Skip to main content

Парафіяльны "Карытас"

 

  СПРАВАЗДАЧА ДЗЕЙНАСЦІ ПАРАФІЯЛЬНАГА "КАРЫТАС" г. Маладзечна з 17.07.2022 па 17.07.2023 

 

Парафіяльны Карытас парафіі святога Казіміра ў г. Маладзечна размешчаны па адрасе: Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласць, 222302, г. Маладзечна, вул. В. Гасцінец, 141. 

17 ліпеня 2022 года валанцёры адзначылі Дзень заснавання парафіяльнай суполкі Карытас. 

Суполка дзейнічае пад кіраўніцтвам брата Андрэя Жылевіча OFMCap.

Слова caritas — лацінскае, яно азначае «любоў» у кантэксце братняй дапамогі і апекі. Гэтым тэрмінам з канца XIX стагоддзя акрэсліваюцца таксама розныя кірункі дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў галіне дабрачыннасці. Выкарыстанне агульнага тэрміну для касцёльнай дабрачыннай дзейнасці было звязана з імкненнем яе каардынацыі і аб’яднання. Касцёл працаваў у сферы дабрачыннасці на працягу ўсёй сваёй гісторыі, але толькі ў апошнія сто гадоў былі створаны спецыялізаваныя структуры, заданне якіх — каардынацыя дабрачыннай дзейнасці Касцёла.

Сёння «Карытас» на Беларусі з’яўляецца арганізацыяй, якая ажыццяўляе і накіроўвае дабрачынную дзейнасць у мясцовым Каталіцкім Касцёле. «Карытас» дзейнічае на падставе ўласнага статуту як дабрачыннае каталіцкае таварыства.

 

Дапаможнік па развіцці парафіяльных структураў дабрачыннага таварыства «Карытас»

 

 ДЗЕЙНАСЦЬ ПАРАФІЯЛЬНАГА "КАРЫТАС" г. Маладзечна:

 

1. Гуманітарная дапамога тым, хто мае патрэбу.

Збор і размеркаванне дапамогі. Надзея Смірнова +37533-649-76-87

2. Сацыяльная дапамога.

Дапамога адзінокім людзям і інвалідам, сацыяльная перадышка (падмена апекуноў на кароткі час). Святлана Лапата +37533-686-75-42

3. Арт-тэрапія.

Мастацкія майстар-класы (маляванне, калаж, выраб сувеніраў і г.д.) з элементамі псіхалагічнай тэрапіі для дзяцей, моладзі і дарослых.

Лізавета Чырвонцава +37529-697-61-76, E-mail:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вас павінен быць уключаны JavaScript у браўзэры.

4. Псіхалагічная дапамога:

  • Дапамога ў дыягностыцы асабістых і прафесійных праблем, вызначэнне патэнцыялу для іх вырашэння, выпрацоўка (развіццё) якасцяў, неабходных для вырашэння праблем і дасягнення мэтаў, кіраванне сваім фізічным, псіха-эмацыйным і фізічным здароўем, вызначэнне жыццёвых прыярытэтаў, якія адказваюць на пытанне: "Для чаго і дзеля каго я жыву?".

Уладзімір Глушакоў - кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт. Аўтар 29 кніг па кіраванні, псіхалогіі, камунікацыях. +37529-623-94-51, E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вас павінен быць уключаны JavaScript у браўзэры.

  • Дапамога ў вырашэнні асабістых і сямейных праблем, кансультацыі па пытаннях выхавання дзяцей, дапамога моладзі пры вырашэнні цяжкіх жыццёвых пытанняў, кансультацыі па праблемах алкагольнай, наркатычнай і іншых залежнасцей і сузалежнасцей.

Вольга Баханко - псіхолаг-кансультант.  +37529-699-95-49, E-mail: olgabohanko@gmail.com

 5. Арганізацыя акцый.

Акцыі ў падтрымку: дзяцей-сірот, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асоб састарэлага ўзросту, шматдзетных сем’яў.  Ірына Фаміна +37529- 117-97-72, Святлана Лапата +37533-686-75-42

6. Кансультатыўная дапамога бацькам дзяцей-аўтыстаў.

Кансультацыя пры магчымых падазрэннях адхіленняў у развіцці дзіцяці. Праблематыка асабістага прыняцця, пастаноўкі дыягназу і атрымання групы інваліднасці. Кансультацыя на тэму размоў з псіхіятрамі, псіхолагамі і выхавацелямі. Кансультацыя ў галіне методык для хатніх развіваючых заняткаў, дыдактычных матэрыялаў, кантактаў дэфектолагаў.

Марыя Буневіч +37529-144-63-91, E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вас павінен быць уключаны JavaScript у браўзэры.

7. Фізкульт-зарадка 60+

Кожны будні дзень, у парку Перамогі, каля трэнажораў, а 10 гадзіне, сустракаецца суполка актывістаў 60+ для выканання лёгкіх фізічных практыкаванняў. Удзельнікі абменьваюцца жыццёвым вопытам, набываюць новыя веды і знаёмствы. Ларыса Ураева +37529-557-70-58

8. Дапамога людзям, якія маюць залежнасць ад алкаголю.

Можам дапамагчы тым, хто мае жаданне кінуць піць і паказаць, як жыць без алкаголя кожны дзень. Андрэй Паўлік +37529-742-54-94

 

 

ПАРАФІЯЛЬНЫ «КАРЫТАС» МАЕ ПАТРЭБУ Ў ДАПАМОЗЕ ВАЛАНЦЁРАЎ ДЛЯ:

- працы на складзе гуманітарнай дапамогі

- дапамогі адзінокім людзям і інвалідам

- канкрэтнай і разнастайнай дапамогі падапечным

- удзелу ў арганізацыі акцый для тых, хто мае патрэбу

- удзелу ў арганізацыі паездак у дзіцячыя ўстановы і дамы састарэлых.

 

 Каб стаць валанцёрам нашага парафіяльнага Карытас можна запоўніць анкету 

 

   https://forms.gle/qrSqZXcabFA68Tei8 

 

або патэлефанаваць па нумару:

 +375(29) 117-97-72

  

Ахвяраванне для нашага парафіяльнага «Карытас» можна здзейсніць праз: 
 
- СІСТЭМУ «РАЗЛІК» (АРІП) Нумар паслугі 4922841 (В разделе ФИО указать для Каритас)

 

   Благотворительность, общественные объединения

   Религиозные объединения

   Молодечно Приход Св. Казимира (В разделе ФИО указать для Каритас)

 

 joomplu:7408

 

  • Праглядаў: 1438

Францішканская моладзь Тау

 

ФМ Тау - гэта супольнасць каталіцкай моладзі, якая ў моцы Святога Духа, праз бесперапыннае навяртанне і пакуту па прыкладзе святога Францішка прыпадабняецца сваім уласным жыццём да Езуса Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага; вучыцца пакоры, дасканалай любові і радасці. Супольнасць ФМ Тау з'яўляецца маладой часткай францішканскай сям'і, да якой адносяцца таксама браты-францішкане, сёстры-кларыскі і Францішканскі ордэн свецкіх.

Супольнасць ФМ Тау міжнародная - яна існуе ў Польшчы, Украіне і ў іншых краінах. У Беларусі супольнасці існуюць пры капуцынскіх кляштарах у Менску, Маладзечне, Слоніме, Докшыцах і Смалявічах.

У супольнасцях моладзь на працягу некалькіх год праходзіць фармацыю; таксама раз у сезон адбываюцца рэкалекцыі - у якіх можа прымаць удзел кожны, хто ўзростам прыналежыць да моладзі, - а летам адбываецца наступны фармацыйны этап. Каб распачаць фармацыю ў супольнасці ФМ Тау, неабходна перажыць летнія рэкалекцыі Spoleto, якія адбываюцца штогод.

Місія ФМ Тау:

  • Прыпадабненне да Езуса Хрыста праз навяртанне (працэс пераходу ад "жыцця ў граху" да "жыцця ў радаснай пакуце");
  • Будаванне супольнасці паміж сабой, з людзьмі па-за супольнасцю;
    - Дапамагаць адно аднаму разпазнаваць жыццёвае пакліканне;
  • Пражываць любоў да Бога і Касцёла, да сябе самога і іншых людзей у францішканскім духу.

Усе гэтыя мэты супольнасць рэалізуе праз жыццё Евангеллем, падпарадкаванне вучэнню Каталіцкага Касцёла, узбагачэнне духоўным зместам лістоў і біяграфій святых апекуноў, а таксама трыманне статуту ФМ Тау.

На шляху фармацыі моладдзі спадарожнічаюць браты меншыя капуцыны.

Нашыя святыя заступнікі: святы Францішак з Асізі, святая Клара з Асізі, жыцце і лісты якіх выкарыстоўваюцца на шляху навяртання ФМ Тау; а таксама святая Маргарыта з Картонэ і святы Бернард з Карлеонэ, якія праз сваю гераічную любоў, пакуту і малітву вучаць моладзь быць падобнымі да Хрыста Укрыжаванага.

Калі табе ад 14 да 30 гадоў і ты таксама хочаш быць у супольнасці ФМ Тау, звяртайся да братоў меншых капуцынаў, Францішканская сям'я цябе прыме!

  • Праглядаў: 1439

Папа Францішак павіншаваў Кіко Аргуэла з 80-годдзем

Кіко Аргуэла

9 студзеня заснавальніку Неакатэхуменальнага шляху Кіко Аргуэла споўнілася 80 гадоў. Папа Францішак з гэтай нагоды скіраваў яму асабістае пасланне.

«Няхай Бог аддзячыць табе за ўсё дабро, якое ты робіш у Касцёле», — піша ў ім Святы Айцец, як паведамляе італьянская рэдакцыя Vatican News.

«Дарагі брат, не хачу, каб ты правёў гэты дзень без дасланых табе радкоў блізкасці і братэрскай падзякі за твае 80 гадоў. Дзякую Богу, які выбраў цябе, і дзякую табе за тваю вернасць.

Няхай Пан Бог аддзячць табе за ўсё дабро, якое ты робіш у Касцёле. Я блізкі да цябе, малюся і падтрымліваю цябе. З днём нараджэння!

Спадзяюся, што ўдзельнікі шляху зробяць табе торт з 80-ю свечкамі. І, калі ласка, не забывайся маліцца за мяне. Няхай Езус благаслаўляе цябе і Найсвяцейшая Панна цябе абараняе. Твой брат, які любіць цябе і захапляецца табою, Францішак», — падпісаў сваё пасланне юбіляру Пантыфік.

Кіко гэты жэст Папы прыняў з вялікім энтузіазмам і ўжо ўчора падзякаваў Папу за словы, якія той яму скіраваў у аўторак раніцай падчас св. Імшы ў Доме святой Марты, калі дзякаваў за апостальскую стараннасць з якой Кіко працуе ў Касцёле». Кіко, які разам з кс. Марыё Пэццы і Марыяй Асэнсьён Рамэра з’яўляецца адказным за Шлях на міжнародным узроўні, падзякаваў Папу і запэўніў яго ў сваіх цёплых пачуццях і блізкасці, а таксама ў сваёй малітве за яго служэнне на пасадзе св. Пятра.

Апошняя сустрэча папы Францішка з Кіко Аргуэла адбылася 5 мая мінулага года, калі Неакатэхуменальны шлях адзначыў на плошчы Тор-Вергата 50-годдзе заснавання сваіх першых супольнасцяў у Рыме. З гэтай нагоды Папа, гаворачы пра моц абвяшчэння Евангелля у неакатэхуменальным шляху, у сваёй прамове сказаў: «Не маюць значэння пераканаўчыя аргументы, але жыццё, якое прыцягвае; не здольнасць павязаць сваю думку, але мужнасць служэння.

І вы ў сваіх „генах“ маеце гэтае пакліканне абвяшчаць, жывучы ў сям’і па прыкладзе Святой Сям’і: у пакоры, прастаце і праслаўленні. Занясіце гэтую сямейную атмасферу ў тыя шматлікія месцы, дзе няма радасці і любові».

Неакатэхуменальны шлях з’яўляецца праграмай хрысціянскага ўтаямнічання і на сённяшні дзень прысутнічае ў 134 краінах на пяці кантынентах з тысячамі супольнасцяў, у тым ліку і ў Беларусі. Ён узнік у 60-х гадах мінулага стагоддзя у трушчобах Паламерас-Альтас на ўскраінах Мадрыда.

  • Праглядаў: 1111

Аўдыёдадатак да дапаможніка па катэхезе

БОГ ЛЮБІЦЬ МЯНЕ

Аўдыёдадатак да дапаможніка па катэхезе

(Першы год падрыхтоўкі да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыіі)

Песні ў выкананні дзіцячага хору парафіі св. Казіміра з г.Маладзечна

Гукарэжысёр - Вячаслаў Банкевіч

Музычны кіраўнік - Дамініка Гулевіч

Клавішы: Дамініка Гулевіч

Гітара, флейта: Яўген Якаўлеў

Вакал: Сабіна Вяжэвіч, Дзіяна Яркевіч, Яна Шавела, Ганна Станкевіч, Амалія Каралькова

Слухаць песні на сторонцы 

  • Праглядаў: 4200

Папа Францішак: Харызма неакатэхуменату — вялікі дар для Касцёла

Тор-Вергата папа Францішак

5 мая 2018 года ў рымскім мікрараёне Тор-Вергата папа Францішак узначаліў святкаванне 50-годдзя пачатку дзейнасці Неакатэхуменальнага шляху, у якім бралі ўдзел таксама вернікі з Беларусі. У сваёй прамове Святы Айцец запрасіў падзякаваць Богу за спазнаныя за гэты час любоў і вернасць.

Пантыфік падкрэсліў важнасць місіі, якая ажыццяўляецца неакатэхуменатам: яна адлюстроўвае верную любоў Бога. Ён адзначыў, што місія патрабуе выхаду насустрач іншым, хоць у жыцці ёсць моцная спакуса застацца на месцы, не рызыкаваць. Езус заахвочвае заўсёды быць у дарозе, вандраваць па свеце ў пошуках брата, які да гэтага часу не спазнаў радасці Божай любові. Папа адзначыў, што місія патрабуе спрыту, адмовы ад непатрэбнага баласту, даверу да Бога.

«Для таго, каб прапаведаваць, неабходнае адрачэнне. Толькі Касцёл, які адракаецца ад свету, абвяшчае Пана добра. Толькі Касцёл, вызвалены ад улады і грошай, свабодны ад трыумфалізму і клерыкалізму, годны даверу ў сваім сведчанні аб тым, што Хрыстус вызваляе чалавека»,— сцвердзіў Святы Айцец.

Пастыр паўсюднага Касцёла дадаў, што місія заўсёды здзяйсняецца разам і што гэтаму трэба вучыцца. «Трэба, напрыклад, быць асцярожным, каб не дыктаваць тэмп іншым. Хутчэй, мы павінны суправаджаць і чакаць, маючы на ўвазе, што тэмп іншых не такі, як у нас. <…> Мы — пілігрымы, якія ў суправаджэнні братоў ідуць побач з іншымі братамі, і добра, калі гэта робіцца з індывідуальным падыходам, з клопатам і павагай да дарогі кожнага, без ніякага прымусу да развіцця, таму што адказ Бога спее толькі ў шчырай і сапраўднай свабодзе», — сказаў Папа.

Затым Святы Айцец нагадаў, што ўваскрослы Езус сказаў апосталам навучаць усе народы. Ён адзначыў, што сутнасцю місіі з’яўляецца дзяленне з іншымі тым, што мы атрымалі: сустрэчай любові, якая змяніла наша жыццё. Гаворка ідзе пра сведчанне таго, што Бог любіць нас і што з Ім магчыма сапраўдная любоў, якая вядзе да ахвяравання сваім жыццём у сям’і, святарстве, працы, манаскім жыцці і сужэнстве.

Папа Францішак заклікаў місіянераў неакатэхуменату не выключаць нікога са сваіх евангелізацыйных намаганняў, таму што Бог любіць усіх.

Ён запрасіў іх не канцэнтравацца на негатыўных аспектах і на тым, што трэба змяніць, але глядзець на рэчаіснасць сэрцам, з даверам і павагай.

«Думаючы пра нашага Айца, Які так любіць свет, любіце чалавецтва, будучы супрацоўнікамі радасці ўсіх. <…> Любіце культуру і традыцыі народаў, не выкарыстоўваючы ўсталяваных шаблонаў. Адштурхоўвайцеся не ад тэорый і схем, але ад канкрэтных сітуацый: такім чынам Святы Дух будзе фармаваць прапаведаванне ў адпаведнасці са сваім часам і шляхамі. І Касцёл будзе расці на Яго вобраз: аб’яднаны ў разнастайнасці народаў, дароў і харызмаў», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што пакліканне і праца Неакатэхуменальнага шляху — гэта вялікі Божы дар для Касцёла ў нашы часы.

Ён паабяцаў сваю малітву і заклікаў членаў каталіцкай супольнасці да мужнасці.

catholic.by 

joomplu:2798

  • Праглядаў: 1351

Як у першых хрысціянаў

Неакатэхуменальны шлях

«Лепш самой усё ўбачыць і перажыць», — так я падумала, калі вырашыла з’ездзіць у госці ў неакатэхуменальную супольнасць у Маладзечне, якая існуе тут ужо больш за 10 гадоў. Мэтай маёй вандроўкі было пабываць на нядзельнай святой Імшы, якая ў гэтай супольнасці цэлебруецца… у суботу вечарам! Мне стала цікава, як адбываецца гэтая не зусім прывычная цэлебрацыя Эўхарыстыі, чаму менавіта ў суботу, а не ў нядзелю… Урэшце, выйшла так, што я ўпершыню перажыла неакатэхуменальную Імшу, упершыню ўбачыла жыццё супольнасці, пра якую ведала аддалена і цьмяна, «знутры». Але пра ўсё па парадку.

  

Неакатэхуменальны шлях

Кажучы агульна, неакатэхуменат — гэта рух свецкіх у Каталіцкім Касцёле, а супольнасці гэтага руху існуюць унутры звычайных парафій. Так і ў Маладзечне існуе ажно тры неакатэхуменальныя супольнасці пры парафіі св. Казіміра, кожная з якіх налічвае каля 30-ці чалавек. Неакатэхуменальны шлях заснавалі іспанцы Франсіско (Кіко) Аргуэльё і Кармэн Эрнандэс прыкладна 50 гадоў назад у адказ на заклік Другога Ватыканскага Сабору аб новай евангелізацыі. Неакатэхуменальны шлях пакліканы аднаўляць у чалавеку яго ўсведамленне сябе хрысціянінам. Як і іншыя каталіцкія супольнасці, неакатэхуменальная суполь­насць паклікана паказваць любоў, прыняцце, спагаду і такім чынам несці вестку аб уваскрослым Хрысце іншым людзям. Духоўнае жыццё ўнутры неакатэхуменальнага шляху базуецца на тым, каб разам разважаць над Божым словам, калі кожны стараецца пачуць Бога, які прамаўляе праз гэтае слова да чалавека ў яго канкрэтных жыццёвых абставінах, тут і цяпер. Кожная новая неакатэхуменальная група ўзнікае і папаўняецца ў выніку катэхізацыі, якую праводзяць самі ўдзельнікі супольнасці на працягу 2-х месяцаў. У Мала­дзечне, напрыклад, катэхізацыя праводзіцца для парафіянаў падчас Вялікага посту.

Неакатэхуменальны шлях

Кіко Аргуэльё, папа Ян Павел ІІ, Кармэн Эрнандэ

 Неакатэхуменальны шлях

Кіко Аргуэльё

Падрыхтоўка да Эўхарыстыі

Калі я ўвайшла ў касцёл у суботу ўвечары, там ужо людзі рыхтаваліся да Эўхарыстыі: усе лавы і крэслы расстаўляліся па крузе, пасярэдзіне касцёла «майстравалі» новы алтар, а па краях упрыгожвалі яго жывымі кветкамі. «Мы, як першыя хрысціяне, сядаем вакол алтара падчас Імшы, — тлумачыць мне Іван, катэхет першай супольнасці, і дадае: — У нас наогул такі шлях, у якім мы імкнёмся аднаўляць форму духоўнага жыцця першых хрысціянаў». І сапраўды, у першую чаргу гэта праяўляецца ў тым, што Імша ўваскрасення Пана цэлебруецца ў супольнас­ці ў суботу вечарам, як і Пасхальная вігілія. На Эўхарыстыі суполь­насць выкарыстоўвае не звыклы для нас аплаткавы хлеб, а праснакі з мукі і вады, якія больш нагадваюць хлеб. Але такім навічкам, як я, звычайна расказ­ваюць, як трэба прымаць святую Камунію ў такім выглядзе, каб пасля не было нейкіх недарэчных момантаў.

«Іван, калі будзем кідаць лёсы?» — звярнулася жанчына да катэхета. Як высветлілася, усе тры супольнасці рыхтуюць некалькі каментараў да святой Імшы, але ніхто не ведае, якая з гэтых групаў будзе суправа­джаць літургію. Усё аддаецца на волю Святому Духу: Ён вырашае, каментар якой супольнасці пачуюць усе прысутныя.

 Неакатэхуменальны шлях

Неакатэхуменальны шлях

 

Спяванае Божае слова

Святая Імша тут пачынаецца нязвыкла: адказны кантар (як я ўжо даведалася пасля) заспявала спеў на ўваход, выйшаўшы да амбоны з гітараю; гэтаксама яна завершыць і святую Імшу. Калі асобна казаць пра спевы, то ў неакатэхуменальнай супольнасці яны таксама не такія, як усюды, — яны адмысловыя, прычым падчас Эўхарыстыі выкарыстоўваюцца толькі гэтыя спевы, ніякія іншыя. Думаю, штосьці падобнае адбываецца таксама і ў набажэнствах супольнасці Taizé. Аўтарам усіх неакатэхуменальных спеваў з’яўляецца Кіко, заснавальнік супольнасці, які не мае прафесійнай музычнай адукацыі, але настолькі таленавіты, што піша вялікае мноства спеваў. Усе спевы або базуюцца на біблійных урыўках, або наўпрост з’яўляюцца цытатамі са Святога Пісання, пакладзенымі на музыку. Як мне здаецца, лепш не прыдумаеш! Толькі, на жаль, у Маладзечне (ды і па ўсёй Беларусі) неакатэхуменальныя песні спяваюцца па-руску, але ў астатнім супольнасць стараецца трымацца беларускай мовы. Хачу абавязкова сказаць пра музыку — яна непаўторная! Так, «неонскія» спевы не зблытаеш ні з якімі іншымі, бо яны нагадва­юць габрэйскія матывы і штосьці паўднёваеўрапейскае, іспанскае — акустычная гітара стварае сваю атмасферу.

Яшчэ перад тым, як святар пачаў малітву, да амбоны выйшла жанчына і сказала некалькі словаў пра агульны пасыл літургічных чытанняў. Такіх каментараў на працягу Імшы будзе некалькі: асобна будзе каментавацца кожнае з чытанняў. Адметна тое, што людзі, якія рабілі каментары, не зачытвалі іх і не «пазычалі» ў кагосьці — гэта іх уласнае разуменне Божага слова, якое фармавалася ў іх на працягу тыдня. Вядома, гэта адэкватныя каментары, лаканічныя, у духу Божай любові, бо супольнасць дбае пра дакладнасць Божага слова.

«Рэха слова»

На святой Імшы айцец Анатоль Ярошка OFMCap прамовіў гамілію, але перад гэтым адбыўся хіба самы кранальны і незвычайны момант Эўхарыстыі. Пасля чытання Евангелля і яшчэ перад гаміліяй аддаецца час так званаму «Рэху слова», калі кожны можа падзяліцца з братамі і сёстрамі ўласным сведчаннем і досведам пра тое, якім чынам Божае слова адгукнулася ў яго сэрцы, што чалавек зразумеў і перажыў праз святло Святога Пісання тут і цяпер. Казалі, вядома, не ўсе, бо на Імшы было чалавек 50. Прызнаюся, такога я яшчэ не бачыла, каб на самой Эўхарыстыі людзі дзяліліся сваімі перажываннямі. Але гэта быў настолькі важны момант, такі шчыры, кранальны, што я зразумела: вось менавіта гэта робіць з групы розных людзей сапраўдную супольнасць. Хтосьці дзяліўся тым, як яго закрануў каментар або Божае слова, хтосьці даваў сведчанне аб дзейснай малітве братоў і сясцёр, а хтосьці рас­казваў пра той унутраны боль, які церпіць на дадзеным этапе жыцця...

Здзівіла, што на неакатэхуменальнай Імшы людзі перадаюць адзін аднаму знак супакою пасля гаміліі.

«Бярыце і ешце… Бярыце і піце...»

Пасля Эўхарыстычнай малітвы прыйшоў момант прымаць святую Камунію. Для большасці католікаў, думаю, гэта было б моцным перажываннем, бо Камунію святар раздае ў рукі: па кавалку хлеба — Цела Хрыста. Яна не спажываецца адразу, бо трэба пачакаць, пакуль усе атрымаюць яе. Па гэтай прычыне той момант, калі Хрыстовае Цела ляжыць у цябе на руцэ, вельмі эмацыйны і інтымны: ты можаш вось так пабыць з Езусам, даверыць Яму свае перажыванні і думкі. Спажываць Цела Хрыста ў выглядзе такога кавалка хлеба яшчэ больш нязвыкла, чым трымаць яго ў руках. Але затое нарэшце я нібы сапраўды ела і сапраўды піла, як звычайны хлеб і як звычайнае віно, Цела і Кроў Хрыста...

  

Вулічная евангелізацыя

У канцы Імшы, падчас аб’яваў для супольнасці, шмат казалі пра вулічную евангелізацыю. «Абвяшчэнне Добрай Навіны адбываецца ў нядзелі на працягу пяці тыдняў пасля Пасхі, — патлумачыла мне пасля Імшы Ірына, жанчына, адказная за катэхізацыю. —  Мы выходзім у горад па два чалавекі і падыходзім да мінакоў, размаўляем з імі пра Бога. Канешне, перад гэтым мы атрымліваем благаслаўленне ад святара, а таксама чытаем Божае слова і молімся да Духа Святога. У выніку з кожным чалавекам мы размаўляем пра рознае — як пакіруе Бог. А раней мы выходзі­лі і станавіліся перад касцёлам, спявалі песні і прамаўлялі катэхезы. Мінакі падыходзілі самі і слухалі — некаторыя вось такім чынам, праз такую евангелізацыю, і прыйшлі ў нашую супольнасць».

Вядома, цалкам апісаць жыццё і дзейнасць гэтай супольнасці за адзін раз немагчыма, таму, каб з ёю больш пазнаёміцца, я скіроўваю на інтэрнэт-сайт маладзечанскай парафіі www.pio.by. Я асабіста вельмі радуюся любым згуртаванням унутры парафій, асабліва супольнасцям дарослых людзей. Біблійнае кола, катэхезы для дарослых, харызматычныя супольнасці, неакатэхуменат і г.д., калі ўсё гэта служыць еднасці і любові паміж людзьмі, іх шчырасці паміж сабою, калі людзі дзеляцца сваім досведам адносінаў з Богам, моляцца адзін за аднаго, разам служаць іншым людзям, дае сапраўды добры плён, бо гэтыя шляхі вядуць да Неба...

Неакатэхуменальны шлях

Вольга Качалка

http://ave-maria.by

  • Праглядаў: 1472

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў Бібліі слухачам катэхез пры парафіі ў Маладзечне

13 сакавіка 2017 года ў парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне слухачы катэхез для дарослых атрымалі Бібліі з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага.

Катэхезы пры парафіі арганізуе «Неакатэхуменальны шлях», які дзейнічае ў касцёле св. Піо з 2006 года. На сёння яго ўдзельнікі аб’яднаныя ў тры вялікія супольнасці.

Раз на год праходзяць заняткі па катэхезе, якія служаць глыбокаму пазнанню сваёй рэчаіснасці і сваіх адносін з Богам і людзьмі.

 Бібліі слухачам катэхез

Шмат гадоў такімі катэхезамі кіравалі катэхеты з Польшчы, але ўжо трэцi год гэта робяць удзельнікі першай неакатэхуменальнай супольнасці ў Маладзечне. Катэхезы доўжацца каля паўтара месяца і заканчваюцца Літургіяй Пакуты, якая ўключае ў сябе споведзь, Літургію Слова з уручэннем Біблій, канвівенцыю (ад іт. «канвівэрэ» — жыць супольна), падчас якой удзельнікі вучацца глыбока ўглядацца ў сваё жыццё пры дапамозе Божага слова і давяраць сваё жыццё і канкрэтныя праблемы Богу.

 Бібліі слухачам катэхез

Сёлета катэхезы пачаліся на пачатку лютага. На працягу многіх тыдняў іх слухачы з дапамогай Святога Пісання пазнавалі, як Бог дзейнічаў у жыцці ізраэльскага народа і як Божае слова пралівае святло на жыццё сучаснага чалавека, адказваючы на яго праблемы.

 Бібліі слухачам катэхез

Сімвалічнае ўручэнне Біблій азначала, што ўдзельнікі катэхез імкнуцца жыць Божым словам, змешчаным у Святым Пісанні, хочуць слухаць яго і даваць магчымасць Богу дзейнічаць праз яго ў сваёй штодзённасці.

Падчас гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі таксама заклікаў падпарадкаваць сваё жыццё Божаму слову, каб Святое Пісанне стала штодзённай Кнігай жыцця для сабраных.

Вольга Фралова, фота бр. Францішка Букі OFMCap

 catholic.by

  • Праглядаў: 1917

Хор

Не заўсёды ў нашым касцёле імшы праходзілі з музычным суправаджэннем. Звычайна музыка і спевы былі толькі па нядзелях і па святах. Арганістамі былі ў розныя часы розныя людзі, гралі і спявалі на грамадскіх пачатках, часам нават на ўласных інструментах.

У 2013 годзе па ініцыятыве айца пробашча Арыюша Малыска быў створаны парафіяльны хор.

Напачатку ўсім парафіянам аб’явілі, што калі хтосьці мае здольнасці і жаданне спяваць у хоры, то можна прыходзіць на праслухоўванне і далей на заняткі па музыцы. Праслухоўванне праводзіў і даваў першыя ўрокі а. Арыюш сам. Так быў створаны наш хор.

На сённяшні дзень яго ўдзельнікамі з’яўляюцца добраахвотнікі рознага ўзросту: і маладыя, і старэйшыя, навучэнцы і студэнты, працоўныя і бізнесмэны. У поўным складзе налічваецца каля 20 чалавек, якія дзеляцца на партыі: сапрана, альт, тэнар і бас. Кіраўніком хора з’яўляецца малады спецыяліст у вобласці музыкі і спеву Дамініка Гулевіч, якая раней была проста арганісткай. Маючы музычны талент, яна з радасцю дзеліцца ім з людзьмі вакол. Пад яе кіраўніцтвам спевы гучаць па-асабліваму. Рэпетыцыі хора праходзяць рэгулярна па пятніцах. Асабліва напружаным з’яўляецца час перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем. Тады рэпетыцыі праходзяць некалькі раз у тыдзень і нават некалькі раз на дзень. Удзельнікі хора з ахвотай наведваюць рэпетыцыі, рупліва развучваюць новыя творы і з вялікай радасцю спяваюць на імшы. Таму што духоўны спеў – гэта і ёсць малітва, гэта і ёсць праслаўленне Пана, гэта і ёсць служэнне.

Таксама у нашай парафіі быў арганізаваны дзіцячы хор, які заснавала сястра Ігнацыя. Дзеці рознага ўзросту наведвалі рэпетыцыі, праслаўлялі Пана на дзіцячай імшы ў нядзелю а 12 гадзіне.

Калі хорам дарослых і дзіцячым хорам было каму займацца, то пра моладзевы хор можна казаць з вялікім гонарам, бо моладзь, прагнучы праслаўляць Бога спевам самі збіраліся перад імшой, вывучалі новыя спевы, перакладалі іх на беларускую мову, а таксама самі суправаджалі спеў, іграючы на музычных інструментах: гітары, джамбеі, трубе, фортэпіана.

На сённяшні дзень у парафіі існуе тры хоры. Дарослым хорам займаецца Дамініка Гулевіч, дзіцячым хорам "Зярняткі" - Ірэна Туровіч (арганістка парафіі). Калі вы маеце жаданне далучыцца да гэтый вялікай справы, з радасцю вас запрашаем і чакаем новыя галасы ў нашых хорах.

Дарослы хор – рэпетыцыі па пятніцах у 19.00 ( месца – касцёл) 

Дзіцячы хор – рэпетыцыі па нядзелях а 11.00 (месца – катэхетычны клас) 

Моладзевы хор – рэпетыцыі па нядзелях у 17.00 ( месца – катэхетычны клас у касцёле

Хор
Хор
Хор
Хор
Хор
Хор
Хор
Хор

 

  • Праглядаў: 5819

Назарэтанскія сем'і

Назарэтанскія сем'і

Сустрэчы праходзяць кожны тыдзень па аўторках а 19-й гадзiне.

Спатканнi маюць духоўна–iнтэллектуальную форму.
Праз слуханне i разважанне над Святым Пiсаннем ёсць магчымасць успрымаць Божае слова i ў супольнасцi падзялiцца тым, што кожнаму з нас кажа Бог.
Таксама за сумеснай агапай праходзяць размовы са святаром на хвалюючыя тэмы.
Сустрэчы  адкрытыя для ўсiх: запрашаюцца сямейныя пары, сужонкі па-асобку, а таксама самотныя асобы.

  • Праглядаў: 4333

Катэхезы для дзяцей

Прыпамінаем дзецям і бацькам, што распачаўся новы навучальны катэхетычны год! Усе дзеці школьнага ўзросту абавязаны прыходзіць на катэхезу.

Катэхеза – гэта не толькі падрыхтоўка да споведзі і Святой Камуніі.

ККК нам прыпамінае: “Бацькі з’яўляюцца для дзяцей першымі настаўнікамі веры і першыя адказваюць за іх выхаванне. Яны маюць абавязак таксама забяспечваць, наколькі магчыма, іх духоўныя патрэбы. Іх асаблівая місія — выхоўваць дзяцей у хрысціянскай веры”. 

І супольнасць Касцёла імкнецца дапамагаць бацькам у хрысціянскім выхаванні сваіх дзяцей.

Заахвочваем усіх запісвацца на заняткі катэхезы.

Па ўсіх пытаннях звяртацца да нашых сястёр. 

     

 

 Аўдыёдадатак да дапаможніка па катэхезе

 

 

    

  • Праглядаў: 9345

Сёстры ў парафіі

 

Сёстры ў парафіі

Бл. Баляслава Лямэнт

 

Лямэнт Баляслава Марыя - блажэнная Рымска-каталіцкай царквы, манашка, заснавальніца Кангрэгацыі "Сёстры місіянеркі Святой Сям'і». Нарадзілася 3 ліпеня 1862 года ў горадзе Лович, Польшча, памерла 29 студзеня 1946 года ў Беластоку, Польшча. Чытать падрабязней пра Баляславу Лямэнт на старонцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і.

 

Чым мы займаемся кожны дзень? /МЭТА НАШАГА ОРДЭНУ/:

Выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі.

 

  • Ад чаго мы, сёстры, спецыялісткі? /ХАРЫЗМА ОРДЭНУ/:  
  • “Каб усе былі адно” – адзінства паміж хрысціянамі, асабліва католікамі і праваслаўнымі, адзінства ў сем’ях.

 

  • Дзе крыніца нашай малітвы і духоўных сіл? /ДУХОЎНАСЦЬ ОРДЭНУ/:
  • Слова Божае, а асабліва Евангелле Езуса Хрыста;
  • Штодзённая сустрэча з Езусам ва Эўхарыстыі;
  • Асабістая малітва і малітва ў супольнасці;
  • Духоўныя практыкаванні (рэкалекцыі) паводле св. Ігнацыя Лайолы;
  • Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса;
  • Жыццё ў супольнасці на ўзор святой Сям’і – ідэале адзінства, узаемнай любові і паслухмянасці волі Айца;
  • Усё, што мы робім і як жывём – мы робім для большай хвалы Божай і адзінства Святога Касцёла.

 

    УЧОРА на тэрыторыі Беларусі:

Сёстры кіравалі прафесійнымі школамі, сярэднімі школамі, вялі пансіянаты і курсы пашыву адзення, мелі дзіцячыя сады, дзіцячыя дамы, кіравалі сталовымі для беспрацоўных, інтэрнатамі для бяздомных жанчын, дамамі пенсіянерак, а таксама працавалі ў дзяржаўных бальніцах. Усюды вучылі рэлігіі.

 

    СЁННЯ сёстры займаюцца:

Катэхізацыяй дзяцей, моладзі і дарослых, сталовай для бедных, святліцай для дзяцей, харытатыўнай дапамогай ўсім патрабуючым, праводзім духоўныя рэкалекцыі, семінары і трэнінгі па сузалежнасці.

Езу, Марыя, Юзаф, учыніце, каб жыццё нашай манаскай супольнасці было для ўсіх бачным знакам адзінства і прысутнасці сярод нас Уваскрослага Хрыста.

Найсвяцейшая Сям’я, благаслаўляй і ахоўвай усе сем’і свету, учыні, каб яны жылі ў адзінстве паводле Божага права і Яго запаведзяў. Амэн.

У парафіі сёстры займаюцца катэхізацыяй дзяцей і моладзі, індывідуальнай падрыхтоўкай дарослых да св.сакрамэнтаў, адна з сясцёр служыць сваімі талентамі ў касцёльнай сакрыстыі.

   

   Больш пра Сясцёр Місіянерак св.Сям’і можна даведацца тут:

   http://www.sestrymsf.ru/

   http://www.misjonarki-swietej-rodziny.org/

 

 

 

  • Праглядаў: 6532

Жывы Ружанец

 

Жывы Ружанец 

Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у нашым Касцёле, ёсць Рух які мае назву «Жывы Ружанец». 

 

 Жывы ружанец

“Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца.”

Благаслаўлёны Ян Павел ІІ.

 

 

 

 

Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, якія штодзённа  моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці  называюць «Ружамі».

 

  У нашай парафіі налічваецца  8 Руж:

  1. Святога Айца Піо
  2. Беззаганнага Зачацця
  3. Маці Божай з Фацімы
  4. Маці Божай Каралевы супакою і сусвету
  5. Маці Божай з Ліхэня
  6. Маці Божай з Будслава
  7. Благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт
  8. Яна Паўла II

  

 

 

Кожны наш удзельнік Жывога Ружанца вучыцца збіраць у сваім жыцці духоўныя скарбы праз: 

  • Разважанне над таямніцамі Ружанца - евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення, дзе вучымся ў Маці Божай вернасці Богу праз радаснае служэнне і прыняцце штодзённага крыжа,   працы, стомленасці, розных праблемаў разам з Хрыстом аж да хвалебных таямніцаў святога Ружанца.
  • Малітву ва ўсіх інтэнцыях Айца Святога, інтэнцыях парафіі і асабістых інтэнцыях.
  • Удзел на сустрэчах Жывога Ружанца ў першыя нядзелі месяца пасля Св. Імшы на 8.00, дзе пазнаём глыбей праўду веры, каб былі жывымі сведкамі Любові і Радасці Божай праз сваё жыццё і апостальскую дзейнасць нашага Касцёла. Падчас гэтай сустрэчы змяняем ружанцовыя таямніцы і атрымоўваем інтэнцыі на гэты месяц.

 

Усе, хто патрабуе заступніцкай малітвы, заўсёды могуць разлічваць на нас. Бо Езус Сам вучыў: "Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх" (Мц 18, 19-20)  і яшчэ: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам" ( Ян 16, 24).

Усіх жадаючых удзельнічаць у місіі Жывога Ружанца, звяртацца непасрэдна да нашых Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. 

Сайт Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і:     http://www.sestrymsf.ru

 

   

  • Праглядаў: 9494

Хатні Касцёл

Хатні Касцёл

Хатні Касцёл з’яўляецца сямейна-сужонскім рухам свецкіх у Касцёле, працуе ў рамах Руху Святло-Жыццё, які з’яўляецца адным з рухаў адновы Касцёла ў Польшчы пасля ІІ Ватыканскага Сабора. Хатні Касцёл яднае ў сабе харызматы Руху "Святло-Жыццё" і міжнароднага руху каталіцкіх сужонкаў Equipes Notre-Dame (END), чым стварае ўласцівую для сябе дарогу.

Хатні касцёл

Заснаваў Хатні Касцёл Слуга Божы кс. Францішак Бляхніцкі (1921-1987), а ў справе развіцця супольнасці з ім цесна супрацоўнічала сястра Ядвіга Скурдо RSCJ.

Духоўнай калыскай Хатняга Касцёла з’яўляецца Красценка над Дунайцам, дзе ў 1973 годзе адбыліся першыя аазісы сямей, а зараз існуе Цэнтр Руху "Святло-Жыццё".

Знакам Хатняга Касцёла з’яўляюцца два грэцкія словы “FOS” (святло) і “ZOE” (жыццё), упісаныя ў крыж, што вырастае паміж двух з’яднаных пярсцёнкаў, якія разам з крыжам змешчаны ў стылізаванай фігурцы доміка. Хатні Касцёл таксама карыстаецца знакам END – іконы Святой Сям’і.

Свята Хатняга Касцёла – Нядзеля Святой Сям’і.

Фармацыйным выданнем Хатняга Касцёла з’яўляецца “Хатні Касцёл. Ліст да сямейных супольнасцяў”, які выходзіць з 1975 года, яго першым рэдактарам быў Слуга Божы кс. Францішак Бляхніцкі.

Хатні касцёл

Хатні Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на духоўнасць сужонкаў, альбо імкненне да святасці разам з сужонкам. Хоча дапамагчы сужонкам, якія трываюць у сакрамэнтальным шлюбе, пабудаваць паміж сабой сапраўдную еднасць, якая адначасова стварае найлепшыя ўмовы для добрага выхавання дзяцей у духу хрысціянства.

Хатні Касцёл імкнецца да адновы сужонства і сям’і праз:

  • жыццё Словам Божым, каб яно стала словам жыцця;
  • жыццё малітвай як асабістым спатканнем з Хрыстом, сваім Збаўцам;
  • жыццё сакрамэнтамі, асабліва Эўхарыстыяй;
  • сведчанне аб сваім спатканні з Хрыстом у сужонстве, сям’і, з іншымі людзьмі;
  • служэнне ў супольнасці Касцёла, паводле атрыманых дароў.

Дзякуючы ўвядзенню ў жыццё фармацыйных элементаў (малітва асабістая і супольная, рэгулярнае спатканне з Божым словам, сістэматычная праца над сабой і сваім сужонствам, сужонскі дыялог, удзел у рэкалекцыях і інш.) наступае індывідуальнае збліжэнне сужонкаў з Богам і ўзрастанне іх духоўнасці. Гэтыя элементы не мэта сама па сабе, а сродак для дасягнення мэты. Іх рэалізацыя ў сужонстве адбываецца праз штодзённыя намаганні сужонкаў, якія распачынаюць і рэалізуюць прапанаваныя абавязкі і праз узаемную дапамогу сужонкаў з кола на шляху да святасці (ідэя малой групы як неабходнага асяроддзя для ўзросту ў веры).

У Хатнім Касцёле сям’я з’яўляецца асноўным месцам фармацыі, а кола, якое ствараюць 4-7 сужонстваў, асноўным элементам у яго арганізацыйнай структуры як асяроддзя фармацыйнага і евангелістычнага. Кола з’яўляецца асноўнай структурай Хатняга Касцёла. На сустрэчах кола, якія праходзяць раз на месяц, яго ўдзельнікі ў духу сяброўства і ўзаемнай павагі дзеляцца з іншымі сваімі перамогамі і няўдачамі. Тут можна пачуць добрую параду ад сяброў, атрымаць дапамогу і — што самае каштоўнае — малітоўную падтрымку, так неабходную падчас выпрабаванняў і цяжкасцяў. Вопыт сямейных сустрэчаў паказвае, што іх удзельнікі з часам становяцца, нібы родныя, бо іх яднае сам Езус Хрыстус.

Членамі Хатняга Касцёла з’яўляюцца сужонствы, якія маюць сакрамэнтальны шлюб, якія супольна (муж і жонка) заняты ў прапанаванай ім фармацыі. Яны па ўласнай волі далучаюцца да колаў, каб ўзаемна дапамагаць адзін аднаму. “Роўныя служаць роўным”.

Кола Хатняга Касцёла пры парафіі св. Казіміра ў г. Маладзечна створана ў 2004 годзе. У цяперашні час мадэратарам кола з`яўляецца бр. Андрэй Жылевіч. Сем`і імкнуцца праз узаемную дапамогу набліжацца да Бога, жыць у сужонстве  разам, а не побач.

  • Праглядаў: 5608

Францішканскі Ордэн Свецкіх

 

Францішканскі Ордэн Свецкіх

“Служыце Госпаду з радасцю! Будзьце слугамі Яго народу з радасцю, таму што св. Францішак жадаў, каб вы былі радаснымі слугамі чалавецтва, здольнымі ўсюды запальваць лямпы надзеі, даверу, аптымізму,  якія маюць сваю крыніцу ў самім Госпадзе”.

Ян Павел II да паслядоўнікаў св. Францішка 5-XI-1978г.

 

Гісторыя Францішканскага Ордэна Свецкіх бярэ свой пачатак з XIII стагоддзя,  а дакладна ён быў заснаваны ў 1221 годзе ў Італіі, так што існуе больш, чым 800 год.

Першапачаткова свецкіх францішканаў называлі “браты і сёстры пакаяння”, і такую назву меў Трэці Ордэн Францішканскі “Тэрцыяры” (паколькі ў 1209 годзе быў заснаваны Першы Ордэн - мужчынскі, а ў 1211 годзе Другі Ордэн – жаночы “Сясцёр Кларысак” ).

Заснавальнікам Ордэнаў з’яўляецца св. Францішак Асізскі. Гэта вядомы святы не толькі сярод католікаў, але сярод усіх хрысціян і іншых веравызнанняў. Дзякуючы яго асаблівым цнотам: евангельская беднасць, пакора і прастата жыцця, любоў да ўсіх стварэнняў і вялікая апостальская стараннасць - ён стаў блізкім многім людзям і пацягнуў за сабой вельмі вялікую лічбу паслядоўнікаў не толькі ў мінулым, але і ў нашыя дні.

Ад самага пачатку Францішканскі Ордэн Свецкіх хутка развіваўся, спачатку ў Італіі, а потым у іншых краінах, да якіх прыходзілі францішкане Першага Ордэна. Ордэн быў прыкладам для другіх хрысціян у справах міласэрнасці, дапамогі хворым, церпячым, убогім  і евангелізацыі.

Францішканскі Ордэн Свецкіх (скарочана ФОС) прызначаны для асобаў свецкіх, якія адчуваюць пакліканне да таго, каб ісці за Хрыстом шляхам св. Францішка Асізскага, і па прычыне абавязкаў, якія выконваюць, і стану сужэнскага не могуць уступіць ні ў Першы, ні ў Другі Ордэны. Да ФОС могуць належаць людзі рознага ўзросту, дыяцэзіяльныя ксяндзы, асобы, якія жывуць самотна. Свецкія францішкане павінны весці хрысціянскае жыццё паводле прынцыпаў Евангелля  і Рэгулы, трывала выпрацоўваць у сабе хрысціянскую дасканаласць і ахвярна дапамагаць Касцёлу. Падобна як Евангелле, Рэгулу  патрэбна часта чытаць, разважаць і трывала ўводзіць у сваё жыццё. Імкненне да дасканаласці і апостальства – гэта заданне, якое вынікае з факту прыналежнасці да ФОС. Францішканскі Ордэн Свецкіх павінен быць пад кіраўніцтвам Першага Ордэна.

Папа Бенедыкт XV у 1921 годзе ў Энцыкліцы “Sacra Propediem”, прысвечанай Трэцяму Ордэну, пісаў так: “У Францішка першага з’явілася думка, а пры дапамозе Божай ласкі была паспяхова зрэалізаваная, каб манаскі спосаб жыцця учыніць агульнадаступным. Такога дагэтуль не ўчыніў аніводзін законадаўца”.

У нашыя дні ФОС з’яўляецца шматлікай і моцнай групай, на якую Касцёл разлічвае як на людзей яму адданых, якія дапамагаюць яму абараняць прынцыпы хрысціянскай веры і маральнасці сваім жыццём, учынкамі, словамі і працай даючы сведчанне пра Хрыста.

У парафіі св. Казіміра г. Маладзечна Францішканскі Ордэн Свецкіх існуе з 2009 года. Гэта францішканская сям’я складаецца з асобаў рознага ўзросту (ад 20 год да 85 год - тры пакаленні), якая дапамагае Касцёлу, рэалізуючы сваё пакліканне,  паводле магчымасцяў, узросту, здольнасці, прафесіі, сямейнага стану, адукацыі, спецыяльнай вучобы сясцёр і братоў, а агульна: правядзенне набажэнства ружанцовага, маёвага,  да Сэрца Езуса, спевы перад і падчас Святой Імшы раніцай, прыбіранне касцёла, дапамога адзінокім людзям старэйшага ўзросту і патрабуючым.

Пры патрэбе наведвання шпіталяў сёстры і браты ФОС могуць дапамагаць святару у падрыхтоўцы хворых да споведзі. У навучальных установах па запрашэнні могуць праводзіцца лекцыі і размовы катэхетычнага кірунку. Спецыяльна падрыхтаваныя асобы праводзяць размовы на тэму абароны зачатага жыцця, рыхтуюць маладых людзей да сужэнства і сямейнага жыцця.

 

Малітва Францішка Асізскага аб духу любові:

Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою,

каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць,

каб прабачаў там, дзе абражаюць,

каб яднаў там, дзе сварка і звада,

каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,

каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,

каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач,

каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра,

каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой.

Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых,

каб не прагнуў разумення, але каб разумеў іншых,

каб не шукаў любові да сябе, а любіў іншых.

Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,

хто не шукае свайго, той знаходзіць,

хто прабачае, таму будзе прабачана,

бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага.

 

   Рэгула Францішканскага Ордэна Свецкіх

  

 

  • Праглядаў: 5778