Пан Езус заклікае нас быць чуйнымі, як слуга, які чакае вяртання свайго гаспадара (тут можна нават сказаць свайго Створцу). Быць чуйным – гэта ўслухоўвацца ці ідзе Ён, ці можа Ён ужо тут прысутны. А Ён прыходзіць да нас штодзённа: у сваім Слове, у сакрамэнтах, у іншым чалавеку, у стварэннях… Таму чакаць, азначае заўважаць прысутнасць Бога ўжо сёння і прымаць Яго ў такой форме, у якой Ён нам сёння аб’яўляецца. Якім чынам чакаць? Хрыстос тлумачыць: як слугі, якія добра выкарыстоўваюць даброты свайго Гаспадара – без злоўжыванняў, з павагай да годнасці Ўласніка дому; без прычынення шкодаў, на спажытак Гаспадара дому і яго жыхароў. Такім чынам зможам заўважыць Яго годнасць і ўшанаваць яе, калі надыйдзе момант нашай сустрэчы з Ім тварам ў твар.
Ці заўважаю прысутнасць Бога ўжо сёння? Ці ўсведамляю сабе, што любое дабро паходзіць ад Пана Бога? Як я карыстаюся ўсім тым, што мне даў Пан? Ці прымяняю я гэта на дабро, ці можа злоўжываю дабрынёй майго Пана і чыню зло сваволі?
Брат Марыюш Захаркевіч OFMCap, Габон (Афрыка)
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 579
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна Хрысціцеля
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Ірад паслаў схапіць Яна і зняволіў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ажаніўся з ёй. Бо Ян казаў Іраду: Не дазволена табе мець жонку брата твайго. А Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.
І настаў зручны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім. І ўвайшла дачка гэтай Ірадыяды, і танцавала. І спадабалася яна Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе. І шмат у чым пакляўся ёй: Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства. Яна выйшла і сказала маці сваёй: Чаго мне папрасіць? Тая адказала: Галаву Яна Хрысціцеля.
І яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна Хрысціцеля. Кароль вельмі засмуціўся, але з-за клятвы і тых, хто быў пры стале, не захацеў ёй адмовіць. Кароль адразу паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву, і прынёс на місе ягоную галаву, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі і забралі ягонае цела, і паклалі яго ў магілу.
Гэта слова Пана.
Гора фарысеям, аматарам масак, бо яны намагаюцца сябе паказаць людзям вялікімі, але іх нутро вельмі плыткае. Любяць яны не тое, што ў вышынях, а тое, што зямное. Таму гора і нам, калі любім тое, што вонкавае (велічнасць, улада, захапленне з боку іншых), а не шукаем любові Бога. Прарокі і Сын Божы былі адвергнутыя сваімі і забітыя з-за праўды, якую абвяшчалі. Яны былі знішчаныя, таму што іх сучаснікі не хацелі слухаць Бога. Таксама і мы, калі не хочам прыняць Божую Праўду, якая абвяшчаецца сёння, забіваем тых самых прарокаў сваім выбарам зла. Таму не важна, носіш ты сёння модныя джынсы ці манаскі габіт. Важна тое, ці прымаеш у сваё сэрца Божае Слова разам з жыватворчым Духам Святым і дазваляеш Яму весці цябе.
Ці ажыцяўляю я Божае Слова сваімі ўчынкамі? Ці не з’явілася ў мяне звычка асуджаць іншых за тое, што не жывуць Словам Божым? Ці не засяроджваюся я занадта над тым, што ў маім жыцці вонкавае, занядбоўваючы свае адносіны з Богам і бліжнімі?
Брат Марыюш Захаркевіч OFMCap, Габон (Афрыка)
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 603
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў, кажучы: Гора, вам кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру. Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць.
Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.
Гора, вам кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці. Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.
Гэта слова Пана.
Вартаўнікі Слова, фарысеі, забыліся, што крыніцай Закону з’яўляецца Бог, што Ён – любячы Айцец. Таму Закон павінен нас заахвочваць і адначасова аберагаць нашу любоў да Бога і да чалавека, Божага дзіцяці. Такія ўчынкі, як пост ці міласціна павінны толькі ўзбагачаць гэтую любоў. Фарысеі ж перакруцілі парадак каштоўнасцяў, а тое, што другараднае зрабілі найважнейшым. Паводле слоў Езуса найважнейшая менавіта вера ў Бога – наша пранікнутая любоўю повязь з Ім; міласэрнасць – повязь любові з нашымі бліжнімі і справядлівасць – высілак, каб кожны атрымаў тое, што яму належыць. Таму жыццё вераю, нашыя жывыя зносіны з Богам павінны нас ачышчаць з сярэдзіны (паволі але паслядоўна), каб кожны з нас мог стаць “новым чалавекам”, дзіцём, падобным да свайго Таты – Бога.
Ці падатлівы я на ачышчэнне Божым Словам? Ці з’яўляюцца адносіны з Богам апорай майго жыцця? Я веру ці больш давяраю маім уласным дасягненням? Ці рэалізую ў адносінах з іншым людзьмі дадзеную Хрыстом запаведзь любові?
Брат Марыюш Захаркевіч OFMCap, Габон (Афрыка)
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 574
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гора вам, сляпыя правадыры
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў, кажучы: Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.
Гора вам, кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што абыходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі.
Гора вам, сляпыя правадыры, якія кажаце: Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны. Неразумныя і сляпыя, бо што большае: золата, ці святыня, якая асвячае золата? І зноў: Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны. Сляпыя, бо што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар? Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.
Гэта слова Пана.
Кніжнікі зразумелі, што навучанне Пісанню можа прыносіць ім немалую выгаду, а веру ў Бога яны перарабілі ў спрыяльны інструмент ў маніпуляцыях людзьмі. Асаблівая спакуса – гэта маніпуляваць людзьмі ўплывовымі, і такім чынам самім мець уладу. Таму гора ім, бо ўводзяць у зман веруючых, якім насамрэч павінны служыць. Гора ім, бо перакручваюць Божае Слова, якое самі павінны прыняць з вераю і жыць гэтым Словам.
Пан Езус заахвочвае нас жыць Словам. Па-сапраўднаму жыць Словам так, каб ніхто не меў сумненняў, што мы людзі веруючыя. Каб нікому не трэба было тлумачыць, што я насамрэч раблю дабро, гэта мае ўчынкі павінны сведчыць пра маю веру ў Бога, Які ёсць Любоў.
Ці з вераю і сур’ёзна прымаю Божае Слова ў маім жыцці? Ці ведаю, што Божае Слова дае свабоду мне і маім бліжнім? Наколькі эфектыўна Божае Слова вучыць мяне жыць у праўдзе?
Брат Марыюш Захаркевіч OFMCap, Габон (Афрыка)
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 866
ЕВАНГЕЛЛЕ
Да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?
Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом.
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?
Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.
Гэта слова Пана.
Некаторыя фільмы або спектаклі маюць не вельмі цікавы або нават скандальны пачатак. Таму не кожны глядач у стане даглядзець такі твор да канца. Аднак сэнс пачатку раскрываецца ў заканчэнні.
Езус найперш моцна зацікававіў жыхароў Тыберыяды і Кафарнаума. Яны ўжо пачалі верыць, што гэты чалавек сапраўды будзе добрым Месіяй, бо прынамсі хлебам зможа іх забяспечыць. Але калі пачаў гаварыць, што сапраўдным “хлебам жывым, які сышоў з неба” з’яўляецца Яго цела, і запрасіў спажываць гэты Хлеб, у многіх згас той першы энтузіязм. Вагацца пачалі нават многія вучні Езуса. Па іх было бачна, што вось-вось і яны могуць адыйсці, не даглядзеўшы да апошняй сцэны, калі “Сын чалавечы, будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней”. Немагчыма зразумець Хрыста і Яго дзеянняў без слоў жыцця, якія Ён кажа. Словы гэтыя ёсць духам і жыццём, яны прадвяшчаюць сэнс усіх гэтых пакуль што незразумелых знакаў. Трэба толькі даглядзець і даслухаць.
Сын Божы далей прамаўляе праз Цела свайго Касцёла. Гаворыць пра неабходнасць споведзі і Эўхарыстыі, пра шлюб мужчыны з жанчынай, пра права на жыццё для кожнага зачатага дзіцяці і пакутуючага хворага, пра прабачэнне і дапамогу слабейшым. Але ўсе гэтыя слоы ўспрамаюцца сучаснымі слухачамі як цемрашальства, сярэднявечныя байкі. Варта аднак паглядзець на гэта з перспектывы апошніх сцэнаў гісторыі – калі прыйдзе Сын Божы і за Ім пойдуць толькі тыя, хто слухаў да канца і цярпліва чакаў аб’яўлення сэнсу.
Дзе я шукаю сэнс маральнага навучання Касцёла, ў каментарыях сучаснага свету ці ў Евангеллі? Ці не задумваюся адыйсці з Каталіцкага Касцёла? Ці ўмею глядзець на сучаснасць з перспектывы будучыні?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 687
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гавораць і не робяць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прамовіў да народа і вучняў сваіх такімі словамі:
Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх «pаббі».
Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гэта слова Пана.
Нас, каталікоў і праваслаўных іншаверцы і хрысціяне іншых веравызнанняў часамі папракаюць, што нібыта запярэчваем Евангеллю, калі называем сваіх святароў “айцец”, “бацюшка” ці “ойчанька”. Няўжо Хрыстос сапраўды забараняў надзяляць падобнымі тытуламі тых, хто насамрэч з’яўляюцца для нас братамі? З іншага боку вельмі верагодна, што сам Езус называе бацькам св. Юзафа (Лк 2,33.48) а таксама пацвярджае даўнюю запаведзь “Шануй бацьку свайго і маці” (Мц 15,4; 19,19, Мк 7,10).
Настаўнік – гэта той, хто перадае нам веды. Айцец (або інкш па-беларуску “бацька”) – толькі той, хто якімсьці чынам перадае нам фізічнае або духоўнае жыццё. Кіраўнік – гэта той, хто служыць нам, усталёўваючы парадак у якойсьці грамадскасці. Аднак тытуламі гэтымі любілі ганарыцца многія кніжнікі і фарысеі. Але замест перадаваць здабытыя веды пра Бога, яны на паказ выхваляліся сваёй вучонасцю. Замест нараджаць людзей да духоўнага жыцця, накладалі на плечы людзей непасільныя ношы юрыдычных прадпісанняў. Замест мудра паказваць шлях да дабра, давалі людзям прыклад крывадушнасці і пагарджалі імі (Ян 7,49).
Кожны зямны настаўнік, айцец ці кіраўнік застаецца верным свайму пакліканню толькі пры ўмове, што веды, жыццё ці мудрасць чэрпае з Бога. Бо толькі Бог з’яўляецца Першакрыніцай гэтых дабротаў. Калі ж хтосьці навучае толькі ўласнаму вучэнню, становіцца самазванцам і не варта называць яго гэтымі аўтарытэтнымі тытуламі.
Колькі ўва мне пашаны і ўдзячнасці да маіх педагогаў, бацькоў і кіраўнікоў? Ці чэрпаю неабходныя для выканання свайго паклікання даброты ад Бога?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 841
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: Мы знайшлі таго, пра каго пісалі ў Законе Майсей і прарокі, — Езуса, — сына Юзафа з Назарэту.
Але Натанаэль сказаў яму: Ці можа быць штосьці добрае з Назарэту? Філіп адказаў яму: Ідзі і паглядзі.
Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману.
Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне?
Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю.
Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля!
Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта.
І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і Анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.
Гэта слова Пана.
Евангеліст называе Натанаэлем таго Апостала, якога іншыя евангелісты называюць Барталамеем. Яго знаёмству з Хрыстом першапачаткова спадарожнічала насцярожанасць, і нават недавер. Тым не менш сэрца Натанаэля відавочна было адкрыта на пошук праўды, і перакнаўшыся ў Божай моцы Езуса, ён прызнае Яго Месіяй, Сынам Божым.
“Сапраўдны ізраільцянін” – так называе Натанаэля Езус. Падобнае імя – Ізраэль, гэта значыць “той, які змагаўся з Богам”, калісці атрымаў ад Бога пасля цяжкай духоўнай барацьбы Якуб, адзін з родапачынальнікаў абранага народу (Быц 32, 28-30). Ён змагаўся з Богам, каб атрымаць Яго благаслаўленне. Магчыма таму Езус менавіта так называе Натанаэля, што пад таямнічаю смакоўніцаю адзін толькі Бог бачыў і ягонае нейкае ўнутранае змаганне. Верагодна, быў гэта нейкі вельмі асабісты эпізод з яго жыцця. Езус сваімі Божымі вачыма бачыў усё, і змаганне Натанаэля, і ягонае пачуццё адзіноты. Гэта і растапіла ў сэрцы Натанаэля пачатковы лёд недаверу.
Калі дзесьці ўнутры сябе з мы з нечым змагаемся, то часта навакольныя людзі гэтага не бачаць і не разумеюць, таму гэта можа стаць прычынаю пачуцця адзіноты. Бог жа ўсё бачыць і разумее, нават тое, што закрыта прад людзьмі. Калі запрасіць Збаўцу “пад сваю смакоўніцу”, ў сваю нябачную для іншых барацьбу, Ён адкрые яшчэ большыя таямніцы: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага”.
Колькі ўва мне гатоўнасці да змагання за найвышэйшыя каштоўнасці (жыццё ў Богу, любоў, прабачэнне і інш.)? Ці не станаўлюся я мінімалістам у сваім духоўным жыцці? Ці прашу Хрыста аб спадарожніцтве і дапамозе ў маёй духоўнай барацьбе?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 739
ЕВАНГЕЛЛЕ
Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!
Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.
Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.
Гэта слова Пана.
Пошукі “карэктных” адгаворак – гэта для некаторых адзіны спосаб не пайсці ў госці да таго, для каго шкада часу ці зычлівасці. Праблема тут не ў занятасці, а ва ўнутраным перакананні, што нібыта гаспадар і іншыя ягоныя госці нудныя, а знаёмства з імі не прынясе ніякай выгады. На такім фоне Хрыстос расказвае першасвятарам і старэйшынам народа прыпавесць пра Валадарства Нябеснае, гэта значыць пра адносіны чалавека з Богам. Сёння падобным чынам многія людзі думаюць, што Бог з Ягоным Касцёлам і Яго запаведзямі – гэта дастаткова нудная імпрэза, на якую шкада каштоўнага часу.
Падобную з’яву прарок Эзэхіэль бычыў калісці ў адносінах паміж народам Ізраэля і Богам. Божы Закон габрэі выконвалі, але ў пэўны момант гэта стала для іх пэўнай аўтаматычнай павіннасцю. Яны распрацавалі цэлую сістэму юрыдычных апраўданняў, якія б дазволілі пры пэўных умовах прынамсі некаторыя законы абыходзіць. Далей яны апаганіліся ідаласлужэннямі, што ўрэшце рэшт прывяло да скамянеласці сэрца, і закон ужо не ўспрымаўся як запрашэнне Бога да асабістых адносін з Ім. Таму Бог праз прарока прадвяшчае: “Акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад усяго бруду вашага, і ад усіх ідалаў вашых Я ачышчу вас. І дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. І дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх”.
Такім чынам Бог мае намер стварыць такі прынцыпова новы Ізраэль. Гэта будуць людзі, якія ўжо не шукаюць апраўданняў, як бы гэта адмовіцца ад “нуднага” запрашэння, а ўсім сваім новым сэрцам радасна прымаюць яго. Гэтае прыняцце ўжо будзе не з павіннасці, а з пераканання.
Ці не праяўляюцца ў мяне сімптомы “скамянеласці сэрца”, напрыклад пошукі адгаворак ад Божых запрашэнняў? Якія акалічнасці дапамагаюць мне маліцца і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі вялікадушна, шчодрым сэрцам?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 733
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.
Гэта слова Пана.
Існуюць розныя ітэрпрэтацыі гэтай прыпавесці Езуса пра Валадарства Нябеснае. Але старэйшая і больш распаўсюджаная такая: людзі прыходзяць да збаўлення ў Богу, гэта значыць ўваходзяць у Касцёл, на розных этапах свайго жыцця, ад дзяцінства да глыбокай старасці. Незалежна ад таго, навяртаецца чалавек ў дзяцінстве, будучы дарослым ці перад самай смерццю, ён атрымлівае адну і тую ж плату – збаўленне і вечнае жыццё. (Паводле Т. Лоска SJ)
Бачым, як адрозніваюцца нашы зямныя ўяўленні пра справядлівасць ад уяўленняў Бога. Жывучы ў свеце, мы прызвычаіліся, што каб здабыць вялікую каштоўнасць, звычайна трэба шмат працаваць. У Валадарстве Божым інакш - найвялікшую каштоўнасць атрымлівае з Божай шчодрасці нават той, хто не здолеў зарабіць яе па справядлівасці.
Многія людзі, даведаўшыся пра такую дабрыню і шчодрасць Бога, легкадумнама адкладаюць навяртанне або паглыбленне духоўнага жыцця на неакрэсленую будучыню. У такім стаўленні ёсць прынамсі дзве праблемы. Па-першае, ніводзін чалавек не ведае з усёй упэўненасцю, ці тая будучыня для яго наступіць і колькі часу яму яшчэ засталося жыць у свеце. Па-другое, як каштоўнасць працы ў вінагарадніку заключаецца не толькі ў плаце, якую работнік атрымлівае ў канцы, падобным чынам жыццё з Богам і братамі ў Касцёле мае вартасць ужо цяпер, не чакаючы збаўлення пасля смерці. Разумеючы гэта, св. Аўгустын які пасля свайго навяртання ў сталым узросце, пазней у сваіх Вызнаннях казаў: “Позна я ўзлюбіў Цябе, Любоў мая”. Таму пытанне “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?”, гэта напэўна пытанне рытарычнае. Яно сцвярджае, што не варта марнаваць свой зямны час на бязбожнае, або не дастаткова Божае жыццё.
Апроч канчатковай узнагароды, ці ёсць у мяне ўжо іншыя матывацыі для крочання за Хрыстом? Наколькі я цаню адведзены мне час на жыццё ў гэтым свеце?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 694
ЕВАНГЕЛЛЕ
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам: цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.
Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: Дык хто ж можа быць збаўлены?
Паглядзеўшы, Езус сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма.
Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем? А Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што ў новым стварэнні, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямён Ізраэля. І кожны, хто дзеля Майго імя пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае. І шмат першых стане апошнімі, і апошніх — першымі.
Гэта слова Пана.
Калі Хрыстос гаворыць пра матэрыяльныя багацці, можа скласціся ўражанне, нібыта багаты ўвогуле не можа быць збаўлены. І такое ўражанне, відавочна, склалася ў апосталаў, якія Яго слухалі: “Вучні вельмі здзівіліся і сказалі: Дык хто ж можа быць збаўлены?” Аднак Бог, можа збавіць нават вельмі заможнага чалавека. У чым жа сакрэт? Кожны ж з нас мае, няхай сабе і невялікія, але каштоўнасці. У чым небяспека?
Проста багацце можа чалавека ап’яніць, зрабіць яго небяспечна самаўпэўненым. Як ведаем, “п’яному і мора па калена”, ён настолькі пераацэньвае сябе, што ў пэўны момант можа трапіць у ілюзію ўсемагутнасці і фатальна скончыць. Механізм гэты добра бачны на прыкладзе кіраўніка Тыру, які апанаваў марскія шляхі і дзякуючы гэтаму стварыў магутную гандлёвую дзяржаву. Яго засляпленне дасягнула такога ўзроўню, што ён пачаў называць сябе богам. Гэта прывяло яго да згубнай высновы – “богу” не патрэбен Бог. Далей ён сам адварочваецца ад Таго, хто сапраўды дае моц і жыццё. Давяраючыся смешнай магутнасці свайго багацця і пагарджаючы Крыніцай жыцця гэты валадар фактычна сам сябе прыгаварыў на страшную згубу.
Небяспека багацця аднак не ў яго колькасці, а ў сляпым даверы да маёмасці, якой можа пакуль што і няма. Нават небагаты чалавек, які абсалютна ўсе свае сілы кладзе на алтар самаўзбагачэння, раней ці пазней зразумее, што ніякая маёмасць не ў стане перамяніць яго ў бога.
Атрымаць свой сапраўдны трон валадарання можна толькі ідучы за Валадаром валадароў. Сапраўды пануе над сваім жыццём толькі той, хто цвяроза разумее: “Я ўсяго толькі чалавек, але гэта Бог мяне робіць ажно чалавекам”. Пры такой цвярозасці багацце не перашкодзіць збаўленню. “У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма”.
Якое месца ў маёй іерархіі каштоўнасцяў займаюць матэрыяльныя даброты? Каго або што я бачу як наймацнейшую апору сёння і ў будучыні? На які алтар я складаю найбольш сваіх намаганяў, свайго часу і здароўя?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 680
ЕВАНГЕЛЛЕ
Калі хочаш быць дасканалым, прадай маёмасць сваю і здабудзеш скарб у нябёсах
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Да Езуса падышоў адзін чалавек і сказаў: Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?
Ён адказаў яму: Чаму пытаешся ў мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, захоўвай запаведзі. Той кажа Яму: Якія? Езус адказаў: Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе.
Юнак кажа Яму: Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне? Езус кажа яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай бедным, і здабудзеш скарб у нябёсах; і прыходзь ісці за Мною.
Пачуўшы сказанае, юнак адышоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасць.
Гэта слова Пана.
У часы Эзэхіэля жалоба пасля страты блізкага чалавека звычайна суправаджалася доўгім плачам і галашэннем. Той, хто аплакваў памерлага здымаў накрыццё галавы, асыпаў яе попелам і пылам, хадзіў бясяком а твар закрываў далонямі. У доме, дзе нядаўна памёр чалавек не гатавалі ежу, а елі тое, што прыносілі жалобнікі - сваякі або суседзі, якія спачувалі горотнаму чалавеку. Гэта былі вельмі разбудаваныя рытуалы, якія патрабавалі мноства духоўных і псіхічных высілкаў, а таксама засяроджання і часу.
Аднак Бог дае Эзэхіэлю дзіўнае даручэнне, якое потым будзе датычыць усяго народу – адмовіцца ад рытуалаў жалобы. Больш таго, калі падобны лёс напаткае ўвесь народ (яны старацяць Святыню і супакой на іхняй зямлі), Бог таксама загадае не галасіць па страце. Такім чынам Бог перакіроўвае ўвагу Езэхіэля і народу ад страты да набытку. Набытак жа апісваецца такімі словамі: “Калі гэта здарыцца, спазнаеце, што Я — Пан Бог”. Пазнаць Бога, Яго любоў і апеку - гэта тая каштоўнасць, ідучы за якой, не варта затрымлівацца над стратамі, якіх і так не вернеш.
Падобную прапанову заможнаму юнаку дае і Езус. Ён заклікае яго пазбыцца таго, што абцяжарвае, а можа нават і стрымлівае ад сур’ёзнага рашэння пайсці наперад, за найвышэйшай Каштоўнасцю. Сумна, што чалавек гэты так і не здолеў адарваць сваю ўвагу ад скарбаў, якія і так ужо пачынае губляць. Ён засмучаны вярнуўся да сваёй маёмасці, якой валодае толькі да часу пакуль жыве на зямлі.
Ці былыя страты або настальгія не засланяюць мне Бога, Які “адзін ёсць Добры”? Ці хапае ў мяне адвагі адпусціць каштоўнае, дзеля здабыцця найкаштоўнешага?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 659
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хлеб жывы, які сышоў з неба
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў народу: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?
Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.
Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.
Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.
Гэта слова Пана.
Божая мудрасць цяжка паддаецца апісанню з дапамогай слоў, бо яна неспасцігальная і прынцыпова іншая ў параўнанні з мудрасцю чалавечай. Аднак спрабуючы выразіць невыражальнае аўтар кнігі Прыпавесцяў Саламона прымяняе своеасаблівы літаратурны прыём – ён абстрактную для чалавека мудрасць Бога паказвае ў вобразе асобы гасціннай гаспадыні. Гэта напэўна досыць трапны вобраз, аднак усё роўна не поўны, і недастатак гэты можа дапоўніць толькі Евангелле, якое тут і цяпер спаўняецца.
Паміж алегорыяй пра мудрасць і запрашэннем Хрыста спажываць Яго Цела і піць Яго Кроў існуе непасрэдная сувязь, як паміж прадвяшчэннем і спаўненнем. Там “мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго”, а тут Хрыстус будуе свой Касцёл і падтрымлівае Яго жыццё даючы свае Святыя Сакрамэнты. Там мудрасць запрасіла неразумнага прыйсці і есці прыгатаваныя хлеб, мяса і віно, якое змяшала, а тут Хрыстос дае Сябе, уцелаўлёнага ў Эўхарыстыі. Абстрактнае становіцца рэальным, невыражальная Божая мудрасць аб'яўляецца ўжо не алегорыяй, а жывой асобай Хрыста. Між іншым дзеля гэтага “Слова сталася целам” - каб аб’явіць тое, што словамі выразіць не магчыма. (гл. Ян 1,14)
Вобраз дому мудрасці і прыгатаванай гасціны раней не быў дастаткова зразумелы, пакуль не аб’явіўся Хрыстовы Касцёл і Эўхарыстыя. Але можа таксама вобраз Касцёла і Эўхарыстыі мы цяпер яшчэ не дастаткова разумеем? Каштоўнасць Святых Таямніцаў, ў якіх удзельнічаем “сёння” напэўна канчаткова адкрыеецца толькі “заўтра”, калі ўбачым тое, што яны прадвяшчалі (Ап 19,7нн).
Колькі ўва мне руплівасці каб заўважыць мудрасць ў Богу? Наколькі моцна я зацікаўлены ў тым, каб чэрпаць з гэтай мудрасці? Дзе я сёння знаходжуся, бліжэй да дурной самаўпэўненасці бязбожнікаў ці бліжэй да мудрасці жыцця ў Богу? Ці заўсёды памятаю падчас Эўхарыстыі, ў якой вялікай справе ўдзельнічаю?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 762
ЕВАНГЕЛЛЕ
Не забараняйце дзецям прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Вучні ж папракалі іх. Але Езус сказаў: Пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
Гэта слова Пана.
Евангеліст Мацвей змяшчае фрагмент пра Езуса і малых дзяцей у сярэдзіне дзевятнаццатага раздзелу, які распачынае апісанне Яго дзейнасці ў Юдэі па дарозе ў Ерузалем. Гаворка ідзе ўжо непасрэдна пра блізкасць і надыход Нябеснага Валадарства. Тут можна заўважыць унутраную сувязь, якая злучае дзьве важныя тэмы навучання Езуса і вядзе да высновы: каб увайсці ў Божае Валадарства, трэба імкнуцца быць як дзіця. Збаўца з пяшчотай прымае дзяцей, благаслаўляе і рашуча сцвярджае: “такім належыць Валадарства Божае”.
А што гэта азначае для нас сёння? Напэўна, не варта быць дзяцінным ці інфантыльным, зусім не ў гэтым рэч. Прыклад такіх паводзін дае нам сённяшні ўрывак Евангелля, у якім вучні негатыўна рэагуюць на тое, што да Езуса пачалі прыносіць дзяцей на малітву і ўскладанне рук. У тым, што Апосталы пачалі папракаць дзяцей і іх пабожных бацькоў, выяўляецца іх нясталасць, неразуменне сітуацыі, зайздрасць, страх, а нават эгаізм.
Вучыцца ж ад дзяцей Езус заахвочвае перад усім іх простай адкрытасці, спантаннасці і даверу. Быць як дзіця - азначае таксама быць чыстым, радасным, шчырым і звычайным, прымаць уласную абмежаванасць і слабасць, ускладаючы надзею на моц Бога. Без крывадушнасці прыходзіць да Яго па благаслаўленне, па дапамогу, па суцяшэнне. Упэўненасць дзіцяці, што яго любяць, не пакідае яго, таму яно заўсёды вяртаецца, бяжыць насустрач, шукае абдымкаў. Дзеці, што акружалі Езуса, не баяліся, хінуліся да Яго. Яны Былі ахопленыя любоўю.
Як я разумею выраз “быць як дзіця”, што гэта значыць для мяне? Ці я стараюся разважаць і рэалізаваць у жыцці словы Езуса: “калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае”?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 647
ЕВАНГЕЛЛЕ
Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю?
Ён сказаў ім у адказ: Хіба не чыталі вы, што Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай. І сказаў: Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і абое стануць адным целам. Таму яны ўжо не двое, але адно цела. Таму няхай чалавек не раздзяляе таго, што злучыў Бог.
Тады яны сказалі Яму: Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе.
Езус сказаў ім: Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: Хто развядзецца з жонкаю сваёю не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць.
Сказалі Яму вучні Ягоныя: Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца.
Ён сказаў ім: Не ўсе могуць прыняць гэтае слова, але тыя, каму дадзена. Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага.
Хто можа прыняць гэта, няхай прымае.
Гэта слова Пана.
“Прыміце слова Божае не як чалавечае слова, але, што ёсць на самой справе, як Божае слова” – так гучыць верш з акламацыі “Аллелюя” ў сённяшняй літургіі Слова. Ён падкрэслівае адну вельмі істотную праўду, што часта губляецца, як-бы вылятае са свядомасці падчас нашага ўдзелу ў Св. Імшы, а менавіта - што ў гэты момант прамаўляе, кіруе да нас словы не хто іншы, як сам Пан Бог.
У свеце, перапоўненым гукамі ды байтамі інфармацыі, сярод мітусьні і шуму ўважлівае слуханне з’яўляецца бясспрэчным выклікам. Так цяжка сёння пачаць сапраўды слухаць. Слухаць, каб пачуць, а не проста чарговы раз прапусціць нешта міма вушэй і сэрца. Трэба спыніцца. Зрабіць высілак. Стоп! Дзе я? Хто я? І Хто да мяне гаворыць?
Усё пачынаецца з прыняцця. Гэта азначае ўзяць, упусціць слова ў сябе. Мы развучыліся словам верыць, а тут трэба паверыць. І Слову, і Таму, хто кажа, бо гаворыць Бог! Гэтае Слова валодае зусім іншай вартасцю, вагой і сілай. Яно нашмат важнейшае і большае, скіраванае непасрэдна да мяне. Мы чакаем і прагнем гэтага Слова, у ім ёсць паўната любові, сэнсу і праўды. Толькі гэтае Слова можа нас ажывіць, прывесці да сустрэчы з сабой і з Богам. Але прымаць, разумець і жыць Словам мы не здольныя самі па сабе. Нам з дапамогаю прыходзіць Святы Дух.
Як я слухаю Божае слова, асабліва падчас літургіі? Ці запрашаю Духа Святога? Ці стараюся разумець і перажываць слова Божае ў згодна з навучаннем Касцёла?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 608
ЕВАНГЕЛЛЕ
Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.
Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.
Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдану.
Гэта слова Пана.
Падыходзячы да Езуса, Пётр трымае штосьці на сэрцы. Магчыма, нейкі неспакой ці перажыванне, клопат ці праблему. Яго пытанне наўрад ці датычыць тэорыі альбо атрымання інфармацыі, хутчэй датычыць непасрэдна ягонага жыцця, балючага вопыту штодзённасці. Вучань сутыкаецца са складанасцю прабачэння, зведваючы на сабе, як нялёгка камусьці дараваць.
Езус Хрыстус знаходзіцца побач кожнага з нас, ёсць блізка, добра ведае і разумее ўсе нашы праблемы і цяжкасці. Даючы адказ св. Пятру, Ён адначасова звяртаецца і да нас, прапануючы шлях любові, прыняцця і прабачэння. Некаторыя біблійныя даследчыкі інтэрпрэтуюць адказ Езуса на пытанне “Колькі разоў я павінен прабачаць?” як семдзесят разоў па сем, гэта значыць заўсёды.
У нашым жыцці, падобна як у вопыце св. Пятра, могуць узнікаць розныя сітуацыі. Здараецца, штосьці нас моцна раніць – нейкі жэст, слова, паводзіны бліжняга. Магчыма ёсць таксама на нашым шляху чалавек, які ўвесь час нас крыўдзіць, якім-небудзь чынам нішчыць або прыніжае. Можа гэта рабіць зусім несвядома, ненаўмысна, без злога намеру. Але ўсёроўна, тое нас датыкае і, часамі, прыносіць страшэнны боль.
Што тады рабіць? Адказ Езуса адназначны: толькі прабачаць. Усюды й заўсёды, пастаянна, колькі б разоў нас не пакрыўдзілі, варта і трэба прабачаць. Хоць і здаецца, што мы ўжо не здолеем, што наша цярплівасць і велікадушнасць вычарпаліся, гэта ня так. Мы заўжды здольныя дараваць! Не забыцца, не прытварыцца, не ўцячы ці падмануць сябе, але проста прыняць рашэнне, часам скрозь слёзы і прабачыць. І ў гэтым трываць. Чаму мы здольныя да гэтага? Бо нам даравана бясконца больш. Бог зрабіў гэта. І нам даў магчымасць так чыніць.
Калі ўзнікаюць цяжкасці, да каго я іду пытацца “што мне рабіць”? У хвіліны ўціску і несправядлівасці ці памятаю пра крыж Хрыста, Яго ахвяру і прабачэнне ўсім? Ці маю адвагу сапраўды прабачыць?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 1151
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вялікае ўчыніў мне Усемагутны
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
Гэта слова Пана.
Вялікая радасць настала для ўсяго Божага народу, сёння мы адзначаем Прыняцце да Неба Беззаганнай Марыі, нашай Маці і Заступніцы. Ва ўрыўку Евангелля пра наведванне святой Альжбеты, Багародзіца сама ў цудоўным гімне “Магніфікат” выказвае сваё захапленне, шчасце і бязмежную радасць. У літургіі мы маем магчымасць яе перажываць разам з Унебаўзятай, усімі святымі і анёламі, аддаючы хвалу Богу за Яго бясконцую міласэрнасць.
Поўная пакоры і любові да Бога і бліжняга, адданая Пану ва ўсім, Марыя свеціць нам прамяністым прыкладам, з’яўляецца асвятляючай шлях Зоркай ды ўзорам для кожнага хрысціяніна. Бо яна першай была ўзята Айцом да вечнага святла, разам са сваім целам і душой. Ад нараджэння аж да шчаслівага заканчэння жыццёвай вандроўкі на зямлі, яна ў поўнай свабодзе выканала волю Айца, захоўваючы Яго словы. Марыя як бы пралажыла нам усім дарогу да Нябеснага Валадарства праз прыклад і прыняцце ў сваё ўлонне Ўцелаўлёнага Слова. Яе “так” і для нас сёння – выключнае, вырашальнае дабро і ласка для нашага збаўлення. Мы можам і павінны ад яе вучыцца, але таксама радавацца заступніцтву Маці, бо яна ціха і з далікатнасцю прымае дзейсны ўдзел у жыцці кожнага з нас. Моліцца, апякуецца, бароніць ад зла, атуляе нас цеплынёй і ласкавасцю, як найлепшая Мама сваіх дзяцей.
Гэта Бог абраў Марыю і даў Яе нам як нашую нябесную Апякунку. Яна прыняла волю Айца цалкам і без засцярог. Праз Яе прысутнасць і заступніцтва Ён вядзе нас, напаўняючы надзеяй, асалодай і супакоем. Жыццё і Ўнебаўзяцце Марыі – гэта ўзвялічванне, слава і радасць Бога, пацвярджэнне Яго невымоўнай дабрыні, мудрасці, магутнасці і прыгажосці. Гэта таксама вялізная радасць для нас, якія імкнёмся да Неба за нашай Маці і Каралевай.
Якія “вялікія рэчы” Пан учыніў для мяне? За што сёння хачу асабліва Яму падзякаваць, за што прагну Бога праславіць? Якое месца ў маім вандраванні да вечнага шчасця займае Марыя, ці звяртаюся да яе ў малітве? Гледзячы на Маці Слова, ці стараюся слухаць Бога і спаўняць Яго волю ў маім жыцці?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 693
ЕВАНГЕЛЛЕ
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.
Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Гэта слова Пана.
Нярэдка бывае, што нам зусім не хочацца адкрываць Пісанне, чытаць Евангелле, маліцца словамі псальмаў. Калі ў нашае жыццё прыходзяць выпрабаванні ды пустка, здаецца недарэчным зварот да Бібліі, альбо проста на тое нестае нам сіл і жадання. Аднак варта гэта рабіць! Асабліва ў такія хвіліны варта звяртацца да святога тэксту. Бо ў ім гаворыць да нас і з намі жывы Бог. Яму неабыякава тое, што мы перажываем, што думаем і адчуваем. Праз сваё Слова можа Ён невыказным чынам нас суцешыць, суняць цярпенне, пачаць дзейнічаць.
Кажа аб гэтым сёння першае чытанне з кнігі Эзэхіэля. Пан заклікае: “Ты, Сыне Чалавечы, слухай, што Я кажу табе: не бунтуйся... насыць сваё нутро скруткам, што Я даю табе”. Нават насуперак неахвоце і падаўленасці, можам паспрабаваць слухаць Слова. І гэты высілак найбольш будзе Пану даспадобы. Мы мяркуем, што Слова нічога не зменіць або яшчэ пагоршыць, паглыбіць смутак і боль. Але адбываецца адваротнае – цуд перамянення, які Пан здзяйсняе з дапамогай Слова: “І я з’еў яго, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд”. Пан сам выводзіць з цемры, падымае нас і выцірае нашы слёзы. Горыч і ўнутранае галашэнне ператвараюцца ў радасць, захапленне, слодыч. Толькі ў Ім ёсць сапраўдная слодыч, Госпад – адзіная падтрымка і моц.
Як я перажываю цяжкасці на дарозе веры? Ці запрашаю ў іх Пана і Яго Слова? Альбо, можа, замыкаюся ў сабе? Ці шукаю Бога і стараюся слухаць, што Ён гаворыць мне ў кожны момант, асабліва падчас жыццёвых нягод?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 695
ЕВАНГЕЛЛЕ
Заб’юць Яго, і Ён уваскрэсне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус з вучнямі знаходзіўся ў Галілеі, Ён сказаў ім: Сын Чалавечы павінен быць аддадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне. Тады яны вельмі засмуціліся.
Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, зборшчыкі падатку падышлі да Пятра і сказалі: Ці ж ваш Настаўнік не плаціць падатку? Ён адказаў: Так. І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: Як табе здаецца, Сымоне, з каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі: са сваіх сыноў, ці з чужых?
Калі ён адказаў: З чужых, — Езус сказаў яму: Значыць, сыны свабодныя. Але, каб мы не сталі для іх прычынай граху, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбу, якую зловіш. Калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе.
Гэта слова Пана.
Сённяшні ўрывак Евангелля таямнічы і можа злёгку здзіўляць. Напэўна, з’яўляецца ён цікавым і даволі складаным для зразумення. Цяжкасць выклікае асабліва загад Езуса, які Ён дае Пятру, каб той пайшоў ды ў роце першай злоўленай рыбы знайшоў статэр, буйную манету, роўную падатку на святыню для двух чалавек.
Прабываючы яшчэ ў Галілеі, Езус ужо другі раз прадказвае вучням сваю смерць і ўваскрасенне. Гэтым выклікае ў іх вялікае засмучэнне. Магчыма, вочы іх сэрца яшчэ заслеплены, і яны нездольныя з даверам прыняць волю Айца адносна Сына Чалавечага.
У Кафарнауме, роднай мясцовасці Пятра, да вучняў прыходзяць зборшчыкі падатку, пытаючыся, ці Настаўнік не плаціць дыдрахмы, абавязковага падатку на патрэбы святыні. “Так” Пятра пацвярджае тое, што Сын Божы не можа быць змушаны да платы даніны на дом Айца. Але Езус, хоць можа і не плаціць, дабравольна робіць гэта, што выражае супольнасць і салідарнасць Яго з усімі людзьмі, адносячы нас таксама да падзеі Адкуплення на крыжы.
Той факт, што ў роце злоўленай рыбы магло б што-небудзь знайсціся, не быў для рыбака Пятра чымсь надзвычайным, цудам хутчэй ёсць знаходжанне статэра ў першай рыбе, якая яму трапілася. Гэта чарговы раз паказвае нам, кім з’яўляецца Езус – сапраўдным Сынам Божым, які і можа, і ведае больш за нас.
Як я слухаю Пана, які прамаўляе да мяне ў штодзённасці, ў сваім Слове? Яго словы і прадказанні выклікаюць у мяне смутак ці радасць? Ці давяраю я Божаму Провіду, ці не бунтуюся супраць грамадскіх нормаў, сеючы спакушэнне і неспакой?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 833
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я хлеб жывы, які сышоў з неба
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў «Я хлеб, які сышоў з неба», і казалі: Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа «Я сышоў з неба»?
Езус сказаў ім у адказ: Не абурайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: Усе будуць навучаны Богам.
Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыйдзе да Мяне. Гэта не значыць, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
Я ёсць хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. А гэта – хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.
Гэта слова Пана.
Ці можам мы ўявіць сабе хоць адзін дзень без пасілку, а пасілак – без хлеба? Чалавек пастаянна, увесь час патрабуе спажытку і падмацавання, прычым не толькі цялеснага, але таксама і духоўнага. Бо без ежы, як вядома, раней ці пазней чалавек памірае.
У сённяшнім Евангеллі Езус навучае нас, што гэта менавіта Ён з’яўляецца хлебам жыцця, нашым надзённым спажыткам для цела і душы. Езус прагне дзяліцца сабой і любоўю Айца, даваць сябе самога нам, галодным і сасмаглым. Бо мы вандруем праз пустыню гэтага свету, дзе зведваем безліч спакусаў і цяжкасцяў, дзе адчуваем недахоп зразумення, дабра, надзеі. Часам можа здавацца, што мы здолеем заспакоіць уласны голад хлебам ілюзій, якія прапануе свет, - тады мы пачынаем карміцца імі, паддаючыся націску чаканняў, канкурэнцыі, шуканню прыемнасці, модзе і г.д. Горыч, раздражненне і абыякавасць паступова пачынаюць авалодваць сэрцам. І пад выглядам знешняга росквіту насоўваецца духоўная смерць.
Аднак Пан не пакідае нас самотнымі! Раз выбавіўшы ад смерці, не перастае вызваляць нас з яе путаў далей, падчас нашага вандравання на гэтай “даліне слёз”. Езус дорыць нам жыццё, і не проста жыццё, але жыццё вечнае! Дае сябе ў Эўхарыстыі, найвялікшым цудзе Божай міласэрнасці. Ён запрашае нас на вячэру і дазваляе пакаштаваць гэтага хлеба вечнага жыцця – сваё Цела.
Спажываючы Цела Хрыста, мы становімся ў поўні часткай Яго Містычнага Цела, злучаемся ў праслаўленні з трыумфуючым Касцёлам. Хлеб жыцця, Езус, перамяняе нас і суцяшае, дзякуючы Яму мы становімся здольнымі да любові, да спагады і ахвяры, да прабачэння. Гэты хлеб дазваляе нам увайсці на дарогу прыпадабнення да Хрыста і наследавання Бога, зведаць несмяротнасць ды хвалу Неба.
Што з’яўляецца маім хлебам – чым я кармлюся і што здабываю, без чаго не ўяўляю сабе жыццё? Як і чым я падмацоўваю сябе на дарозе хрысціянскай веры? Якое месца ў маёй штодзённасці займае Эўхарыстыя і Божае Слова? Ці жадаю я, каб Хрыстус перамяняў маё сэрца паводле ўзору Свайго Сэрца, поўнага пакоры і любові?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 778
ЕВАНГЕЛЛЕ
Калі будзе ў вас вера, для вас не будзе нічога немагчымага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Падышоў да Езуса пэўны чалавек і, упаўшы перад Ім на калені, сказаў: Пане, злітуйся над маім сынам. Ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду. Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго.
У адказ Езус сказаў: О нявернае і вераломнае пакаленне, дакуль Я буду з вамі? Дакуль Я буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне. І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго нячысты дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым.
Тады сам-насам падышлі да Езуса вучні ягоныя і сказалі: Чаму нам не ўдалося выгнаць яго?
Ён сказаў ім: З-за малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: перасунься адсюль сюды, — яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага.
Гэта слова Пана.
Чарговы раз перад намі пытанне пра веру. Вера не заключаецца ў прыняцці за праўду акрэсленых сцверджанняў, хоць і гэта таксама патрэбна. Не заключаецца яна выключна ў практыцы акрэсленых актаў: малітваў, набажэнстваў, пілігрымак. Вядома, не заключаецца вера і ў тым, да чаго многія зводзяць яе сцверджаннем маўляў, “штосьці там пэўна ёсць”, бо чалавек не можа жыць у пустаце. Вера – гэта моцная жыццёвая апора ў Богу, у Езусе Хрысце. Гэта запавет з Ім. Або, як паказваюць гісторыі Абрагама, Майсея і шматлікіх святых сяброў Бога, вера – гэта хадзіць у Божай прысутнасці. Той, у каго ёсць такая моцная вера злучаная з любоўю і надзеяй, можа здзяйсняць нават цуды. “Калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне /…/ для вас не будзе нічога немагчымага”. Апісаны ў Евангеллі выпадак аздараўлення Езусам эпілептыка, якога прыгнятаў нячысты дух, паказвае, што нават у Яго вучняў не было такой веры. Да такой веры трэба імкнуцца і прасіць аб ёй Пана. У апавяданні евангеліста Лукі падобнае выказванне пра веру велічынёй з гарчычнае зерне папярэджваецца просьбай Апосталаў: “Дадай нам веры” (Лк 17,5). Гэта можа стаць і нашай малітвай! А ў Евангеллі паводле св. Марка, дзе таксама паказана гэтае аздараўленне эпілептыка, узгадваецца дыялог бацькі хворага юнака з Езусам. Бацька хлопца звяртаецца да Яго словамі: “Калі Ты што можаш…”. Езус адказаў: “Калі можаш? Усё магчыма для таго, хто верыць”. “Веру, памажы майму бязвер’ю” – адказаў той. Дадай нам веры! Памажы майму бязвер’ю!
Ці прашу Пана аб памнажэнні маёй веры? Ці разумею яе як мае жывыя адносіны з Трыадзіным Богам?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 807
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Гэта слова Пана.
Жыццё – гэта найвялікшая вартасць, якую чалавек атрымлівае ад Бога. У гэтай вартасці заключаецца ўсё іншае: любоў, праўда, прыгажосць, дабрыня, свабода. Усе іншыя вартасці, якія цэнім, прагнем дасягнуць і развіваць, магчымыя пры ўмове, што ў нас ёсць жыццё. Бывае, што хтосьці прысвячае сваё фізічнае жыццё дзеля абароны гэтых вялікіх каштоўнасцяў, і гэта апраўдана.
Словы Пана Езуса павучаюць нас, што зямное жыццё не з’яўляецца каштоўнасцю абсалютнай. Наколькі мы абавязаны цаніць яго і пра яго клапаціцца, настолькі трэба памятаць, што чалавек пакліканы да вечнага жыцця. Задатак гэтага жыцця ў чалавека ўжо ёсць, бо ў яго несмяротная душа і ён надзелены Божым дарам, ласкаю. Той, хто “любіць жыццё сваё ў гэтым свеце”, гэта значыць насуперак сваёй прыродзе і чыніць яго абсалютнай вартасцю – загубіць яго. Жыве дзеля таго, што ёсць у свеце, не назапашвае сабе даброты ў небе, а ў хвіліну смерці нічога з сабой адсюль не возьме. Той жа, хто ў евангельскім сэнсе “ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце”, гэта значыць размясціў сваё сэрца там, дзе ягоны скарб, а свой скарб паклаў у небе праз добрыя ўчынкі, веру і надзею на вечнае жыццё з услаўленым Езусам – той “захавае яго на жыццё вечнае”. Гэта шлях пшанічнага зерня, якое паміраючы прыносіць плён. Так складана часамі прыняць гэты шлях радыкальна але з прастатою. Сам Езус даў нам прыклад такога памірання, якое нясе жыццё.
У чым мой скарб, які найбольш цаню? Ці разумею, што жыццё найбольш поўна квітнее ў вечнасці? Ці з надзеяй чакаю на сустрэчу з Езусам?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 1060
Мц 25, 1-13
Якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле
У той час:
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
У Святым Пісанні часта ідзе гаворка пра мудрасць і дурноту. Мудрасць – гэта выбар Бога і пражыванне свайго жыцця, якое бярэ пад увагу Яго прысутнасць, лічыцца з Яго словам. Дурнота ж – гэта адварот ад Бога і будаванне дому свайго жыцця не на грунтоўным фундаменце Яго любові і закону, а на пяску іншых вартасцяў. Мудрасць – гэта распазнаванне часу, калі Бог наведвае і гатоўнасць на прыйсце Пана, бо Ён жа прыйдзе паўторна. Дурнота – гэта страта часу на іншыя справы, няўменне засяродзіцца на тым, што найважнейшае. Дурны чалавек – гэта той хто размінуўся з Богам. Таму прыпавесць пра паннаў са светачамі добра ілюструе такое разуменне мудрасці і дурноты.
Мудрыя панны, тыя, якія забяспечыліся алеем для светачаў, гатовыя на чуванне. Ведалі яны, што мэта іх чакання – гэта выйсці насустрач жаніху і ўвайсці на вяселле. Змаглі прыгатавацца на гэта і цярпліва чакалі пакуль прыйдзе жаніх. Неразумныя ж панны, а дакладней, дурныя, таксама ведалі да якой важнай справы павінны былі падрыхтавацца, але былі настолькі неразважлівыя, што занядбалі тое, што было іх абавязкам. З-за сваёй неразважлівасці і ляноты згубілі шанец увайсці на вяселле. Гэтую прыпавесць Пан Езус завяршае словамі: “Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”. Гэта сур’ёзная перасцярога, каб не занядбоўваць тое, што найбольш істотна ў нашым жыцці. Наша жыццё накіравана на тое, каб сустрэць Хрыста Збаўцу і каб прайшоўшы праз браму смерці, увайсці ў радасць нашага Пана. Таму варта пражыць так, каб не згубіць тое, што найважнейшае.
Ці ўсведамляю сабе канчатковую сустрэчу з Хрыстом як найважнейшую мэту майго жыцця? Ці не падвяргаю небяспецы гэтую мэту з-за ляноты, легкадумнасці або дурноты кепскіх жыццёвых выбараў? Ці прагну з любоўю ўвайсці ў радасць свайго Пана?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 970
ЕВАНГЕЛЛЕ
О, жанчына! Вялікая вера твая
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус скіраваўся ў землі Тыру і Сідону. I вось жанчына ханаанэйская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апантаная дачка мая! Але Ён не адказаў ёй ні слова. I вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: Пане, памажы мне! Ён жа сказаў у адказ: Нядобра забраць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту стала здаровай дачка яе.
Гэта слова Пана.
У апошнія дні чытаем у Евангеллі пра розныя вялікія дзеянні Пана Езуса: бачым цуд перамянення на гары Табор, цуд над стыхіяй, калі Езус ходзіць па вадзе і шматлікая аздараўленні, а сёння мы сведкі вызвалення з-пад улады злога духа. Жанчына з народу Ізраэля, ханаанка з ваколіц Тыру і Сідону просіць аб вызваленні яе дачкі з-пад моцы злога духа. Пан Езус нагадвае ёй найперш, што Яго місія – ратаваць “загінуўшызх авечак з дому Ізраэля”. Пасля свайго ўваскрасення Хрыстос дасць вучням даручэнне, каб навучалі ўсе народы і былі Яго сведкамі аж да межаў зямлі. Зараз аднак, час дзеяння сярод сыноў Абранага Народу.
Дыялог паміж Езусам і жанчынай, якая просіць аб дапамозе можа здавацца для нас “няветлівым”, асабліва словы: “Нядобра забраць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам”. Але гэта аднак штосьці паміж прымаўкай і загадкай: Пан Езус часта карыстаецца вобразнай мовай, якую добра разумелі ў тагачасным кантэксце. Зразумела гэта маці, якая прасіла аб дапамозе і адзначылася мудрасцю свайго адказу. Ханаанэйская жанчына дае нам прыклад моцнай веры, вытрывалай просьбы і рашучасці ў імкненні атрымаць ад Езуса дапамогу для свайго дзіцяці.
Ці вытрывалыя мае просьбы, якія накіроўваю да Бога? Ці спадарожнічае ім вера, якая адкрывае ўва мне дзверы для Бога, каб мог прыйсці і дзейнічаць? Ці шукаю дапамогі перш за ўсё ў Езуса, Які мае моц пераадолець ува мне ўсякае зло?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 851
ЕВАНГЕЛЛЕ
Загадай мне ісці да Цябе па вадзе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.
Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.
Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!
Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт. Калі ж людзі з гэтай ваколіцы пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй гэтай ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых, і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю вопраткі Ягонай. І ўсе, хто дакранаўся, былі аздароўлены.
Гэта слова Пана.
Сённяшні фрагмент Евангелля складаецца з чатырох сцэн. Першая паказвае Хрыста, які самотна моліцца на гары. Гэта не адзінае месца ў Евангеллі, дзе бачым Езуса, заглыбленага ў прысутнасць Айца. Ён размаўляе з Айцом толькі для Яго вядомым і характэрным спосабам. Штосьці з такой малітвы адкрывае Езусава малітва ў гетсэманскім садзе, падчас якой Ён усклікае да Бога “Абба – Ойча” і выражае згоду з Яго воляй. Другі вобраз сённяшняга Евангелля паказвае Езуса, які ідзе па возеры і выпрабаванне Пятра. Езус паказвае Сябе як Валадара прыроды. Тое, што магчыма для Яго, немагчыма для чалавека. Пераканаўся ў гэтым Пётр, перш ідучы ў захапленні па вадзе, але ў рэшце рэшт баючыся і тонучы. Трэцяя сцэна адбываецца ў чаўне, калі Пётр разам з Езусам селі ў яго. Тыя, што там былі, упалі перад Ім і вызналі веру: “Ты сапраўды Сын Божы”. Гэта адарацыя і пашана Пану, ў якога ёсць моц, каб усё Сабе падпарадкаваць. Варта заўважыць, што падобнае вызнанне зробяць і жаўнеры, перапалоханыя знакамі, якія спадарожнічалі смерці Пана Езуса (Мц 27, 54). І ўрэшце чацвёртая сцэна, калі Езус прыйшоў з вучнямі ў зямлю Генезарэт. Людзі, распазнаўшы Яго, прыносяць сваіх хворых, каб маглі дакрануцца прынамсі да краю Яго вопраткі і аздаравіцца. Усё сённяшняе Евангелле засяроджана на моцы Езуса, Які з’яднаны з воляй Айца магутна дзейнічае ў свеце.
Ці прымаю з вераю прысутнасць моцы Езуса ў маім жыцці? Ці дазваляю Яму праз веру дзейнічаць у маім сэрцы?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 1065
ЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В
Гэта Сын Мой умілаваны
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.
І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.
І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
Гэта слова Пана.
Вучні Езуса, ходзячы за Ім, прымалі Яго вучэнне пра Божае Валадарства. Разумелі яны, што вучэнне гэтае з’яўляецца чымсьці новым, а слова Ягонае часта пацвярджаецца знакамі і цудамі, якія зведалі на сабе шматлікія хворыя і прыгнечаныя злымі духамі. Вучні глядзелі на свайго Настаўніка з захапленнем, але не досыць разумелі Яго асобу, з чаго і вынікае іх пытанне “Хто ж Ён такі?” (Мк 4, 41).
Сведкамі перамянення на гары былі трое з Ягоных вучняў: Пётр, Якуб і Ян. Убачылі яны іншае аблічча Езуса: незямное, дагэтуль невядомае, а Яго адзенне сталася бліскучым і вельмі белым. Убачылі таксама Майсея і Іллю, пачулі з воблака выразны голас Айца: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце”. Уся гэтая падзея выражае боскую натуру Езуса. Езус з’яўляецца Сынам Спрадвечнага Айца, сведчаць пра Яго Закон у асобе Майсея і прарокі ў асобе Іллі. Езус, прадказаны і абяцаны Месія, Які ўжо распачаў сваю справу на зямлі, каб давесці да завяршэння абяцанне збавіць усіх людзей. Апошнім акордам гэтай справы будзе Ягоная Пасха, гэта значыць збаўчая смерць і хвалебнае ўваскрасенне.
На нашым шляху за Езусам зазнаем часамі стомленасць штодзённасцю. Бывае, што знеахвочваемся цвёрдымі патрабаваннямі веры, адчуваем цяжар дрогі пад гару. Засяроджаныя на гэтых цяжкасцях, не заўважаем цуд перамянення, які становіцца і нашым удзелам, калі блізка сустракаемся з нашым Панам у Эўхарыстыі. Вопыт сустрэчы з Хрыстом услаўленым, калі прымаецца так, як у Апосталаў, дазваляе лягчэй зносіць крыжы і пакуты нашага жыцця.
Ці з вераю слухаю Езуса? Ці бачу ў Ім упадабанага Айцом Нябесным Сына? Ці ў прыняцці Ягонага Цела ў Святой Камуніі зазнаю Яго славу? Ці перамяняе гэта маё жыццё?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 788
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Калі людзі ўбачылі, што тут няма ні Езуса, ні Ягоных вучняў, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?
Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец.
А яны сказалі Яму: Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?
Езус адказаў ім: У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў.
Народ сказаў Езусу: Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці.
Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету.
Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб.
Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.
Гэта слова Пана.
Чытаючы Евангелле паводле св. Яна варта заўсёды памятаць, што яго змест неверагодна скандэнсаваны. Не вядзе ён простую апавядальную лінію, а ўкладае свой пасыл пра таямніцу Хрыста такім чынам, што гэта выводзіць нас далей, адсланяе штосьці глыбешае, паказвае ў Хрысце тое, што ў Ім боскае. Падобным стылем Ян гаворыць і пра шлях вучняў Езуса, пра нашае пакліканне і місію.
У цэнтры сённяшняй літургіі слова знаходзіцца Езус, які дае свету жыццё: сапраўдны Хлеб, які сыходзіць з неба і заспакойвае не цялесны голад, а голад душы. Гэта голад сэрца, якое хоча жыць жыццём, якое не заканчваецца тут, на зямлі, а трывае вечна. На пачатку шостага раздзелу апісваецца цудоўнае размнажэнне хлеба і рыбы, якімі Пан Езус накарміў натоўп сваіх слухачоў. Цяпер жа, калі людзі заўважылі, наколькі вялікі цуд Ён здзейсніў, шукаюць Яго, бо сутыкнуліся з чымсьці неверагодным. Вельмі цікавы дыялог адбываецца паміж Панам Езусам і людзьмі з натоўпу.
- Шукаеце мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы.
- Што ж нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?
- У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў. Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету. Я ЁСЦЬ ХЛЕБ ЖЫЦЦЯ; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.
Чалавек, які шчырым сэрцам шукае чагосьці больш, чым тое, што звычайнае і штодзённае, нават калі робіць гэта няўмела, у Езусе знойдзе адказ на сваё прагненне жыцця вечнага. У нас ёсць да Яго доступ у веры і праз сакрамэнт, асабліва сакрамэнт Эўхарыстыі. Гэта ў Эўхарыстыччным Хлебе, Хрыстовым жывым і сапраўдным Целе пакінутым для нас на алтары насычаем голад душы. Калісьці, у вечнасці, гэты нябесны Задатак, які прымаем зараз, дасць нам паўнату жыцця навекі.
Пра што ў сваім жыцці найбольш клапачуся? Ці шукаю таго, што вядзе да жыцця вечнага? Як веру ў Хрыста, якога Нябесны Айцец паслаў ў свет дзеля майго збаўлення? Ці рэгулярна прымаю ў сваё сэрца Езуса – ХЛЕБ ЖЫЦЦЯ, які ўжо тут, на зямлі з’яўляецца пачаткам жыцця вечнага?
Брат Анджэй Кейза OFMCap, Польшча
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 746
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ірад паслаў адсячы галаву Яну
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса і сказаў слугам сваім: Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і пагэтаму цуды здзяйсняюцца ім.
Ірад жа схапіў Яна, зняволіў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі ягонага брата Філіпа. Бо Ян казаў яму: Не дазволена табе мець яе. І хацеў забіць яго, але баяўся народа, які лічыў яго прарокам.
Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі і спадабалася Іраду. Таму ён клятваю паабяцаў даць ёй усё, чаго толькі папросіць. І яна, падвучаная сваёю маці, сказала: Дай мне галаву Яна Хрысціцеля на місе. Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў з ім за сталом, загадаў даць. І паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці.
Тады ягоныя вучні прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.
Гэта слова Пана.
Ірад, відаць сапраўды перажываў з-за забойства Яна Хрысціцеля. Магчыма, твар забітага пераследаваў яго да такой ступені, што Ян мроіўся яму нават ў Езусе, пра якога нядаўна як раз пачуў ад іншых. Далей Евангеліст Мацвей распавядае як дайшло да гэтых мучэнняў. Ірад паддаўся акалічнасцям і паступіў насуперак уласнаму сумленню. З аднаго боку Ян быў нязручны яму самому, бо набіраў папулярнасць сярод людзей. А гэта пагражала стратай улады. З іншага боку Ян Хрысціцель моцна раздражняў Ірадыяду, якая баялася страціць свайго новага мужа. Такім чынам у Ірад перасёк у сваім сэрцы чарговы рубеж, які вядзе да духоўнай згубы.
На гэтым фоне прыходзіць Хрыстос, у якім спаўняецца прароцтва: “Пан намасціў мяне, каб перавязваць раны зламаных сэрцаў” (пар. Іс 61, 1). Ірад, нажаль не выкарыстаў міласэрнасці Хрыста, хоць і мог яшчэ навярнуцца і быць аздароўленым са свайго граху. Але для нас, якія таксама часамі ламаем уласнае сумленне пад націскам акалічнасцяў, гэта Добрая Навіна – Хрыстос лечыць сумленні яшчэ мацней чым Ян Хрысціцель.
Ці не ігнарую я сігналы свайго сумлення перад або пасля граху? Калі такое здараецца, то наколькі часта? Як рэагую на папрокі сумлення пасля граху, роспаччу ці пакаянем? Ці заклікаю на дапамогу Божую Міласэрнасць?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 873
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ці не сын Ён цесляра? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну і вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц? Ці не сын Ён цесляра, ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных Якуб і Юзаф, Сымон і Юда? І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта? І сумняваліся ў Ім.
А Езус сказаў ім: Не бывае прарока без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім. І не ўчыніў там шмат цудаў з-за нявер’я іхняга.
Гэта слова Пана.
Хрысціянства ў старажытнасці сутыкнулася з ерассю гнастыцызму, якая між іншым сцвярджала, што Езус з’яўляецца сапраўдным Богам, аднак чалавечнасць Ягоная ілюзорная. Маўляў, немагчыма спалучыць ў адной асобе Божае з чалавечым. Таксама і жыхары Назарэту як ніхто іншы ведалі, што Езус сапраўдны чалавек, які рос у канкрэтнай чалавечай сям’і. Для іх жа было відавочна, што быць чалавекам – азначае быць крохкім і смяротным. З іншага боку вядома было і тое, што гэты крохкі чалавек здзяйсняе Божыя справы. Паколькі меркавалася, што спалучыць адно з другім немагчыма, т9о назарэцяне так і не здолелі спасцігнуць, што маюць дачыненне з Богам.
Для сучаснага чалавека таксама застаецца цяжкасцю той факт, што Бог можа аб’явіцца ў чалавечай крохкасці, што Бог не пагарджае чалавечым убоствам і менавіта ў гэтае месца прыходзіць, каб яго ўзбагаціць. Езус з любові да людзей стаў сапраўдным чалавекам, і з Любові да людзей застаецца сапраўдным Богам.
Ці не бунтуюся я на тыя эпізоды майго жыцця, дзе Бог аб’яўляецца нібыта слабы і бездапаможны як чалавек? Ці прымаю я чалавечнасць Божага Сына? Ці веру я, што Бог не губляе сваёй усемагутнасці нават апынуўшыся разам са мной на дне майго чалавечага ўбоства?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 731
ЕВАНГЕЛЛЕ
Добрае сабралі ў посуд, а благое выкінулі вон
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае таксама да нерата, закінутага ў мора, што збірае рыбу ўсялякага кшталту. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў посуд, а благое выкінулі вон.
Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць Анёлы, і аддзеляць ад праведнікаў благіх, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Езус спытаўся ў іх: Ці зразумелі вы ўсё гэта? Яны адказалі Яму: Так. Ён жа сказаў ім: Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль.
Гэта слова Пана.
Езус утварае свой Касцёл з вельмі розных людзей. Так было на пачатку, і так застаецца дагэтуль. Тут ёсць юдэй і грэк, свабодны і раб, грэшнік і праведнік. Але час ад часу прыходзіць спакуса, каб людзей якіхсьці катэгорый выключаць з супольнасці, бо адзін праблемны, іншы дражніць або задае нязручныя пытанні. Але ж Касцёл перастае быць Касцёлам, калі прыналежыць да яго могуць толькі людзі акрэсленых катэгорый. Хрыстос нікога не хоча выключаць, таму сваё Валадарства параўноўвае да рыбацкай сеткі, якая з марскіх глыбіняў выцягвае рыбу ўсякага кшталту. Так і Касцёл у гэтым свеце – нікога не павінен выключаць такім чынам, што напрыклад людзі з пэўнымі палітычнымі поглядамі, нацыянальнасцю, сексуальнай арыентацыяй ці родам заняткаў не прымаюцца. З прорвы няволі граху Бог хоча выцягнуць кожнае сваё дзіця, не залежна ад яго цяперашняга становішча.
Іншае пытанне, наколькі мы для сябе і для іншых здолеем выкарыстаць гэтую адкрытасць Бога і Касцёла, як будзем супрацоўнічаць з Божай любоўю? Цяпер яшчэ рана ацэньваць, хто на самой справе акажацца праведнікам, а хто благім. Гэта напрыканцы свету стане ўсё адназначна зразумела і застануцца толькі праведнікі.
Ці не паддаюся я спакусе выключэння кагосці з братоў з Касцёла? Ці не асуджаю каго-небудзь заўчасна? Ці ёсць ў маім сэрцы прагненне збаўлення для любога грэшніка?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Падрабязнасці
- Праглядаў: 643
ЕВАНГЕЛЛЕ
Прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Гэта слова Пана.
Часамі здзіўляе тое, як эксперты ацэньваюць рэчы, ў якіх па-сапраўднаму разбіраюцца. Яны часта бачаць каштоўнасць там, дзе звычайны чалавек яе не бачыць. І наадварот, тое, што для многіх выглядае бліскучым і каштоўным вырабам, прафесіянал можа назваць усяго толькі спрытнай падробкай. Забаўна часамі гучаць таксама выказванні чалавека пра рэчы, ў якіх ён на самой справе зусім не разбіраецца.
Людзі, пра якіх сёння гаворыць Хрыстос з’яўляюцца свайго роду экспертамі ў сваіх галінах дзейнасці. Веды і вопыт дазваляе ім бачыць вартасці поля і пярліны выстаўленых на продаж. А гэтае бачанне, у сваю чаргу матывуе іх на тое, што яны гатовыя нават усё страціць, каб толькі завалодаць яшчэ большай каштоўнасцю.
Дыялог хрысціян са светам пра каштоўнасць Хрыста і Ягонага вучэння таксама часта гучыць як спрэчка паміж экспертам і прафанам. Гэтыя спрэчкі адбываюцца на самых розных плоскасцях, між іншымі – этыка, сям’я, жыццё вечнае, каштоўнасць чалавечай асобы, любоў, матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, прырода і экалогія. Свет цэніць яскравыя падробкі і адмаўляецца ад сапраўднага Скарбу.
Трэба аднак памятаць, што экспертамі не нараджаюцца, імі становяцца. Таму Хрыстос перадае сваім вучням праўду, пазнанне якой дазваляе чалавеку навучыцца аб’ектыўна ацэньваць Бога, самога сябе і навакольны свет.
Ці не ацэньваю я рэчаіснасць занадта павярхоўна? Ці не марную я свой час, здароўе і таленты на праекты, якія зусім не маюць вечнай каштоўнасці?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.