Людзі, якія паказваюць прыклад любові да Бога: брат Павел Кузьміч
Калі хто хоча ісці за Мною,
няхай адрачэцца ад сябе,
штодня бярэ крыж свой і
ідзе за Мною. Бо, хто хоча
жыццё сваё ўратаваць,
загубіць яго. А хто загубіць
жыццё сваё дзеля Мяне,
той уратуе яго.
Лк 9, 23-24
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім,
той прыносіць багаты плён.
Ян 15, 5
Хто ж такі наш новы святар – брат Павел Кузьміч? Прапануем бліжэй пазнаёміцца з ім. Але адразу скажам, што настолькі шчырага і адкрытага чалавека сустрэць можна не вельмі часта.
Брат Павел – гэта:
П – пазітыў
А – актыўнасць
В – воля
Е – еднасць
Л – любоў.
Імя брата ў перакладзе са старажытнагрэцкай мовы Παῦλος азначае “малы”. Ён заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу бліжняму і сваім служэннем пацвярджае словы з Евангелля ад Мацвея: “Большы з вас хай будзе вам слуга: бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца” (Мц 23:12).
Брат Павел заўсёды акружаны людзьмі, яны прыцягваюцца да яго як магнітам. Калі ён цябе сустракае, заўсёды ўсміхаецца, лагодна кранае за плячо і не забывае спытацца, як справы. Можа, таму вернікі да яго і імкнуцца. На наш погляд, менавіта такім і павінен быць святар: далікатным, з усмешкай на твары і з цікавасцю да цябе. Брату ёсць чым падзяліцца і з шаноўнай старэнькай бабуляй, і з гарэзлівым юным хлапчуком. І адна з такіх натхняльных гісторый – неадназначны шлях да святарства.
- Брат Павел, дзе Ваша малая Радзіма? Як прайшло Ваша дзяцінства?
- Я паходжу з Віцебшчыны, з такой мясцовасці, якая называецца Варапаева. А калі быць дакладнейшым, нарадзіўся ў такой маленькай вёсачцы, якая называецца Чорнае. Дзяцінства было вельмі багатым, цікавым, бо ўвогуле дзяцінства на вёсцы – класнае. Ёсць шмат прасторы, шмат забаў – возера, дзеці, гульні… Таму з упэўненасцю магу сказаць, што маё дзяцінства было шчаслівым!
Шлях брата Паўла да Бога вельмі цікавы і разнастайны.
Адна дарога, i яна – да Бога.
Якая ўсё ж у гэтым яснасць духа!
Адна дарога, хоць iх вельмi многа.
Адна – мiж iншых варыянтаў руху. (М. Дукса)
- Як пачынаўся Ваш шлях да Бога?
- Мая гісторыя вельмі дзіўная. Па сутнасці я паходжу з сям’і няверуючых, дакладней, не практыкуючых хрысціян. Але карані сям’я наша мае вельмі пабожныя – гэта мае бабулі, дзядулі. Будучы маленькім дзіцём, я не хадзіў у касцёл. Калі прыйшоў час падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі, і мяне аддалі на гэту падрыхтоўку, то хадзіць я не вельмі хацеў: усё было незразумела, ды і сябры мае туды не хадзілі… Але калі мне было ўжо гадоў адзінаццаць – дванаццаць, здарылася адна падзея – вельмі цікавая і знакавая для мяне. У мяне ёсць дзве старэйшых сястры. Адна з іх, самая старэйшая, у той час была вельмі пабожнай, практыкуючай дзяўчынай, нават настолькі, што хацела стаць манахіняй. І аднаго дня, падчас восеньскіх канікул, яна мне запрапанавала пайсці ў касцёл. Я канечне ж абурыўся, сказаў, што мяне і так у нядзелю застаўляюць туды ісці, а тут трэба яшчэ і ў чацвер ісці... Але ўсё ж такі пайшоў з ёй у касцёл. Пабылі мы на Імшы, адмучыўся я (усміхаецца), а пасля Імшы яна гаворыць: “Давай пойдзем паразмаўляем з ксяндзом”. Я думаю вы здагадваецеся, якая ў мяне была рэакцыя (усміхаецца зноў): “Ты што, абалдзела? Ты мяне ў касцёл выцягнула, дык яшчэ трэба і з ксяндзом размаўляць?” Але мы пайшлі размаўляць з ксяндзом. Быў у нас такі класны вікарый, які вельмі добра працаваў з моладдзю і дзецьмі. І вось у размове са святаром мая сястра сказала адну рэч (брат Павел перапыняецца, каб зрабіць удакладненне: “Я, як быў дзіцём, быў вельмі актыўным, нікога не слухаўся, быў такім бунтаром!”). І яна кажа святару: “Слухайце, ён такі бунтар, дома нікога не слухаецца, можа б мы вам яго на перавыхаванне аддалі?” А святар так запраста гаворыць: “Ну, няхай прыязджае!”…
Я вярнуўся дадому, мая сястра паразмаўляла з бацькамі, і яны вырашылі адправіць мяне на плябанію да святароў на тры дні. Гэта быў сапраўды вельмі цікавы досвед для мяне. Не было нічога незвычайнага, гэта былі простыя тры дні, дзе мы маліліся і працавалі разам, дзе ксёндз нешта распавядаў пра сваё жыццё, пра касцёл… Але гэтыя тры дні цалкам змянілі маё жыццё. Пасля гэтых трох дзён я ўжо вяртаўся дадому, як паслухмяны хлопчык, добры вучань у школе, а перад усім і захоплены гэтай новай рэчаіснасцю – касцёлам. Я стаў міністрантам, пачаў увесь час хадзіць у касцёл – і вось гэта быў пачатак майго шляху да Бога.
Любое пакліканне Бог дае дзеля аднаго – дзеля чалавечага шчасця. Тысячы чалавек прыходзілі да Езуса, каб слухаць Яго, каб паглядзець на цуды, якія Ён чыніў, і пад Яго ўплывам змянілі сваё жыццё. Але толькі некаторыя пачулі ад Яго непасрэдна скіраваныя словы – “Ідзі за мной”. Такім чынам Хрыстус клікаў для “асаблівых заданняў” у супольнасці Яго паслядоўнікаў. Ён гэта робіць і далей. Як пачуць і распазнаць Яго голас? Адкрыць, што Ён прамаўляе да мяне? Што зрабіць, каб не абмінуць Яго пакліканне? На што звярнуць увагу?
- Брат Павел, як і калі вы адчулі, што хочаце служыць Богу? Хто аказаў на Вас уплыў?
- Менавіта гэты святар – (ксёндз Андрэй Санько) – гэта быў першы такі вобраз. Я па-дзіцячаму глядзеў на яго і думаў, што хачу быць такім, як ён. І паўтаруся, што гэты чалавек не зрабіў нічога надзвычайнага, але штосьці мяне так захапіла, што я захацеў жыць так як ён, я захацеў жыццё звязаць са служэннем Богу і людзям. Гэта была першая думка, першае дзіцячае прагненне хлопчыка дванаццаці год. І яно трывала досыць доўга, але пасля дзесьці згасла. Пасля быў іншы працяг гісторыі…
Рашэнне хлопца не ацаніў ніхто. Аднак яго гэта мала бянтэжыла, бо яго галоўнай каштоўнасцю ўжо стаў сам Хрыстос.
- Як да Вашага выбару аднесліся бацькі?
- Цікава. Увогуле, як я прыняў канчатковае рашэнне прыйсці да капуцынаў і за некалькі месяцаў сказаў пра гэта дома, ніхто не верыў, усе думалі, што я жартую. Калі я ўжо звольніўся са службы ў МНС, бо я працаваў у пажарнай службе, тады яны зразумелі, што я не жартую. Быў нейкі шок і стрэс: “Як гэта, сапраўды так?” (Задуменна.) Але ўсё ж такі яны аднесліся з разуменнем. Не было нейкіх радасных воклічаў пра сына манаха, ксяндза – гэтага не было, але была цалкавітая свабода: “Калі хочаш, калі адчуваеш, што гэта тваё, ідзі, мы табе не перашкаджаем”. У таты можа было крыху разачараванне, бо я – адзіны сын, адзіны прадаўжальнік роду. І для яго гэта было цяжкае рашэнне, але ён прыняў мой выбар. І ніколі не было з іх боку перашкодаў, ці адмаўлення мяне ад гэтага рашэння. Заўсёды было так спакойна.
Брат Павел з сям’ёй
“Хіба пайду ў кляштар?”, “А можа, я павінен стаць святаром?” – такія думкі з’яўляюцца ў многіх хлопцаў. Гэта можа быць голас паклікання, але гэта можа быць і простае жаданне пазбавіцца ад штодзённых праблем.
Жыццё ў манаскай супольнасці вынікае з таямніцы Касцёла. Яно з’яўляецца дарам, які Касцёл атрымлівае ад свайго Пана і якім як трывалым станам жыцця адорвае пакліканага Богам верніка праз складанне шлюбаў захоўваць евангельскія парады. Такім чынам Касцёл можа адначасова паказваць Хрыста і прызнаваць сябе Нявестаю Збаўцы. Манаства ў яго разнастайных формах паклікана быць знакам самой любові Божай, выказанай на мове свайго часу. Так і брат Павел дакладна ведаў, што хацеў быць сярод братэрскай супольнасці манахаў.
- Чаму Вы выбралі менавіта Ордэн Братоў Меншых Капуцынаў?
- (Задумваецца.) З Ордэнам Братоў Меншых Капуцынаў да майго прыйсця сюды, менавіта ў Маладзечна ў пастулят, мяне звязвала толькі адна рэч – айцец Піо. Калі трэба было выбраць сабе апекуна на бежмаванне, я выбраў менавіта яго, бо гэта быў адзіны святы, якога я ведаў (смяецца). Пасля маючы дзевятнаццаць год, я пачаў больш сур’ёзна думаць пра адданне сябе Богу, вярнуліся тыя думкі, прагненні пра пакліканне, якія былі ў дзяцінстве і якія заглушыў пераходны ўзрост, весялосць, эмоцыі…
Я пачаў шукаць, куды падацца мне, які ордэн выбраць? Бог на маім шляху тады пачаў так дзіўна ставіць людзей. У той час я больш трымаўся з марыянамі, якія ў Віцебскай дыяцэзіі вельмі актыўна працавалі з моладдзю. І будучы ў гэтым марыянскім асяроддзі я там сустрэў людзей, якія мне расказвалі пра капуцынаў. Пасля магу сказаць, што важную ролю адыграла адна асоба – сястра Мар’яна, якая ўвесь час працуе ў парафіі ў Варапаеве. Шмат разоў мой тата казаў мне гэту прыказку: “Паслухай жанчыну – і зрабі наадварот”. І вось тут так не здарылася (смяецца). Калісьці я падзяліўся з ёй думкай, што хачу звязаць сваё жыццё са служэннем Богу і шукаю нейкі ордэн, бо я вельмі добра ведаў, што мне патрэбны ордэн, мне патрэбна супольнасць, я быў у гэтым перакананы. Менавіта яна была той цаглінкай, якая канчаткова пераканала мяне пазнаёміцца з капуцынамі: “Вось глядзі, ёсць капуцыны – цудоўны ордэн, крутыя браты, трэба ехаць і пазнаваць”. І так я сустрэўся з братамі, некалькі разоў прыязджаў сюды (у Маладзечна – аўт.), каб паглядзець, што, ды як.
Перад тым як распачаць пастулят у Маладзечне, два разы прыязджаў сюды. Першы раз было вельмі цікава. Адказным за фармацыю быў брат Юра. Я яму тэлефаную і кажу, што хачу прыехаць і паглядзець, як браты жывуць, хто такія ўвогуле. І адказ быў вельмі дзіўным. Брат Юра быў такі былы ваенны, жорсткі мужчына. І ён кажа: “Што?” – і кінуў трубку (смяецца). Я хачу стаць капуцынам, а мне вось такі адказ.
Пасля брат Юрый пазваніў іншаму брату, які мне даў яго нумар, даведаўся пра мяне, перазваніў і кажа: “Дык што ты хочаш?” Я адказаў, што хачу прыехаць. Адказ быў: “Я цябе сустрэну!” Ну, вось, думаю, будзе хіба цікава там…
Я прыехаў на цягніку раніцай у 4 гадзіны сюды, у Маладзечна, адразу з працы. Брат Юра мяне сустрэў. Браты яшчэ не жылі тут у кляштары, а жылі ў іншым доме на Лясных. Ён мяне завёз туды. Сказаў паспаць гадзіны дзве і тады запрасіў пайсці на Імшу…
Я паспаў дзве гадзіны, ён мяне разбудзіў, і мы паехалі на Імшу. Я паразмаўляў з братамі… А пасля браты мне кажуць: “Слухай, у цябе ёсць бруднае адзенне, каб працаваць?” Я адказаў, што няма, бо не ведаў, што трэба будзе працаваць, але і так згадзіўся папрацаваць. Наступную палову дня я працаваў з іншым пастулянтам, а вечарам мне трэба было вяртацца, каб ісці на сваю працу.
Наступны раз я прыехаў сюды пасля Божага Нараджэння, і зноў брат Юра кажа: “Слухай, у мяне няма часу, мне трэба ісці на Каляду. Там у касцёле ёсць сястра, якой трэба дапамога”. Я пайшоў да сястры, яна мне дала пыласос, я прыбраў увесь касцёл (смяецца), вечарам пасядзеў з братамі, пераначаваў і паехаў дадому.
Але трэці раз я прыехаў сюды ўжо з рэчамі і распачаў пастулят. Пасля думаў над тым, чаму ў мяне нічога дзіўнага не было, што б кранала сэрца і пачуцці маладога чалавека? Але была прастата і сапраўднасць у гэтым усім. Я бачыў людзей, якія працуюць, бачыў людзей, якія моляцца, якія жывуць разам, якія праўдзівыя, сапраўдныя – і гэта мяне хіба захапіла. І перад усім, была супольнасць, тое, што мне было вельмі важна. Так я пераканаўся і пачаў гэты шлях.
З сястрой Мар’янай
Пакліканне да святарскага або манаскага жыцця – гэта вялікая Божая ласка, дадзеная чалавеку, вялікі дар, бо “з кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць” (Лк 12, 48).
- Да чаго вядзе манаскае паліканне?
- Я думаю, што так як і кожнае пакліканне, таксама і манаскае, вядзе да святасці. Кожны з нас мае асабістую дарогу і асабістае пакліканне. Шлях жыццёвы, дзе ён павінен асягнуць гэту святасць: хтосьці ў сужэнстве, хтосьці ў святарскім жыцці, хтосьці ў манастве. Пасля ў гэтым адкрываецца іншае пакліканне. Напрыклад, у сужэнстве дадатковае пакліканне – гэта будзе праца лекарам, ці настаўнікам. І ў гэтым чалавек рэалізоўваецца. Гэта шлях, які Бог для яго падрыхтаваў, каб ён мог дасягнуць святасці. А значыць – паўнаты жыцця і шчасця.
Складанне вечных манаскiх абяцанняў – гэта цырымонія, падчас якой браты, якія даволі працяглы час былі ў ордэне, паглядзелі на яго жыццё, на харызмат, служэнне, назаўсёды аддаюць сябе Богу праз складанне трох абяцанняў: паслухмянасці, чыстасці і ўбоства. Вечныя абяцанні ўжо не адмяніць. Ты складаеш іх, кажучы, што захаваеш аж да смерці.
- Дзе і калі Вы склалі першыя манаскія шлюбы? Што азначала для Вас складанне вечных манаскiх абяцанняў?
- Першыя манаскія шлюбы я склаў у Польшчы, у нашым кляштары ў горадзе Новэ Място над Пелісоў у 2017 годзе. А вечныя манаскія шлюбы я склаў у Докшыцах. Тое, што тычыцца вечных манаскіх шлюбаў – гэта як бы канчатковае “Так”, бо ў касцёла ёсць мудрасць: Касцёл дае пасля ІІ Ватыканскага Сабора дадатковы час распазнання – тры гады ты павінен пражыць як манах на часовых шлюбах. Раней гэтага не было, раней браты заканчвалі навіцыят і адразу павінны былі злажыць вечныя шлюбы. Цяпер гэты час можа расцягнуцца нават да 9 год. І гэта вельмі добра, бо гэта час, які табе патрэбны, каб разабрацца ў сабе, калі ты шчыра працуеш сам з сабой, з Божай ласкай; зразумець, ці гэта тваё пакліканне ці гэта тваё месца – і пасля вечныя шлюбы.
Гэта выглядае так, быццам зачыніць за сабой дзверы. У такім сэнсе, што пакуль ты на часовых, ёсць шмат сумневаў, ёсць шмат спакусаў, бо ты думаеш: “Вось зараз год закончыцца, і я магу ўсё кінуць і пайсці”. І ты свабодны перад Богам у сумленні, бо сказаў: “”Госпадзе, толькі на год”. А скласці вечныя манаскія шлюбы і абяцанні – гэта сказаць сваё “Так!” назаўсёды Богу, адрэзаць таксама іншыя магчымасці і цалкам увайсці ў гэтае жыццё назаўсёды. Спадзяюся, што яно будзе так (усміхаецца).
Падчас складання вечных манаскіх шлюбаў. Докшыцы, 3 жніўня 2021 г.
Фармацыйны шлях капуцынаў вельмі доўгі. Спачатку ідуць два гады пастулату – яны жывуць з братамі, моляцца і распазнаюць свой шлях. Трэці год – навіцыят, калі яны апранаюць хабіты і амаль не пакідаюць тэрыторыю кляштара, а напрыканцы гэтага года складаюць першыя манаскія шлюбы. Далей, у постнавіцыяце, два–тры гады яны служаць у складаных умовах: у хоспісах, шпіталях, дзіцячых дамах або выязджаюць на місіі. Пасля складаюць вечныя манаскія шлюбы – перад Богам абяцаюць да канца жыцця трываць у паслушэнстве, чыстасці і без уласнасці. Затым браты Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў ідуць у семінарыю і вучацца філасофіі ў Польшчы, а пасля – тэалогіі ў Італіі. Заканчваецца вучоба, і яны атрымліваюць дыяканскія пасвячэнні. Потым, калі яны гатовыя, то праз нейкі час атрымліваюць святарскія пасвячэнні. Цікава. Якім быў шлях брата Паўла?
- Як і дзе праходзіла Ваша фармацыя?
- Фармацыя ў братоў капуцынаў багатая. І я вельмі ўдзячны нашаму Ордэну за тое, што гэта так выглядае. Распачаў я свой шлях вось тут, у Маладзечне, правёў тут 9 месяцаў – нараджалі мяне вось тут (смяецца) – і пасля адправіўся ў Польшчу, дзе праходзіў наступныя этапы фармацыі – пастулят, навіцыят, постнавіцыят – гэта цэлы францішканскі год досведу жыцця як францішканін: праца з беднымі, убогімі, хворымі, патрабуючымі – і для мяне асабіста гэта быў найпрыгажэйшы год з усіх гадоў фармацыі. Пасля была вучоба ў каталіцкім універсітэце ў Любліне – 2 гады філасофіі – гэта значыць пяць гадоў у Польшчы і пасля чатыры гады ў італьянскім горадзе Бары, дзе на працягу трох год вывучаў тэалогію. І па сутнасці, першы этап фармацыі заканчваецца менавіта вось з абаронай бакалаўрыяту на тэалагічным факультэце. Для тых, хто распазнае пакліканне да святарства, – з прыняццем дыяканату, для тых, хто адчувае сябе як брат, – застаецца братам, пасля вяртаецца дадому. У маім выпадку трошкі іначай злажылася гэта справа…
Адпачынак з сябрамі-аднадумцамі
Праца абаронена!
Шлях да святарства ў кожнага свой, агульнае адно – асаблівы ўнутраны стан, калі чалавек адчувае пакліканне да служэння Богу і людзям. І шлях гэты не заўсёды просты, ён мае свае падводныя камяні, як і жыццё любога чалавека, але наколькі лягчэй іх пераадольваць, калі побач ёсць тыя, хто заўсёды гатовы падзяліць з табой цяжкую ношу.
Брат Павел з сястрой Ганнай
З сябрам – братам Сяргеем Гусарам
“Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца, не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, не думае благога, не цешыцца з несправядлівасці, але радуецца праўдзе, усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не знікае…” (1Кар 13:4-8).
- Брат Павел, якія былі самыя складаныя выпрабаванні ў Вашым жыцці падчас падрыхтоўкі да святарства?
- Гэта вельмі глыбокае пытанне, досыць складанае (задумваецца). Выпрабаванняў было дастаткова, але мне здаецца, што самае складанае – гэта тое, што ўвогуле перажываюць браты або тыя людзі, якія прысвячаюць або хочуць прысвяціць сваё жыццё Богу, бо святарства – гэта быццё самім сабою. Дастаткова складаным годам у маім жыцці, у маёй фармацыі быў навіцыят. Навіцыят – гэта, у нашым выпадку, трэці год паклікання, калі ты рыхтуешся да моманту складання першых манаскіх абяцанняў. Год, які ты перажываеш больш у засяроджанасці, у малітве, у цішыні, больш адарвана ад свету – няма магчымасці паехаць дадому. Я не меў магчымасці нават патэлефанаваць бацькам, мы пісалі лісты. Дарэчы, вельмі добрая і важная практыка. У такіх абставінах, калі ты ў цішыні, сам з сабою, ёсць шмат часу на малітву, на роздум, на духоўныя размовы. Выходзіць усё тое, што ёсць у цябе ўнутры – і добрае, і прыгожае, а таксама і цяжкае… Я не быў пабожным хлопчыкам з пабожнай хрысціянскай сям’і. Былі ў маім жыцці розныя эпізоды, як у Францішка да навяртання… І несці гэта ўсё з сабою ў навіцыяце было дастаткова складана. Гэта быў працэс ачышчэння, калі можна так гэта назваць. Калі Бог выцягвае ўсё тое, чаго я баяўся, саромеўся, што не дазваляла ўвайсці ў манаскае жыццё, бо я адчуваў сябе нягодным, думаў, што мне няма тут месца, мяне павінны выгнаць, бо я слабы і грэшны…
І Бог хацеў, каб я прызнаўся ў гэтым і падзяліўся таксама з айцом духоўным – і тым самым мяне ачышчаў, паказваючы сваю любоў. Паказваючы, што любоў Яго бескарыслівая, міласэрная, што Ён прымае мяне такім, як я ёсць. І калі Ён цябе паклікаў, то тое, што было раней, не мае такой важнасці перад тым, як ты жывеш і вядзеш сябе цяпер, калі пазнаў Божую любоў.
30 верасня брат Павел Кузьміч прыняў пасвячэнне дыяканату з рук арцыбіскупа Отранта Франчэско Нэры ў Італіі. Урачыстая святая Імша адбылася ў базыліцы святой Фары ў горадзе Бары, што на поўдні Апенінаў. Італьянскі іерарх параўнаў кожнага чалавека з базылікай, нагадаўшы, што ў Рыме ёсць чатыры вялікія базылікі: святога Яна на Латэране, святога Пятра ў Ватыкане, святога Паўла за мурамі і святой Марыі Вялікай. Усе іншыя базылікі, колькі іх ёсць у свеце, называюцца меншымі. «Чалавек, які з’яўлецца вобразам Бога, заўсёды мае годнасць самай вялікай базылікі, бо ў ім прабывае Дух Святы», – сцвердзіў арцыбіскуп Нэры, заахвоціўшы новых дыяканаў да служэння ўсім людзям без выключэння, «бо кожны з нас – гэта святыня, ў якой прыбывае Дух Божы».
Пасвячэнне з рук арцыбіскупа Отранта Франчэско Нэры (фота сайта catholic.by)
- Брат Павел, а якія пачуцці і эмоцыі ў Вас былі падчас пасвячэння?
- Гэта была вельмі значная падзея ў маім жыцці. Тое, што тычыцца пачуццяў і эмоцый, яны былі найпрыгажэйшымі, гэта вельмі моцнае перажыванне – поўная радасць, але і ўзрушанне адначасова. Момант да якога ты ідзеш, але не ўсведамляеш, што гэта такое ў поўным сэнсе. А вось перажыванне самой літургіі, момант, калі табе накладаюць стулу дыяканскую і далматыку (адзенне, якое носіць дыякан – аўт.) (з хваляваннем) … Я нават расплакаўся, было вельмі прыгожа, вельмі ўзрушальна. Гэта як бы свядомасць таго, што ты сапраўды ўваходзіш у гэтую паслугу, якая важная, якая не тое, што дае табе нейкі статус, магчымасці і г.д., але, што ты пачынаеш служыць людзям і праз людзей Богу, што ты спрычыняешся да таго, каб узрастала Цела Хрыста, Касцёл – і гэта неверагодна! Жадаю кожнаму перажыць такі момант!
Падчас цырымоніі пасвячэння (фота сайта catholic.by)
На беразе Адрыятычнага мора з сям’ёй і сябрамі пасля пасвячэння
“Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часткі са Мною”(Ян 13, 8).
- А ці хвалюецеся зараз перад сакрамэнтам пуасвячэння? У чым сэнс гэтага сакрамэнту?
- Думаю, што яшчэ не так моцна (усміхаецца), яшчэ заняты практычнымі прыгатаваннямі (з братам Паўлам мы размаўлялі 7 красавіка – аўт.). Яшчэ не прыйшоў момант стрэсу і ўсведамлення. Гэта, думаю, будзе дзесьці ў пятніцу (зноў на твары ўсмешка).
Тое, што тычыцца сэнсу гэтага сакрамэнту, то, каб зразумець сэнс, трэба глядзець на Хрыста. На тое, як Ён прайшоў сваё зямное жыццё, як пражыў яго, як Ён любіў людзей, служыў ім – толькі ў гэтым можна знайсці сэнс святарства. Без Хрыста нашае святарства пустое. Адным з найпрыгажэйшых вобразаў святарскага служэння з’яўляецца ўчынак Хрыста падчас апошняй вячэры: падперазаўся ручніком і пачаў мыць ногі сваім вучням. Для мяне гэта заўсёды ўзрушваючы і прыгожы момант – калі Бог мые ногі чалавеку, Касцёл, які мые ногі чалавеку. І асабіста для мяне найпрыгажэйшы вобраз святарскага служэння менавіта вось гэты. Святар, які ў пэўным сэнсе мые ногі чалавеку, гэта значыць, што ён служыць яму, ён не баіцца схіліцца над тым, што нежаданае ў жыцці, тым, што мы адкідваем, тым, што бруднае, тым, што можа чалавек іншым і не пакажа. Але з любоўю абмыць ногі і проста служыць.
Манаскае служэнне – рэалізаваны талент любові да Бога. Ніхто не ведае, якія крытэрыі Божага выбару. Зразумела толькі тое, што Пан Бог не глядзіць так, як глядзіць чалавек: чалавек глядзіць на твар і бачыць знешняе, а Пан глядзіць на сэрца і ўваходзіць у патаемнае. “Сэрца – вось крытэрый, па якім выбірае Пан Бог святара” (с. Нунэ Цітаян MSF).
- Якія каштоўнасці і прынцыпы вы лічыце найбольш важнымі ў жыцці і дзейнасці святара?
- (Задумваецца.) У лекара ёсць такі прынцып: “Не нашкодзь!” Думаю, што ў жыцці святара гэтага мала, бо можна нічога не рабіць. Важна ж заўсёды глядзець на Хрыста. Любіць Хрыста і любіць людзей – гэта фундаментальны прынцып. Не будзе любові не толькі да Хрыста, але і да людзей, да якіх Ён цябе пасылае, да Касцёла, які з’яўляецца Касцёлам Хрыстовым, любові, якая будзе праяўляцца ў прыняцці людзей, у слуханні, у спачуванні, эмпатыі, то думаю, што не варта і быць святаром.
Фундамент – сам Хрыстос. Ісці за Ім, наследаваць Яго, а не ісці нейкай сваёй дарогай, якую сам сабе выбраў.
“Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16, 15).
- Брат Павел, дзе будзеце праходзіць Ваша служэнне далей?
- Маё служэнне ўжо пачалося і наступныя тры гады будзе ў італьянскім Бары, у нашым кляштары і базіліцы Святой Фары (Basilica Parrocchia Santa Fara – аўт.), дзе я выконваю некалькі паслугаў, такіх як вікарый у парафіі, душпастыр моладзі і дзяцей і эканом у кляштары, сумяшчаючы ўсё гэта з вучобай. А пасля спадзяюся, што ўсё ж такі вярнуся на Беларусь і буду служыць тут.
Мы шчыра радуемся, што брат Павел выбраў менавіта наш касцёл святога Піо для найбольш важнай у сваім жыцці падзеі, і віншуем ад усяго сэрца!
З прыміцыйнай святой Імшы ў Варапаеве 14.04.2024 г.
Дарагі наш брат Павел!
Вам пажадаем: плённага веку,
Моцы духа – Святару і здароўя – Чалавеку.
Жыць у любові, спаўнення надзей,
З Богам хай будзе кожны Ваш дзень! (А. Шумель)
Пробашч парафіі, брат Ігар Колзун: Жадаю брату Паўлу быць добрым святаром і ў сваім святарстве служыць Богу і людзям! І хацелася б, каб хутчэй вярнуўся на Беларусь.
Брат Уладзіслаў Мінько: Не пераставай здзіўляцца, Брат!
Брат Андрэй Жылевіч: Жадаю быць мудрым, святым святаром і верным слугою Хрыста.
Брат Андрэй Шэстакоў: Няхай руплівасць на ніве Пана прыносіць шчодры плён.
Ад імя вернікаў парафіі святога Казіміра касцёла святога Піо: Дарагі наш брат Павел! Жадаем быць вартым Божых ласкаў, што атрымаў, у любой сітуацыі заставацца верным свайму пакліканню і чалавечай годнасці. “Няхай твая лямпа гарыць заўсёды, на чыстым падсвечніку, ад вечару да раніцы, перад Панам, у вечнай падзяцы” (Ляв 24, 3-4).
Тэкст і апрацоўка: Таццяна Шумель
Інтэрв’юер: Вікторыя Гулецкая
Фота: з асабістага архіва бр. Паўла Кузьміча, бр. Андрэя Жылевіча, Эрыка Савянка