Skip to main content

Пілігрымка: пайсці нельга застацца

| Падзеі »
January 12, 2017

«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям».

З аб'яўлення Маці Божай у Будславе

Кожны год на стыку чэрвеня і ліпеня некалькі тысяч беларусаў-каталікоў з розных гарадоў і вёсак адпраўляюцца ў пешую пілігрымку да цудатворнага абраза Багародзіцы ў Будслаў, пераадольваючы на сваім шляху дзясяткі і сотні кіламетраў.

Хутка зноў адбудзецца чарговая пілігрымка з нашай парафіі святога Казіміра да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай. Ужо больш трыццаці гадоў вырушаць моладзь і дарослыя, дзеці і старэйшыя людзі, у адзіночку і сем’ямі, шчаслівыя і знясіленыя, упершыню і шматразова... А колькі ж яшчэ тых, хто, пачуўшы аб’явы і запрашэнне, знаходзіцца ў роздуме: пайсці ці застацца? Паспрабуем разам разабрацца і зрабіць правільны выбар наконт удзелу ў пілігрымцы. Але аб усім па парадку.

І пачнём, зразумела, са знаёмства са словам «пілігрымка». Паняцце «пілігрымка» ёсць і ў хрысціянстве, і ў іншых рэлігіях. Само паходжанне слова «пілігрым» (лац. peregrīnus, дзе per значыць «за», ager – «зямля, краіна») даволі простае: у дахрысціянскія часы ў Рымскай імперыі так называлі ўсіх чужынцаў, у адрозненне ад грамадзянаў імперыі, надзеленых усімі правамі (civile). Як людзей, што здзяйсняюць духоўнае падарожжа, пілігрымаў пачалі ўспрымаць пазней, калі па Еўропе пачало распаўсюджвацца хрысціянства.

У хрысціянстве пілігрымка – падарожжа ў Святую Зямлю і іншыя геаграфічныя мясцовасці, якія маюць сакральнае значэнне для хрысціян, з мэтай пакланення і малітвы. Чалавека, які здзяйсняе падарожжа, называюць паломнікам або пілігрымам.

17 06 2024PraPiligr01

Пілігрымы здзяйсняюць сваё духоўнае падарожжа ў розных мэтах. Гэта і просьбы аб здароўі для сябе і сваіх блізкіх, перапрашэнне за грахі і правіны, падзяка Богу за атрыманыя ласкі і шматлікія іншыя інтэнцыі.

Адкуль з’явіліся пілігрымкі?

Калі казаць агулам, то традыцыя здзяйсняць пешае падарожжа да святых месцаў даволі даўняя. Яшчэ ў Старым Запавеце мы сустракаем выпадкі такога пілігрымавання, калі пабожныя ізраільцяне хадзілі ў пілігрымку да Скініі з Каўчэгам Запавету (пазней – у Ерузалемскі храм) для здзяйснення ахвярапрынашэнняў і малітваў.

У Новым Запавеце – прыклад, калі Святая Сям’я (Марыя, Юзаф і 12-гадовы Езус) пайшлі ў Ерузалем на свята Пасхі (Лк 2, 41-52). Таксама можна сустрэць і шмат іншых прыкладаў.

Пасля смерці і ўваскрасення Хрыста асноўнай мэтай пілігрымаў сталі месцы, звязаныя з жыццёвым шляхам Сына Божага.

Каб перашкодзіць першым хрысціянам здзяйсняць пілігрымкі, рымскія імператары імкнуліся знішчыць усё, звязанае з жыццём і дзейнасцю Езуса. Яны загадвалі руйнаваць храмы, перайменоўвалі гарады, а на месцы хрысціянскіх святыняў ладзілі язычніцкія капішчы.

17 06 2024PraPiligr02

У пачатку VII стагоддзя (638 год) тэрыторыю Палесціны захапілі арабы-мусульмане. Таму колькасць пілігрымак у Святую Зямлю значна скарацілася. Замест іх сталі папулярнымі рэгіянальныя пілігрымкі да святых месцаў (санктуарыяў). Найбольшую значнасць сярод іх атрымалі пілігрымкі да грабніц апосталаў. Самымі папулярнымі з іх былі пілігрымкі да месцаў пахавання апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме, а таксама да грабніцы св. Якуба ў Санцьяга дэ Кампастэла (Іспанія).

17 06 2024PraPiligr03

Пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай сталі папулярнымі ў XVI стагоддзі. Тады ж аднавілася традыцыя IV ст. каранаваць найбольш значныя для хрысціян абразы Маці Божай. Гісторыя пілігрымак на суседніх з Беларуссю тэрыторыях распачынаецца ў другой палове XVI ст. Тады ў 1651 годзе папскім нунцыем у Варшаве быў укаранаваны абраз Маці Божай Ласкавай. Пазней адбылася каранацыя абразоў Маці Божай у Чэнстахове, Тракаі, Кодані, Сокале і Падкамені.

Пілігрымкі ў Беларусі

Першым укаранаваным абразом Маці Божай на тэрыторыі Беларусі стаў абраз Жыровіцкай Божай Маці. Абраз шануецца не толькі католікамі і праваслаўнымі, але і вернікамі Рыма.

17 06 2024PraPiligr04

Абраз Маці Божай Жыровіцкай

У Вечным горадзе копія абраза Маці Божай Жыровіцкай у выглядзе фрэскі была адкрыта пад тынкамі муру ў 1718 годзе ў касцёле святых Сяргея і Бакка. Фрэску перанеслі ў галоўны алтар і зараз ушаноўваюць як Мадонну дэль Паскола.

Затым, у 1761 годзе, быў каранаваны абраз Маці Божай у Бялынічах. Доўгі час абраз лічыўся страчаным, а нядаўна была знойдзена копія абраза за бакавым алтаром у касцёле ў Новай Мышы (Баранавіцкі раён). Цуды праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай адбываюцца і зараз.
На працягу XIX-XX стст. адбываўся жорсткі пераслед Касцёла спачатку ва ўмовах Расійскай імперыі, потым СССР. Таму пілігрымкі ў гэты час амаль не праводзіліся. Вернікі таемна ладзілі пілігрымкі да розных санктуарыяў краіны. У гэты час удалося нават каранаваць абраз Маці Божай Вастрабрамскай у Вільнюсе.

Пасля адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі аднавіўся і пілігрымкавы рух. Акрамя гэтага, адбыліся каранацыі найбольш шанаваных абразоў Маці Божай на тэрыторыі Беларусі.

17 06 2024PraPiligr05

У 1996 годзе быў каранаваны абраз Маці Божай Брэсцкай, у 1997 г. – Маці Божай Лагішынскай, у 1998 г. – Маці Божай Будслаўскай, у 2005 г. – Маці Божай Кангрэгацкай (знаходзіцца ў катэдральным касцёле ў Гродне), у 2009 г. – Маці Божай Тракельскай.

Акрамя пілігрымак да цудатворных абразоў Маці Божай, ёсць пілігрымкі, якія ўшаноўваюць Езуса. Напрыклад пілігрымка «Гродна – Рось» у санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.

Такім чынам, кожная пілігрымка – гэта найперш шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў.

Мне падабаецца выказванне кардынала Краеўскага, які лічыць, што «пілігрымка – гэта дарога ў адпаведным накірунку, час на роздум і разважанне над тым, чым для мяне з'яўляецца Касцёл, якое месца я займаю ў гэтай супольнасці. Пілігрымка – гэта вызнанне маёй веры, і гэта – самае важнае».

17 06 2024PraPiligr06

Нам удалося даведацца, што такое пілігрымка і гісторыю іх узнікнення. А цяпер давайце паспрабуем разабрацца, што трэба ўзяць з сабой у дарогу і складзём два заплечнікі пілігрыма (а нават і тры!). Чаму два? – спытаеце вы. А таму, што мы вырушаем ў рэлігійную пілігрымку, дзе для нас вельмі важным з’яўляецца духоўны заплечнік.

Звычайны заплечнік пілігрыма

Пілігрым звычайна рыхтуе два заплечнікі: першы ‒ сумка (чамадан ці вялікі заплечнік), у якую змяшчаем асноўныя рэчы і якая выдаецца на начлег, а раніцай адвозіцца на наступнае месца начлегу. А таксама меншы заплечнік з вадой і іншымі патрэбнымі ў дарозе рэчамі, які носіць пры сабе.
Медыкаменты. Набор пластыраў, лекі, звязаныя з індывідуальнымі хваробамі. У аптэчцы кожнага павінны быць анальгетыкі, спазмалітыкі і сімптаматычныя прэпараты пры прастудзе. Не будуць лішнімі актывіраваны вугаль, прэпараты для паляпшэння стрававання, а таксама лекі супраць алергіі: звышадчувальныя рэакцыі арганізма могуць быць на што заўгодна і сустракаюцца ўсё часцей.
Сродкі гігіены. Каб абмываць рукі перад прыёмам ежы, падчас прыпынкаў у дарозе, спатрэбіцца мыла або антыбактэрыяльны гель, невялікі ручнічок. Таксама вазьміце ў дарогу хустачкі, вільготныя сурвэткі, сонцаахоўны крэм і акуляры ад сонца. Не забудзьце ўзяць туалетнай паперы. Вопытныя пілігрымы раюць мець з сабой дзіцячую прысыпку, каб засцерагчыся ад абапрэласцяў і мазалёў.
Посуд. Улічваючы паходныя ўмовы, рэкамендуецца браць з сабой небіткі посуд (пластмасавы, металічны). Кубак, лыжка, талерка, бутэлька для вады.
Галаўны ўбор. Капялюш, бейсболка, берэт, касынка. Найбольш прыдатны з пералічаных – з палямі, таму што такі галаўны ўбор закрывае не толькі валасы і скуру галавы, але і твар (палі адкідваюць цень). Найлепшы варыянт – з ушытай сеткай, дзякуючы якой галава не пераграецца. Можна таксама ўзяць з сабой вялікую хустку, шаль, ці кавалак баваўнянай тканіны (змочаная вадою ў спякотны дзень яна ахалоджвае і засланяе адразу твар і рукі ад сонейка).
Адзенне. Трэба падрыхтаваць адпаведнае адзенне і абутак. Варта ўлічваць, што надвор'е можа быць розным, таму абавязкова неабходна ўзяць цёплыя рэчы. Як апранацца? Наша адзенне павінна быць зручным і сціплым. Не варта апранаць адкрытыя майкі і шорты, па-першае не да месца, а па-другое, знаходзячыся цэлы дзень у дарозе на сонцы, можна атрымаць апёкі. Цішоткі, кашуля, каб рукі прыкрыць. Штаны, даўжэйшая спадніца, бо сонца ногі не шкадуе. Шкарпэткі (у залежнасці ад патрэб) – некаторыя пілігрымы надзяюць адразу 2 пары, спачатку тонкія, баваўняныя, а зверху ваўняныя. Можна прыхапіць дажджавікі для абутку на выпадак ліўняў.
Непрамакальнае адзенне. Дажджавік, вятроўка, воданепранікальная куртка і штаны. Кожны выбірае для сябе найбольш прыдатны варыянт. Часцей за ўсё пілігрымы карыстаюцца дажджавікамі: яны лягчэйшыя і не займаюць шмат месца ў заплечніку. Не будзе лішнім запасны камплект. Парасон, у выпадку пілігрымкі, не найлепшы варыянт.
Зручны абутак. Найлепшы варыянт – 2 пары абутку: красоўкі, басаножкі або сандалі. Калі адна пара пачне націраць ногі, яе можна будзе замяніць на другую. Не рэкамендуецца браць з сабой новы абутак: ён яшчэ не разношаны, ногі да яго не прывыклі. Не зусім зручны будзе абутак з тонкай падэшвай: падчас пілігрымкі даводзіцца ісці па розных дарогах, у тым ліку – з жвіровым пакрыццём.
Палатка, спальнік, карэмат або іншая посцілка, прыдатная для сядзення ці ляжання на адпачынку. Усе гэтыя рэчы могуць спатрэбіцца для начлега. Не заўсёды пілігрым спыняецца ў доме, часам даводзіцца начаваць у касцёлах, спартыўных залах, дамах культуры і проста на вуліцы.

У вялікую сумку злажыце прадметы асабістай гігіены – расчоска, зубная шчотка і паста, мыла і шампунь, гігіенічныя пракладкі, рушнік. Падбярыце адзенне для начлегаў – у залежнасці ад таго дзе начуеце, вазьміце патрэбную колькасць асабістай бялізны, шкарпэтак, сланцы – каб ногі ўвечары адпачылі. Не лішнімі будуць таксама крэмы для стомленых ног. Магчыма спатрэбяцца шпількі, ніткі, іголка, нажнічкі, скотч.

Памятаючы пра тое, што пілігрымка – гэта духоўнае паломніцтва, варта ўзяць з сабой малітоўнік і ружанец – гэта асноўныя атрыбуты пілігрыма.

Фотаапарат і нататнік з асадкай, каб запісаць свае ўражанні і e-mail новага сябра. А яшчэ вопытныя пілігрымы раюць браць з сабой маленькія падаруначкі гаспадарам на начлегах! Ну і не забудзьце пра добры настрой і ўсмешку!

17 06 2024PraPiligr08
17 06 2024PraPiligr07

Што класці ў заплечнік штодня?

Патрэбнае ў дарозе і на прыпынках з узгаданага вышэй, а таксама бутэльку з чыстай вадой, яна лепш наталяе смагу, чым салодкія напоі. Перакус, на ўсялякі выпадак, (сухое пячэнне, арэхі) з улікам надвор'я, каб не сапсавалася. Іншыя неабходныя рэчы, але памятайце, што вам іх трэба несці ўвесь шлях.

17 06 2024PraPiligr09

Духоўны заплечнік пілігрыма

Апрача спісу таго, што варта ўзяць, добра было б яшчэ і скласці спіс таго, што лепей не ўзяць з сабою: чаканні, спадзяванні, безліч незакрытых і нявырашаных справаў у галаве… «Традыцыйная» памылка многіх пілігрымаў у тым, што яны набіраюць з сабой у Будслаў цэлы «мех» скаргаў і просьбаў, а потым пакутліва цягнуць яго кіламетр за кіламетрам, і цяжкія крокі аддаюцца ў іх Божым голасам: «Пакінь гэта ўсё на дарозе».
Таму, каб не дапусціць такіх памылак варта падрыхтавацца да свайго паломніцтва больш сур'ёзна. Вось што важна ўзяць з сабою ў першую чаргу.
Чыстую інтэнцыю. Варта прызнацца, што не заўсёды мы ідзем у пілігрымкі для таго, каб прайсці асабісты Крыжовы шлях. Бывае так, што на душы спакойна і бесклапотна, а ў пілігрымку ідуць твае сябры – і вось табе таксама хочацца ісці, спяваць і знаёміцца з новымі людзьмі, не маючы пры гэтым асаблівай духоўнай мэты. А можа быць ужо невыносна сядзець дома, выганяюць за парог праблемы і скандалы, хочацца змяніць чатыры сцяны на што заўгодна. У нашай першапачатковай інтэнцыі можа быць вельмі мала Бога, але не варта гэтага баяцца і падманваць сябе. Пілігрымка – гэта дарога, па якой Езус заўсёды крочыць побач, і нават калі няма ніякіх сілаў і (так можа быць!) жадання звяртацца да Яго, Ён можа сам звярнуцца да цябе.
Праўду пра сябе. Стомлены чалавек можа раздражняцца і злавацца ці зайздросціць тым, хто будзе побач. Гучныя спевы – перастаньце! Некага забралі ў лепшыя ўмовы на адпачынак – чаму не мяне? Безумоўна, з такім бокам уласнай асобы сустракацца непрыемна і цяжка, але лепей вывесці яго на святло і асэнсаваць, што робіць мяне злосным і нядобразычлівым, чым падманваць сябе ў дарожнай адзіноце. Пілігрымка – цудоўны час для таго, каб абмеркаваць з сабой цёмныя праявы сваёй душы, сваю пыху і зайздрасць, жаданне быць першым, лепшым, заўсёды прыгожым і прыязным. Стома і боль здымаюць маскі, і гэта добры момант, каб скарыстацца ім дзеля ўласнага дабра!
Адкрытасць на Божы голас. Бывае так, што, прыдумаўшы сабе інтэнцыю (бо ўсе ж нейкую маюць!), можна адчайна за яе хапацца, і кожную малітву прысвячаць сваёй думцы. Але важна выразна разумець, што Бог можа гаварыць вам пра нешта іншае, больш важнае. Услухоўвайцеся ў тое, што адбываецца навокал. Ці не прамаўляе да вас сама дарога, вашыя спадарожнікі?
«Вялікія» вушы і «вялікія» вочы. Яны патрэбныя, каб чуць і бачыць не толькі тое, што адбываецца ўнутры цябе, але каб быць гатовымі служыць іншаму чалавеку размовай, клопатам і прысутнасцю.
Якой бы вялікай грамадой мы ні ішлі да Маці Божай Будслаўскай, да іншых значных духоўных месцаў нашай Радзімы, у момант фізічнай і эмацыйнай стомленасці найбольш выразнаю робіцца самотнасць кожнага чалавека. Пілігрымкавы шлях дае кожнаму з нас выразны сігнал – па дарозе да Неба ты крочыш сам-насам з Богам. Але можа стацца так, што твой блізкі цяжка перажывае гэты шлях, і яму патрэбна тваё плячо тады, калі ты сам амаль знясілены. А як часта простая чалавечая размова патрэбна людзям. Варта загадзя падрыхтавацца і быць гатовым стаць хоць часова апорай для іншых, вучыцца чуць і заўважаць патрэбы людзей, якія апынуліся з табою побач…

17 06 2024PraPiligr10
17 06 2024PraPiligr11

Дзякуй Богу, усё гэта не трэба складваць у заплечнік і несці на сабе, але менавіта гэтыя бязважкія рэчы патрабуюць найбольш доўгай і грунтоўнай падрыхтоўкі, каб уласны Крыжовы шлях мог стацца сапраўды плённай Дарогай Святла.

Як паводзіць сябе ў пілігрымцы?

Пілігрымка – гэта супольнасць, адна сям'я, таму выкананне патрабаванняў кіраўніка пілігрымкі абавязкова для кожнага, без нараканняў. У дарозе ёсць час на малітву, на рэлігійныя спевы, на адпачынак. Імкнёмся рабіць усё разам. Стараемся заўважаць патрэбы тых, хто з намі побач: можа неабходна дапамагчы паднесці заплечнік, аказаць медыцынскую дапамогу і г.д. Не трэба думаць, што гэта толькі іх праблемы: не мае сілы, не разлічыў – не варта было ісці ў пілігрымку... Калі ты так думаеш, можа не варта было ісці ў пілігрымку табе... Кожны чалавек унікальны і непаўторны, ён мае сваё здароўе, свае сілы і меркаванні. Кожны можа памыліцца, не разлічыць або трапіць у непрадбачлівую сітуацыю. Таму найлепшае выйсце – падтрымаць і дапамагчы.

17 06 2024PraPiligr12

Бывае, што пілігрымаў у дарозе сустракаюць вернікі, частуюць і забіраюць на начлег. Не забываем быць удзячнымі тым, хто праяўляе свой клопат пра нас, нават калі нам нешта не да спадобы. Памятаем, што нам ніхто нічога не павінен. Пакідаем чысціню і парадак у тых месца, дзе бываем.

Як бачым, пілігрымка патрабуе ад чалавека высілкаў, але ўсе выпрабаванні – гэта нішто, у параўнанні з духоўным плёнам. Пілігрымка – гэта свядомае рашэнне на нейкую ахвяру. Згода на тое, што мне штосьці будзе балець, што магу дасягнуць нейкай мяжы фізічных або псіхічных сіл. Кожны з нас чымсьці жыве. Кожны з нас мае за што пакутаваць. Кожны з нас мае аб чым папрасіць Бога, за што перапрасіць, што даверыць. Трэба толькі ўвайсці ў глыбіню сябе…пачуць яе. Калі ў вас ёсць малітоўныя інтэнцыі, іх можна даручыць пілігрымам (іх можна запісаць тут, па спасылцы). У Вашых інтэнцыях будуць маліцца штодня ў дарозе і падчас св. Імшаў.

У інтэрнэце сустрэла такое выказванне пра пілігрымку: «Асцярожна! Выклікае залежнасць!» – і гэта сапраўды так. Ведаю шмат вернікаў з нашай парафіі, для якіх пілігрымка стала залежнасцю. Гэтыя людзі імкнуцца падстроіць свой адпачынак пад пілігрымку, а вярнуўшыся з яе – чакаюць наступнай.
Вы можаце прачытаць уражанні і водгукі нашых парафіян аб мінулагодняй пілігрымцы на нашым сайце.

Які ж выбар зрабіць: ісці ў пілігрымку ці не? Тут, вядома ж, кожны выбірае сам. Адзінае – патрэбна спытаць у сябе: навошта я туды іду? Убачыцца з сябрамі, адпачыць, памаліцца, развеяцца, за кампанію… Важна ва ўсіх гэтых матывацыях знайсці галоўную – тую, якая будзе сапраўды адкрываць тваё сэрца на Бога, і ўжо на аснове яе і вакол яе будаваць свой шлях пілігрымкі.

А каб яшчэ больш упэўніць вас у правільнасці вашага выбару, прапануем Топ-13 станоўчых момантаў, чаму ўсё ж такі варта пайсці ў пілігрымку.

Топ-13 станоўчых момантаў, чаму варта пайсці ў пілігрымку

1. Сведчанне сваёй веры і прыклад хрысціянскага жыцця.
2. Удзел у асабістых рэкалекцыях.
3. Асабістае спатканне з жывым Богам.
4. Магчымасць навучання мове, на якой можна размаўляць з Езусам і Марыяй.
5. Праслаўленне Бога малітвай і песняй.
6. Час асаблівай ласкі, калі можна спыніцца і «адарвацца» ад сваіх абавязкаў (працы, навукі, хатніх клопатаў) і з Божай дапамогай зрабіць рэвізію ўласнай душы.
7. Момант, калі можна прысвяціць больш часу малітве за таго, хто знаходзіцца ў патрэбе і праз заступніцтва Маці Божай выпрасіць ласку здароўя для сябе і родных, а таксама ласку навяртання і вызвалення ад дрэнных звычак.
8. Магчымасць спаткаць свайго новага сябра ці сяброўку, будучага мужа ці жонку.
9. Магчымасць адкрыць свае таленты і падзяліцца імі з іншымі.
10. Магчымасць распазнаць сваё пакліканне.
11. Магчымасць навучыцца быць адказным і служыць іншаму чалавеку.
12. Знаёмства і зносіны з неверагоднымі святарамі і сёстрамі законнымі.
13. Дарога пілігрымкі – гэта дарога, якая можа дапамагчы адкрыць шлях да Бога, не спыніцца і ісці далей па гэтым шляху, умацоўвацца і натхняцца духоўна. Гэта дарога, якую кожны выбірае сам, але якой сапраўды варта хоць раз прайсці кожнаму.

Памятайце: пілігрымка не збірае святых. Тут ідуць розныя людзі з рознымі жыццёвымі лёсамі, але яна можа паспрыяць далейшаму іх фармаванню. І штосьці цягне іх зноў і зноў адкрываць для сябе гэты шлях, а больш правільней сказаць, Хтосьці кліча: «Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).
Мы спадзяёмся, што ваш выбар будзе зроблены на карысць пілігрымкі і знак прыпынку ў загалоўку да нашага матэрыялу вы паставіце правільна: ПАЙСЦІ, НЕЛЬГА ЗАСТАЦЦА!

 Тэкст: Таццяна Шумель
З выкарыстаннем матэрыялаў з сайтаў budslau.by, catholic.by, kascelmery.by і часопіса “Ave Maria”.