30 красавіка, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Суцяшальнік, якога Айцец пашле, навучыць вас усяму
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму.
Юда — не Іскарыёт — кажа Яму: Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?
Езус сказаў яму ў адказ: Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.
Гэта слова Пана.
Людзі па-рознаму акрэсліваюць любоў. Жыццёвы вопыт многіх паказвае, што сапраўдная любоў пачынаецца з разумення патрэбаў, прагненняў і каштоўнасцяў любімай асобы. Немагчыма любіць кагосьці шчыра, калі не ведаеш, або прынамсі не хочаш ведаць, у чым гэтая асоба мае патрэбу і якімі каштоўнасцямі жыве.
Хрыстос кажа: «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне». Але каб палюбіць Езуса, не трэба ў першую чаргу змушаць сябе захоўваць Ягоныя запаведзі. Паслухмянасць запаведзям павінна ісці поруч з любоўю і вынікаць з яе. Захоўваць запаведзі Езуса – гэта ведаць Яго прагненні і падзяляць Яго каштоўнасці. Адным словам – быць паслухмяным волі Езуса, якая ў запаведзях выражаецца. Але гэта не юрыдычная паслухмянасць – з абавязку, а паслухмянасць з любові, калі прагнеш таго, чаго прагне Ён.
Свет, пра які ўзгадвае Юда, пакуль што не ў стане зразумець Хрыста, бо свет яшчэ не любіць Яго асабіста. Асяроддзе габрэяў і язычнікаў ацэньвае Езуса перш за ўсё як палітычнага месію, як настаўніка нейкай новай філасофіі, але не як блізкую любімую асобу. Толькі любоў дазваляе ўбачыць сутнасць Езуса і Яго місіі. Таму Езус найперш аб’яўляецца Апосталам і вучням, у якіх ужо ўсталяваліся асабістыя зносіны з Ім. Дзякуючы гэтай повязі яны маюць шанец прыняць Езусава аб’яўленне і аддана пераказваць яго далей.
Наколькі добра я ведаю мары, прагненні і патрэбы маіх блізкіх? На якім узроўні развіцця мая паслухмянасць Езусавым запаведзям – з абавязку ці таксама з любові? Ці шукаю я для сябе нейкія канкрэтныя формы пераказу Евангелля іншым?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 718