Навэнна да святога Францішка Асізскага
Навэнна да святога Францішка
Парадак навэнны:
- Уступная малітва
- Малітва на кожны дзень навэнны
- Літанія да святога Францішка
- Заключная малітва
1. Уступная малітва
Усемагутны, вечны Божа, Ты праз Адзінароднага Сына Свайго асвяціў нашыя душы святлом Евангелля, просім Цябе, дай нам, праз заслугі святога айца Францішка, жыць як ён Евангеллем, а праз гэта Цябе выхваляць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
2. Першы дзень (25.09.22): аб пакоры Святога
Мой Збаўца, у Тваёй школе святы Францішак навучыўся найвялікшай пакоры. На гэтай дарозе дасягнуў надзвычайнай дасканаласці. А я, грэшны, не магу перамагчы сваёй пыхі. Учыні, Божа, каб наслядуючы святога Францішка, я моцна стаў каля крыжа Твайго Сына. Святы айцец Францішак, няхай твая пакора будзе для мяне прыкладам, каб я памятаў, што маё сапраўднае дабро не залежыць ад прызнання мяне светам, але ад радаснага знясення ўсіх перашкод жыцця для Ўкрыжаванага Збаўцы. Амэн.
Другі дзень (26.09.22): аб убогасці Святога
Пане Езу Хрыстэ, учыні, каб я, не прывязваючыся да таго, што зямное, за Серафімскім айцом маім мог казаць: ”Бог мой і ўсё маё”. Святы Францішак, выпрасі мне хоць частку гэтых асалодаў, якія ты чэрпаў з убогасці. Учыні, каб я асветлены Божым святлом, імкнуўся да ўбогага жыцця, якое праводзіў на зямлі Езус. Амэн.
Трэці дзень (27.09.22): аб пакутах Святога
Мой Збаўца, Езу Хрыстэ, якая вялікая розніца паміж учынкамі слугі Твайго Францішка і маімі! Ён жыў у поўным катаванні і вялікіх пакутах, а я баюся нават мыслі аб пакуце. О вялікі пакутнік! У астатніх хвілінах жыцця ты прасіў прабачэння ў свайго цела, за тое, што так яго катаваў, не дазволь, каб я праз пачуццёвасць, уніканне пакутаў, шкадаваў пры смерці, што занадта трошчыўся аб сабе, забыўшыся пра душу. Амэн.
Чацвёрты дзень (28.09.22): аб цярплівасці
Падзяку Табе складаю, о Пане, за ўсе цярпенні, якія Ты дагэтуль на мяне спасылаў і з якімі Ты ў сваёй міласэрнасці захочаш як і раней да мяне прыйсці. Хвалебны і святы айцец Францішак, падтрымлівай мяне Сваёй цярплівасцю; асвятляй мой розум і сэрца, каб я з радасцю і сапраўднай хвалой Божых слугаў добраахвотна прыняў цярпенні для любові Божай. Амэн.
Пяты дзень (29.09.22): аб любові Божай
Божа мой, Твой благаславёны слуга, святы Бонавэнтура, параўнаў святога Францішка з вуглём, распаленым у агні Тваёй любові. Пазыч мне хоць малую іскру з гэтага святога полымя, якім палаў Францішак, каб я, ідучы за яго прыкладам, цалкам пасвяціў сябе Тваёй любові. Святы Серафін і айцец маёй душы, выпрасі для мяне ласку ў Пана, каб я клапаціўся толькі аб Яго хвале. Амэн.
Шосты дзень (30.09.22): аб любові бліжняга
Мой Езу, падзяку Табе складаю за ўсе дабрачыннасці, якія Ты праз святога Францішка спаслаў на свет. Дай мне ласку стараннага наследавання майго святога айца; няхай з гэтай хвіліны я буду настойліва старацца аб збаўленні людзкіх душаў. Святы Францішак, выпрасі для мяне ласку, каб я ў бліжнім заўсёды бачыў не толькі брата, але самога Збаўцу, бо тады, натхнёны Божай любоўю, я стану Тваім паслядоўнікам.
Сёмы дзень (01.10.22): аб пабожнасці
Мой Збаўца, дай мне жывую веру і гарачую любоў святога Францішка, каб крыніцы Тваіх ласк не былі для мяне дарэмнымі. А ты, мой айцец Францішак, дасканалы прыклад пабожнасці, выпрасі, каб я хваліў Бога думкаю, моваю і ўсім жыццём на вякі. Амэн.
Восьмы дзень (02.10.22): стыгматы Святога
Пане Езу Хрыстэ, прашу Цябе, праз заслугі святога айца Францішка, дай мне гэтую ласку, каб я жыў для Цябе, бо Ты праз пакутную смерць адарыў нас жыццём вечным. Святы Францішак, дай мне, калі я буду цалаваць твае раны, зразумець добра словы: кахай Бога, які праз празмернасць Сваёй любові цярпеў і памёр за мяне. Амэн.
Дзявяты дзень (03.10.22): благаславёная смерць
Пане Езу Хрыстэ, дай мне ласку радаснага супакою ў апошняй хвіліне майго жыцця. А паколькі звычайна смерць будзе такой, якім было жыццё, дай мне сілу і настойлівасць у Тваёй службе, каб я заслужыў шчаслівую смерць. Святы мой айцец, твая цудоўная смерць напаўняе мяне гарачым прагненнем збаўлення. Як жа шчасліва памірае той, хто жыў падобна як ты. Выпрасі для мяне ласку, каб я мог спачыць у Пану смерцю справядлівых. Амэн.
3. Літанія да святога Францішка
Кірые, элейсон, – Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, – Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змілуйся над намі.
Сыне, адкупіцель свету, Божа, – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, – змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, – змілуйся над намі.
Святая Марыя, Беззаганна зачатая, – маліся за нас.
Святы Францішку Серафімскі, – маліся за нас.
Святы Францішку, квецень Божай ласкі, – маліся за нас.
Святы Францішку, вялікі паслядоўнік Хрыста, – маліся за нас.
Святы Францішку, які прагнуй мучаніцкай смерці, – маліся за нас.
Святы Францішку, апякуне ранаў Хрыстовых, – маліся за нас.
Святы Францішку, аздоблены знакамі Езусавай мукі, – маліся за нас.
Святы Францішку, адораны сілаю здзяйсняць цуды, – маліся за нас.
Святы Францішку, які палаў Божаю любоўю, – маліся за нас.
Святы Францішку, напоўнены любоўю да бліжняга, – маліся за нас.
Святы Францішку, прыхільнік пакоры, – маліся за нас.
Святы Францішку, узор пакаяння, – маліся за нас.
Святы Францішку, прыклад паслухмянасці, – маліся за нас.
Святы Францішку, прыхільнік чыстасці, – маліся за нас.
Святы Францішку, які выракся дабротаў свету, – маліся за нас.
Святы Францішку, патрыярх убогіх, – маліся за нас.
Святы Францішку, жывое ўвасабленне евангельскіх цнотаў, – маліся за нас.
Святы Францішку, заснавальнік трох ордэнаў, – маліся за нас.
Святы Францішку, вястуне Вялікага Валадара, – маліся за нас.
Святы Францішку, пераможца сатаны, – маліся за нас.
Святы Францішку, апора Каталіцкага Касцёла, – маліся за нас.
Святы Францішку, абаронца каталіцкай веры, – маліся за нас.
Святы Францішку, які абвяшчаў свету супакой і дабро, – маліся за нас.
Святы Францішку, які адолеў злосць свету, – маліся за нас.
Святы Францішку, аднаўляльнік хрысціянскіх звычаяў, – маліся за нас.
Святы Францішку, праваднік заблуканых, – маліся за нас.
Святы Францішку, лекар хворых душ, – маліся за нас.
Святы Францішку, вялікі заступнік перад Богам, – маліся за нас.
Святы Францішку, святы наш ойча, – маліся за нас.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – змілуйся над намі.
Маліся за нас, святы ойча Францішак,
каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся. Божа, Ты праз заслугі Серафімскага айца, святога Францішка, узбагаціў свой Касцёл новай манаскай сям’ёй, † удзялі нам тую ласку, каб па яго прыкладу * мы адвярнуліся ад зямных дабротаў і прагнулі нябесных. Праз Хрыста, Пана нашага.
Амэн.
4. Заключная малітва
Святы айцец Францішак, прабіты святымі ранамі Хрыста, малі Даўцу каштоўнага дару стыгматаў, каб нас ачысціў і аднавіў у сваіх святых ранах.
Маліся за нас, святы Францішак,
каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Пане, выслухай малітвы нашы,
а просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць.
Молімся:
Пане Езу Хрыстэ, ты сярод халоднасці свету выявіў святыя раны Свайго цярпення на целе айца нашага Францішка, просім праз яго заслугі і праз яго заступніцтва, дай нам ласку безупынна несці Твой крыж. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя.
Амэн.
Прыгожы спеў у гонар св. Францішка: https://youtu.be/VFzZ1ct0Ung
- Праглядаў: 1728