папа францішак

14 верасня 2018 г. Святы Айцец прыняў удзельнікаў капітула Ордэна капуцынаў. Спачатку Папа ўручыў ім тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загадзя, а сам вырашыў звярнуцца да ім сардэчнымі словамі экспромтам:

«Я тут маю падрыхтаваную прамову, але яна занадта фармальная, каб падзяліцца ёю з вамі, капуцынамі; я перадам яе айцу Генералу… Вось яна, гэта — афіцыйная.

А я жадаю сказаць вам так, ад сэрца. Табе [звяртаючыся да новаабранага Генеральнага настаяцеля брата Рабэрто Джэнуіна] я жадаю ўсяго найлепшага: ты ўжо чацвёрты Генерал, якога я ведаю. Першым, з якім я пазнаёміўся, быў Флавіё Караро, разам з якім мы былі ўдзельнікамі Сіноду ў 94-м; потым — Джон Карыво, які забраў ад нас з Аргентыны аднаго файнага капуцына, каб зрабіць яго сваім радцам, але я пазней адпомсціў за яго, і той стаў біскупам [смяецца, смяюцца]. Потым — Маўро [Ёры], які, як добры швейцарац, вёў справы наперад са здаровым сэнсам — здаровым сэнсам — з сэнсам канкрэтыкі, рэальнасці; і, як усе, хто ведае мовы, а таксама дыялект, ён адзін з тых, хто даходзіць да дробязяў жыцця. І цяпер — ты, чацвёрты. Жадаю вам усяго найлепшага[яму і новым радцам].

 

 

Сёння раніцай я думаў пра вас. Ёсць адно слова, якое ты сказаў у сваёй прамове: перадусім капуцыны — гэта «браты народа»: гэта вашая ўласцівасць.

Блізкасць да людзей. Быць блізкімі да Божага народа, блізкімі

А блізкасць дае нам гэтае веданне канкрэтыкі, гэтую мудрасць, што больш за веданне: гэта мудрасць. Блізкасць да ўсіх, але перадусім да найменшых, да самых непатрэбных, да самых безнадзейных. А таксама да тых, якія найдалей адышлі. Я маю на ўвазе брата Хрыстафора[dei Promessi sposi — ад Нарачоных], «вашага» брата Хрыстафора.

Блізкасць: мне б хацелася, каб гэтае слова засталося з вамі як праграма. Блізкасць да народа. Таму што народ мае вялікую павагу да францішканскага габіту.

Аднойчы кардынал Куарачыно казаў мне, што ў Аргентыне часам якісьці антыклерыкал кажа абразу ксяндзу, але ніколі, ніколі не быў абражаны францішканскі габіт, бо гэта ласка. І вы, капуцыны, маеце гэтую блізкасць: захавайце яе. Заўсёды блізкія да народа. Таму што вы — браты народа.

Нядаўна ў Ірландыі [у Дубліне] я бачыў гэтую вашую працу з самымі непатрэбнымі і быў узрушаны. Настаяцель гэтага Дома, яго стары заснавальнік, прыгожа сказаў: «Мы тут не пытаемся, адкуль ты, хто ты: ты — дзіця Божае». Гэта — адна з уласцівасцяў. Добра разумець, «нюхам» [адчуваць], людзей, без аніякіх умоваў. Заходзь, а там убачым. Гэта — ваша харызма, блізкасць: захавайце яе.

  

Акрамя таго, яшчэ адна тыповая рыса капуцынаў:

Вы — людзі, здольныя вырашаць канфлікты, усталёўваць мір, з тою мудрасцю, якая паходзіць менавіта з блізкасці; перадусім усталёўваць мір у сумленнях

Тое «тут не пытаюцца, тут слухаюць», што я сказаў пра таго ірландскага капуцына: вы шмат гэтага робіце ў сакрамэнце споведзі і пакаяння. Вы — людзі паяднання.

Я памятаю ваш касцёл у Буэнас-Айрэсе: шмат людзей з усяго горада хадзіла туды спавядацца. Таму што яны цябе слухаюць, усміхаюцца табе, ні пра што не пытаюцца і прабачаюць табе. І гэта не азначае «глядзець скрозь пальцы», не; гэта — мудрасць паяднання.

Захоўвайце апостальства споведзі, прабачэння: гэта — адна з найпрыгажэйшых рэчаў, якія ў вас ёсць: яднаць людзей

Ці то ў сакрамэнце, ці то ў сем’ях: яднаць, яднаць. А для гэтага патрэбная цярплівасць, не словы; мала словаў, але блізкасць і цярплівасць.

І яшчэ адна рэч, якую я бачыў у вашым жыцці: простая малітва.

Вы — людзі малітвы, але простай. Малітва «на „ты“» з Панам Богам, з Маці Божай, са святымі…

Захоўвайце гэтую прастату ў малітве. Маліцеся шмат, але з гэтай прастатой. Людзі міру, простай малітвы, людзі народа, людзі паяднання. Касцёл жадае, каб вы былі такімі: захоўвайце гэта. І з тою свабодаю і прастатою, што ўласцівыя вашай харызме.

 

Дзякуй вам за ўсё тое, што вы робіце для Касцёла, вялікі вам дзякуй. Працягвайце ў тым жа духу, працягвайце ў тым жа духу, «па-капуцынску» (allacappuccina)….[смех] Дзякуй!»

 

 

http://kapucyny.by

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».