«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям».
З аб'яўлення Маці Божай у Будславе
Кожны год на стыку чэрвеня і ліпеня некалькі тысяч беларусаў-каталікоў з розных гарадоў і вёсак адпраўляюцца ў пешую пілігрымку да цудатворнага абраза Багародзіцы ў Будслаў, пераадольваючы на сваім шляху дзясяткі і сотні кіламетраў.
Хутка зноў адбудзецца чарговая пілігрымка з нашай парафіі святога Казіміра да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай. Ужо больш трыццаці гадоў вырушаць моладзь і дарослыя, дзеці і старэйшыя людзі, у адзіночку і сем’ямі, шчаслівыя і знясіленыя, упершыню і шматразова... А колькі ж яшчэ тых, хто, пачуўшы аб’явы і запрашэнне, знаходзіцца ў роздуме: пайсці ці застацца? Паспрабуем разам разабрацца і зрабіць правільны выбар наконт удзелу ў пілігрымцы. Але аб усім па парадку.
І пачнём, зразумела, са знаёмства са словам «пілігрымка». Паняцце «пілігрымка» ёсць і ў хрысціянстве, і ў іншых рэлігіях. Само паходжанне слова «пілігрым» (лац. peregrīnus, дзе per значыць «за», ager – «зямля, краіна») даволі простае: у дахрысціянскія часы ў Рымскай імперыі так называлі ўсіх чужынцаў, у адрозненне ад грамадзянаў імперыі, надзеленых усімі правамі (civile). Як людзей, што здзяйсняюць духоўнае падарожжа, пілігрымаў пачалі ўспрымаць пазней, калі па Еўропе пачало распаўсюджвацца хрысціянства.
У хрысціянстве пілігрымка – падарожжа ў Святую Зямлю і іншыя геаграфічныя мясцовасці, якія маюць сакральнае значэнне для хрысціян, з мэтай пакланення і малітвы. Чалавека, які здзяйсняе падарожжа, называюць паломнікам або пілігрымам.
Пілігрымы здзяйсняюць сваё духоўнае падарожжа ў розных мэтах. Гэта і просьбы аб здароўі для сябе і сваіх блізкіх, перапрашэнне за грахі і правіны, падзяка Богу за атрыманыя ласкі і шматлікія іншыя інтэнцыі.
Адкуль з’явіліся пілігрымкі?
Калі казаць агулам, то традыцыя здзяйсняць пешае падарожжа да святых месцаў даволі даўняя. Яшчэ ў Старым Запавеце мы сустракаем выпадкі такога пілігрымавання, калі пабожныя ізраільцяне хадзілі ў пілігрымку да Скініі з Каўчэгам Запавету (пазней – у Ерузалемскі храм) для здзяйснення ахвярапрынашэнняў і малітваў.
У Новым Запавеце – прыклад, калі Святая Сям’я (Марыя, Юзаф і 12-гадовы Езус) пайшлі ў Ерузалем на свята Пасхі (Лк 2, 41-52). Таксама можна сустрэць і шмат іншых прыкладаў.
Пасля смерці і ўваскрасення Хрыста асноўнай мэтай пілігрымаў сталі месцы, звязаныя з жыццёвым шляхам Сына Божага.
Каб перашкодзіць першым хрысціянам здзяйсняць пілігрымкі, рымскія імператары імкнуліся знішчыць усё, звязанае з жыццём і дзейнасцю Езуса. Яны загадвалі руйнаваць храмы, перайменоўвалі гарады, а на месцы хрысціянскіх святыняў ладзілі язычніцкія капішчы.
У пачатку VII стагоддзя (638 год) тэрыторыю Палесціны захапілі арабы-мусульмане. Таму колькасць пілігрымак у Святую Зямлю значна скарацілася. Замест іх сталі папулярнымі рэгіянальныя пілігрымкі да святых месцаў (санктуарыяў). Найбольшую значнасць сярод іх атрымалі пілігрымкі да грабніц апосталаў. Самымі папулярнымі з іх былі пілігрымкі да месцаў пахавання апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме, а таксама да грабніцы св. Якуба ў Санцьяга дэ Кампастэла (Іспанія).
Пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай сталі папулярнымі ў XVI стагоддзі. Тады ж аднавілася традыцыя IV ст. каранаваць найбольш значныя для хрысціян абразы Маці Божай. Гісторыя пілігрымак на суседніх з Беларуссю тэрыторыях распачынаецца ў другой палове XVI ст. Тады ў 1651 годзе папскім нунцыем у Варшаве быў укаранаваны абраз Маці Божай Ласкавай. Пазней адбылася каранацыя абразоў Маці Божай у Чэнстахове, Тракаі, Кодані, Сокале і Падкамені.
Пілігрымкі ў Беларусі
Першым укаранаваным абразом Маці Божай на тэрыторыі Беларусі стаў абраз Жыровіцкай Божай Маці. Абраз шануецца не толькі католікамі і праваслаўнымі, але і вернікамі Рыма.
Абраз Маці Божай Жыровіцкай
У Вечным горадзе копія абраза Маці Божай Жыровіцкай у выглядзе фрэскі была адкрыта пад тынкамі муру ў 1718 годзе ў касцёле святых Сяргея і Бакка. Фрэску перанеслі ў галоўны алтар і зараз ушаноўваюць як Мадонну дэль Паскола.
Затым, у 1761 годзе, быў каранаваны абраз Маці Божай у Бялынічах. Доўгі час абраз лічыўся страчаным, а нядаўна была знойдзена копія абраза за бакавым алтаром у касцёле ў Новай Мышы (Баранавіцкі раён). Цуды праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай адбываюцца і зараз.
На працягу XIX-XX стст. адбываўся жорсткі пераслед Касцёла спачатку ва ўмовах Расійскай імперыі, потым СССР. Таму пілігрымкі ў гэты час амаль не праводзіліся. Вернікі таемна ладзілі пілігрымкі да розных санктуарыяў краіны. У гэты час удалося нават каранаваць абраз Маці Божай Вастрабрамскай у Вільнюсе.
Пасля адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі аднавіўся і пілігрымкавы рух. Акрамя гэтага, адбыліся каранацыі найбольш шанаваных абразоў Маці Божай на тэрыторыі Беларусі.
У 1996 годзе быў каранаваны абраз Маці Божай Брэсцкай, у 1997 г. – Маці Божай Лагішынскай, у 1998 г. – Маці Божай Будслаўскай, у 2005 г. – Маці Божай Кангрэгацкай (знаходзіцца ў катэдральным касцёле ў Гродне), у 2009 г. – Маці Божай Тракельскай.
Акрамя пілігрымак да цудатворных абразоў Маці Божай, ёсць пілігрымкі, якія ўшаноўваюць Езуса. Напрыклад пілігрымка «Гродна – Рось» у санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.
Такім чынам, кожная пілігрымка – гэта найперш шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў.
Мне падабаецца выказванне кардынала Краеўскага, які лічыць, што «пілігрымка – гэта дарога ў адпаведным накірунку, час на роздум і разважанне над тым, чым для мяне з'яўляецца Касцёл, якое месца я займаю ў гэтай супольнасці. Пілігрымка – гэта вызнанне маёй веры, і гэта – самае важнае».
Нам удалося даведацца, што такое пілігрымка і гісторыю іх узнікнення. А цяпер давайце паспрабуем разабрацца, што трэба ўзяць з сабой у дарогу і складзём два заплечнікі пілігрыма (а нават і тры!). Чаму два? – спытаеце вы. А таму, што мы вырушаем ў рэлігійную пілігрымку, дзе для нас вельмі важным з’яўляецца духоўны заплечнік.
Звычайны заплечнік пілігрыма
Пілігрым звычайна рыхтуе два заплечнікі: першы ‒ сумка (чамадан ці вялікі заплечнік), у якую змяшчаем асноўныя рэчы і якая выдаецца на начлег, а раніцай адвозіцца на наступнае месца начлегу. А таксама меншы заплечнік з вадой і іншымі патрэбнымі ў дарозе рэчамі, які носіць пры сабе.
● Медыкаменты. Набор пластыраў, лекі, звязаныя з індывідуальнымі хваробамі. У аптэчцы кожнага павінны быць анальгетыкі, спазмалітыкі і сімптаматычныя прэпараты пры прастудзе. Не будуць лішнімі актывіраваны вугаль, прэпараты для паляпшэння стрававання, а таксама лекі супраць алергіі: звышадчувальныя рэакцыі арганізма могуць быць на што заўгодна і сустракаюцца ўсё часцей.
● Сродкі гігіены. Каб абмываць рукі перад прыёмам ежы, падчас прыпынкаў у дарозе, спатрэбіцца мыла або антыбактэрыяльны гель, невялікі ручнічок. Таксама вазьміце ў дарогу хустачкі, вільготныя сурвэткі, сонцаахоўны крэм і акуляры ад сонца. Не забудзьце ўзяць туалетнай паперы. Вопытныя пілігрымы раюць мець з сабой дзіцячую прысыпку, каб засцерагчыся ад абапрэласцяў і мазалёў.
● Посуд. Улічваючы паходныя ўмовы, рэкамендуецца браць з сабой небіткі посуд (пластмасавы, металічны). Кубак, лыжка, талерка, бутэлька для вады.
● Галаўны ўбор. Капялюш, бейсболка, берэт, касынка. Найбольш прыдатны з пералічаных – з палямі, таму што такі галаўны ўбор закрывае не толькі валасы і скуру галавы, але і твар (палі адкідваюць цень). Найлепшы варыянт – з ушытай сеткай, дзякуючы якой галава не пераграецца. Можна таксама ўзяць з сабой вялікую хустку, шаль, ці кавалак баваўнянай тканіны (змочаная вадою ў спякотны дзень яна ахалоджвае і засланяе адразу твар і рукі ад сонейка).
● Адзенне. Трэба падрыхтаваць адпаведнае адзенне і абутак. Варта ўлічваць, што надвор'е можа быць розным, таму абавязкова неабходна ўзяць цёплыя рэчы. Як апранацца? Наша адзенне павінна быць зручным і сціплым. Не варта апранаць адкрытыя майкі і шорты, па-першае не да месца, а па-другое, знаходзячыся цэлы дзень у дарозе на сонцы, можна атрымаць апёкі. Цішоткі, кашуля, каб рукі прыкрыць. Штаны, даўжэйшая спадніца, бо сонца ногі не шкадуе. Шкарпэткі (у залежнасці ад патрэб) – некаторыя пілігрымы надзяюць адразу 2 пары, спачатку тонкія, баваўняныя, а зверху ваўняныя. Можна прыхапіць дажджавікі для абутку на выпадак ліўняў.
● Непрамакальнае адзенне. Дажджавік, вятроўка, воданепранікальная куртка і штаны. Кожны выбірае для сябе найбольш прыдатны варыянт. Часцей за ўсё пілігрымы карыстаюцца дажджавікамі: яны лягчэйшыя і не займаюць шмат месца ў заплечніку. Не будзе лішнім запасны камплект. Парасон, у выпадку пілігрымкі, не найлепшы варыянт.
● Зручны абутак. Найлепшы варыянт – 2 пары абутку: красоўкі, басаножкі або сандалі. Калі адна пара пачне націраць ногі, яе можна будзе замяніць на другую. Не рэкамендуецца браць з сабой новы абутак: ён яшчэ не разношаны, ногі да яго не прывыклі. Не зусім зручны будзе абутак з тонкай падэшвай: падчас пілігрымкі даводзіцца ісці па розных дарогах, у тым ліку – з жвіровым пакрыццём.
● Палатка, спальнік, карэмат або іншая посцілка, прыдатная для сядзення ці ляжання на адпачынку. Усе гэтыя рэчы могуць спатрэбіцца для начлега. Не заўсёды пілігрым спыняецца ў доме, часам даводзіцца начаваць у касцёлах, спартыўных залах, дамах культуры і проста на вуліцы.
У вялікую сумку злажыце прадметы асабістай гігіены – расчоска, зубная шчотка і паста, мыла і шампунь, гігіенічныя пракладкі, рушнік. Падбярыце адзенне для начлегаў – у залежнасці ад таго дзе начуеце, вазьміце патрэбную колькасць асабістай бялізны, шкарпэтак, сланцы – каб ногі ўвечары адпачылі. Не лішнімі будуць таксама крэмы для стомленых ног. Магчыма спатрэбяцца шпількі, ніткі, іголка, нажнічкі, скотч.
Памятаючы пра тое, што пілігрымка – гэта духоўнае паломніцтва, варта ўзяць з сабой малітоўнік і ружанец – гэта асноўныя атрыбуты пілігрыма.
Фотаапарат і нататнік з асадкай, каб запісаць свае ўражанні і e-mail новага сябра. А яшчэ вопытныя пілігрымы раюць браць з сабой маленькія падаруначкі гаспадарам на начлегах! Ну і не забудзьце пра добры настрой і ўсмешку!
Што класці ў заплечнік штодня?
Патрэбнае ў дарозе і на прыпынках з узгаданага вышэй, а таксама бутэльку з чыстай вадой, яна лепш наталяе смагу, чым салодкія напоі. Перакус, на ўсялякі выпадак, (сухое пячэнне, арэхі) з улікам надвор'я, каб не сапсавалася. Іншыя неабходныя рэчы, але памятайце, што вам іх трэба несці ўвесь шлях.
Духоўны заплечнік пілігрыма
Апрача спісу таго, што варта ўзяць, добра было б яшчэ і скласці спіс таго, што лепей не ўзяць з сабою: чаканні, спадзяванні, безліч незакрытых і нявырашаных справаў у галаве… «Традыцыйная» памылка многіх пілігрымаў у тым, што яны набіраюць з сабой у Будслаў цэлы «мех» скаргаў і просьбаў, а потым пакутліва цягнуць яго кіламетр за кіламетрам, і цяжкія крокі аддаюцца ў іх Божым голасам: «Пакінь гэта ўсё на дарозе».
Таму, каб не дапусціць такіх памылак варта падрыхтавацца да свайго паломніцтва больш сур'ёзна. Вось што важна ўзяць з сабою ў першую чаргу.
● Чыстую інтэнцыю. Варта прызнацца, што не заўсёды мы ідзем у пілігрымкі для таго, каб прайсці асабісты Крыжовы шлях. Бывае так, што на душы спакойна і бесклапотна, а ў пілігрымку ідуць твае сябры – і вось табе таксама хочацца ісці, спяваць і знаёміцца з новымі людзьмі, не маючы пры гэтым асаблівай духоўнай мэты. А можа быць ужо невыносна сядзець дома, выганяюць за парог праблемы і скандалы, хочацца змяніць чатыры сцяны на што заўгодна. У нашай першапачатковай інтэнцыі можа быць вельмі мала Бога, але не варта гэтага баяцца і падманваць сябе. Пілігрымка – гэта дарога, па якой Езус заўсёды крочыць побач, і нават калі няма ніякіх сілаў і (так можа быць!) жадання звяртацца да Яго, Ён можа сам звярнуцца да цябе.
● Праўду пра сябе. Стомлены чалавек можа раздражняцца і злавацца ці зайздросціць тым, хто будзе побач. Гучныя спевы – перастаньце! Некага забралі ў лепшыя ўмовы на адпачынак – чаму не мяне? Безумоўна, з такім бокам уласнай асобы сустракацца непрыемна і цяжка, але лепей вывесці яго на святло і асэнсаваць, што робіць мяне злосным і нядобразычлівым, чым падманваць сябе ў дарожнай адзіноце. Пілігрымка – цудоўны час для таго, каб абмеркаваць з сабой цёмныя праявы сваёй душы, сваю пыху і зайздрасць, жаданне быць першым, лепшым, заўсёды прыгожым і прыязным. Стома і боль здымаюць маскі, і гэта добры момант, каб скарыстацца ім дзеля ўласнага дабра!
● Адкрытасць на Божы голас. Бывае так, што, прыдумаўшы сабе інтэнцыю (бо ўсе ж нейкую маюць!), можна адчайна за яе хапацца, і кожную малітву прысвячаць сваёй думцы. Але важна выразна разумець, што Бог можа гаварыць вам пра нешта іншае, больш важнае. Услухоўвайцеся ў тое, што адбываецца навокал. Ці не прамаўляе да вас сама дарога, вашыя спадарожнікі?
● «Вялікія» вушы і «вялікія» вочы. Яны патрэбныя, каб чуць і бачыць не толькі тое, што адбываецца ўнутры цябе, але каб быць гатовымі служыць іншаму чалавеку размовай, клопатам і прысутнасцю.
Якой бы вялікай грамадой мы ні ішлі да Маці Божай Будслаўскай, да іншых значных духоўных месцаў нашай Радзімы, у момант фізічнай і эмацыйнай стомленасці найбольш выразнаю робіцца самотнасць кожнага чалавека. Пілігрымкавы шлях дае кожнаму з нас выразны сігнал – па дарозе да Неба ты крочыш сам-насам з Богам. Але можа стацца так, што твой блізкі цяжка перажывае гэты шлях, і яму патрэбна тваё плячо тады, калі ты сам амаль знясілены. А як часта простая чалавечая размова патрэбна людзям. Варта загадзя падрыхтавацца і быць гатовым стаць хоць часова апорай для іншых, вучыцца чуць і заўважаць патрэбы людзей, якія апынуліся з табою побач…
Дзякуй Богу, усё гэта не трэба складваць у заплечнік і несці на сабе, але менавіта гэтыя бязважкія рэчы патрабуюць найбольш доўгай і грунтоўнай падрыхтоўкі, каб уласны Крыжовы шлях мог стацца сапраўды плённай Дарогай Святла.
Як паводзіць сябе ў пілігрымцы?
Пілігрымка – гэта супольнасць, адна сям'я, таму выкананне патрабаванняў кіраўніка пілігрымкі абавязкова для кожнага, без нараканняў. У дарозе ёсць час на малітву, на рэлігійныя спевы, на адпачынак. Імкнёмся рабіць усё разам. Стараемся заўважаць патрэбы тых, хто з намі побач: можа неабходна дапамагчы паднесці заплечнік, аказаць медыцынскую дапамогу і г.д. Не трэба думаць, што гэта толькі іх праблемы: не мае сілы, не разлічыў – не варта было ісці ў пілігрымку... Калі ты так думаеш, можа не варта было ісці ў пілігрымку табе... Кожны чалавек унікальны і непаўторны, ён мае сваё здароўе, свае сілы і меркаванні. Кожны можа памыліцца, не разлічыць або трапіць у непрадбачлівую сітуацыю. Таму найлепшае выйсце – падтрымаць і дапамагчы.
Бывае, што пілігрымаў у дарозе сустракаюць вернікі, частуюць і забіраюць на начлег. Не забываем быць удзячнымі тым, хто праяўляе свой клопат пра нас, нават калі нам нешта не да спадобы. Памятаем, што нам ніхто нічога не павінен. Пакідаем чысціню і парадак у тых месца, дзе бываем.
Як бачым, пілігрымка патрабуе ад чалавека высілкаў, але ўсе выпрабаванні – гэта нішто, у параўнанні з духоўным плёнам. Пілігрымка – гэта свядомае рашэнне на нейкую ахвяру. Згода на тое, што мне штосьці будзе балець, што магу дасягнуць нейкай мяжы фізічных або псіхічных сіл. Кожны з нас чымсьці жыве. Кожны з нас мае за што пакутаваць. Кожны з нас мае аб чым папрасіць Бога, за што перапрасіць, што даверыць. Трэба толькі ўвайсці ў глыбіню сябе…пачуць яе. Калі ў вас ёсць малітоўныя інтэнцыі, іх можна даручыць пілігрымам (іх можна запісаць тут, па спасылцы). У Вашых інтэнцыях будуць маліцца штодня ў дарозе і падчас св. Імшаў.
У інтэрнэце сустрэла такое выказванне пра пілігрымку: «Асцярожна! Выклікае залежнасць!» – і гэта сапраўды так. Ведаю шмат вернікаў з нашай парафіі, для якіх пілігрымка стала залежнасцю. Гэтыя людзі імкнуцца падстроіць свой адпачынак пад пілігрымку, а вярнуўшыся з яе – чакаюць наступнай.
Вы можаце прачытаць уражанні і водгукі нашых парафіян аб мінулагодняй пілігрымцы на нашым сайце.
Які ж выбар зрабіць: ісці ў пілігрымку ці не? Тут, вядома ж, кожны выбірае сам. Адзінае – патрэбна спытаць у сябе: навошта я туды іду? Убачыцца з сябрамі, адпачыць, памаліцца, развеяцца, за кампанію… Важна ва ўсіх гэтых матывацыях знайсці галоўную – тую, якая будзе сапраўды адкрываць тваё сэрца на Бога, і ўжо на аснове яе і вакол яе будаваць свой шлях пілігрымкі.
А каб яшчэ больш упэўніць вас у правільнасці вашага выбару, прапануем Топ-13 станоўчых момантаў, чаму ўсё ж такі варта пайсці ў пілігрымку.
Топ-13 станоўчых момантаў, чаму варта пайсці ў пілігрымку
1. Сведчанне сваёй веры і прыклад хрысціянскага жыцця.
2. Удзел у асабістых рэкалекцыях.
3. Асабістае спатканне з жывым Богам.
4. Магчымасць навучання мове, на якой можна размаўляць з Езусам і Марыяй.
5. Праслаўленне Бога малітвай і песняй.
6. Час асаблівай ласкі, калі можна спыніцца і «адарвацца» ад сваіх абавязкаў (працы, навукі, хатніх клопатаў) і з Божай дапамогай зрабіць рэвізію ўласнай душы.
7. Момант, калі можна прысвяціць больш часу малітве за таго, хто знаходзіцца ў патрэбе і праз заступніцтва Маці Божай выпрасіць ласку здароўя для сябе і родных, а таксама ласку навяртання і вызвалення ад дрэнных звычак.
8. Магчымасць спаткаць свайго новага сябра ці сяброўку, будучага мужа ці жонку.
9. Магчымасць адкрыць свае таленты і падзяліцца імі з іншымі.
10. Магчымасць распазнаць сваё пакліканне.
11. Магчымасць навучыцца быць адказным і служыць іншаму чалавеку.
12. Знаёмства і зносіны з неверагоднымі святарамі і сёстрамі законнымі.
13. Дарога пілігрымкі – гэта дарога, якая можа дапамагчы адкрыць шлях да Бога, не спыніцца і ісці далей па гэтым шляху, умацоўвацца і натхняцца духоўна. Гэта дарога, якую кожны выбірае сам, але якой сапраўды варта хоць раз прайсці кожнаму.
Памятайце: пілігрымка не збірае святых. Тут ідуць розныя людзі з рознымі жыццёвымі лёсамі, але яна можа паспрыяць далейшаму іх фармаванню. І штосьці цягне іх зноў і зноў адкрываць для сябе гэты шлях, а больш правільней сказаць, Хтосьці кліча: «Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).
Мы спадзяёмся, што ваш выбар будзе зроблены на карысць пілігрымкі і знак прыпынку ў загалоўку да нашага матэрыялу вы паставіце правільна: ПАЙСЦІ, НЕЛЬГА ЗАСТАЦЦА!
Тэкст: Таццяна Шумель
З выкарыстаннем матэрыялаў з сайтаў budslau.by, catholic.by, kascelmery.by і часопіса “Ave Maria”.