У набажэнстве Транзітус прыняў удзел архімандрыт Сяргей Гаек
Увечары 3 кастрычніка ва ўсіх францішканскіх касцёлах адбываецца адмысловае набажэнства “Транзітус”(з лац. transitus – пераход) на ўспамін благаслаўлёнай смерці святога Францішка Асізскага, заснавальніка трох ордэнаў францішканскай сям’і. У нашай парафіі набажэнства адбывалася пасля вячэрняй святой Імшы.
У літургіі прыняў удзел Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін. Падчас святой Імшы ён скіраваў да прысутных слова, у якім звярнуў увагу на вялікую ролю духоўнай спадчыны св. Францішка і для францішканаў, і для паўсюднага Касцёла, адзначыўшы як адну з галоўных прычын гэтага глыбокую пакору святога ў абвяшчэнні Евангелля сваім жыццём і словам нават тады, калі яго словы не прымалі, а яго самога адкідалі і пераследавалі: “Дзякуючы пакорлівасці, руплівасці Францішка, яго малітве мы атрымалі вельмі вялікі ў гісторыі Касцёла рух, які жыве да сённяшняга дня”.
Сёння мы жывём у іншым свеце, іншых абставінах, якія моцна змяніліся нават на працягу аднаго пакалення. Але Евангелле - тое самае. І не менш актуальныя для нас словы святога: “Любоў не ўзлюблена”.
“Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала”(Мц 9,38). Найперш, гаворка пра святарскае і манаскае жыццё, але ў гэтым жніве маем удзел мы ўсе, - нагадаў архімандрыт Сяргей. – Падчас хросту мы атрымалі намашчэнне на прарока і таксама маем пакліканне ўдзельнічаць у евангелізацыі свету. Мы пасланы быць сведкамі Хрыста, які абвяшчаў Божае Валадарства словамі і канкрэтнымі чынамі. І нашае асноўнае заданне, як і ў ранейшыя часы, застаецца тым жа – гэта ўводзіць Божае слова ў сваё жыццё, жыць паводле Евангелля там, дзе мы ёсць. І яно гэтак жа патрабуе пакоры, руплівасці і мужнасці. Маючы такога вялікага святога ў небе, мы можам разлічваць на яго заступніцкую малітву”.
Другі аспект духоўнай спадчыны св. Францішка, на які звярнуў увагу душпастыр, - адкрыццё, што мы ўсе браты і сёстры. Як у часы св. Францішка, калі ён хадзіў да султана, так і цяпер, калі Папа Францішак наведаў Інданэзію, самы вялікі мусульманскі край у свеце, - важна быць сведкамі братэрства.
Далей разважаючы над духам братэрства, Апостальскі адміністратар раскрыў духоўныя і гістарычныя сувязі паміж братамі капуцынамі і грэка-каталіцкімі святарамі. Найперш, ён адзначыў, што ўжо 30 год яны разам служаць на Божай ніве ў Маладзечне, а ў пачатку 20 стагоддзя грэка-каталіцкі святар Андрэй Цікота меў дачыненне да мясцовай парафіі св. Казіміра – быў першым пробашчам адноўленага касцёла св. Казіміра ў 1917-1918 гг.
Архімандрыт Сяргей таксама распавёў цікавую гісторыю, якая яднае капуцынаў з грэка-каталіцкім духавенствам і звязана з Маці Божай Жыровіцкай. Менавіта ў часы, калі ў Жыровіцкай святыні служылі грэка-католікі, ікона Маці Божай – не маленькі каменны арыгінал, але напісаны на палатне абраз – стала першай іконай, каранаванай папскімі каронамі ў Беларусі. І яна сёння захоўваецца ў касцёле капуцынаў у Слоніме. На знак такой духоўнай сувязі Сяргей Гаек падараваў копію абраза Маці Божай Жыровіцкай на каменнай аснове.
Пасля ўзнёслых спеваў і малітвы набажэнства Транзітус усе прысутныя мелі магчымасць трапіць на невялікі кірмаш, арганізаваны братамі і сёстрамі Францішканскага Ордэна Свецкіх у гонар свайго Заснавальніка. Там можна было набыць сабе вырабы, якія б нагадвалі пра св. Францішка, найменшага з Меншых братоў, які стаў найбольш вядомым, любімым і блізкім святым Каталіцкага Касцёла не толькі сярод католікаў. Таксама сярод розных іншых прысмакаў можна было пакаштаваць міндальнаге пячэнне Мустач’олі - традыцыйнае італьянскае міндальнае пячэнне, якое было самым любімым ласункам св. Францішка.
Звычайна св. Францішак прытрымліваўся аскезы, нават дадаваў у ежу попел, робячы яе нясмачнай дзеля пакаяння. Але на знак удзячнасці ён з радасцю прымаў міндальнае пячэнне, якое яму дасылала спадарыня Якобі Сэттэзолі - набожная ўдава, якая належала да аднаго з найбагацейшых і самых знакамітых родаў Рыма, сэрца якой кранула пропаведзь Францішка.
Клапоцячыся пра яго і братоў, спадарыня Сэттэзолі перадавала ім часам цёплай тканіны для сціплых манаскіх адзенняў, воску і іншых неабходных рэчаў і суправаджала такія пасылкі міндальным печывам.
Адзін з жыццяпісаў святога Францішка («Speculum Perfectionis», гл.L,1318г) захаваў аповед пра наведванне спадарыняй Сэттэзолі Францішка, калі цяжка хворы святы ўжо быў на смяротным ложы.
«Ён заклікаў сваіх братоў са словамі:
- Вы ведаеце, як спадарыня Якабія Сэттэзолі заўсёды была адданая і верная мне і нашаму Ордэну. Таму я думаю, што ёй будзе вялікім суцяшэннем, калі яе апавясцяць аб маім становішчы; і прыпішыце яшчэ, каб яна мне даслала той манаскай тканіны, якая нагадвае колерам попел, і таго печыва, якое яна мне часта рыхтавала ў Рыме».
Як толькі скончылі пісаць гэта пасланне, брат выйшаў адправіць яго і раптам сустрэў спадарыню Сэттэзолі, якая прыбыла з Рыма з сынамі і сябрамі. Аказалася, што голас, пачуты ў малітве, загадаў ёй неадкладна ехаць да Францішка, калі яна хоча застаць яго ў жывых, і ўзяць з сабой менавіта тое, пра што хацеў прасіць яе Бедачына.
"І Якобія прыгатавала печыва, якога жадаў святы айцец, але ён толькі трохі пакаштаваў яго, бо быў блізкі да смерці. < ... > І не прайшло тыдня, як наш святы айцец адышоў да Госпада".
У жыццяпісе святога няма больш сведчанняў пра ежу, прынятую ім перад смерцю. Так што, цалкам магчыма, што гэта міндальнае печыва было апошнім, што спажыў у жыцці Францішак, за выключэннем хіба што Эўхарыстыі.
Францішак падзяліў радасць апошняй сустрэчы са спадарыняй Сэттэзолі, верным сябрам братоў меншых, падобна таму, як Збаўца перад смерцю падзяліў з вучнямі велікодную трапезу.
Каб і вы маглі падзяліць з гасцямі слодыч сяброўства, змяшчаем рэцэпт гэтага пячэння.
Інгрэдыенты:
пшанічная мука 500 г
карычневы або звычайны цукар 150 г
мёд 50 г
падсмажаны міндаль 250 г
аліўкавы алей 100 г
яйкі 2 шт.
какава парашок 2 ст. л.
лімон 1 шт.
белае віно ці ром 50-60 г
разрыхляльнік 1 пакецік
карыца
* * *
Прыгатаванне:
Змяшаць муку, яйкі, алей, цукар, мёд і какаву. Дадаць разрыхляльнік і змешваць да атрымання аднастайнай масы. Нацерці або дробна перамалоць міндаль, цэдру лімона, дадаць у цеста. Дадаць карыцу і белае віно (або ром). Гэта завільгатніць цеста і зробіць яго пластычным, каб не ліпла да рук. Раскатаць атрыманую масу тонкім пластом, разрэзаць ромбікамі (класічнае італьянскае Мустач’олі павінна мець менавіта такую форму). Выпякаць пры ўмеранай тэмпературы да гатоўнасці.
Тэкст: Кацярына Савянок, з выкарыстаннем матэрыялаў сайта www.рускатолик.рф
Фота: Дзмітрый Роўда, Ірэна Туровіч, бр. Андрэй Жылевіч