Урачыстая цырымонія Вербнай нядзелі пачынае Пакутны тыдзень. Каб заглыбіцца ў падзеі, якія Касцёл распачынае перажываць на Вялікім тыдні, перад кожнай Святой Імшой парафіянам была прадстаўлена містэрыйная пастанова "Крыжовы шлях", падрыхтаваная нашымі артыстамі пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык.

Гэта інсцэніроўка ўвяла нас у тую атмасферу, у той час і абставіны, дзе Езус прыняў муку дзеля збаўлення людзей.Па заканчэнні прадстаўлення парафіяне, пагружаныя ў тую рэчаіснасць, былі настолькі ўражаныя, што яшчэ доўгі час не асмельваліся парушыць глыбокую і напружаную цішыню воплескамі. І толькі дзеля ўдзячнасці артыстам пачыналі праз колькі хвілін цішыні пляскаць у далоні.

Святая Імша Вербнай нядзелі распачынаецца ўрачыстай працэсіяй, якая нагадвае нам пра пераможны ўваход Езуса ў Ерузалем за некалькі дзён да крыжовай смерці. У Бібліі гаворыцца, што шлях Езусу высцілалі пальмовымі галінкамі, таму на многіх мовах гэты дзень называецца Пальмовай нядзеляй. У некаторых краінах у працэсіях выкарыстоўваюць пальмы і цяпер, а бывае, што бяруць аліўкавыя, кедравыя галінкі,  вярбу ці штосьці іншае. Такая цырымонія шэсця і асвячэння галінак зарадзілася яшчэ ў старажытнасці (ёсць апісанні святкавання Пальмовай нядзелі з чацвёртага стагоддзя).

Далей літургія слова ўводзіць нас у цярпенні Хрыста, Яго муку і крыжовую смерць. Таму і назва гэтай нядзелі падвойная: Пальмовая нядзеля, або Нядзеля Мукі Пана.

Літургія гэтага свята, выбудаваная асаблівым чынам, вучыць нас, што смерць вядзе да Жыцця, што крыж неаддзельны ад Божай славы, што ахвяра канчаткова завяршыцца ў дзень Уваскрасення, калі Хрыстос, Пераможца і Цар, узыдзе на нябёсы, каб сесці праваруч Айца.

У казанні да вернікаў святары звярнулі ўвагу на тое, што ў гэты дзень пераплятаюцца, уваходзяць адно ў адно два пачуцці, два шляхі, два настроі: Вербная нядзеля - гэта адначасова дзень радасці і смутку.

У часы Свайго зямнога жыцця Езус адчуваў радасць ад таго, што вялікая колькасць людзей у Ерузалеме вітала Яго як свайго Валадара, але і меў смутак, бо Ён ведаў, што праз некалькі дзён гэтыя ж людзі ўжо будуць крычаць “Укрыжуй Яго!”, а пад крыжам застануцца толькі самыя верныя.

Ці не тое ж і ў нашыя часы? Зноў радуе вялікі натоўп людзей, якія з узнёслым сэрцам спевам і галінкамі вітаюць Хрыста, і адначасова выклікае смутак  пытанне: "А ці будуць людзі ў такой вялікай колькасці ў нашай святыні праз тыдзень, два?.. Ці не адкінуць Яго, жывога Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, марна ўскладаючы надзею на галінку?"

Пажадана, каб наша паўсядзённае жыццё магло б стаць такой працэсіяй, што славіць Бога. А галінкі вярбы былі б для нас сімвалам, напамінам пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне Хрыста. Гэтыя галінкі павінны стаць не магічным прадметам, а доказам нашага наследвання Хрыста, Які прывядзе нас да вечнага жыцця.

 Тэкст: Таццяна Страх

Фота, відэа: Эрык Савянок, Антон Савянок, мантаж: Цімафей Савянок