да жніва

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 36–43

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус, адпусціўшы народ, увайшоў у дом, падышлі да Яго вучні Яго і сказалі:  Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі. Ён жа сказаў ім у адказ: Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта злы дух; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта Анёлы.

Таму, калі збіраюць каласоўнік, агнём паляць; так будзе пры сканчэнні гэтага свету. Пашле Сын Чалавечы Анёлаў  сваіх,  і  збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконне. I ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады   праведнікі заззяюць, як сонца, у валадарстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Касцёле шмат гаворыцца пра Божую Міласэрнасць і прабачэнне. Вядома, гэта адзін з найбольшых скарбаў, які Бог дае чалавеку. Аднак можа скласціся памылковае ўражанне, нібыта пекла не існуе, а Бог прабачыць усім і ўсё. З іншага боку многія з нас шукаюць таксама адказу на пытанне: як спалучаецца Божая Міласэрнасць з Яго справядлівасцю? Гэта асабліва актуальна ў кантэксце агрэсіўнага зла, якое намагаецца знішчыць Божы свет, або прынамсці неяк яго пакалечыць.

Сённяшнія словы Езуса даюць святло на гэтыя супярэчлівасці. Час і прастору, ў якіх мы зараз жывем, Хрыстос параўноўвае да працэсу сяўбы, узрастання збожжа побач з пустазеллем і нарэшце жніва, як міласэрнага суду падчас сканчэння свету. Ва ўсім гэтым працэсе па-ранейшаму галоўную ролю грае Сын Чалавечы. Гэта Ён дае ўсё неабходнае, каб мы станавіліся сынамі Валадарства, праведнікамі. Божая дабрыня ад самага пачатку сее ў свеце слова міласэрнасці, з якога могуць сфарміравацца сыны Валадарства.

Свет, у якім жывем – гэта месца, дзе побач суіснуюць дабро і зло, але гэта часова. Канчатковае Божае Валадарства будзе поўнасцю свабодным ад зла. Бог не згаджаецца на вечнае існаванне зла. Падобным чынам як збожжа збіраецца і захоўваецца ў засеках гаспадара, а пустазелле спальваецца, так і праведнікі будуць жыць вечна, а зло назаўсёды знікне. Таму час у якім жывем – гэта час на тое, каб выбіраць, чыімі сынамі станем.

Наколькі я цаню слова, якое Бог мне дае ў Касцёле? Ці не марную жыццё на пустыя рэчы, якія не чыняць мяне сынам Валадарства?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

Зерне гарчычнае становіцца  дрэвам,

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 31–35

Зерне гарчычнае становіцца  дрэвам, так  што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў народу такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да зерня гарчычнага, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца  дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго. 

Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, пакуль не скісла ўсё. Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не гаварыў ім, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Жыццё многіх сучасных хрысціян, як і ўсіх людзей складаецца з мноства падзей і сустрэч, радасных і сумных перажыванняў, набыткаў і страт. Сярод гэтай разнастайнасці, вера для многіх становіцца ўсяго толькі эпізодам, прычым далёка не самым значным. Вера, з яе рэлігійнымі практыкамі, часта становіцца пэўнай перыферычнай з’явай сярод імкненняў чалавека да шчасця, быццам некалькі грамаў прыправы сярод шматлікіх інгрыдыентаў у сноўнай страве.

Езус прапануе зусім іншы падыход да веры і яе развіцця, якое акрэслівае як рост Валадарства Нябеснага. У евангельскіх метафарах бачым як маленькае гарчычнае зерне, становіцца найбольшым дрэвам у садзе, а закваска мяняе ўсе тры меры мукі ў цесце. Пры нармальным развіцці вера толькі пачаткова з’яўляецца ў жыцці чалавека чымсьці маленькім і слабым. Калі ж яна па-сапраўднаму ўзрастае, становіцца ўжо не дадаткам да жыцця, а самім жыццём. І гэта не якісьці рэлігійны фанатызм, а нармальны здаровы працэс, калі чалавек зыходзячы з меркаванняў веры штораз больш вызначае жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці. Веруючы чалавек намагаецца так уладкаваць сабе жыццё, каб яно станавілася штораз больш спрыяльнай прасторай зносін з Богам.

Ці не паддаюся я спакусе выцясніць справы Божага Валадарства кудысьці на ўскраіны свайго жыцця? Наколькі мае зносіны з Богам развіваюцца? Як мая вера ўплывае на мой светапогляд, на фарміаванне іерархіі каштоўнасцяў, на выбар спадарожнікаў жыцця?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

чыніць розныя цуды

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 6, 1–15

Раздаў тым, хто сядзеў, колькі хто хацеў 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус адышоў на другі бок Галілейскага або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі. 

Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.

Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.

Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы,  але што гэта для такога мноства?              

Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч. 

Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.

Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Бог і сёння чыніць розныя цуды, але не ўсе людзі прызнаюць іх і не могуць адрозніць відавочныя праявы Божага дзеяння ў свеце. Філіп, якога сустракаем у чацвёртым Евангеллі, прадстаўлены як чалавек, поўны рэалізму: “Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху”.

Вучні былі вельмі цялесныя. Іх сэрцы былі занятыя зямнымі справамі. Вучні бачылі, што толькі Езус можа даць хлеб тысячам, хоць і няма грошай. Цуд размнажэння хлеба Ён робіць з незвычайнай сілай, але гэты цуд у дадзены момант іх не цікавіць. “Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін”. Для людзей важным было тое, што такі чалавек як Езус, калі б Ён быў каралём, змог бы вырашыць асноўныя праблемы жыцця, перш за ўсё – атрыманне спажытку.

Сумна тое, што ў чалавека жывот так блізка да сэрца, і ён часта бярэ перавагу! Вучні не бачаць і не разумеюць у гэтым знаку размнажэння хлеба бясконцай сілы Бога і Яго любові.

Ідэя Езуса ў тым, каб схіліць людзей слухаць Яго і пазнаць Яго любоў, якая невычэрпная, як хлеб. Толькі вера, заснаваная на засяроджанасці на Яго слове і знаку белага хлеба, будзе глыбокай, сапраўднай і вернай. Вера нараджаецца ад слухання, а не ад “ежы”. Цуды нам павінны толькі дадаць сілы, каб слухаць і разумець Езуса, каб ісці за Ім.

Ці бачу я Езуса, Які здзяйсняе цуд падчас святой Імшы і іншых сакрамэнтаў?

Брат Алег Вайцяховіч OFMCap, Беларусь

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 24–30

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: 

Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і сышоў. Калі ж збажына прарасла і дала плод, тады з’явіўся таксама каласоўнік. 

І прыйшлі слугі гаспадара дому, і сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён адказаў ім: Вораг зрабіў гэта. Тады слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не. Бо, выбіраючы каласоўнік, вы можаце павырываць разам з ім і пшаніцу. Пакіньце да жніва расці  разам тое і другое. А ў час жніва я скажу жняцам: Збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў гумно маё. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чарговая прыпавесць Езуса датычыць справы канца свету. Аднак галоўнай тэмай тут з’яўлецца паспешлівасць ды павярхоўнасць у распазнаванні і ацэнцы людскіх жыццёвых пазіцый. Пан Езус асцерагае нас перад заўчасным асуджэннем каго-небудзь яшчэ перад канцом свету, каб мы да нікога з людзей не ставіліся як да паразітаў, якіх належыць вынішчыць. Многія навярнуліся, і толькі таму вялі жыццё мілае Богу, што Ён не спаслаў кару за грэх, а цярпліва чакаў гэтага навяртання. Калі б адразу спасылаў сваю кару за грахі, то пекла было б перапоўнена людзьмі, а ў неба засталося б бязлюдным. Адаму і Еве Бог дае час на пакуту. Каіну пасля забойства брата Бог прабачыў і пазначыў яго знакам, каб ніхто не забіў яго. Давіда пасля граху з Батшэбай намагаецца схіліць да пакуты і навяртання. А навяртаннем Марыі Магдалены Езус радуецца як знойдзенай авечкай, нават больш чым 99 праведнымі, якім не патрэбна навяртанне. Паўлу Езус цудоўным чынам аб’яўляецца пасля забойства Стэфана. Бог выбраў час і месца навяртання гэтага забойцы, каб зрабіць яго пазней вялікім апосталам народаў. Паводле чалавечых стандартаў ніхто з іх не заслугоўваў прабачэння. Толькі Божая Міласэрнасць можа прабачыць грэшніку і стварыць для яго новую гісторыю жыцця.

Ці не асуджаеш іншых людзей ацэньваючы іх? Ці застаешся міласэрным ацэньваючы іншых? Ці намагаешся прабачаць крыўдзіцелям? Ці прагнеш дапамагчы чалавеку, бачучы яго патрэбы?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

браты

ВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 18–23

Хто чуе слова і разумее, і хто прыносіць плён 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 

Пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі з-за слова пачынаецца ўціск ці пераслед, ён адразу ж адступаецца. 

Пасеянае ў цернях — гэта той, хто чуе слова, але клопаты гэтага веку і зманлівасць багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.

Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Паводле святога Тамаша Аквінскага, Езус паказвае веліч свайго навучання праз аб’яўленне сваёй святасці і моцы цудаў. Ягоная веліч выяўляецца яшчэ і ў тым, што спосаб пераказу Ён дастасоўвае да ўзроўню слухачоў, да якіх звяртаецца. Ясным і простым спосабам тлумачыць важныя і складаныя духоўныя справы. Такой важнай справай з’яўляецца таксама пытанне духоўнага развіцця. Дарога, камяністая глеба, пустазелле і добрая зямля, гэта рэчы, якія ў прыпавесці Езуса ўтвараюць сабой фон для зерня – Божага слова. Яно павінна ўзрастаць і прыносіць плады ў жыцці слухачоў Езуса. Жыццёвае становішча слухача вельмі моцна ўплывае на тое, ці захоўвае ён Божае слова. Калі чалавек жыве ў бязладдзі, у вялікім стрэсе ці прыгнёце, у фізічнай або псіхічнай стомленасці, або ў страсцях і забавах (секс, алкаголь, наркотыкі), то сэрца ягонае не ў стане прыняць Божае слова ва ўсёй поўні.

Ці з’яўляешся ты дагледжанай, свабоднай ад пустазелля зямлёй? Ці выдае пачутае Божае слова духоўныя плады ў тваім сэрцы: супакой, радасць, пазітыў?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

капуцыны разважанні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 16–17

Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і не пачулі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Якім жа вялікім дарам з’яўляецца слых! Пераконваецца ў гэтым той, хто раптам перастае чуць. Недахопы ў кантактаванні і зразуменні іншых, гэта не адзіная праблема, з якую даводзіцца вырашаць. Аглохшы, чалавек трапляе ў пэўную замкнутасць, або прынамсі значна абмяжоўваецца ў пазнаванні праўды, дабра і прыгажосці. Складана апісаць прыгажосць музычнага твору асобе, якая не чуе. Штосьці падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці, дзе вялізным дарам з’яўляецца вера, якая робіць магчымым слуханне і разгляданне Бога. Нявера, у сваю чаргу – гэта духоўнае калецтва. Хто не чуе слова Божай праўды, той не можа прыстасаваць да яе свайго жыцця. Таму нявера, гэта трагедыя людскога сэрца. Заключаецца яна ў тым, што чалавек закрывае свае вочы, каб не глядзець на хараство Божага жыцця ў святых і верных Пану. Такі чалавек затыкае таксама вушы, каб не пачуць закліку да навяртання і такога прыгожага жыцця. Ёсць людзі, якія дзясяткі год жывуць у грахах і не бачаць у гэтым нічога дрэннага. Аднак калі Божая ласка неадходна для збаўлення, то ў іх сур’ёзная праблема, бо іх збаўленне пад вялікім пытаннем.

Ці молішся за такіх людзей? Ці можа толькі асуджаеш іх? Ці радуешся ласкаю веры і ці дзякуеш за яе Пану? Ці просіш аб ласцы веры для сябе і для іншых? Ці дапамагае іншым верыць сведчанне твайго жыцця?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

Келіх мой будзеце піць

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 20, 20–28

Келіх мой будзеце піць

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Падышла да Езуса маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі і пакланілася, каб папрасіць Яго аб нечым.

Ён жа сказаў ёй: Чаго ты хочаш?

Яна адказала: Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе.

Езус сказаў у адказ: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?

Яны кажуць Яму: Можам.

І кажа ім: Келіх мой будзеце піць, але не Я даю дазвол сесці праваруч ці леваруч Мяне, бо гэта прызначана для тых, каму падрыхтаваў Айцец Мой.

Калі пачулі дзесяць вучняў, яны абурыліся на двух братоў. А Езус паклікаў іх і сказаў: Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі і вяльможы маюць уладу над імі. Няхай не так будзе сярод вас. Але, хто хацеў бы стаць сярод вас вялікім, няхай будзе слугою вашым. А хто хацеў бы стаць першым, няхай будзе нявольнікам вашым.

Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У штодзённым жыцці сустракаем розных людзей: з вялікімі амбіцыямі або такіх, якія нічым асабліва не зацікаўленыя. Іх пазіцыя можам нас здзіўляць або раздражняць, што няма ў іх такой меры як у нас. Дамагаюцца ад нас зашмат, або зусім намі не цікавяцца.

Падобным чынам і ў духоўным жыцці. Адны прагнуць звышнатуральных ласкаў, хочучы чыніць цуды, прарочыць, аздараўляць, а іншых такія прагненні дражняць і абураюць. Ці варта нам імкнуцца да звышнатуральных дароў, ці не? Амбіцыі ў духоўным жыцці – гэта добра, ці наадварот, гэта кепская, празмерная руплівасць, якой належыць асцерагацца? Пра ласкі і гонары вырашае сам Нябесны Айцец, а не чалавек. Каб не перастарацца ў руплівасці, Езус вучыць нас выконваць Божую волю. Калі нездаровыя, не згодныя з Божай воляй амбіцыі, праяўляюцца ў супольнасці, яны нішчаць яе. Такая супольнасць становіцца тэрыторыяй хворага саперніцтва і канкурэнцыі, разбураецца ў ёй фундамент супакою. Дрэнная справа – прагнуць надзвычайных ласкаў, але яшчэ горшая справа – не прагнуць іх. Ні ў адной, ні ў другой справе вырашаць не нам, а Айцу Нябеснаму. Наша сэрца павінна быць гатова прыняць тыя ласкі, якія Бог захоча нам даць.

Ці не раздражняе цябе руплівасць іншых у духоўных справах? Ці можа наадварот, засмучае адсутнасць руплівасці ў іншых? Ці з’яўляецца твая супольнасць месцам узаемнай службы і любові?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

 

браты капуцыны

Мц 12, 46–50

«Працягнуўшы руку сваю да вучняў, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае»

У той час:

Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою.

Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

Людзі яднаюцца ў розныя групы дзеля нейкай супольнай мэты, карысці ці ідэяў, якім служаць. Такім чынам яднаюцца, напрыклад, аматары Зорных войнаў, старых аўтамабіляў, ваеннай тэхнікі, прыхільнікі палітычных партый. Сёння ў Евангеллі таксама чуем пра сход сабраных разам людзей. Гэты натоўп утварае сабой супольнасць, якая слухае Езуса. Пачуўшы, што Маці і браты хочуць паразмаўляць, Пан адказвае: “Хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці”.

Няўжо Езус у гэтых словах аддае перавагу духоўнай роднасці, перастаўляючы на далейшы план роднасць крыві? Ён як быццам бы хацеў сказаць, што духоўныя повязі больш каштоўныя, чым повязі кроўныя. Насамрэч, гэта толькі вонкавае ўражанне. Гаворачы пра духоўную роднасць, Езус не змяншае пры гэтым важнасці сямейных адносін. Духоўныя повязі павінны дапоўніць натуральныя сямейныя адносіны, утвараючы з іх новую якасць і новую вартасць, якая асноўваецца ўжо не на аўтарытэце бацькоў, а на аўтарытэце Езуса – Месіі і Збаўцы. Такім чынам сям’я становіцца супольнасцю збаўлення, калі яе члены выконваюць Божую волю і тады становяцца адно другому братамі і сёстрамі ў Хрысце, а таксама братамі і сёстрамі Езуса, духоўнай сям’ёй Езуса.

Ці злучана твая сям’я такімі повязямі з Езусам? Ці молішся са сваёй сям’ёй? Ці бачыш патрэбу ўтварэння і развіцця духоўных повязяў у сям’і? Ці верыш у моц Сакрамэнту сужэнства, як фундаменту трываласці сям’і?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

 

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 15, 1–8

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Евангелле гаворыць пра духоўную поўню, пра трыванне ў Божай любові, пра плоданашэнне Божаю ласкай. Гаворыць таксама пра штосьці адваротнае, пра духоўнае засыханне, адпадзенне ад Бога з-за граху і пра вечны агонь для асуджаных. Трагедыяй нашых дзён з’яўляецца тое, што жыхары Еўропы масава выбіраюць другую з гэтых магчымасцяў, жывучы ў стане граху. Становішча дадаткова ўскладняецца культурнымі зменамі, звязанымі з наплывам мігрантаў з ісламскіх краін. 

Апякунка сённяшняга дня, святая Брыгіта (1303-1373), часта асцерагала крыжакаў, якія на той час былі на вяршыні сваёй мілітарнай і палітычнай магутнасці. Яны дэкларавалі, нібыта з’яўляюцца абаронцамі Касцёла, але насамрэч сваімі беззаконнямі кампрамітавалі Бога і Касцёл. Таму Брыгіта прадбачыла іх поўнае знішчэнне. Крыжакі аднак не пераставалі парушаць манаскую рэгулу, мананаскія шлюбы і Божыя запаведзі. Не магчыма без наступстваў адыходзіць ад Бога ў грэх, бо пазней не кожны хоча або можа да Бога вярнуцца. У які бок дрэва хіліцца, ў той і ўпадзе. Крыжакі дайшлі да ўпадку ў 1525 годзе, калі тыя манахі-рыцары здзейснілі адступніцтва ад каталіцкай веры, пераходзячы ў менш патрабавальны пратэстантызм, які больш падыходзіў скрыўленым грахом сумленням.

Ці ты не адразаешся ад Бога праз грэх? Ці імкнешся адразу пасля граху да ачышчэння сэрца? Ці можа трываеш у Божай ласцы, духоўным супакоі і радасці? Ці молішся аб навяртанні грэшнікаў? Ці просіш у Бога дапамогі ў навяртанні ўласнага сэрца?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

Яны былі як авечкі без пастыра

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 30–34

Яны былі як авечкі без пастыра

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Наколькі вялікім можа быць прагненне слухаць Божае слова? Вялізнае. Усё можа перастаць быць важным: рэчы, справы, людзі. Такі голад зведалі слухачы Езуса. Яны бачылі цуды і знакі Хрыста, таму прыходзяць да Яго і Ягоных апосталаў, бо адчуваюць у іх магутнае дзеянне Бога. Толькі сэрца, якое знаходзіцца блізка да Бога, хоча слухаць Божыя словы, зведваць моц Ягонай любові. Такі голад можа абудзіць у чалавеку толькі Бог, і толькі Ён можа гэты голад заспакоіць. Той, хто слухае Божае слова, атрымлівае пажыўленне для душы. Той, хто хоць аднойчы ў разважанні пасмакуе гэтае пажыўленне, будзе мець трывалы духоўны апетыт на Божае слова. Ні ежа, ні сон, ні прыемнасці ці камфорт жыцця, ні здароўе, ні багацце не могуць насыціць голаду сэрца, бо Пан Езус сказаў: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4)

Слова Божае як сапраўдная спажыва, якую трэба найперш укусіць – гэта значыць пачуць, разважыць і праглынуць, жыць гэтым словам. Трэба прысвоіць сабе ўкрытую ў слове Божую сілу. Яна ўчыніць цябе моцным ў змаганні з цяжкасцямі, спакусамі і грахамі. Учыніць цябе ўстойлівым прад злом, смуткам, пакутамі калі у тваё сэрца агорне радасць і супакой. Нешчаслівая душа, якая блукае здалёк ад слоў Пана, яна галодная, хворая, слабая, бедная, разгубленая і амярцвелая. Такая душа не ведае пра тое, што найбольш сумуе па Богу, сваім Пастыры.

Ці пажыўляеш сваю душу Божым словам, ці наадварот, пажыўляеш тым, што яе не насычае? Услухайся ў сваё сэрца: ці адчуваеш духоўны голад? Чым запаўняеш жыццёвую пустэчу? Ці з’яўляешся ты шчаслівай авечкай у абдымках Езуса, Добрага Пастыра? Ці пераадольваеш усе цяжкасці, каб быць з Панам? Ці адчуваеш духоўнае насычэнне? Паслухай, што на гэтыя пытанні адкажа тваё сэрца!

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

 

Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 14–21

Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Фарысеі выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго. 

Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. Але забараніў ім расказваць пра сябе, каб збылося сказанае прарокам Ісаем: 

Вось слуга Мой, якога Я выбраў, 
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая. 
Ускладу дух Мой на Яго, 
а Ён абвесціць суд народам. 
Не будзе пярэчыць і лямантаваць, 
і не пачуе ніхто на плошчах голасу Яго. 
Трысціны надламанай не пераломіць, 
і кнота, які тлее, не пагасіць, 
пакуль не давядзе суд да перамогі. 
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Пасля чарговай сутычкі Езуса з фарысеямі, апошнія збіраюць раду супраць Хрыста. Збаўца не збіраецца іх любой цаною пераконваць. Слова, якое трэба было фарысеям пачуць, яны атрымалі, далей выбар за імі. Месца канфлікту Хрыстос пакідае, каб працягваць місію распаўсюджвання Евангелля, навучання апосталаў і тлумачэння ім слоў прарокаў Старога Запавету.

Гэта вельмі важна - не спыняцца, быць верным свайму пакліканню. Не марнаваць час на непатрэбныя войны, ў якіх адзін бок не чуе другі. Дзе нават і блізка няма месца на дыялог, дзе не бярэцца пад увагу ўласная памылка. Езус адыходзіць, каб не быць уцягнутым у канфлікт, які не служыць дабру, а проста крадзе час і сілы. Для Езуса вельмі важная Божая справа, важны чалавек, якому патрэбна вера, патрэбен Збаўца. Таму місія прадаўжаецца, каб данесці Евангелле ўсім. Езус верны даручанай яму місіі, не гледзячы на цяжкаці, на незразуменне сярод вучоных у Пісанні і фарысеяў, якіх асляпіла іх уласная пыха, ганарлівасць і карыслівасць. На жаль, так бывае, што адны згубляюцца ў сваім пакліканні, а іншыя ідуць дарогай вернага трывання ў Хрысце.

Ці я чалавек канфлікту? Ці я чалавек Божай справы? Ці верны я свайму хрысціянскаму пакліканню?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

 

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 1–8

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

+ Чытанне святога Евангелля паводле  Мацвея.

У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат.

А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?

Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б ведалі вы, што азначае: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, — не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар шабату.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Евангеллі адбываецца дыялог Езуса з фарысеямі, якія бароняць літару Закона. Запаведзь святкавання Шабату вельмі простая і ясная, не патрабуе дадатковых тлумачэнняў. Атрымаўшы яе ад Бога, вучоныя ў Пісанні раздрабнілі Божы наказ на 39 нормаў. Адна з такіх нормаў забараняла падчас шабату займацца зборам ўраджаю.

Закон нясе ў сабе вялікае дабро, ён рэгулюе адносіны паміж людзьмі, дапамагае грамадству адчуваць пэўную бяспеку, стабільнасць і супакой. Аднак Езуса насцярожвае іншае - абараняючы Закон, фарысеі за літарай не бачаць чалавека, ягонага дабра, ягоную сітуацыю, ягоныя цяжкасці і патрэбу ў дапамозе. Фарысеі перарабілі Божы Закон ў шаблон паводзінаў, у якім складана заўважыць чалавека.

У іншым месцы Евангелля Езус скажа: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць” (Мц 5, 17).  Езус прыйшоў ажыцявіць Закон любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем і паяднаннем. Без гэтага Закон становіцца казуістыкай, месцам стварэння чарговых нормаў. У Законе разбудаваным фарысеямі стала мала месца для Бібліі, для вопыту жывога Бога, які часта прыходзіць у іншым чалавеку -  збалелым і пакрыўджаным, якому патрэбна быць пачутым і зразуметым.   

Я чалавек закона, ці чалавек Евангелля? Ці умею я пачуць іншага чалавека і дапамагчы яму?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

Я ціхі і пакорны сэрцам

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 28–30

Я ціхі і пакорны сэрцам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў у адказ: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

Гэта слова Пана.

catholic.by 

Езус наскрозь бачыць неспакой чалавечай душы. Ён бачыць заклапочанасць сваіх вучняў, іх абцяжаранасць, стомленасць, не бывае дня без мітусні і абавязкаў. Быць абцяжараным перажываннямі наконт працы, заробку, экзаменаў, вучобы. Быць стомленым цяжарам уласнага граху, амбіцыямі, якія не знаходзяць свайго ажыцяўленя. Быць абцяжараным адыходам ад Хрыста, ад Яго Касцёла, расчараваннем іншым чалавекам. Быць абцяжараным…

Жыццё не абыходзіцца без цяжкасцяў. Можа гэта не столькі яны нас прыгнятаюць і не яны прычына неспакою? Кар’ера, поспех, задавальненне, самадастатковасць… Можа досыць ужо будаваць жыццё без Хрыста? Можа не ўсё ў жыцці мусіць залежыць ад чалавека? Можа хопіць уцякаць ад свайго крыжа? Можа хопіць…?

“Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых” (Мц 11,29).

Што я раблю для майго збаўлення? Чым напоўнены мае будні? Ці я сапраўды дазваляю Хрысту вучыць мяне несці мой крыж?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

 

Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 25–27

Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан  неба  і  зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус прыходзіць ў гэты свет, каб праславіць Айца. Збаўца таксама людзей хоча навучыць праслаўленню Бога. Але для гэтага чалавеку патрабна сэрца, адкрытае на пачутае Слова Божае. Каб зерне магло прынесці плён, спачатку павінна быць кінута ў глебу і прынята ёй. Глебай для Евангелля з’яўляеца чалавечае сэрца. Яно прымае Слова Хрыста і выдае плён праслаўлення, плён годнага жыцця, ў якім чалавек вучыцца давяраць Богу ў сваім жыцці.

“Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан  неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля” (Мц 11, 25-26). Езус узгадвае пра дзяцей. Чаму пра іх? І чаму супрацьпастаўляе іх мудрым і разумным? Дзеці нясуць у сабе пэўную лёгкасць ўспрымання. Ці лёгка ўспрымаць патрабаванні Хрыста даросламу чалавеку, калі жыццё стабілізавана, калі ўсё падлічана, уладкавана? З аднаго боку гэта добра, але з другога можа стаць пэўным механізмам, які можа абмяжоўваць. Апосталы былі простымі, але мелі ў сабе шчырасць і адкрытасць на аднаўленне, каб змяняць сябе дзеля Хрыста, каб Ён быў праслаўлены, каб Яго Евангелле гучала свежа і актуальна, каб несла духа аднаўлення іншым. Іх адкрытасць давала прастору для дзеяння Духа Святога ў іхнім жыцці.

Якое сэрца ў мяне? Ці дазваляю дзейнічаць Духу Святому ў маім сэрцы? Ці праслаўляю Бога ў сваім жыцці?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

Браты капуцыны

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 11, 20–24

У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, і зямлі садомскай, чым табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся.

Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, чым вам. 

А ты, Кафарнаум, ці ўзвысішся да неба? Ты нізрынешся да пекла. Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе зямлі садомскай, чым табе.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус у сённяшнім Евангеллі дакарае канкрэтныя гарады, ў якіх жывуць людзі. Слова скіраванае Езусам да жыхароў горада гучыць рашуча, правакуе людзей да роздуму. Бо жыхары пералічаных гарадоў ігнаруюць Бога, Яго ініцыятыву, якая рэалізуецца ў збаўчай місіі Хрыста. Шматлікія знакі, цуды, аздараўленні Хрыста не знаходзяць належнага водгуку ў людскіх сэрцах. Людзі не чыняць пакаянне, няма навяртання, не змяняецца іх жыццё.

Езус эмацыянальна ўзрушаны ў гэтым месцы Евангелля: “Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся”(Мц 11,21). Сапраўды трагічна, калі чалавек перастае бачыць Божыя ініцыятывы, Божыя знакі. Слова Божае становіцца звычайнай інфармацыяй. Божыя цуды ўспрымаюцца як рацыянальна недаказаныя сцверджанні. Святыя Сакрамэнты, малітва не нясе для іх Божае аздараўленне для чалавека, бо ёсць іншыя лекары і іншыя спосабы аздаравіцца. Неабходнасць Божай Міласэрнасці не заўважаецца сярод разліку і цынічнасці. Сапраўды гора, калі не бачым Бога і Яго ініцыятыву, гора, калі забіваецца імкненне да ўсяго што Божае, хрысціянскае, збаўчае. Вось таму і гучыць Хрыстовае: “Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда”.

Ці бачу я дзеянне Бога ў сваім жыці? Ці не ігнарую Яго ў пачутым ад Яго Слове? Ці не ігнарую Ягоных натхненняў? Ці не ігнарую Ягонаг Касцёла і ўласнае збаўленне?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 10, 34 — 11, 1

Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя.

Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне. 

Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

Калі закончыў Езус настаўляць дванаццаць вучняў сваіх, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у іхніх гарадах.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сённяшняе Евангелле адкрывае нам эпізод, калі Езус чарговы раз павучае сваіх вучняў наконт служэння. Езус акрэслівае сваім вучням пэўную рэальнасць, каб усвядоміць сур’ёзнасць служэння. Гэта будзе шлях не зусім камфортных зносінаў, шлях канфрантацыі з людскім бязвер’ем, з людскою глухатою на праўду, на Божае Слова.

У Старым Запавеце заўважаем, што народ Ізраэльскі на працягу гісторыі сваіх адносінаў з Богам не раз вылучаўся нецярпімасцю да прарокаў. Часам ставіўся досыць варожа да прарокаў пасланых Богам, нават забіваючы іх. Народ не ўспрымаў праўду скіраваную Божымі пасланцамі, хоць прарокі паходзілі з народа і былі вядомыя Ізраэлю: ”І перасцярог Госпад Ізраэль і Юдэю праз усіх сваіх прарокаў. Яны не паслухалі, але цвёрдым зрабілі карак свой”(2 Вал 17, 13а. 14а).

Вучні, якія пайшлі за Хрыстом павінны добра сабе ўсведамляць, якую выбрылі дарогу. Езус ставіць канкрэтныя патрабаванні вучням, нагадвае, што трэба аддаць усяго сябе на абвяшчэнне Евангелля. Магчыма трэба будзе ахвяраваць нават адносіны з блізкімі, калі яны будуць нейкім чынам шкодзіць Божай справе: “Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку — супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе; і будуць ворагі чалавеку хатнія ягоныя”(Мц 10,35-36). Езус гаворыць пра служэнне, якое Ён сам чыніць, якое Ён упадабаў і якое служыць справе адкуплення чалавека.

Ці я чалавек адданы Божай справе? Ці я не шукаю штучных зносінаў з Богам і з дугім чалавекам? Ці я умею ахвяраваць сябе дзеля Евангелля, дзеля праўды?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

Пачаў высылаць іх па двое

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 7–13

Пачаў высылаць іх па двое

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак. 

І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх. 

І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сённяшняе Евангелле адсылае нас да моманту калі Езус вандруе па Галілеі. Абвяшчаючы Добрую Навіну Хрыстус наведвае ваколіцы свайго дзяцінства, юнацтва і адсюль высылае вучняў першы раз на апостальскае служэнне.

Аднак апостальства вучняў не пачалося з моманту выслання іх Хрыстом. Яно пачалося ў тым моманце, калі Хрыстус ішоў берагамі Галілейскага возера, калі Езус ужо разам з пакліканымі праходзіў мясціны Галілеі, Кафарнаўма, Назарэту. У Галілеі апосталы становяцца сведкамі таго, як Езус абвяшчае Евангелле, як Ён тлумачыць людзям Божыя праўды ў прыпавесцях, як адбываюцца шматлікія цуды Хрыста, аздараўленні хворых.

Усё гэта дапамагло падрыхтаваць вучняў, каб яны самі пазней маглі прапаведаваць Слова Божае, выходзіць да людзей з паслугай яднання іх з Богам, аздараўляць іх сэрцы, душы і целы. Апосталам было неабходна ўбачыць, як служыць Хрыстус. Збаўца дае ім магчымасць адчуць, перажыць сапраўднае служэнне, мець перад вачыма яскравы прыклад апостальства. Вучні пранікаюцца Езусавым духам служэння, пакоры, прастаты, ахвярнасці, даступнасці, далікатнасці і адкрытасці. Яны вучацца разумець Хрыста.

Пасля этапу падрыхтоўкі прыйшоў час на асабісты досвед які агучвае ў сённяшнім Евангеллі Марк, які сам усё гэта добра перажыў. Ён ведае што азначае, быць высланым на абвяшчэнне Евангелля для ажыцяўлення Божага намеру.

Сапраўды, як жа важна быць васланым Хрыстом, Яго голасам, Яго словам, Яго ласкай, Яго натхненнем. Як важна быць напоўненым Ягоным Духам служэння. Апостальства пачынаецца ад Хрыста і працягваецца з Хрыстом. Евангелле ўзгадвае, што апосталы, пайшоўшы “прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі” (Мк 6,12-13). Чынілі ўсё гэта, бо мелі ў сабе Таго, Хто іх паклікаў.

Ці я напоўнены Хрыстом каб служыць? Ці я імкнуся зразумець Хрыста? Ці я разумею сваё служэнне? Ці я разумею, што людзям неабходна чуць Евангелле з маіх вуснаў, неабходна чуць голас праўды?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

Не бойцеся тых, хто забівае цела

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 10, 24–33

Не бойцеся тых, хто забівае цела

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго. Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, і слузе — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш назавуць хатніх яго? Таму не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. 

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом  Маім, які ў нябёсах.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чарговы раз чую, што крочанне за Езусам звязана са шматлікімі цяжкасцямі. Таму магу быць упэўнены, што паколькі людзі не ўшанавалі Яго, то тым больш мяне не ўшануюць. Калі абражалі Пана Езуса, то і мяне будуць абражаць. Калі Ён пакутаваў, то і я буду пакутаваць. Калі нават сам Бог, у асобе Езуса, зведаў непрыняцця, становячыся ахвярай вялікай несправядлівасці, то чаму ж гэты вопыт павінен быў бы мяне абмінуць? Гэта, безумоўна, цяжка, але прымаючы гэта з вераю, станаўлюся перад шанцам быць штораз больш падобным за Езуса. Калі пакутую, асабліва незаслужана, Бог тым больш бачыць ува мне падабенства да свайго Сына. 

За многія гады служэння сярод людзей, сутыкаюся з тым самым, што было ўдзелам Пана Езуса. Таму ёсць тыя, што мяне любяць і тыя што мяне ненавідзяць. Некаторыя выносяць мяне на п’едэстал, падчас калі іншыя выдумваюць штораз новыя паклёпы. Адны благаславяць, а іншыя закідваюць брудам. Што ж, у сучасным свеце ніводнае месца не свабоднае ад такіх сумных паводзін. Але ў гэтым цяжкім вопыце можна яшчэ дакладней упадабняцца Езусу. Як? Перш за ўсё не праклінаючы крыўдзецеляў, а благаслаўляючы іх.

Прымаючы чарговыя ўдары ціхім і пакорным сэрцам, ведаю, што гэта цяжка, але магчыма.  Хачу быць верным Езусу і Ягонаму навучанню. Каб гэта ажыцявіць і вытрываць да канца, мне неабходна сэрца, мужнае ў любові. Гэтая сапраўдная любоў паходзіць толькі ад Бога, таму штодзённа прашу ў Яго такой мужнасці.

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

Не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 10, 16–23

Не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім Апосталам: Вось Я пасылаю вас, як авечак паміж ваўкоў. Таму будзьце хітрыя, як змеі, і простыя, як галубы. Сцеражыцеся людзей, бо будуць аддаваць вас на суд і ў сінагогах сваіх будуць біць вас. І павядуць вас да кіраўнікоў і да каралёў з-за Мяне дзеля сведчання перад імі і язычнікамі. Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну пазнаць, што сказаць.

Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас. І выдасць брат брата на смерць, і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх. І ўсе будуць ненавідзець вас за Маё імя. Хто ж вытрывае да канца, будзе збаўлены.

Калі вас пераследаваць будуць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Абвяшчаючы Евангелле, трэба быць гатовым на шматлікія цяжкасці. Верагодна першай цяжкасцю будзе сустрэча з людзьмі, якія зусім не захочуць слухаць. Што тады рабіць? Верыць Езусу і выконваць даручэнні, якія Ён сам пакінуў нам – будучы не пранятымі ў адным горадзе, ідзем у іншы.

Вядома, патрэбна мне будзе вытрываласць, якая дапаможа прадаўжаць служэнне пасля цяжкага вопыту адкінутасці. Таму мне неабходна прасіць адвагі і мужнасці бо непрыняцце будзе часта звязана з ганеннямі, пра якія зрэшты Хрыстос выразна гаворыць. Таму чарговая практычная падказка Пана Езуса – каб я асцерагаўся людзей крывадушных і каварных, каб звяртаў увагу на тое, з кім раззмаўляю. І хоць Ён высылае мяне “як авечак між ваўкоў”, аднак не пакідае мяне аднаго. Езус асабіста становіцца маім пастырам, таму мне не варта баяцца. Я магу сабе дазволіць быць быццам авечка, бо ў мяне магутны пастыр. Зусім не абавязкова мне быць агрэсіўным. Не трэба мне абараняцца метадамі ваўкоў – бо яны свету ўжо надакучылі.

Езус - мой Абаронца, і гэта Ён натхніць мяне адпаведнымі думкамі і падкажа найбольш патрэбныя словы абароны. Насамрэч ужо не я, а Бог будзе гаварыць пра мяне. Магчыма зведаю стомленасць, знеахвочанне або расчараванне, але калі вытрываю гэтыя цяжкія перыяды, буду здаўлены. Тады ўзмоцніцца мая вера і стану больш сталы. Моцна веру ў гэта і тым больш прагну давяраць Богу, нават сярод найбольш драматычных акалічнасцяў жыцця.

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

Дарма атрымалі, дарма і давайце

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 10, 7–15

Дарма атрымалі, дарма і давайце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік свайго спажытку. 

У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. І калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас. 

А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому або з горада таго, атрасіце пыл з ног вашых. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомы і Гаморы ў дзень суда, чым гэтаму гораду.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Свету няспынна патрэбна Евангелле, бо яно з’яўляецца шансам для развіцця, якое дапамагае чалавецтву жыць у вечным і нятленным супакоі. Напэўна ўсе бачым, як моцна яго не хапае. На кожным кроку чуем пра новыя войны ды канфлікты. Таму тым больш, кожны хто ведае Евангелле, абавязаны яго абвяшчаць. Такім чынам выражаецца старанне пра тое, каб разам з хуткім цывілізацыйным развіццём, не занядбаць і развіцця духоўнага. Хоць гэта і складана, аднак мы павінны быць штораз больш зацікаўлены чалавекам, а менш “паясамі сваімі”. Бо варта больш быць, чым няспынна прагнуць больш мець. Езус, ведаючы сапраўдную вартасць Евангелля, высылаючы вучняў абвяшчаць яго, даў ім таксама канкрэтныя ўказанні. Паказаў ім перш за ўсё, што варта працаваць с тымі людзьмі, якія адкрытыя і шукаюць. Не варта марнаваць час на незацікаўленых, бо час, прызначаны на місійнае служэнне, бясцэнны.

Няма таксама сумненняў, што праўда пра збаўленне павінна перадавацца ўсім плямёнам і народам бясплатна. Можа таму, многія нашы сучаснікі сумняваюцца ў яе вартасці. У свеце, дзе амаль за ўсё ўжо трэба плаціць, з’яўляецца раптам штосці абсалютна бясплатнае. Адсюль усяго толькі крок да высновы, што калі нічога не каштуе, то канешне і нічога ня варта. Ці ж аднак Збаўленне сапраўды нічога не каштуе? Канешне не! Я ведаю, што было яно аплачана па найвышэйшай цане. Цаною той было жыццё Сына Божага, аддадзенае за нас і для нас на крыжы.

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою

Мц 19, 27–29

Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою

У той час:

Пётр сказаў Езусу: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем? А Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што ў новым стварэнні, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямён Ізраэля. І кожны, хто дзеля Майго імя пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.

catholic.by

Ісці за Езусам - азначае ўмець адмовіцца ад усяго, што дагэтуль было для мяне чымсьці важным. Быць у коле Яго вучняў, гэта таксама мець адвагу на тое, каб зведаць многа стратаў. Ці ж павінен я з-за гэтага непакоіцца? Ці ж у закліку пакінуць усё, ёсць яшчэ якоесьці патрабаванне настолькі надзвычайнае, што яго ажно немагчыма выканаць? Канешне не. Ідучы ж наперд, пакідаю штосці за сабой, немагчыма ісці не пакідаючы. Таму слова “ісці” гэта быццам сінонім “пакідаць”. Але пакінуць не значыць кінуць, ні тым больш адкінуць. Пакінуць, гэта інакш кажучы - прыняць самастойнае рашэнне адмовіцца ад усяго таго, што ўскладняе мне выкананне Божай волі.

Шмат гадоў працую ў розных краінах. Таму часта знаходжуся вельмі далёка ад маіх найбліжэйшых. Аднак мая любоў да іх, безумоўна, не змяншаецца а становіцца больш сталай. Штораз мацней пераконваюся, што Езус, калі заклікае пакінуць ўсё, не збядняе, а ўзбагачвае. Заўважаю таксама штораз мацней, як тое, што засталося за мной, было часта нібы непатрэбны баласт, а на яго месца змагло прыйсці тое, што абяцаў Езус. Перш за ўсё супольнасць шматлікіх братоў і сясцёр. Разам з імі нарадзіліся неверагодныя адноносіны, такія “незямныя”. Вядома, часта яны звязаныя і з глыбокай пакутай. Але бачу, што дзякуючы гэтаму, тым мацней яшчэ ўзрастаю ў пачуцці гэтай унутранай свабоды. І нязменна веру, што ўсё гэта – толькі шлях, завяршэннем якога будзе вечнае жыццё. З Езусам. І Найбліжэйшымі.

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 32–38

Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І людзі казалі са здзіўленнем: Ніколі не было такога ў Ізраэлі. А фарысеі казалі: Князем дэманаў Ён выганяе злых духаў. 

Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.

Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра.

Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У зямным вандраванні Езуса бачым, як наш Пан няспынна праходзіць праз вёскі і гарады Галілеі, як лечыць хваробы і слабасці, як з моцаю выганяе злых духаў. Вачыма веры можам убачыць Езуса, які чыніць вялізнае дабро і яно было прычынай таго, што людзі са здзіўленнем ўсклікалі: “Яшчэ ніколі нічога падобнага не з’явілася ў Ізраэлі”. Як жа часта мне хацелася б і сёння сустрэць Езуса, як Ён ідзе вуліцамі майго горада, і ўбачыць хоць адзін з Яго неверагодных цудаў! Забываю аднак, што гэта не цуды былі галоўнай місіяй Езуса. Ён прыйшоў дзеля таго, каб выканаць волю Айца, каб абвяшчаць валадарства справядлівасці і любові, каб станавіцца святлом, якое разганяе змрокі і пастырам, які вядзе авечак у Дом свайго Айца. Сучасны свет настолькі перапоўнены хаосам, мітуснёй мноства інфармацыі і штораз новых пабуджаючых імпульсаў, што становіцца ён месцам, дзе адчуваю разгубленасці і дэзарыентацыю.

Парадаксальна, але гэтыя цяжкасці пабуджаюць мяне да пошукаў Бога. Моцна веру, што знайду Яго заўсёды, калі толькі слухаю Яго голас. Не заўсёды словы гэтыя простыя – але амаль заўсёды забіраюць пачуццё разгубленасці і пакінутасці. Ведаю, што таксама і сёння Езусу патрэбны тыя, хто не адмовіцца занесці Добрую Навіну да ўсіх, хто яе прагне альбо яшчэ не пазналі яе.

Прашу Цябе, Езу, каб я станавіўся радасным супрацоўнікам на Тваёй Божай ніве. Каб не вышыкоўваў усюды зло ды негатывы. Каб не зайздросціў дабру, якое чыняць іншыя.

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і яна будзе жыць

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 18–26

У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і яна будзе жыць 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус гаварыў з імі, да Яго падышоў адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і ўскладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць. 

Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакраналуся да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею. Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: Будзь адважнай, дачка: твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай.  

Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, але спіць. І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў і ўзяў дзяўчыну за руку, і яна ўстала.

І разышлася пагалоска пра гэта па ўсёй гэтай зямлі. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чытаючы гісторыю жыначыны, якая цярпела на крывацёк, бачу ў ёй нейкую частку сябе. У Святым Пісанні кроў лічылася носьбітам жыцця, і нават самым жыццём. З жанчыны гэтай выцякала жыццё. Як жа часта і я адчуваю, як уцякае з мяне жыццё. У канфрантацыі са штодзённасцю, я часта вымушаны прызнаць сваё бяссілле. Адчуваю тады як расце апатыя, раздражненне, ахвота ўцячы ці нават паддацца. І тады ўзгадваю гэтую жанчыну,  яе веру і адвагу, якія не дазвалялі на бяздзейнасць, а вялі яе да Езуса, з надзеяй на выздараўленне.

Неверагодна тое, што ў жыцці шматлікіх людзей, у тым ліку і ў маім, момантам аздараўлення становіцца дакрананне да Езуса. Чаму дакрананне? Можа таму, што Бог прыйшоў у свет дзеля таго, каб адбудаваць блізкасць з чалавекам. Бо дакрануцца можна толькі да таго, хто знаходзіцца блізка, на адлегласць выцягнутай рукі. Не магчыма дакрануцца да кагосці, хто далёка. Таму, калі хачу быць аздароўлены Езусам, найперш патрэбна мне да Яго падыйсці. Як? Найлепш пачаць са шчырага прагнення сэрца. Яно нараджае ўменне маліцца. А малітва дазваляе чэрпаць з іншых дапамогаў, які знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі: Слова Божае, Святыя Сакрамэнты, сустрэчы з іншым чалавекам, асабліва з патрабуючым дапамогі. Менавіта так нараджаецца дасведчанне аздараўляльнага дакранання да Езусавай Любові.

Памятаю, што на шляху, які вядзе да блізкасці з Езусам неабходна цнота цярплівасці. Такая, як у жанчыны з Евангелля – яна чакала дванаццаць год…

Брат Бартош Познаньскі OFMCap, Аўстрыя

 

Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 1–6

Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.

Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.

А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.
Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Існуе пагаворка: “Добра там, дзе нас няма”. Часамі сапраўды складаецца ўражанне, нібыта добра можа быць толькі ў іншай сям’і, ці ў іншай парафіі, у іншай прафесіі, ці нават у іншай краіне. Ёсць нават людзі, якія ўсё жыццё бегаюць па свеце ў пошуках чагосьці або кагосьці звышнатуральнага. Складана ім уявіць, што добра можа быць нават тут, дзе я ёсць – у маёй “бацькаўшчыне”.

У падобную пастку трапілі жыхары Назарэту. Яны, безумоўна, былі здзіўлены мудрасцю Езуса, калі пачулі Яго ў сваёй сінагозе. Яны былі таксама пад ўражаннем ад чутак, якія пра Яго даходзілі з суседніх земляў. Але не маглі паверыць, што столькі гадоў вось тут, побач з Імі рос і развіваўся Госпад, Якому падуладныя стыхіі, хваробы і нават смерць.

У пошуках харызматычных прарокаў з далёкіх краёў, можна нават не пачуць, што Хрыстос чакае менавіта тут - у гэтай сям’і ці ў роднай парафіі. Ён прыйшоў каб ратаваць мяне самога, і маю тутэйшую рэчаіснасць, ад якой не варта ўцякаць. Добра становіцца ўсюды там, дзе ёсць Хрыстос, бо Ён ніводным месцам не пагарджае і любое месца можа ўчыніць Сваім небам.

Ці не ўцякаю я ад даручанага мне паклікання ў пошукі далёкіх “прарокаў”? Ці прыслухоўваюся я да Евангелля, якое Хрыстос абвяшчае тут, у канкрэтных падзеях майго жыцця?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады?

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 14–17

Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць? 

А Езус адказаў ім: Ці могуць быць у жалобе госці вяселля, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць посціць. 

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна на старую вопратку, бо прышытае рве вопратку, і дзірка робіцца яшчэ горшай.  І не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш, разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі псуюцца. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Ізраэля да часу прыйсця Хрыста выпрацаваўся шэраг звычаяў, якія акрэслівалі, калі і як належыць пасціць. Асаблівы ўнёсак зрабілі прарокі, ў навучанні якіх пост быў свайго роду жалобай з-за разарваных з Богам адносін. Гэта былі наступствы беззаконняў, ідаласлужэнняў, распусты і іншых грахоў. У такіх выпадках належыла адмовіцца ад усяго, што адцягвала ўвагу народу ад Божых справаў. Пост спадарожнічаў Ізраэлю ў чаканні радаснага часу, калі Бог злітуецца, зноў пакажа сваю зычлівасць. Гэта будзе шчаслівы дзень прыходу Месіі, калі скончыцца нядоля Ізраэля і настанне вялікае святкаванне (Іс 25, 6-12).

Чаканні споўніліся, доўгачаканы Месія прыйшоў, хоць пачаткова нават вучні Яна Хрысціцеля не заўважылі гэтага. Пазней толькі яны перададуць Яну Хрысціцелю вестку ў вязніцу, што менавіта ў Езусе сапраўды спаўняюцца даўнія прароцтвы (Мц 11, 2-6). Таямнічыя метафары пра вясельных гасцей, новае і старое палатно а таксама пра новае віно і старыя мяхі трапна паказваюць, што цяпер да посту патрэбен новы падыход. Сутнасць гэтай навізны ў тым, што Бог, па Якім сумавала чалавецтва – гэта Езус. Калі Ён тут, гэта азначае, што Бог ніколі яшчэ не быў так блізка з чалавекам, што ажно святкуе з ім за адным сталом. Гэта не проста святочны стол. Гэта вяселле, на якім Жаніх-Хрыстос навекі заручаецца са сваёй Абранніцай-Царквой (Ап 19, 7-8).

“Прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх малады, і тады будуць посціць”. Гэта прароцтва датычыць не толькі арышту і смерці Езуса. На жаль, у нашым жыцці таксама можа здарыцца, што з-за граху ці іншых перашкодаў не зможам у поўні ўдзельнічаць у Эўхарыстыі. Вось тады патрэбна будзе пакаянне і пост, каб зноў стаць удзельнікам вяселля.

Ці ўведамляю сабе радасць з прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі? Ці практыкую часамі пост і малітву за тых, хто аддаліўся ад Бога?

 Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

Не здаровым патрэбны лекар; міласэрнасці хачу, а не ахвяры

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 9–13

Не здаровым патрэбны лекар; міласэрнасці хачу, а не ахвяры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.

catholic.by 

Сёння лічыцца як мінімум не прыгожым пагардлівае стаўленне да людзей бяднейшых ці менш паспяховых. Але так было не заўсёды. Ды і сёння не лічыцца гэта неэтычным ў тых культурах, якія не былі ў свой час пранікнутыя Хрыстовым Евангеллем так моцна, як наша еўрапейская культура.

Езус прыйшоў у грамадства з вельмі выразным расслаеннем калі не на касты, дык дакладна на нацыянальнасці і ступені рэлігійнасці. Сярод габрэяў таксама існавалі такія катэгорыі людзей, якія элітамі выцясняліся на перыферыі грамадства. Асаблівай пагардзе былі падвержаны прадстаўнікі некаторых “нячыстых” прафесій: між іншым пастухі, маракі, купцы, знахары, мяснікі, працаўнікі лазні і вядома ж мытнікі. Наступствам пагарды і розных форм грамадскай ізаляцыі часта станавілася іх яшчэ большае маральнае абядненне і азлобленасць. Такія людзі былі ў нейкім сэнсе згубленыя, але грамадзтва не лічыла гэта стратай для сябе. Хутчэй наадварот, падзелы гэтыя ўспрымаліся як свайго роду “санітарныя” меры па прадухіленню рытуальнай нячыстасці.

Хрыстос, насуперак тагачасным стандартам, часта сам ідэнтыфікуецца з беднымі і адкінутымі, называе іх “сваімі меншымі братамі” і ўсякімі спосабамі паказвае ім сваё прыняцце. Пакліканне Мацвея а таксама вячэра за адным сталом з мытнікамі і грэшнікамі натуральным чынам упісваецца ў словы і ўчынкі Езуса, які прыйшоў “вярнуць і ўратаваць тое, што загінула” (Мц 18, 11).

Вядома, што гэты запавет Хрыста па-ранейшаму не дастаткова папулярны нават у традыцыйна хрысціянскіх грамадзтвах. Але без гэтага наўрат ці ўдасца збудаваць лепшы свет, па-сапраўднаму братэрскі. Апосталы, ў тым ліку св. Павел заклікаюць не пераставаць развівацца ў гэтай любові: “Тут ужо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё ва ўсім – Хрыстос” (Кал 3, 11).

Ці не стаўлюся да каго-небудзь прадузята толькі з-за яго прыналежнасці да нейкай сацыяльнай групы ці прафесіі? Ці не спрабую ўтварыць ўнутры Касцёла, сям’і ці працоўнага калектыву якісці закрыты для іншых клан?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

Праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 9, 1–8

Праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У тыя дні:

Езус увайшоў у човен і пераправіўся ў свой горад. І вось прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложа. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: Будзь адважным, сыне, адпускаюцца табе грахі. І вось некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць. 

А Езус, убачыўшы думкі іхнія, сказаў: Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: «адпускаюцца табе грахі», або сказаць: «устань і хадзі»? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі. Тады кажа паралізаванаму: Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому. 

Той устаў і пайшоў дадому. 

А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Што лягчэй сказаць: «адпускаюцца табе грахі», або сказаць: «устань і хадзі»?” Гэта было б бяспечна - сказаць, што адпускаюцца чалавеку грахі, бо хто і як мог бы гэта праверыць? Факт адпушчэння грахоў сам па сабе нябачны ў зямной рэчаіснасці, ён не матэрыялізуецца. Калі ж Хрыстос сказаў паралізаванаму “Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому”, а той устаў і пайшоў, тады ўсім прысутным стала бачна нябачнае адпушчэнне грахоў.

“А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям”. Гаворка тут ідзе не толькі пра тое, што Езус з Назарэту, будучы чалавекам, мае ўладу чыніць тое, што заўсёды было ў выключнай кампетэнцыі Бога – адпускаць грахі. Першасны апостальскі Касцёл, прадстаўніком якога быў і Евангеліст Мацвей, добра сабе ўсведамляў, што чалавек можа адпусціць грахі чалавеку не толькі ад уласнага імя. Гэта ў сакрамэнце споведзі святар адпускае грахі так, як адпусціць можа толькі Бог. Калі б Хрыстос не перадаў святарам Божую ўладу адпускаць грахі, то сёння адзінае што яны маглі б зрабіць, гэта прабачыць зло прычыненае ім асабіста, не мелі б ніякага права ўмешвацца ў грахі, якія іх асабіста не датычаць.

Бог хоча адпусціць нам малыя і вялікія злачынствы не толькі дзеля таго, каб нас ачысціць з бруду няправеднасці. Грэх, хоць не заўсёды гэта бачым, апроч бруду душы нясе ў сабе параліч, ён скоўвае нармальнае жыццё, перашкаджае ісці наперад. Грэх – гэта заўсёды паталогія. Нармальны ж стан чалавека - гэта жыццё ў асвячальнай ласцы. Не выпадкова Хрыстос кажа, што “адпусаюцца табе грахі”, але таксама кажа: “устань і хадзі”. Таму споведзь аднолькава падобна да абмыцця ў лазні, як і да лячэння ў рэанімацыі. Як вядома, лазню можна і адлажыць на пазней (хоць гэта не пажадана), але калі патрэбна камусці рэанімацыя, тут каштоўная кожная хвіліна.

Ці не паралізуе мяне яшчэ які-небудзь непрабачаны крыўдзіцелю грэх? Ці не губляю свядомасць каштоўнасці жыцця ў асвячальнай ласцы? Ці не адкладаю споведзь без сур’ёзных на гэта прычын? Наколькі старанна я рыхтуюся да споведзі?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

 

 

Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць дэманаў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 8, 28–34

Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць дэманаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус прыплыў на другі бераг у краіну гадарынскую, сустрэлі Яго двое апантаных, якія выйшлі з магілаў, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. І вось яны закрычалі: Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць нас. 

Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. І дэманы прасілі Яго, кажучы: Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней. І сказаў ім: Ідзіце. Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. І вось кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе. 

А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апантаных. І вось горад увесь выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус на працягу сваёй дзейнасці не аднойчы паказваў, што лёс д’ябла ўжо вырашаны. Да часу другога прыйсця Хрыста нам яшчэ даводзіцца змагацца з ворагам за нашу свабоду. Аднак сённяшні фрагмент таксама не пакідае ніякіх сумненняў, што хоць час канчатковага звязання дэмнаў яшчэ не настаў, прыйдзе час, калі яны будуць на заўсёды скінуты ў пекала падобным чынам, як статак свіней патануў у водах Галілейскага Мора.

Павучальным для нас можа быць стаўленне да Езуса і Яго дзейнасці з боку жыхароў гэтага горада. Яны бачаць здаровымі, адэкватнымі людзьмі тых, якія яшчэ ўчора палохалі ўсіх сваёй лютасцю. Гэта азначае, што цяпер давядзецца іх знову неяк прыняць іх у сваё грамдства. Верагодна, што гэта было не проста і для саміх вызваленых, і для іх суседзяў. А яшчэ вядома, што загінуў статак свіней. Для язычнікаў, якія спажывалі свініну, гэта было сур’ёзным матэрыяльным уронам. Беручы пад увагу гэтыя акалічнасці, гараджане палічылі Езуса парушальнікам таго ладу жыцця, да якога былі прызвычаеныя – апантаных ізаляваць, свіней есці. Таму просяць Яго, каб пакінуў іхнюю тэрыторыю, яны не хочуць, каб тут штосці змянялася. Такім чынам, камфорт і дастатак, замыкае іх ва ўласным свеце, не дазваляе вучыцца спачуваць гаротным братам і пазнаць яшчэ большую дабрыню Айца Нябеснага, якую Езус мог бы ім аб’явіць.

Ці дастаткова дазваляю Божаму слову і Сакрамэнтам экзарцызмаваць мяне і прастору майго жыцця? Ці не замыкаюся я на Бога, ў страху перад зменамі, якія можа ўнесці ў маё жыццё? Ці не цаню ўласны камфорт і дабрабыт больш за любоў да бліжніх і да Бога?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

Пан мой і Бог мой!

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 20, 24–29

Пан мой і Бог мой!

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў.

Гэта слова Пана.

catholic.by 

Для тых хрысціян, вера якіх ужо неяк сфарміравалася ў пэўную сістэму перакананняў, вызначыла перспектывы надзей і кірункі імкненняў, прыходзіць час ад часу жахлівы вопыт сумнення. Гэта імгненні або нават перыяды пачуцця пагрозы, што гэты мой ўтульны свет веры можа акзацца ілюзіяй. Але падобным чынам як вера чалавека веруючага можа падвергнуцца націску сумнення, так і нявера чалавека няверуючага часамі хістаецца пад націскам веры – “а што, калі Бог усё ж такі існуе?” (паводле: Ё. Рацынгер. “Уводзіны ў хрысціянства”)

Бывае, што мы, хрысціяне, досыць лёгка асуджаем няверуючых. Але прычыны няверы людзей бываюць розныя, далёка не заўсёды яны вынікаюць з упартасці ці самаўпэўненасці. Страх ад сумненняў ў няверы для іх, магчыма, не меншы, чым для нас страх ад сумнення ў веры. Як не дзіўна, гэты супольны экзістэнцыяльны вопыт можа стаць плоскасцю першай сустрэчы і дыялогу з няверуючым братам. Такая сустрэча можа найперш абудзіць сум па Богу, шчырае прагненне каб Ён быў, а далей і да веры ўжо не так далёка.

Хрыстос не асуджае сумненні Тамаша, не хавае ад Яго свае раны, а прапануе ўзмоцніцца дакрананнем. “Не будзь няверуючым, але веруючым” - гэта запрашэнне Езуса адпачыць нарэшце ў Яго адкрытых ранах, каб Ён уваскрос нават ў нашым стомленым пошукамі пазнанні.

Ці ёсць у мяне час для маіх няверуючых знаёмых ці сваякоў? Ці трываю ў слове Божым і Сакрамэнтах калі надыходзіць крызіс веры? Ці ёсць у мяне супольнасць або сябры, з якімі я магу дзяліцца верай?  

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 1, 39–56

Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. 

Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго  загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана, 
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, 
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, 
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне 
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону 
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў, 
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля, 
памятаючы пра сваю міласэрнасць,    
як абяцаў бацькам нашым, 
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.

Гэта слова Пана.

 

catholic.by 

Найсвяцейшая Дзева, выпрасі нам любоў да Крыжа, каб мы ўдзельнічалі ў муках і пакутах Езуса. Ты першая рупліва выканала Евангелле, Ты зрабіла гэта раней, чым яно было запісана. Выпрасі нам гэтую ласку, каб мы заўсёды былі блізка з Госпадам. Марыя, выпрасі нам і такую ласку ў свайго Сына, каб мы маглі ўладкаваць усё наша жыццё паводле прагненняў Божага Сэрца, каб мы маглі ўсё наша ўнутранае жыццё скласці ў Ім. Найдаражэйшая Маці, учыні, каб мы так сцісла паядналіся з Езусам, што ніякая моц і ніякая рэч гэтага марнага свету не здолее нас адлучыць ад Яго. Марыя, учыні, каб мы заўсёды былі блізка да гэтай бязмежнай Любові – Езуса, каб мы заўсёды былі сынамі Божымі сярод гэтага свету. Ты, якая прыйшла на гэты свет без ніводнай заганы, выпрасі нам у свайго Сына гэтую ласку, каб мы маглі без ніякай віны адыйсці з гэтага свету і каб былі ўведзены ў славу Валадарства Айца, Сына і Духа Святога ў супольнасць адкупленых, Анёлаў і Святых. Амэн.

Святы Піо з П’етрэльчыно OFMCap

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 5, 21–24. 35b–43

Дзяўчына, табе кажу, устань!

Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ягоных ног і моцна просіць Яго, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

І прыходзяць ад кіраўніка сінагогі і кажуць: Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: Не бойся, толькі вер! І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыходзіць у дом кіраўніка сінагогі. І бачыць Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, бярэ з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўваходзіць туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: Таліта, кум! — што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці.

Гэта слова Пана.

catholic.by

 

Ці бывае такое, каб Бог не выслухаў чыіх-небудзь шчырых, поўных любові малітваў? Хтосьці, напрыклад, пакорна моліць аб здароўі для блізкага чалавека, а той усё ж такі памірае. Здаецца, што ўсе шансы страчаны. Прыходзіць спакуса накшталт: “Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка?” Чыста па-чалавечы, складаецца ўражанне нібыта Бог не пачуў просьбу, або яшчэ горш - пачуў, але не выканаў. Можна ж было хутчэй аздаравіць гэтае дзіця, з адлегласці, пакуль яшчэ жыло… Адказ Езуса на падобны боль гучыць: “Не бойся, толькі вер!” Гэта азначае, што для Бога нават смерць - не перашкода.

У выпадку Яіра, Хрыстос выканаў просьбу амаль што так, як той прасіў Яго – вярнуў дачушку да ранейшага жыцця. Аднак гэта не адзіны магчымы варыянт. Нашыя просьбы Бог можа споўніць не так, як Яго просім, а нашмат лепш. Ён можа нават замест часовага жыцця даць жыццё яшчэ паўнейшае, вечнае. Вядома, гэта цяжкі шлях праведнага Ёва, які нават калі страціў ўсё, Бога не страціў і ўсё роўна не перастаў благаславіць Яго (Ёў 1, 20-22).

Пакуль што складана бывае давяраць Езусу ажно так, але магчыма прыйдзе час, калі ўбачым сваё жыццё як быццам з вышні. Тады стане зразумела – Бог выбраў найлепшы варыянт і зрабіў ўсё лепш, чым можна было ўявіць.

Ці не затаіў я крыўду на Бога за “невыкананыя” просьбы? Ці застаюся з Богам, нават калі не атрымаў дакладна тое, што хацеў? Ці давяраюся я мудрасці Божага Провіду?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва