Skip to main content

Першая святая Камунія 2024

| Падзеі »

Яны не са свету, як і Я не са свету
Ян 17, 16

Май – месяц, прыгожы сваёй маладосцю: аднаўленнем жыцця, духмяным пахам квітнеючых садоў, яркім колерам маладой лістоты, першым цёплым сонейкам. Прырода сама падказвае сэрцу адкрыцца насустрач любові, радасці, жыццю. Таму і сапраўды, ці ёсць лепшы час, каб прыйсці да той Крыніцы, якая адна і можа наталіць гэтыя прагненні чалавечага сэрца, каб чэрпаць?!

"Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце купляйце без срэбра і без платы за віно і малако.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што не ёсць хлебам, а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца?
Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро, і няхай душа вашая нацешыцца тукам.
Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце і жыць будзе душа ваша." (Ісая 55, 1-3)

У прыгожы сонечны дзень 12 мая  касцёл напоўніўся ззяннем белых альбаў і дзіцячых вачэй - дзеці,  67 хлопчыкаў і дзяўчынак, прыйшлі на ўрачыстую святую Імшу а 12-00, каб першы раз у сваім жыцці спажыць Хлеб і Віно – Цела і Кроў Хрыста, тую сапраўдную ежу, якая дае жыццё.

«Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо Цела Маё – праўдзівы спажытак, а Кроў Мая – праўдзівы напой» (Ян 6, 54-55).

Да гэтай асаблівай падзеі яны разам з с. Кацярынай Грынчык рыхтаваліся 2 гады, наведваючы катэхезы. За дзень да падзеі яны ўпершыню перажылі споведзь і, таксама першы раз ў жыцці, сваімі ўласнымі вуснамі свядома вызналі веру падчас аднаўлення абяцанняў святога Хросту.

Пробашч нашай парафіі, брат Ігар, які цэлебраваў св. Імшу, пажадаў дзецям памятаць гэты  дзень, можа, нават з дакладнасцю да хвілін, як некаторыя памятаюць, у колькі яны сёння паснедалі - бо ў гэты дзень змянілася іх жыццё: упершыню дзеці свядома ўдзельнічалі ў сакрамэнце Эўхарыстыі, злучаючы сябе з усім Касцёлам, містычным целам Хрыста. “Жадаю вам, каб вы былі галодныя і ніколі не насыціліся гэтым Нябесным Хлебам, прагнулі яго. Каб ніколі не падумалі, што ўжо хопіць!”- сказаў душпастыр і заахвоціў перажываць кожную Эўхарыстыю так, быццам гэтую, першую, доўгачаканую.

Верніка, які спажыў Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, можна параўнаць з манстранцыяй, куды для адарацыі кладуць Гостыю – Жывога Бога. “Калі вы прымеце Цела Хрыста ў святой Камуніі, то станеце такімі манстранцыямі, – звярнуўшыся да дзяцей, сцвердзіў бр. Ігар, -  Бог будзе ў вашым сэрцы. Нясіце яго ў свае дамы”.

У нашых сем’ях часам так і бывае, што менавіта дзеці даюць сведчанне веры сваім бацькам і родным і прыводзяць іх да споведзі пасля працяглага часу быцця па-за Касцёлам. Аднак нягледзячы на тое, што сёння дзеці ўжо ўдзельнічаюць у св. Імшы цалкам, як паўнавартасныя хрысціяне, трэба разумець, што ўсё ж гэта іх першыя крокі на шляху сталага хрысціянскага жыцця, якія трэба падтрымліваць і накіроўваць. Святар заахвоціў размаўляць пра Бога ў сям’і, узгадаўшы габрэйскую мудрасць: “Калі бацькі не будуць размаўляць з дзецьмі пра Бога, то потым прыйдзецца размаўляць з Богам пра дзяцей.”  

І вось надышоў таямнічы час Сустрэчы. Узрушальнасць гэтага моманту асабліва падкрэслівалі слёзы на вачах татаў, якія, вядома, рэдка можна ўбачыць... Гэта момант, які з’яднаў бацькоў і дзяцей у духоўным вымярэнні, на шляху да Неба.

 

Пасля Камуніі прагучалі словы падзякі святарам, сястры Кацярыне, хору, бацькам і хросным і ўсім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і правядзення ўрачыстасці, а таксама прыгожы спеў у выкананні дзяцей.

Для першакамунійных дзяцей і іх бацькоў свята яшчэ трывае: у гэтыя дні дзеці перажываюць белы тыдзень. Штодня яны прыходзяць на святую Імшу, каб зноў і зноў прыняць Цела Хрыста, адчуць, “рассмакаваць”, якой з’яўляецца еднасць з Ім. Яны вучацца, не зважаючы на перашкоды, уважліва слухаць, разумець Божае слова і жыць ім, распазнаваць і перамагаць свой грэх, любіць Бога, давяраць Яму сябе і свае справы, шукаць Яго волю, прымаць Божыя дары (і Яго найлепшы дар – Святога Духа). І гэтае заданне – на ўсё жыццё. Будзем маліцца, каб яны адважна крочылі гэтым шляхам, каб на ім трывалі.  

Белае адзенне – як светлая, чыстая душа, злучаная з Езусам-Святлом. У гэты перыяд маленькія апосталы ў белых альбах з’яўляюцца найбольш бачнымі сведкамі Хрыста сярод штодзеннай мітусні нашага горада, як хтосьці “не з гэтага свету”. Жадаем нашым дзеткам захаваць чысціню сэрца і быць сапраўднымі светачамі Божага святла.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок, Ірына Сяліцкая

Відэа: Эрык Савянок, Вікторыя Гулецкая