30 чэрвеня, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Многія прыйдуць з усходу і захаду і сядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго, кажучы: Пане! Слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна пакутуе.
Езус кажа яму: Я прыйду і вылечу яго.
Сотнік жа сказаў у адказ: Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, але маю пад сабою жаўнераў. Кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў услед за Ім: Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. Кажу ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і сядуць за стол з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным. А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. І сказаў Езус сотніку: Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе. І быў аздароўлены слуга ў тую ж гадзіну.
Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе. І яна ўстала, і прыслужвала ім.
Калі ж надышоў вечар, прыводзілі да Яго многіх апантаных. А Ён словам выганяў духаў і аздаравіў усіх хворых, каб збылося сказанае прарокам Ісаяй: Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс хваробы.
Гэта слова Пана.
“Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся…” У Евангеллі рэдка сустракаюцца такія эпізоды, дзе Езус здзіўляецца. У гэтым жа фрагменце здзіўленне Езуса падвойнае. З аднаго боку здзіўляе Яго вера Сотніка, язычніка, які выхаваўся ў асароддзі культаў фальшывых бостваў. Калі распазнае Бога сапраўднага, адважваецца з пакорай звярнуцца да Яго. З другога боку здзіўляе Хрыста бязвер’е габрэяў, якія столькі разоў выразна бачылі дзеянне Бога ў сваёй гісторыі! Калі ж прыходзіць доўгачаканы Месія, “сыны валадарства” не прымаюць Яго. Гэта здаецца ім немагчымым – каб Бог у Чалавеку мог прыйсці да чалавека, тым больш да язычніка.
Існуюць дзве крайнасці ў стаўленні да дабротаў, якія Бог можа даваць чалавеку – перакананне нібыта Бог абавязаны нам благаславіць і перакананне, што бясконца Святы Бог пагарджае нашай нягоднасцю. Абодва гэтыя падыходы адгароджваюць чалавека ад дзеяння Духа Святога. Сам факт прыналежнасці да сям’і веруючых яшчэ не дае нам права дамагацца ад Бога, каб Ён выконваў нашы капрызы. Вядома, Богу не шкада для нас дабротаў, якія ў Яго просім. Аднак было б нейкім непаразуменнем, калі б мы бескарыслівы дар Ягонай любові прымалі быццам належнае нам па сатусу. Таму Езус так радуецца пакоры сотніка, які з пакаяннем кажа: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой”. Не дарма словы гэтыя заўсёды паўтараем перад тым, як запрасіць Хрыста да сябе падчас Святой Камуніі. Сотнік і нам нагадвае, што мы хоць не святыя, адважваемся прымаць Святога. Гэта толькі Ягоны дар, без нашых заслугаў.
Чым я здзіўляю Хрыста – вераю ці бязвер’ем? Ці не стрымлівае мяне мая нягоднасць, каб запрашаць Бога ў сваё жыццё? Ці не стаміўся я “заслугоўваннем” на любоў Бога і на Ягоныя даброты? У якіх учынках праяўляецца мая ўдзячнасць Богу за тое, што Ён не пагарджае “маім домам”?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 627