Skip to main content

Навэнна і малітвы да св. Казіміра

Уступная малітва на кожны дзень навэнны

Божа, бязмежны ў сваёй дабрыні, пачуй малітвы мае, прасвятлі розум мой і скіруй сэрца маё, каб я здзяйсняў толькі добрыя ўчынкі.
Святы Казімір, заступайся за мяне, каб, наследуючы цябе, я быў здольны выбіраць дабро, абараняць каталіцкую веру і хрысціянскія каштоўнасці, каб меў сілы рашуча супрацьстаяць спакусам, захаваць чысціню цела і сэрца, застаючыся верным Богу і Касцёлу.
Адкрый мне, о Пане, што я павінен рабіць, каб дасягнуць Нябеснага Валадарства. Амэн.

Першы дзень навэнны

Просьба аб ласцы пабожнасці

3 кастрычніка 1458 г. каралева Елізавета нарадзіла Казіміра, які, як зорка, заяснеў сваёю святасцю сярод Ягелонскага роду і быў жаданым плёнам святой веры яго бацькоў. Маці святога Казіміра, рэлігійная і пабожная, выхоўвала яго з братамі ў боязі Божай. Прыклад яе веры, міласэрнасць да бліжняга паспрыялі глыбокай і шчырай пабожнасці Казіміра, чыстасці, аскезе і адданасці Пану Богу.

Малітва

Святы Казімір, ты з дзяцінства вызначаўся святасцю і быў прыкладам руплівай працы над сабой. Падтрымай нас, калі мы адчуваем сябе слабымі і бездапаможнымі. Просім цябе, выпрасі ў Бога дар мудрасці, каб мы спазналі і шчыра палюбілі адвечную Праўду; выпрасі дар розуму, каб мы зразумелі праўды веры; дар умеласці, каб, гледзячы на свет, мы ўсведамлялі справу Божай дабрыні і мудрасці; дар мужнасці, калі спасцігнуць нас асаблівыя цяжкасці і спакусы. Выпрасі таксама дар пабожнасці, каб мы ахвотна праслаўлялі Бога на малітве. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Другі дзень

Просьба аб вернасці Богу

З самага юнацтва Дух Божы святою любоўю напоўніў сэрца Казіміра, якое палала яе агнём праз усё яго жыццё. Дзякуючы Божай любові, яшчэ з маладосці Казімір зразумеў, што тут, на зямлі, няма для чалавека ні сапраўднага шчасця, ні пастаяннага жылля. Праз яснае святло веры ён убачыў у небе вышэйшае дабро і неацэнны скарб, які ні моль не зможа знішчыць, ні злодзей не зможа ўкрасці.
Казімір, хоць і быў багатым сярод багатых, аднак не паддаўся мімалётнай славе свету і сэрца сваё не прывязаў да зямных багаццяў.

Малітва

Божа, Ты стварыў кожнага чалавека, як адзінства душы і цела, і адкрыў для яго два светы — свет зямны і свет нябесны. Ты адарыў нас усімі дабротамі Тваімі. Ты дазволіў людзям убачыць радасці і даброты зямлі. Гэта ўсё адбываецца па Тваёй волі.
Таму, калі Ты, Божа, дазваляеш нам карыстацца дабротамі гэтага свету, прашу Цябе праз заступніцтва святога Казіміра кіруй нашым сэрцам і розумам, каб, карыстаючыся імі і атрымліваючы асалоду нават ад зямнога шчасця, якое прамінае, я ніколі не забываўся пра Цябе. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Трэці дзень

Просьба аб боязі Божай

З самага дзяцінства Казімір вызначаўся добрымі манерамі, празорлівасцю, здольнасцямі да вучобы, і ўсе захапляліся ім… Сталеючы, ён усебакова развіваўся, становячыся больш дасканалым у сваіх навыках і Божай мудрасці. Галоўным прынцыпам Казіміра была боязь Божая, якая з’яўляецца пачаткам сапраўднай мудрасці. Казімір настолькі стараўся захаваць чыстым сэрца, што пазбягаў нават найменшай правіннасці, нібы гэта быў цяжкі грэх, і таму лічыў сваім строгім абавязкам не толькі пазбягаць зла, але і рабіць дабро.

Малітва

Святы Казімір, выпрасі для нас дар пабожнасці, каб мы палюбілі слова Божае, медытацыю, малітву і ўсё тое, што адносіцца да служэння Богу. Выпрасі ў Стварыцеля дар боязі Божай, каб мы баяліся абразіць Цябе толькі дзеля Тваёй любові. Няхай Дух Святы напоўніць нашыя сэрцы Божай любоўю і ласкаю вытрываласці, каб мы жылі праведна, як сапраўдныя хрысціяне. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Чацвёрты дзень

Просьба аб нястомнасці адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту

Ішлі гады, але святое жыццё Казіміра не згасала. Вельмі часта ў гарачай малітве ён узносіў сваё сэрца да Бога і Марыі… Ён удзельнічаў у набажэнствах у касцёле, больш часу праводзячы ў святыні, чым у каралеўскім палацы. Яго пабожнасць была настолькі глыбокай, што часта ноччу, ён патаемна, басанож ішоў з палаца ў святыню, каб там памаліцца; а калі дзверы касцёла былі ўжо зачыненыя, ён пакорна цалаваў парог і дзверы святыні. Вартаўнікі Божага дома часта бачылі, як Казімір ляжаў крыжам на зямлі і доўга маліўся.

Малітва

Святы Казімір, праз тваю гарачую любоў, якою палала тваё сэрца да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, і праз запал, з якім ты пашыраў набажэнства да святой Эўхарыстыі, выпрасі, каб і нашыя сэрцы палалі агнём любові да Езуса, утоенага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, каб мы пабожна ўдзельнічалі ў святой Імшы, часта прыступалі да Стала Пана і адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

 

Пяты дзень

Просьба аб дары ўтаймавання і аскезы

Калі Казімір дасягнуў юнацтва, усе свае пачуцці, імкненні, а таксама думкі і розум ён стараўся захоўваць у чысціні. Імкнучыся да аскезы і святасці, ён прысягнуў Богу захоўваць цнатлівасць. Каралевіч быў прыкладам маральнасці і праведнасці не толькі для іншых юнакоў, але і для сталых мужчынаў… Ён патаемна апранаў валасяніцу на голае цела, спаў не на мяккай пасцелі, а клаўся на халодную падлогу ў сваёй спальні, утаймоўваючы сваё цела… Пасля кароткага сну ён уставаў і пачынаў горача маліцца, разважаючы над балеснаю мукаю і смерцю нашага Збаўцы, укрыжаванага за ўвесь род чалавечы.

Малітва

Святы Казімір, дзякуючы сыноўняй любові, якую ты заўсёды меў да Касцёла і Святога Айца, якога ты верна абараняў да апошняга ўздыху, выпрасі, каб мы заўсёды заставаліся годнымі дзецьмі Каталіцкага Касцёла, любілі і шанавалі нашых духоўных кіраўнікоў. Праз Пана нашага Езуса Хрыста. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Шосты дзень

Просьба аб дары адданасці Марыі

Сэрца святога Казіміра палала гарачай любоўю да Найсвяцейшай Панны Марыі… Ён напісаў гімн у Яе гонар, у якім змешчана амаль уся таямніца ўцелаўлення Божага Сына. Святы Казімір штодзённа яго чытаў, аддаючыся апецы Маці Божай:

Ад зары пяю: Марыю ты, душа мая, хвалі!
Спеў натхнення, праслаўлення льецца ў Неба ад зямлі!
Цуд бо гэта, па-над светам,
Яе Бог упадабаў;
Стаць Хрыстовай Маці Слова
Панну чыстую абраў.
Хай гасанна незгасана хорам велічным гучыць!
Поўня ласкі свае бляскі на ўвесь свет хай прамяніць!
Уладарка Неба, яркай зоркай радасць нам нясеш.
І з палону к Бога Трону да Збаўлення нас вядзеш.

Малітва

Святы Казімір, табе Найсвяцейшая Панна Марыя дапамагала пераадольваць найбольшыя цяжкасці і зносіць непрыемнасці ад злых людзей і сатаны, выпрасі і нам у Марыі цярплівасці і стойкасці ў дні выпрабаванняў і няшчасцяў, каб не быць асуджанымі навекі. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Сёмы дзень

Просьба аб вернасці нават у дробязях

Святы Казімір з вялікай пашанаю ставіўся да прадпісанняў Касцёла, няўхільна выконваючы яго наказы, не шкадуючы сябе, хоць часам яго мучыла цяжкая хвароба.
Аднойчы, калі ён быў хворы, урач настойліва параіў яму есці малочную ежу і ў дні посту, калі Каталіцкі Касцёл забараняе гэта рабіць. Аднак, урач ніяк не мог пераканаць Казіміра выконваць яго парады, нават дзеля здароўя, бо Казімір не хацеў ні на ёту парушаць прадпісанняў Касцёла Божага.

Малітва

Божа, Ты стварыў кожнага чалавека, як адзінства душы і цела, і адкрыў для яго два светы — свет зямны і свет нябесны. Ты адарыў нас усімі дабротамі Тваімі. Ты дазволіў людзям убачыць радасці і даброты зямлі. Гэта ўсё адбываецца па Тваёй волі.
Таму, калі Ты, Божа, дазваляеш нам карыстацца дабротамі гэтага свету, прашу Цябе праз заступніцтва святога Казіміра кіруй нашым сэрцам і розумам, каб, карыстаючыся імі і атрымліваючы асалоду нават ад зямнога шчасця, якое прамінае, я ніколі не забываўся пра Цябе. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Восьмы дзень

Просьба аб годным карыстанні мовай і аб любові да бліжняга

Святы Казімір быў разумным, сціплым, далікатным і ўдзячным. Ён таксама быў нешматслоўным, стараўся гаварыць толькі пра Бога, пра Яго запаведзі, пра жыватворчую цноту евангельскіх парадаў.
Ніхто ніколі не чуў, каб Казімір таемна прыніжаў таго ці іншага суседа; з вуснаў ягоных не выходзіла дрэнных словаў. З сапраўднай любоўю ён настаўляў тых, хто грашыў, тых жа, хто раскайваўся, прымаў з кранальнай дабрынёй. А грэшнікі, якіх Казімір дакараў за іх правіны і заклікаў да навяртання, толькі ад аднаго яго позірку бянтэжыліся.

Малітва

Непахісны князь, святы Казімір, каралеўскі сын і слава Айчыны! Жывучы ў свеце, але не для свету, ты выбраў шлях пакорнай любові, ведаючы, што толькі ў Богу ёсць радасць і поўнае шчасце. Навучы нас шукаць волі Пана і быць вернымі Богу.
Маліся за нас, святы каралевіч Казімір, каб разам з табой у Нябеснай Айчыне песняй удзячнасці мы праслаўлялі Бога, у Тройцы Адзінага. Праз ўсе вякі вечныя. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.

Дзявяты дзень

Просьба аб добрай падрыхтоўцы да апошняга дня жыцця

Знясілены смяротнаю хваробаю, зносячы яе спакойна, з вялікаю цярплівасцю і пабожным сэрцам, Казімір нават прадказаў дзень сваёй смерці. А калі фізічныя сілы яго зусім аслабелі, перад шляхам у вечнасць Казіміру былі ўдзелены святыя сакрамэнты.
У атачэнні духавенства ён прачытаў свой любімы гімн да Багародзіцы і, трымаючы ў руцэ выяву ўкрыжаванага Збаўцы, Казімір пакорна вымавіў словы: «Пане Езу Хрыстэ, у рукі Твае аддаю я дух мой».
Так, 4 сакавіка перад усходам сонца ў нядзелю 1484 года ў Гродне ў каралеўскім замку ён аддаў сваю чыстую і незабруджаную душу Стварыцелю.

Малітва

Святы Казімір, будзь з намі ў хвіліну нашай смерці. Выпрасі для нас сапраўдную скруху і шчырае пакаянне, адпушчэнне нашых грахоў, умацаванне сакрамэнтам хворых, каб мы з даверам маглі стаць перад справядлівым, але і міласэрным Суддзёю, нашым Богам і Збаўцам. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу…
Святы Казімір, маліся за нас.


Малітва да святога Казіміра

Ойча, які карануеш Небам святых за іх заслугі і які прыняў душу Казіміра ў сваё Валадарства, — Цябе аб літасці просім! Паглядзі на грэшных слугаў Тваіх, што ідуць цярновай дарогай, у цярновай кароне, як перад намі ўжо прайшоў і святы Казімір.
У шлюбным адзенні, чысты, як ягнятка, нягледзячы на каралеўскую заможнасць, ён здолеў супрацьстаяць спакусам свету і атрымаў вянок славы, які належыць пераможцам.
Няхай святы Казімір, як зорка з неба, прыкладам свайго жыцця асвятляе нам шлях да веры, і выпрошвае для нас натхненне Духа Твайго, Пане. Няхай святы Казімір апякуецца народам нашым, выпрошваючы неабходныя ласкі, каб д'ябал нас ніколі не перамог і не асляпіў сваімі спакусамі. Святы Казімір, выпрошвай нам надзею на Божае Валадарства і ласку вернасці Богу і Касцёлу.
Праз Бога Айца, Сына і Духа Святога. Амэн.


ЛІТАНІЯ ДА СВЯТОГА КАЗІМІРА

Кірые, элейсон,
     Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
     Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа,
     — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
     — змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
     — змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа,
     — змілуйся над намі.

Святая Марыя,
     — маліся за нас.
Святы Казімір,
     — маліся за нас.
Лілея цнатлівасці,
     — маліся за нас.
Палаючая паходня ў доме Божым,
     — маліся за нас.
Апякуне Літвы і Польшчы,
     — маліся за нас.
Узор для валадароў гэтага свету,
     — маліся за нас.
Люстра справядлівасці,
     — маліся за нас.
Лекар аслабелых,
     — маліся за нас.
Прыклад цярплівасці,
     — маліся за нас.
Той, хто не зважаў на ўласны каралеўскі сан,
     — маліся за нас.
Ушанавальнік Бога,
     — маліся за нас.
Паслядоўнік Хрыста,
     — маліся за нас.
Верны слуга Марыі,
     — маліся за нас.
Суцяшальнік засмучаных,
     — маліся за нас.
Той, хто выпрошвае аздараўленне хворым,
     — маліся за нас.
Дапамога канаючым,
     — маліся за нас.
Крыніца дабрыні,
     — маліся за нас.
Распаўсюджвальнік святой веры,
     — маліся за нас.
Айцец убогіх і сіротаў,
     — маліся за нас.
Юнак беззаганны,
     — маліся за нас.
Прыклад пакоры і добразычлівасці,
     — маліся за нас.
Радасць і хвала Вільні,
     — маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету,
     — змілуйся над намі.

С.: Маліся за нас, святы Казімір.

Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся: Божа, Ты адарыў святога Казіміра, каралевіча, ласкаю жыцця ў святасці, просім Цябе, каб праз яго заступніцтва мы былі вернымі Хрысту і імкнуліся да вечнай радасці ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


МАЛІТВА ДА СВЯТОГА КАЗІМІРА

Святы Казімір, ты нарадзіўся ў каралеўскай сям’і, але адрокся ад раскошы і свецкіх забаваў, праводзячы жыццё ў надзвычайнай чыстасці і аскезе, чым заслужыў славу святога. Будзь для нас рупівым заступнікам, выпрошвай суцяшэнне і дапамогу ва ўсіх нашых патрэбах. Выпрасі для нас ласку захавання чыстасці душы і цела, каб мы асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі на ўдзел у хвале нябеснай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

  • Праглядаў: 953