Skip to main content

1 снежня, субота

Чувайце, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 21, 34–36

Чувайце, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Заўтра распачнем радасны час чакання нараджэння Езуса. Евангеліст Лука заахвочвае нас да яшчэ большай чуйнасці і заглыблення ва ўласнае сэрца. Не можам перастаць есці і піць а таксама не пазбудземся жыццёвых клопатаў. Быць чуйным азначае праслаўляць Бога менавіта гэтай штодзённасцю закарэненай ў зямных справах, але асвечаную Божай прысутнасцю. Гэта памяць пра тое, што апрача асноўных патрэбаў ёсць ў нас і патрэбы глыбейшыя, духоўныя. Тое, чым насычаемся, што прымаем у сваё нутро, тым пачынаем жыць. Езус звяртае увагу на тое, каб мы паклапаціліся пра ўласнае сэрца. Яно перш за ўсё просіць якаснай спажывы - малітвы і любові.

Любы час падыходзіць на тое, каб маліцца. “Чувайце і маліцеся” - гэтыя словы дадзеныя Езусам для таго, каб падрыхтавацца да таго, што можа здарыцца. Карацей кажучы, пазбегнуць нечаканасці. Чалавек, які трывае ў малітве і застаецца чуйным не будзе насцігнуты нечаканасцю, бо ён у еднасці з Богам. 

Чуванне гэта таксама ўменне ставіць абмежаванні тым шкодным рэчам, якія намагаюцца пранікнуць нашае сэрца. Варта прыняць такое рашэнне, што гэты Адвэнт будзе іншым, лепшым, чым папярэднія. Больш ўпусцім у сэрца Божага слова, якое будзе нараджацца пазней у постаці любові да Бога, да сябе і да іншых.  Няхай Марыя, Маці Божая будзе для нас прыкладам і ўзмацненнем на час чакання Божага Нараджэння. 

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 718

30 лістапада, пятніца. Свята св. Андрэя, Апостала

Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 4, 18–22

Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім.

А калі пайшоў адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата ягонага, якія ў чаўне з бацькам іхнім Зэбэдэем правілі свае сеткі. І Ён паклікаў іх. Яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго, і пайшлі за Ім.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус кліча вучняў перш за ўсё для таго, каб былі з Ім. Хрыстос, падобным чынам, як клікаў вучняў ля возера, так і сёння запрашае цябе ісці за Ім. Збаўца мудра заўважае і паважае нашыя здольнасці і навыкі. Менавіта на іх, гэта значыць на нашай прыродзе Ён прагне будаваць сваё Валадарства. Пакліканне заўсёды накіравана на канкрэтную асобу. Першы элемент - гэта тое, што Езус заўважае, Ён нас ведае кожнага і кліча па імені. Езус звяртаецца да вучняў, каб яны са свайго боку адважыліся пайсці за Ім. Ён гаворыць: “Я зраблю вас лаўцамі людзей”. Каб адкрыць сваё пакліканне, варта крочыць праз жыццё за Езусам сэрцам пры Сэрцы. Вучні пайшлі неадкладна, можна ў гэтым заўважыць першынство Божай волі. Гэта Бог дае ласку адпаведную для канкрэтнага паклікання. Справа паклікання і выканання Божай волі дастаткова патрабавальная. Бог заўсёды паважае волю чалавека і застаецца цярплівым. Пакліканне трэба разумець не толькі да святарства ці ў ордэн. Сёння патрэбны людзі розных станаў, якія былі б сведкамі любові, якія з пакліканнем выконвалі б розныя прафесіі і служэнні.

Ці веру я, што Езус кліча мяне кожны дзень? Калі ўжо рэалізую сваё пакліканне, то застаюся я па-ранейшаму адкрыты на словы: “ідзі за мною?”

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 750

29 лістапада, чацвер

Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 21, 20–28

Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. Тады ўсе, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць з яго, і хто ў вёсках, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. Гора ж цяжарным і кормячым ў тыя дні, бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў. 

І будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Евангелле паказвае складаны час, з якім кожнаму з нас давядзецца сутыкнуцца-прыгнёт, пакуты і асабісты апакаліпсіс. Аднак словы Езуса напоўненыя надзеяй для нас. Хрыстос гаворыць, што часы язычнікаў скончацца. Гэта азначае, што пакуты і прыгнёт не вечныя, яны маюць свае межы. Узнятая галава, або інакш пазіцыя гатоўнасці і ўпэўненасці ў сабе і чакання. Узнятая галава гэта знак вызвалення ад ярма, якім з’яўляецца страх, каб ён ўжо больш не прыгнятаў мяне да зямлі. Гэта таксама пастава чуйнасці, падобным чынам, як вучні, якія стаяць і ўглядаюцца ў неба. Гэта таксама падобным чынам, як тая жанчына, якая васемнаццаць год была зняволеная духам бяссілля (Лк 13, 11-14). Аздараўленне, дадзенае Езусам, стала вызваляючым і спрычынілася да таго, што яна выпрасталася, каб дзякаваць і праслаўляць Бога. Падобным чынам і для нас, як кажам ў вызнанні веры, чаканне прыйсця Езуса становіцца нагодай для радаснай, поўнай праслаўлення і благаславёнай сустрэчы. Якія ў маім жыцці чаканні? Што ўва мне становіцца прычынай паралізуючага страху, які не дазваляе мне ўзнесці галаву, разбівае ўсякія мае добрыя ідэі і запал да ўзрастання? Ці чакаю з радасцю майго збаўленя?  

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 650

28 лістапада, серада

Але і волас з галавы вашай не прападзе

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 21, 12–19

Усе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё.  І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. 

Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. 

Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Сённяшняе Евангелле з’яўляецца прадаўжэннем учарашняга. Сёння мы можа не абавязкова будзем падвержаны фізічным і крывавым ганеннеям. Ганеннем часта з’яўляецца пачуццё віны, асуджэнне сябе самога, якое не дазваляе мне расці, духоўна развівацца. У наш час ужо само атаясамліванне сябе з хрысціянставам або знак крыжа перад ежай дрэнна ўспрымаецца. З-за гэтага існуе нямала рэпрэсій ў розных асяроддзях. Паклёпы і асмяянні - так выглядаюць ганенні сёння. Езус указвае, што гэта нашыя моманты сведчання аб праўдзе, якая для адных будзе спакушэннем, для іншых жа ўзмацненнем і прыкладам для падражання. Хрыстос нас запэўнівае, што будзе ўдосталь ласкі для сведчання. Менавіта такім чынам будзем ажыццяўляць Евангелле ў нашым жыцці. Як лек на страх і трывогу перад тым, што павінна будзе прыйсці Пан прапануе веру і давер у тое, што атрымаем здольнасць гаварыць і мудрасць у адпаведны час. Якое ж вялікае і значнае імя “Езус”, калі яно з’яўляецца прычынай нянавісці. Вытрываласцю ўратуем наша жыццё.

Як адбываецца маё сведчанне пра Езуса? Часамі дастаткова маёй прысутнасці і дабра там, дзе пануе зло, усмешка, дзе пануе смутак. Прыгледжуся, ці не з’яўляюся я ганіцелем самога сябе. Ці не чыню сабе ганенні за ўласныя няўдачы, слабасці і падзенні? Можа я ганіцель для людзей з маёй сям’і і асяроддзя?

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 658

27 лістапада, аўторак

Не застанецца камня на камяні

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 21, 5–11

Не застанецца камня на камяні

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены. 

І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?  

Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», — і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі.  Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу. 

Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус у алегорыі пра святыню дае нам падказкі, што наллежыла б рабіць, каб наша жыццё не было разбурана, каб мы ў сённяшнім свеце не спакусіліся. Часта сёння засяроджваемся і шукаем таго, на што можна заглядзецца і захапіцца, штосьці вонкава бачнае. Але часта гэта ілюзорна. Не заўсёды тое, што на першы погляд моднае, дастойнае захаплення, з’яўляецца такім насамрэч. Такім тэстам на сапраўднасць з’яўляецца зяўляецца выпрабаваннем часам і вопытам (“Па іхніх пладах пазнаеце іх” Мц 7, 16а). Езус супакойвае нас, кажа з чым нам давядзецца сутыкнуцца з-за таго, што мы Ягоныя вучні. Паказвае аднак, што жыццёвыя цяжкасці не з’яўляюцца сутнасцю. Сутнасцю з’яўляецца жыццё верай ў тое, што ўваскрэснем з Езусам на жыцця-любові.

Ці спрабую сёння сярод ілюзорнасці свету затрамацца, заўважыць глыбіню і прагненні майго сэрца? За чым або за кім іду? Ці бачу прысутнасць Бога ў маім жыцці і ў свеце?

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 651

26 лістапада, панядзелак

Убачыў бедную ўдаву, якая кідала дзве лепты

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 21, 1–4

Убачыў бедную ўдаву, якая кідала дзве лепты

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус паглядзеў і ўбачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку. Убачыў таксама і бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты, і сказаў: Праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула. Бо ўсе яны кідалі дар, маючы лішка, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пажытак свой, які мела. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

У сённяшнім слове Езус хоча нам паказаць, што ніякая ахвяра не забываецца ў Яго вачах. Бог бачыць і дацэньвае нашыя намаганні і высілкі. Але Езус указвае, якая ахвяра мілая Богу, бо прадугледжвае давер і веру. Гэта значыць штосьці, што атрымліваецца ў нас з высілкам і не заўсёды залежыць ад нашай сілы. Часамі асмельваемся на акт даверу і веры ня гледзячы на сваю нямогласць, бяссілле і слабасць. Ахвяра ўдавы адлікаецца з ахвярамі першых пладоў Старога Запавету. Менавіта першыя плады, гэта значыць найлепшыя, часамі нават адзіныя, як першародны сын для Бога. Гэта поўная супрацьлегласць ахвяр багацеяў, якія былі ў стане даць тое, што ў рэчаіснасці не было ім патрэбна. Проста не ведалі, што з гэтым зрабіць. Паспрабую прыгледзецца, што з’яўляецца сёння “ўсім пажыткам” для мяне.

Ці мог бы я аддаць Богу тое, што для мяне каштоўнае і выключнае? Якія першыя плады маіх сустрэч з Богам у Эўхарыстыі, Слове і Адарацыі? Ці яны не выдзеленыя з лішняга часу? 

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 741

25 лістапада, нядзеля. Урачыстасць Хрыста Валадара сусвету

Ты кажаш, што Я Кароль

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 18, 33b–37

Ты кажаш, што Я Кароль 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі? 

Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? 

Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?

Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль.

Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль?

Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Пілат, дапрошваючы Езуса, быццам не давярае і пытаецца: “Ты Кароль юдэйскі?”. Ці ж так выглядае кароль? Асмяяны, звязаны, у цярновай кароне. Пілат не можа Езуса зразумець, бо сам не жыве ў праўдзе (“Што такое праўда?”). Будуць слухаць, але не пачуюць. Аднаго толькі слухання не дастаткова. Неабходна пачуць слова-праўду, гэта значыць сэрцам прыняць Праўду, якой з’яўляецца Езус. “Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас”. Праўда дазваляе пачуць голас Езуса. Жыццё ў праўдзе пра сябе і пра іншых дазваляе пачуць голас Бога ў сэрцы. Гэта Праўда, якой з’яўляецца Езус вызваляе нас з няволі. Хрыстос сваёй пазіцыяй вучыць і сведчыць, што праўда не мусіць нічога крычаць, змагацца ці прымяняць сілу. Сама яе прысутнасць вядзе да перамогі, да Бога. Не дастаткова ўсклікаць слоганы, што Езус - Кароль. Сёння нам неабходна жыццём  паказваць Езуса, Які валадарыць ува мне. Валадаранне, паводле Божай логікі, да нічога не змушае, а прадугледжвае свабоду. Менавіта дзеля гэтага Езус прыйшоў у свет, каб да гэтай свабоды нас вызваліць, вярнуць нам удзел у Яго славе.

Варта задумацца над пытаннем, які голас я сёння слухаю, чаго баюся ў той праўдзе пра Бога, пра сябе і пра іншых? Усядомлю сабе, што жыццё Евангеллем у штодзённасці - гэта жыццё ў праўдзе.

Брат Давід Буза OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 916

24 лістапада, субота

Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 20, 27–40

Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Падышлі некаторыя з садукеяў, якія адмаўлялі ўваскрасенне, і спыталіся ў Езуса: Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і ўзбудзіць патомства брату свайму. Было ж сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрасення, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю. 

Езус сказаў ім: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана “Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба”. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць. 

На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: Настаўнік, Ты добра сказаў. І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Паколькі Езус засроджвае сваё навучанне на таямніцы ўвакрсення, садукеі вырашаюць асмяяць гэты істотны элемент яго вучэння. Прадстаўляюць яны сітуацыю, якая ў тыя часы магла здарыцца. Закон загадваў, каб брат мужчыны, які памёр не пакінуўшы нашчадка, узяў сабе за жонку ўдаву, якую той пасля сябе пакінуў. Гэта быў закон, які называўся “левірат”. На падставе гэтага закону садукеі прызналі праўду пра ўваскрасенне немагчымай, бо гэта азначала б, што ў небе мужчыны, якія жылі раней ў левірацкіх сужэнствах, спрачалісяб пра тое, хто меў бы права на жонку. Супярэчнасць, якую хацелі выявіць садукеі вынікае з празмерна матэрыялістычнага разумення ўваскрасення а таксама з меркавання, нібыта жыццё ў небе з’яўляецца ўсяго толькі больш высакародным паўтарэннем жыцця на зямлі. Езус, хочучы належным чынам накіраваць мышленне слухачоў, сцвярджае, што людзі ў небе з упэўненасцю не будуць заключаць сужэнскія саюзы. Мэтай гэтай падказакі з’яўляецца усведамленне, што жыццё ў небе прынцыпова адрозніваецца ад зямнога жыцця. Як яно выглядае дакладна, пакуль што павінна заставацца таямніцай. Істотна аднак тое, каб ніхто не сумняваўся, што зямное жыццё пасля смерці прадаўжаецца. Аргументацыя Езуса, якая выражае праўду пра тое, што мэтай чалавечага жыцця з’яўляецца ўваскрасенне, грунтуецца на фрагменце з Кнігі Зыходу (Зых 3). Езус паказвае, што Майсей быў пасланы Богам, каб вывесці Народ егіпецкай няволі, таму што Бог заключыў з патрыярхамі запавет. Што аднак застаецца падставай актуальнасці запавету, калі патрыярхі памерлі і звычайна ў падобных сітуацыях пранятыя абавязацельствы трацяць сапраўднасць. Падствай можа быць толькі адно - тое, што яны па-ранейшаму жывуць. Аднак паколькі іх няма ўжо на зямлі, гэта азначае, што яны жывуць у Бога.   

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 641

23 лістапада, пятніца

Вы зрабілі з Божага дома логава злодзеяў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 19, 45–48

Вы зрабілі з Божага дома логава злодзеяў

+ Чытанне святога Евангелля паводлеЛукі.

У той час:

Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў.

І штодня вучыў у святыні. Але першасвятары, і кніжнікі і старэйшыя народу шукалі, як забіць Яго. І не знаходзілі, што ўчыніць Яму, бо ўвесь народ, затаіўшы дыханне, слухаў Яго.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Гнеўныя паводзіны Езуса ў святыні становяцца зразумелымі, калі возмем пад увагу, што ўвайшоў Ён у сваю ўласнасць. Кожны гаспадар рэагуе падобным чынам, калі ўбачыць, што тыя, каму ён даручыў апеку над сваёй маёмасцю паступае насуперак яго волі. Афіцыйна ў святыні займаліся Божымі справамі, але ў рэчаіснасці яны былі падпарадкаваныя палітычным інтарэсам. Публічны жэст Езуса становіцца рахункам сумлення для ўсіх тых, хто якімсьці чынам згаджаецца на злоўжыванні. Правадыры, заслепленыя сквапнасцю і прагненнем улады бачаць у заклапочанасці Езаса пра святыню бачаць толькі пакушэнне на свае пазіцыі. Таму яны не праяўляюць ніякага пакаяння. Суцяшэннем застаюцца паводзіны людзей, якія хочуць слухаць Езуса і жыць Яго навучаннем, не гледзячы на тое, што іх лідэры прымаюць іншую пазіцыю.  

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 652

22 лістапада, чацвер

Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 19, 41–44

Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус ведае, што чакае Яго ў Ерузаліме, але свядома і паслядоўна крочыць ў горад. Ерузалім з’яўляецца канчатковай мэтай зямнога вандравання Езуса, бо у ім ажыццявіцца паяднанне людзей з Богам. У тым, што робіць Езус ёсць глыбокі сэнс. Ён з’яўляецца Панам сусвету. Вучні Езуса вітаюць Яго радасным Псальмам 118, такім чынам падкрэсліваецца Яго каралеўская годнасць. Тут выяўляецца моцны кантраст, калі Езус плача сярод радасных воклічаў натоўпу. Ён аднак ведае, якім чынам будуць адбывацца далейшыя падзеі. Ён пакутуе з-за таго, што будзе адрынута Божая любоў, аб’яўленая кожнаму чалавеку. Лёс Ерузаліма, які адрынуў Езуса, гэта сімвал усіх тых, якія на працягу вякоў не хацелі і далей не хочуць прыняць Евангелле. 

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 624

21 лістапада, серада

Працягнуўшы руку сваю да вучняў, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 46–50

Працягнуўшы руку сваю да вучняў, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае 

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою.

Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Езус, карыстаючыся прыпавесцю, вяртаецца яшчэ раз да пытання, калі аб’явіцца Божае Валадарства. Тлумачыць, што завяршэнне падарожжа і ўваход у Ерузалім не будзе раўназначным з момантам трыўмфальнага прыняцця Богам ўлады над светам, а закончыцца прыніжэннем Езуса. Апосталы, зацята трымаючыся за ўласнае ўяўленне пра Хрыста, не разумеюць, што менавіта праз пакуты і смерць на крыжы Езус здабудзе сабе годнасць Валадара сусвету. Толькі калі яны ўбачаць Яго ўваскрослым, павераць ў Яго перамогу і вечнае панаванне. Тыя, хто не гледзячы на ўваскрасенне Езуса па-ранейшаму не будуць прызнаваць Яго Валадаром, пераканаюцца ў гэтым напрыканцы свету, калі Езус у бачнай для ўсіх постаці аб’явіць сваю славу. Вобраз слугаў, якія атрымалі грошы, каб іх памножыць, павінен усвядоміць слухачам, што ўсе былі надзеленыя ласкаю веры, неабходнай для таго, каб паверыць у Езуса. Не ўсе хочуць гэтую ласку выкарыстоўваць. Суд над чалавекам датычыць яго адказу на дадзеныя яму ад Бога дары. Вобраз забівання слугаў, якія супрацівіліся каралю і не хацелі дапусціць, каб валадарыў над імі, не паказвае помсту Бога над праціўнікамі, але мае мэту падкрэсліць, што кожны, хто адкідае Езуса, адкідае жыццё. Бог нікоі не хоча смерці чалавека. Гэта чалавек можа выбраць уласнае асуджэнне.   

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 575

20 лістапада, аўторак

Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 19, 1–10

Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. 

Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме. 

Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. 

А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш. 

Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Закхей як кіраўнік мытнікаў, наймаў на даручанай яму тэрыторыі калектараў падаткаў за тавары, якія прадаваліся і ўсталёўваў іх велічыню. Гэтая пасада магла забяспечыць яго немалое багацце, але з іншага боку было прычынай ненавісці з боку людзей. Лука расказвае пра сустрэчу Закхея з Езусам перш за ўсё дзеля таго, каб паказаць найглыбейшы сэнс паслання  Пана: знайсці і прывесці да Бога тых, якія згубіліся ў жыцці, якія былі выцесненыя людзьмі і прыгавораныя на асуджэнне. Паводзіны Закхея ўказваюць на тое, што сустрэча з Езусам, якой ён сам прагнуў, спрычынілася да ягонага ўнутранага навяртання. Знакам таго, што ён распачынае новае жыццё з’яўляецца яго рашэнне кампенсваць усе прычыненыя крыўды. Не было гэта пустой дэкларацыяй, паколькі Езус сцвердзіў, што ў гэты дзень Закхей атрымаў збаўленне. Такім чынам даў зразумець, што прад Богам ніхто не знаходзіцца ў безнадзейным становішчы. Кожны, што хоць крыху праявіць добрую волю і адкрыецца на Божую ласку, атрымае прабачэнне грахоў і дасягне збаўленне.

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 668

19 лістапада, панядзелак

Пане, каб я зноў бачыў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 18, 35–43

Што хочаш, каб я зрабіў табе? — Пане, каб я зноў бачыў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. 

Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. І калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: Што хочаш, каб я зрабіў табе? Ён сказаў: Пане, каб я зноў бачыў. Езус сказаў у адказ: Будзь відушчым, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, аддаў хвалу Богу.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Апісанне цуду аздараўлення сляпога чалавека падкрэслівае факт, што дзякуючы веры ў Езуса пераходзім ад крыку напоўненага пакутамі да радаснага праслаўлення Бога, ад жыццёвай стагнацыі - да выканання спраў дзеля Божай славы. Сляпы, нягледзячы на шматлікія абмежаванні і безнадзейнасць свайго становішча, змог выкарыстаць непаўторны шанец, якім з’яўляецца праход Езуса побач з ім. Ён распазнае ў Езусе не толькі незвычайнага чалавека з Назарэту, але і доўгачаканага Месію а таксама свайго адзінага Пана і Збаўцу. Гэта магло ажыцявіцца, таму што перш чым былі аздароўлены ягоныя вочы, ён быў унутрана асвечаны святлом Божай ласкі. Гэта нарадзіла ў ім веру, якая давала магчымасць прыняць чарговыя ласкі.       

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 580

18 лістапада, 33 нядзеля звычайнага перыяду

Збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 13, 24–32

Збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. 

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах.

Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а  словы Мае не прамінуць.

А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Акрэсленні часу, якія прымяняюцца ў сённяшнім фрагменце Евангелля “у тыя дні”  і “тады” трэба разумець вельмі агульна. Езус Хрыстус паўторна прыйдзе ў славе сярод вялікіх касмічных знакаў, як прадвясціў гэта ў сваім бачанні прарок Даніэль (Дн 7, 13н). Ніхто аднак не ведае, калі гэта адбудзецца. Таму неабходна нам быць чуйнымі і заўсёды гатовымі на тую асаблівую хвіліну.

Карыстаючыся вобразам смакоўніцы, Езус вяртаецца да раней зададзенага апосталамі пытання: “Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?”. Езус дае ім зразумець, што ганенні, пакуты і знішчэнне ерузалімскай святыні адбудзецца раней чым міне іх пакаленне. Марк пісаў сваё Евангелле неўзабаве пасля жахлівых ганенняў у часы Нэрона, а святыня і ўвесь Ерузалім будзе знішчаны Цітам у 70 годзе пасля Хрыста, пад канец габрэйска-рымскай вайны.

У Бога ёсць для людзей свае асаблівыя планы, якія да акрэсленага Богам моманту павінны заставацца таямніцай як для людзей, так і для анёлаў. Езус, будучы Божым Сынам, ведае збаўчыя намеры свайго Айца і прыйшоў на зямлю, каб абвясціць іх людзям. Аднак гэта Бог Айцец вырашае, якім будзе канчатковы лёс свету. Чалавек павінен быць чуйным, бо ніколі не ведае, калі Бог прыйдзе да яго, каб паклікаць да сябе.

Каментарый да Евангелля паводле Марка. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 628

17 лістапада, субота

Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 18, 1–8

Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго. 

Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне. 

І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. 

Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Ёсць вельмі шмат такіх сужэнстваў, якія ўжо многа дзесяцігоддзяў жывуць не «як у казцы». Яны сварацца, але любяць адно другога вельмі канкрэтнымі рашэннямі і ўчынкамі. Яны ўжо пераадолелі той парог, калі застаешся з чалавекам толькі пры ўмове, што з ім камфортна. Каханне ўжо даўно ператварылася ў любоў і не перастае развівацца да яшчэ вышэйшых узроўняў. Наогул, як кажа св. Павел, усё праходзіць і распадаецца ў гэтым свеце, апроч сапраўднай любові (1Кар 13, 1-13). Таму і сужэнства ўсё жыццё развіваецца з перспектывай пэўнай вяршыні – вечнай любові ў Богу. Вось пра гэтую перспектыву сёння ўзгадвае Хрыстос у размове з садукеямі.

“Тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам”. Ажаніцца ці выйсці замуж – гэта ступіць на шлях развіцця любові ад прымітыўнейшых яе формаў да больш дасканалых. Складана сказаць, ці праходзяць якісьці шлях развіцця ў любові бесцялесныя разумныя духі – анёлы. Але ведаем, што яны ўжо няспынна сузіраюць аблічча Бога ў небе (Мц 18, 10). Гэта значыць, дасягнулі той вяршыні, якую людзі праходзяць сваім, спецыфічным спосабам. Ясна адно: любоў і чалавека, і анёла канчаткова спаўняецца ў сузіранні Бога. Гэта калі ўсе пачуцці і прагненні скіраваныя на Бога і ў Ім цалкам наталяюцца.

З гэтай будучай перспектывы становіцца зразумелым, чаму ў Касцёле такой пашанай карыстаецца кансэкраванае жыццё – выключнае скіраванне душы і цела чалавека на Бога. Манаства - гэта знак будучага жыцця вечнага, будучай бясконцай любові. Таму сужэнствы і манаскія супольнасці - гэта розныя шляхі ў адным напрамку. Сужэнствы, каб памятаць, у якім кірунку можа развівацца іх любоў, могуць глянуць на сведчанне сваіх кансэкраваных братоў і сясцёр. І наадварот: манахам і манахіням неабходнае сведчанне няпростага шляху сужонкаў, каб памяталі, дзеля Каго яны жывуць сваімі абяцаннямі.

Для сужонкаў: Ці памятаю пра абяцанні, дадзеныя мужу/жонцы ў дзень шлюбу? Ці аднаўляю сваю вернасць мужу/жонцы на пэўных этапах супольнага жыцця?

Для кансэкраваных: Наколькі старанна я спаўняю ў Касцёле місію сведчання аб будучым жыцці? Ці падтрымліваю сваім манаскім жыццём сужэнствы ў іх радасцях і цяжкасцях?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.

  • Праглядаў: 669