Навэнна да святога айца Піо
Навэнна да святога айца Піо
Парадак навэнны:
1. Малітва на кожны дзень навэнны.
2. Малітвы Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
3. Літанія да святога айца Піо.
Першы дзень 14.09
Умілаваны ойча Піо, ты меў на сваім целе знакі мукі Пана нашага Езуса Хрыста. Гэтыя стыгматы ты насіў за ўсіх нас, спазнаючы як фізічнае, так і духоўнае цярпенне, якое пранізала тваю душу і цела. Просім цябе, маліся за нас, каб мы былі здольныя прымаць і пакорліва пераносіць малыя і вялікія крыжы цярпення тут, на зямлі, а таксама ахвяроўваць іх Богу, каб праз іх Ён падрыхтаваў для нас месца ў Валадарстве Нябесным.
«Будзь гатовы годна прыняць цярпенні, якія Езус спасылае табе. Ён не дазволіць табе смуціцца і прыйдзе да цябе, каб суцешыць тваю душу незлічонымі ласкамі» (а. Піо).
Другі дзень 15.09
Благаслаўлёны ойча Піо, толькі ў з’яднанні з нашым Панам Езусам Хрыстом мы будзем здольныя супрацьстаяць спакусам шатана. Ты цярпеў мучэнні пякельных дэманаў, якія жадалі, каб ты звярнуў са свайго шляху да святасці. Просім цябе, маліся за нас, каб мы з тваёй дапамогаю і праз заступніцтва ўсяго нябеснага двара змаглі адрынуць грэх і вытрывалі ў веры аж да хвініны смерці нашай.
«Будзь мужны і не бойся атакаў шатана. Запомні: калі шатан крычыць і кідаецца вакол твайго сумлення, — гэта добры знак. Гэта значыць, што ён не мае доступу да тваёй волі» (а. Піо).
Трэці дзень 16.09
Праведны ойча Піо, ты моцна любіш нашу Найсвяцейшую Маці, якая штодзённа адорвае цябе ласкамі і суцяшэннем. Просім цябе, маліся за нас да Найсвяцейшай Панны. Аддай у Яе рукі наш шчыры жаль за грахі і жаданне выправіцца, каб, як у Кане Галілейскай, Яе Сын сказаў сваё «так» і каб нашыя імёны былі ўпісаныя ў Кнігу вечнага жыцця.
«Марыя як Зорка, што рассвятляе наныя сцежкі, і менавіта Яна пакажа табе бяспечны шлях да Нябеснага Айца. Яна будзе якарам, які дапаможа вытрываць у хвіліну сумненняў» (а. Піо).
Чацвёрты дзень 17.09
Бездакорны ойча Піо, ты любіў свайго Анёла Ахоўніка, які служыў табе як спадарожнік, абаронца і пасланнік. Анёл Ахоўнік перадаваў табе малітвы тваіх духоўных дзяцей. Просім цябе, маліся за нас, каб мы навучыліся слухаць нашага Анёла Ахоўніка, які заўсёды гатовы быць нашым спадарожнікам і падказвае, як мы павінны змагацца з грахом.
«Заклікай свайго Анёла Ахоўніка, які прасветліць твой розум і павядзе цябе добрым шляхам. Бог даў яго табе дзеля тваёй бяспекі, таму ты павінен быць паслухмяным яго парадам» (а Піо).
Пяты дзень 18.09
Мужны ойча Піо, ты ахвяраваў сябе і свае цярпенні за адкупленне душаў, церпячых у чыстцы. Молім цябе, заступайся за нас перад Богам і папрасі, каб Ён спаслаў нам такі імпэт, жаданне і любоў, якімі ты адорваеш душы чыстцовыя. Просім, каб нашыя цярпенні, прысвячэнне сябе і малітвы спрычыніліся да скарачэння мукаў душаў, церпячых у чыстцы.
«Божа мой, малю Цябе, дазволь мне спазнаць кару, якую Ты падрыхтаваў для грэшнікаў і для душаў, церпячых у чыстцы. Памнож мае цярпенні, каб я спрычыніўся да даравання вінаў грэшнікам і да вызвалення душаў з чыстца» (а. Піо).
Шосты дзень 19.09
Паслухмяны ойча Піо з Петрэльчыны, ты любіў хворых больш, чым самога сябе, бо бачыў у іх Езуса. Ты ўчыніў шмат цудаў, аздараўляючы хворых у імя Езуса і адорваючы іх спакоем. Просім цябе, маліся за нас, каб хворыя праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі маглі быць аздароўлены, а іх целы адноўлены, бо тады яны змогуць ва ўсёй паўнаце прымаць даброты Духа Святога, дзякуючы за гэта Богу і праслаўляючы Яго навекі.
«Калі я ведаў, што чалавек цярпеў у думках, у целе ці душы, я маліў Бога, каб Ён вызваліў яго ад гэтага цярпення. Я ахвотна прыняў бы, калі б Бог пажадаў перанесці няшчасце з хворага на мяне і ўратаваць яго, і я маліўся, каб ён мог карыстацца плёнам гэтых цярпенняў… калі б Бог дазволіў мне так зрабіць» (а. Піо).
Сёмы дзень 20.09
Благаслаўлёны ойча Піо з Петрэльчыны, ты спрычыніўся да Боскага плану збаўлення, ахвяруючы свае цярпенні дзеля вызвалення грэшнікаў з путаў д’ябла. Просім цябе, маліся за нас, каб нявеуючыя атрымалі ласку навяртання, каб усе грэшнікі адчулі ў сваіх сэрцах скруху і каб тыя, чыі сэрцы астылі, нанова адшукалі ў сабе жаданне жыць па-хрысціянску. Маліся за тых, хто захоўвае вернасць Богу, каб яны вытрывалі на сваім шляху да збаўлення.
«Калі б толькі людзі гэтага свету маглі заўважыць прыгажосць душы, якая прабывае ў ласцы Божай, усе грэшнікі і няверуючыя на свеце імгненна вярнуліся б да Бога» (а. Піо).
Восьмы дзень 21.09
Чысты ойча Піо, ты спазнаў вялікую любоў ад сваіх духоўных дзяцей і дапамог адкупіць іх для Хрыста ўласнаю крывёю. Дай нам, якія не сустрэлі цябе асабіста, магчымасць лічыцца тваімі духоўнымі дзецьмі. Такім чынам праз тваю апеку, заступніцтва і моц ты зможаш атрымаць для нас асаблівае Божае благаслаўленне — сустрэць Яго каля брамаў неба ў дзень нашай смерці.
«Гэта было б для мяне найкаштоўнейшаю ўзнагародаю, калі б Бог выканаў адно маё жаданне (калі гэта было б магчыма) і сказаў: „Узыходзь на неба!“ Гэта маё адзінае сапраўднае жаданне — каб Бог узяў мяне на неба ў той самы час, калі забярэ апошняга з маіх дзяцей і апошняга з тых людзей, якія даверыліся маёй пастырскай апецы» (о. Піо).
Дзявяты дзень 22.09
Сціплы ойча Піо з Петрэльчыны, які моцна любіў Касцёл, маліся за нас. Няхай Пан пашле працаўнікоў на жніво сваё і дасць ім сілу і веды, патрэбныя, каб быць дзецьмі Божымі. Маліся, каб Найсвяцейшая Панна з’яднала люд хрысціянскі па ўсёй зямлі, суцяшаючы іх усіх у адзіным вялікім доме Панскім, і была маяком збаўлення сярод жыццёвых бураў, гэтак, як маяк у моры ўказвае караблям бяспечны шлях падчас шторму.
«Ты павінен заўсёды трымацца прамой і вузкай сцежкі ў святым Каталіцкім Касцёле, бо толькі яна належыць Езусу Хрысту і толькі яна можа прынесці табе спакой. Толькі на ёй ты знойдзеш Езуса ў святых сакрамэнтах, бо Ён адзіны ёсць сапраўдным Валадаром спакою» (а. Піо).
Літанія да святога айца Піо
Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, – змілуйся над намі.
Святая Марыя, – маліся за нас.
Святы ойча Піо, шанавальнік Хрыстовага крыжа,
Святы ойча Піо, ты з любоўю насіў раны Езуса, ад якіх сыходзіў водар фіялак,
Святы ойча Піо, умілаваны сын нашай Маці, якую ты ўшаноўваў найбольш сярод стварэнняў зямных і нябесных,
Святы ойча Піо, які містычна перажываў муку Хрыста падчас цэлебрацыі святой Эўхарыстыі,
Святы ойча Піо, нястомны вязень канфесіяналу,
Святы ойча Піо, верны сябар убогіх,
Святы ойча Піо, які дапамагаў сваім духоўным сынам і дочкам,
Святы ойча Піо, прыклад духоўнага жыцця,
Святы ойча Піо, які нёс надзею тым, хто ў роспачы,
Святы ойча Піо, які бязмежна давяраў Божай міласэрнасці і любові Божай,
Святы ойча Піо, які з пакораю і любоўю зносіў боль і цярпенне ад стыгматаў,
Святы ойча Піо, які дапамагаў Хрысту збаўляць грэшнікаў,
Святы ойча Піо, святар асаблівага даверу Богу,
Святы ойча Піо, прыхільнік убоства,
Святы ойча Піо, які мужна перамагаў спакусы злога,
Святы ойча Піо, які нястомна даручаў Богу ўсіх грэшнікаў свету,
Святы ойча Піо, які узносіў Богу падзяку пасля святой Імшы,
Святы ойча Піо, скарбніца духоўных пладоў, – маліся за нас.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – змілуйся над намі.
С.: Маліся за нас, святы ойча Піо,
Н.: Каб сталіся мы годнымі тых ласкаў, аб якіх просім.
Молімся: Усемагутны вечны Божа, Ты святога айца Піо адарыў ласкаю асаблівым чынам падзяляць муку Твайго Сына на крыжы і праз яго служэнне здзейсніў новыя цудоўныя справы Тваёй міласэрнасці,† які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усевякі вечныя. Амэн.
- Праглядаў: 2364