Skip to main content

Гісторыя касцёла

Тытул св. Казіміра быў нададзены былому касцёлу Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў 1919 годзе. Таму разгледзім адразу гісторыю святыні пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Касцёл знаходзіўся па вул. Замкавай. У 1758 годзе ўладальнікі маёнтка Маладзечна кашталян трокскі Тадэвуш  Агінскі і яго жонка Ганна з Радзівілаў заснавалі непадалёку ад свайго замка (цяпер вул. Віленская) драўляны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. 9 верасня 1758 года яго кансэкраваў біскуп Томаш Зенковіч, суфраган віленскі.

Трынітарыі

У 1762 годзе храм быў перададзены манахам-трынітарыям, для якіх Агінскія пабудавалі побач з касцёлам кляштар. Да канца 18 ст. комплекс кляштара, абнесены каменнай агароджай з брамамі, уключаў: драўляны касцёл, 2-павярховы мураваны кляштарны корпус, 2-ярусную драўляную званіцу, два драўляныя флігелі, шпіталь і другія гаспадарчыя пабудовы. Пры кляштары была вялікая бібліятэка.

Касцёл “пенькнай архітэктуры” быў драўляным, на каменным падмурку, пакрыты гонтай. Уваходны фасад пазначаўся дзвюма вежамі, увенчанымі вялікімі залачонымі крыжамі. Будынак кляштара прымыкаў да касцёла так, што сакрыстыя і хоры знаходзіліся ўжо ў яго корпусе.

Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі сем алтароў. У галоўным знаходзілася статуя Ісуса Назараніна, прывезеная з Рыма. Таксама былі алтары Святога Каэтана, Св. Тадэвуша, Св. Яна з Маты – фундатара ордэна трынітарыяў, Дзевы Марыі Ларэтанскай, Збаўцы Укрыжаванага і Св. Фелікса – патрыярха ордэна трынітарыяў.

Павятовая шляхецкая школа ў манастыры

У 1811 годзе (па другіх звестках у 1809 годзе) з-за цяжкасцяў з памяшканнем Віленскі ўніверсітэт вырашыў перанесці польскамоўную павятовую шляхецкую школу з Бабруйска (былая 3-класная езуіцкая школа) у Маладзечна. Былі планы пераносу яе ў Паставы, Глуск або Свіслач. Але князь Міхал Агінскі прапанаваў універсітэту перанесці школу ў Маладзечна, паабяцаўшы размясціць яе ў будынку кляштара трынітарыяў і выдзеліць дапамогу на набыццё вучэбных дапаможнікаў.

Школа пераехала 26 жніўня 1811 года, а 15 верасня ўрачыста пачаўся першы вучэбны год. Маладзечанскай павятовай школе даручылі таксама апеку над парафіяльнымі школамі Вілейскага павета, у які ўваходзіла Маладзечна. Гэта былі парафіяльныя школы ў Маладзечне, Дунілавічах, Мядзеле, Крывічах, Будславе, Куранцы, Хоўхлаве. Настаўнікамі ў іх былі часцей за ўсё выхаванцы маладзечанскай школы.

Яе выпускнікамі з’яўляюцца шмат вядомых людзей. Напрыклад, Аляксандр Тышынскі, вядомы крытык і прафесар Галоўнай варшаўскай школы, а таксама вядомы арыенталіст, прафесар і дэкан Пецярбургскага ўніверсітэта Антоні Мухлінскі. У 1815 годзе маладзечанскую павятовую шляхецкую школу скончыў Тамаш Зан, літаратар, геолаг, кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацый у Беларусі і Літве, стваральнік таварыстваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце.

Ёсць звесткі, што ў школе выкладалі прафесары з Варшавы і Санкт-Пецярбурга.

Пажар

У 1823 г. касцёл поўнасцю згарэў ад удару маланкі, засталіся толькі падмуркі. Ян Барэйка-Ходзька ў сваёй кнізе “Дыяцэзія Мінская каля 1830 года” (у 1998 годзе яе апрацаваў і выдаў у Любліне прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ксёндз Мар’ян Радван) піша, што на момант напісання кнігі айцы-трынітарыі, не маючы магчымасці адбудаваць касцёл, з дазволу дыяцэзіяльных уладаў перанеслі набажэнства ў вялікую мураваную сакрыстыю. Яна замяняе адначасова і парафіяльны касцёл, якім яны загадвалі.

Аднавіць яго ў пачатковым стане так і не ўдалося. Былі рэканструяваны ў стылі класіцызму сакрыстыя і хоры (разабралі перакрыццё паміж імі), над заходнім тарцом была ўзведзеная 3-ярусная чацверыковая вежа-званіца, завершаная чатырма пінаклямі і шатром пад маленькай галоўнай з крыжамі (пина́кль – гэта дэкаратыўная невялікая вежа, часта ўвенчаная востраканечным фіялам у выглядзе піраміды, фігурнага шпіля, крыжаквета).

Паўстанне 1830-31 гадоў. Закрыццё манастыра

У лістападзе 1830 года на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якую ў канцы 18 ст. падпарадкавала сабе Расійская імперыя, пачалося паўстанне. Пачалося адразу на тэрыторыі сучаснай Польшчы, а ў 1831 годзе працягнулася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, у якое ўваходзіла Беларусь. 14 красавіка атрад Міхала Ходзькі заняў Маладзечна без бою. Моладзь са школы павятовай вітала паўстанцаў і папоўніла іх шэрагі. Кіраўнік школы даў Ходзьцы грашовую дапамогу ў памеры 1 159 срэбраных рублёў. Але ўжо 22 красавіка горад занялі расійскія войскі.

У выніку паўстання ў канцы 1831 года або ў 1832 годзе кляштар трынітарыяў у Маладзечне быў зачынены. Ёсць таксама звесткі, што гэта адбылося ў 1833 годзе. Былі арыштаваныя настаўнікі школы, а таксама вучні, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. У той час настаўнікам рэлігіі і капеланам школы быў айцец Аўгусцін Кардашэўскі, манах-трынітарый, кандыдат багаслоўя. Кіраўніком школы быў Ян Дульскі – кандыдат філасофіі; настаўнікам праваслаўя і рускай мовы – Андрэй Барычэўскі, праваслаўны святар; настаўнікам нямецкай мовы – Казімір Пацэвіч, французскай – Юзаф Хажэўскі; настаўнікам гісторыі і польскай мовы – Юзаф Вітакоўскі, магістар філасофіі; настаўнікам матэматыкі і геаметрыі – Фларыян Катлубай, кандыдат філасофіі; настаўнікам лацінскай мовы і польскай літаратуры – Францішак Дабкевіч, кандыдат філасофіі.

Усе пабудовы зачыненага манастыра трынітарыяў былі перададзеныя павятовай шляхецкай школе (у некаторых крыніцах яна называецца павятовым дваранскім вучылішчам), за выключэннем трох пакояў на першым паверсе, аддадзеных пад плябанію касцёла. Кіраванне парафіяй было даручана свецкаму духавенству.

У маладзечанскім касцёле існавала брацтва Ісуса Назарэцкага, уведзенае тут згодна з пасланнем (breve) папы Клемэнса ХІІІ, якое было выдадзена ордэну трынітарыяў у 1761 годзе. Парафіяльная школа ўтрымлівалася на сродкі манахаў. Калі быў зачынены манастыр, яна перастала працаваць. Вілейская павятовая публічная школа, якую ўтрымлівала дзяржава, на момант напісання кнігі Янам Барэйкам-Ходзькам “Дыяцэзія Мінская каля 1830 года” дзейнічала як звычайная павятовая школа і падпарадкоўвалася губернскай гімназіі.

Маладзечанская парафія, створаная па распараджэнні дыяцэзіяльных уладаў з частак, якія былі адлучаныя ад суседніх, налічвала 969 вернікаў рымска-каталіцкага веравызнання.  Дадзеныя ўзятыя з перапісу, зробленага ў 1842 годзе.

Паўстанне 1863-64 гадоў. Закрыццё касцёла

У 1860 г. вучылішча было ператворана ў 5-класную прагімназію. З-за таго, што яе вучні прымалі актыўны ўдзел у чарговым вызваленчым  паўстанні 1863-1864 гадоў, польскую прагімназію зачынілі 1 ліпеня 1863 г. У 1864 г. на яе базе была ўтвораная рускамоўная настаўніцкая семінарыя. У 1865 годзе быў таксама зачынены касцёл, а яго будынак перабудавалі ў царкву.

Настаўніцкая семінарыя была створаная пры падтрымцы генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва для падрыхтоўкі настаўнікаў для царкоўных школ з мэтай развіцця на гэтай тэрыторыі праваслаўя і рускай культуры. Сюды прымалі толькі праваслаўных. Пасля паўстання 1863-64 гадоў расійскія ўлады вырашылі адчыніць шэраг такіх семінарый, маладзечанская была першай.

На пачатку ХХ стагоддзя ў семінарыі дзейнічаў педагагічны музей, метэаралагічная станцыя, студэнцкі тэатр, сімфанічны аркестр, хор. Яе навучэнцы збіралі фальклор, легенды пра археалагічныя помнікі. У семінарыі выкладалі беларускія фалькларысты, этнографы, мовазнаўцы. Яе выпускнікамі стала шмат вядомых людзей: военаначальнікі Шаранговіч, Міхалёнак, грамадскія  дзеячы Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валынец, Лёсік, спявак Забэйда-Суміцкі. У 1914 годзе ўстанова ўрачыста адзначыла сваё 50-годдзе, а ў 1915-м з-за ваенных дзеянняў была эвакуяваная ў Смаленск.

Узнаўленне парафіі. На гэты раз пад тытулам св. Казіміра

У канцы Першай сусветнай вайны Маладзечна было занятае немцамі. Падчас кароткай нямецкай акупацыі ў лютым – верасні 1918 года дзякуючы намаганням ксяндза Андрэя Цікоты, які толькі скончыў Пецябургскую духоўную акадэмію, касцёл быў вернуты католікам. Андрэй Цікота быў пробашчам у Маладзечне на працягу аднаго года. Ён служыў тут у 1918-1919 гадах. У 1919-м стаў прафесарам духоўнай семінарыі ў Мінску. Пазней кс. Андрэй Цікота стаў вядомым рэлігійным і беларускім нацыянальным дзеячам, генералам Ордэна марыянаў, Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Маньчжурыі ў Кітаі. Загінуў у савецкіх лагерах. Зараз ідзе працэс яго беатыфікацыі. А першым месцам яго служэння як святара было Маладзечна.  Згодна з версіяй Вікіпедыі на тарашкевіцы, менавіта ён аднавіў дзейнасць парафіяльнай школы пры касцёле ў Маладзечне. Таксама па блаславенні біскупа Эдварда Ропа карыстаўся ў душпастырскай дзейнасці тут беларускай мовай. Пазней ён стаў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху.

У 1919 г. будынак касцёла пры былым кляштары вернуты католікам. Пасля рэстаўрацыі касцёл быў асвячоны пад тытулам св. Казіміра. У былым кляштарным корпусе размясцілася гімназія. Побач з касцёлам на скрыжаванні вуліц Замкавай і Афіцэрскай з’явілася прыдарожная цагляная каплічка. Парафія ў гэты час налічвала каля 2000 вернікаў.

Пасля таго, як 4 ліпеня 1919 года Маладзечна занялі польскія войскі, яно стала горадам і цэнтрам павета Віленскага ваяводства Рэчы Паспалітай. Узноўленая ў 1919 годзе парафія належала да Віленскай архідыяцэзіі. Да 1930-х гадоў яна ўваходзіла ў склад Вілейскага дэканата. Пасля Маладзечна стала цэнтрам аднайменнага дэканата, які тэрытарыяльна амаль поўнасцю супадае з межамі сучаснага Маладзечанскага раёна, толькі з поўдня ён захопліваў парафіі Кіявец, Ракаў, Яршэвічы (цяпер Валожынскі раён), а на паўночным усходзе – Батурына (Вілейскі раён). У дэканат уваходзілі парафіі: Беніца, Гарадзілава, Гарадок, Груздава-Аборак, Дубрава, Краснае, Лебедзева, Плябань, Радашковічы, Хожава і Хоўхлава.

Тамаша

    Тамаша Зана

Гімназія Тамаша Зана

У 1921 годзе мясцовыя палякі вырашылі зноў арганізаваць школу. З гэтай мэтай у Маладзечне было створанае “Таварыства польскай рэальнай школы”. Спачатку гімназія размясцілася на другім паверсе дома С. Млотавай на Рынку (цяперашнім Старым Месце). У гэты час былы будынак кляштара трынітарыяў займаў штаб 9 дывізіі. У 1924 годзе ваенныя, за выключэннем штаба 86 пяхотнага палка, выехалі з яго і дазволілі тут размясціцца гімназіі. У гэтым жа годзе навучальная ўстанова пачала насіць імя Тамаша Зана.

На 5-годдзе гімназіі 20 лістапада 1927 года прыехаў біскуп Ул. Бандурскі. У 10 гадзін раніцы ў парафіяльным касцёле адбылося набажэнства, падчас якога біскуп прамовіў казанне. Пасля набажэнства адбылося пасвячэнне школьнага сцяга, на якім з аднаго боку быў польскі герб з белым арлом і дэвізам філарэтаў “Радзіма, вучоба і дабрачыннасць”, з другога – выява Маці Божай Вастрабрамскай. Далейшыя ўрачыстасці прайшлі ў кінатэатры “Байка” і афіцэрскім казіно.

Сярод настаўнікаў гімназіі  былі афіцэры 86 палка, а таксама святары:

  • Кс. Юзаф Марозаў (значыцца ў спісах выкладчыкаў у 1924-30 гадах)
  • Кс. Адольф Рамецкі (1924-26 гады)
  • Кс. Лёнгін Іванчык ( 1926-28 гады)
  • Кс. Чэслаў Дабулевіч (1929-31 гады) – у навучальным годзе 1930/31 пазначаны як пробашч парафіі, настаўнік рымска-каталіцкай рэлігіі ў гімназіі.

Па інфармацыі брата-капуцына а. Яна Фібэка, пасля кс. Андрэя Цікоты пробашчам парафіі ў Маладзечне ў 1919-1921 гг. быў кс. Баляслаў Гудэйка, у 1924-26 гг. – кс. Адольф Рамецкі, у 1926-28 гг. – кс. Лёнгін Іванчык, у 1929-34 гг. – кс. Чэслаў Дабулевіч. Пасля 1934 г. у парафіі працаваў кс. Юзаф Маліноўскі.

Як піша ў сваіх даследаваннях а. Ян Фібэк, з 1934 да 1967 г. (да моманту сваёй смерці) пробашчам быў кс. Баляслаў Лазоўскі, які прыехаў з парафіі ў Дзісне (цяпер Міёрскі раён) і ўжо меў 14-гадовы святарскі стаж.

Выкладчыкамі рэлігіі ў гімназіі далей былі: 1936-1937 – ксёндз-прафесар Юзаф Крукоўскі, 1937-1938 – кс. Баляслаў Лазоўскі, 1939 – кс. Пётр Пупін, вікары парафіі.

Пасля заняцця Маладзечна 17 верасня 1919 года Чырвонай арміяй да нападу Германіі ў 1941 годзе савецкія ўлады пачалі рэпрэсіі супраць католікаў з-за іх польскага паходжання. Святару было забаронена перамяшчацца па горадзе ў духоўным адзенні, былі забраныя метрыкі хрышчэнняў і шлюбаў.

     

Брама-капліца св. Францішка Асізскага знаходзілася ў ваенным гарадку ў Геленове (цяпер вул. Машэрава). Была пабудаваная ў 1930 годзе як гарнізонная капліца Войска Польскага. Мела трохпралётную кампазіцыю. Цэнтральны пралёт брамы перакрываў праезжую частку, бакавыя праёмы – тратуары. Другім узроўнем над брамай размяшчалася капліца св. Францішка, куды вяла лесвіца ў апоры паміж цэнтральным і бакавым пралётамі. Трохчасткавую кампазіцыю брамы фланкіравалі каланады са здвоеных калонаў іанічнага ордэра. Дэкор брамы з пілястраў іанічнага ордэра дапаўнялі скульптуры львоў і рыцараў з алебардамі. Па нядзелях і святочных днях на плошчы з паўднёвага боку перад капліцай праводзілася Святая Імша, у якой удзельнічалі вайскоўцы, школьнікі, жыхары горада. У 1962 годзе брама-капліца была разбураная.

Згодна з даследаваннямі айца-капуцына Яна Фібэка, сярод святароў, якія вялі душпастырства сярод польскіх салдатаў і іх сем’яў, былі кс. Юзаф Чах (1928 г.), кс. Уладзіслаў Маляўскі (1929-32 гг.), кс. Міхаіл Завадскі (1935 г.). У апошнія месяцы прабывання польскага гарнізона ў Маладзечне ў 1939 г. сустракаюцца прозвішчы кс. Францішка Юрчыка і кс. Людвіка Брыдацкага.

 

Падчас нямецкай акупацыі, якая доўжылася ў Маладзечне з 25 чэрвеня 1941 г. да 5 ліпеня 1944 г., пробашч, па ўспамінах парафіянаў, удзельнічаў у абароне яўрэйскага насельніцтва.

У 40-я гады савецкія ўлады рэпрэсавалі шмат католікаў. У НКУС (НКВД па-руску), які знаходзіўся ў будынку цяперашняга музыкальнага каледжа, трымалі ў зняволенні і дапытвалі ксяндзоў Лазоўскага, Пупіна, Голяка. Апошняга забілі ва ўзросце 67 гадоў падчас следства.

У савецкія гады кс. Баляслаў Лазоўскі жыў на вул. Афіцэрскай (Горкага). Калі яму было больш за 70 гадоў, тайна ўдзяляў сакраманты парафіянам, якія да яго звярталіся. Пасля яго смерці няма звестак пра прысутнасць сталага душпастыра ў горадзе аж да 1990 г., калі 5 лістапада была афіцыйна зарэгістраваная каталіцкая парафія св. Юзафа, і новым пробашчам стаў кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які з 1984 г. служыў у Красным.

Іншыя каталіцкія храмы ў Маладзечне

Пасля таго, як у 1919 г. Маладзечна ўвайшло ў склад Польшчы, горад таксама стаў цэнтрам вайсковай парафіі Святога Францішка Асізскага, якая абслугоўвала, акрамя Маладзечанскай, акругі Ашмянаў і Валожына. На тэрыторыі гарнізона быў пабудаваны каменны касцёл святога Юзафа. Ён знаходзіўся ў цэнтры горада (як кажуць старэйшыя маладзечанцы, прыкладна на месцы цяперашняга суда, таму і новы касцёл св. Юзафа ў 90-я гады быў пабудаваны побач). Будаваўся ў 1936-39 гадах як польскі вайсковы касцёл, але не быў завершаны. Фундамент святыні памерам 50х20 метраў быў зроблены з каменю, былі ўстаноўленыя бетонныя калоны, выведзена цагляная паўцыркулярная апсіда, астатнія канструкцыі часова выкананыя з дрэва. Набажэнствы адпраўляў вайсковы ксёндз-капелан. Касцёл дзейнічаў да 1959 года. Пасля закрыцця быў разбураны.

Згодна з меркаваннямі журналіста Васіля Сямашкі і гісторыка Ігара Мельнікава, звон 86-га пяхотнага палка з касцёла св. Юзафа можа захоўвацца ў цэнтры Мінска ў вежы дома № 16 па пр. Незалежнасці. На ім – некалькі надпісаў: “Звон адліты ў 1929 годзе дзякуючы намаганням Мінскага палка стральцоў у гонар герояў, якія загінулі падчас абароны Мінскай зямлі”, “Імя маё Ірэна”, “У гонар тых, хто загінуў”. На звоне выяўлены абраз Маці Божай Астрабрамскай, а пад ім – салдат, які загінуў на полі бою. Звон зроблены на фабрыцы Фельчынскіх у заходне-ўкраінскім Калушы. Полк мінскіх стральцоў у 1921 годзе змяніў назву на 86-ты полк пяхоты. З 1922 года знаходзіўся ў Маладзечне.

Будынак касцёла св. Казіміра моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны. У 1956 годзе яго разабралі і на яго месцы пабудавалі ліцейны цэх станкабудаўнічага завода (ад святыні часткова захаваліся толькі сцены бакавых фасадаў).

Новая гісторыя парафіі св. Казіміра

Новая гісторыя парафіі св. Казіміра пачалася ў 2003 годзе, калі айца-капуцына Тадэвуша Кавальскага кардынал Казімір Свёнтак прызначыў пробашчам аднайменнай новастворанай парафіі ў Маладзечне, і быў атрыманы дазвол на будаўніцтва касцёла. У гэтым годзе перад скверам на перакрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Міра быў пастаўлены крыж, пасля з’явілася вялікая вайсковая палатка, у якой адпраўляліся Святыя Імшы. На Божае Нараджэнне ў 2004 годзе адбылася першая Імша ў пабудаванай цаглянай капліцы. А роўна праз год, зноў на Раство, былі закладзеныя падушкі пад фундамент новага касцёла святога Казіміра.

Тэкст падрыхтавала Вольга Фралова па наступных крыніцах:

  1. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Маладзечна і Маладзечанскага раёна. Мінск, 2002 год.
  2. Jan Borejko-Chodźko. Diecezja Mińska ok. 1830 r. T.2 „Struktury zakonne”. Opracował i wydał Marian Radwan. Lublin, Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 1998 r. Str. 35-36, 162-163.
  3. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1884–1893. T. VI, 1885 r., str. 647-648.
  4. Andrzej Cikoto – pl.wikipedia.org.
  5. Андрэй Цікота – be.wikipedia.org.
  6. Андрэй Цікота – be-tarask.wikipedia.org.
  7. Тамаш Зан – be.wikipedia.org.
  8. Mołodeczno – pl.wikipedia.org.
  9. Молодечно – ru.wikipedia.org.
  10. Горад Маладзечна – be.wikipedia.org.
  11. Молодечненский станкостроительный завод – ru.wikipedia.org.
  12. Уладзімір Садоўскі. Гелянова. Маладзечна. Брама – yozas-gubka.livejournal.com.
  13. Василий Семашко. По ком не звонит колокол? 27.10.2007, naviny.by.
  14. Jan Fibek OFMCap. Mołodeczno – zarys funkcjonowaniawspólnoty rzymsko-katolickiej.

  

  • Праглядаў: 3252