Прыйшла гадзіна: у святыні Божай
Звон папяльцовы пачулі людзі;
Ён праўдай душы ў глыбі ўстрывожыў:
Хто ўзяты з праху, той прахам будзе!

Г. Пузыня

14 лютага – Папяльцовая серада або Папялец. У Папяльцовую сераду мы распачынаем перыяд Вялікага посту, які будзе працягвацца 40 дзён да святой Імшы Вячэры Пана. Гэта нагода для нас, вернікаў, прыгледзецца да ўласных паводзінаў.

У Святым Пісанні лічба 40 азначае час перамянення перад якой-небудзь важнай збаўчай падзеяй. Так 40 дзён працягваўся патоп, пасля якога Бог заключыў запавет з чалавецтвам (параўн. Быц 7-8); 40 гадоў ізраэліты хадзілі па пустыні, перш чым прыйшлі ў Абяцаную Зямлю (параўн. Дрг 8, 2). Таксама 40 дзён і начэй ішоў Элія на гару Харэб, дзе Бог аб’явіўся яму ў гуку мяккага павеву (параўн. 1 Вал 19, 1-14); і 40 дзён пасціўся Езус у пустыні, дзе Яго спакушаў д’ябал (параўн. Мц 4, 1-11).

Касцёл запрашае нас, каб у Вялікім посце мы з дапамогай розных практык увайшлі ў духоўны сэнс біблійных падзей: «Навярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам» (Ёэл 2, 12), – гаворыць нам Бог праз прарока. «Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 20b), – заклікае св. апостал Павел.

Касцёл заахвочвае зрабіць на перыяд посту канкрэтную пастанову, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а таксама на адносіны ў дачыненні да парафіі, месца працы ці вучобы, каб у гэтым асяроддзі жыць Хрыстовым Евангеллем, адмаўляючыся ад руціны і знешняй фармальнасці.

 

Варта адысці ад ранейшага мыслення па-чалавечы i навярнуцца на мысленне Божае, якое заключана ў Божым слове. Сёння ёсць вялікая розніца паміж тым, што гаворыць і што прапануе Найвышэйшы, і тым, да чаго імкнуцца і да чаго хочуць прывесці любым коштам людзі. Пан Езус заклікае нас выконваць учынкі пакаяння: міласціну, малітву і пост. I даручае выконваць іх не напаказ, не для сваёй хвалы, а на хвалу Пана Бога і карысць людзей. Важна таксама тое, каб выконваць іх сукупна, цэласна, бо толькі тады яны становяцца плённымі. Таму неабходна задумацца аб тым, як будзе выглядаць наша міласціна, чым і каму будзем дапамагаць. А таксама аб тым, як удасканаліць сваё духоўнае жыццё.

Такім чынам, Папяльцовая серада распачынае Вялікі пост, а як мы яго пражывём, залежыць толькі ад нас. Многія лічаць, што нічога дрэннага не робяць у жыцці: чалавека не забіў, не ўкраў – значыць, не саграшыў. Але гэтае меркаванне памылковае. Вялікі пост нам дадзены для таго, каб мы задумаліся над сваім стылем жыцця. Нездарма менавіта падчас Вялікага посту існуюць пэўныя абмежаванні ў ежы і паводзінах.

Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. – § 1).

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. – § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

Не з’яўляецца грахом незахаванне посту і ўстрымання ад мяса, калі няма магчымасці ўчыніць гэта па аб’ектыўных прычынах. У некаторых мясцовасцях, па звычаі, прынята захоўваць таксама пост у Вялікую суботу.

Пробашч парафіі, па справядлівай прычыне і згодна з прадпісаннямі дыяцэзіяльнага біскупа, у паасобных выпадках можа ўдзяліць дыспенсу (вызваліць ад абавязку) адносна захавання пакаяннага дня або замяніць гэты абавязак на іншыя пабожныя ўчынкі (пар. кан. 1245 Кодэкса Кананічнага Права).

Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.

Але ў перыяд Вялікага посту на першы план у жыцці кожнага веруючага павінна выходзіць яго духоўнае жыццё, а не абмежаванні ў ежы. Нездарма гэты перыяд называюць часам пакаяння. Касцёл у гэты перыяд заахвочвае да добрых учынкаў: малітвы і дапамогі бліжнім. Не можаце дапамагчы чалавеку, які знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, – шчыра памаліцеся за яго. Не атрымліваецца паўдзельнічаць у пятніцу ў Крыжовай дарозе – з’ездзіце ў любы дзень да пажылых і адзінокіх людзей. Добрыя справы і асабістае выпраўленне – шлях да збаўлення. І каб гэта зрабіць, грошы не патрэбны. Кожны чалавек прагне ўвагі, клопату і любові…

Найлепш падрыхтавацца да найважнейшага каталіцкага свята – Уваскрасення Хрыстова – кожны вернік можа праз удзел у Імшы, Крыжовай дарозе, Песнях жальбы, рэкалекцыях і споведзі.

Прылады Вялікага посту:

Малітва – дазваляе нам выйсці на шлях сяброўства з Богам Збаўцам.

Пост і міласціна – вучаць быць свабоднымі ад людскіх прыхільнасцяў, абмяжоўваць сябе, вучаць любові, бескарыслівасці, устрыманасці, разважлівасці.

Пакаянне і навяртанне – уступаючы на шлях пакаяння, навяртання і жалю за грахі, чалавек распачынае працэс перамянення сябе на вобраз і падабенства свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.

Хрост і Эўхарыстыя – дазваляюць аднавіць асабістыя адносіны з Богам, якія распачаліся ў запавеце хросту і ўвесь час трываюць і ўмацоўваюцца праз удзел у Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння.

Мука Хрыста – я бяру свой крыж і іду ўслед за Езусам, таму што Ён крыніца свабоды, любові, настойлівасці і моцы навяртання.

У знак прыняцця «праграмы навяртання» святары ў гэты дзень пасыпаюць галовы вернікаў попелам ад спаленых вербачак.

 

Юліян Фалат. "Папялец", 1881

Традыцыя пасыпання галоў попелам бярэ пачатак з VІ стагоддзя, калі людзі, якія хацелі пакаяцца, пераапраналіся ў спецыяльнае «адзенне для пакаяння» і пасля гэтага іх пасыпалі попелам. Гэты звычай з ХІ стагоддзя прыжыўся ў Касцёле, і да гэтага часу ў Папяльцовую сераду ў кожным касцёле выконваецца гэты абрад, які суправаджаецца словамі: «З попелу паўстаў – у попел і ператворышся» – але нямногія задумваюцца над іх сэнсам.

Пасыпанне попелам галоў – сімвал прызнання чалавечай недасканаласці,  верхавенства Бога і хуткаплыннасці часу. У імкненні да матэрыяльных даброт, дасягненні пэўнага сацыяльнага статусу чалавек часта губляе самаго сябе, сваю Божую існасць і забываецца, што на той свет з сабой нічога не возьме: ні грошы, ні пасаду, ні дабрабыт.

Ідзе красуня высокай пробы,
Пакорна кленчыць і твар схіліла,
Прысыпаў попел яе аздобы,
Што стануць хутка таксама пылам.

Паэт схіліўся, у смутку вочы.
Паэце, знаю, што ў сэрцы маеш: 
Калі свет славу табе прарочыць,
Так прыкра чуць, што трухлёю станеш!..

А во старэча аблічча хіліць,
Усмешка вусны яго кранае.
Пра вечнасць думка яго ў той хвілі,
Як пыл, яго сівізну жагнае.

Ідуць і кленчаць: сяляне, дзеці,
Жаўнеры – кожны з пачцівым страхам,
Бо кожны знае, чым ёсць у свеце
І чым ён стане – ён стане прахам!

Не сёння – заўтра смерць нас пакліча,
І развітаемся з гэтым светам,
Кладзецца попел нам на аблічча,
Што быў калісьці прыгожым кветам…

(Габрыэля Пузыня)

Праз такі жэст мы закліканы адварочвацца ад граху, навяртацца ад дрэннай звычкі, залежнасці, адварочвацца ад таго, што цялеснае, што служыць толькі целу, часоваму.

…Вітаў Хрыста люд у дзень вясновы,
І весяліўся ўвесь Ерузалем.  
Чым стаў цяпер той трыумф пальмовы?
Трухлёю! Прахам галінкі сталі!

Але з-пад пылу заззяе ў змроку
Прамень Любові, Надзеі, Веры!
І ён адчыніць зямному зроку
Праз попел пальмаў у вечнасць дзверы!

Браты, калі ксёндз пра попел кажа
І нам галовы ім пасыпае,
Надзею маем – збаўленне наша
Ужо нам у небе вянок сплятае!!!

(Габрыэля Пузыня)

…Памятайце: Вялікі пост – гэта не столькі адмова ад мясных страў і гучных забаў, а падрыхтоўка да сустрэчы з уваскрослым Хрыстом. Ён мучыўся на крыжы і дзеля збаўлення кожнага з нас аддаў сваё жыццё… Як аддзячыць Хрысту за гэтую ласку – галоўнае пытанне, на якое кожны з нас павінен знайсці адказ не толькі ў думках, словах, але і ў справах у гэты перыяд – і выправіцца, стаць лепшым.

Няхай сёлетні Вялікі пост стане для ўсіх нагодай да аднаўлення і развіцця асабістай малітвы, з дапамогай рэгулярнага і добрага ўдзелу ў Эўхарыстыі, а таксама ў набажэнствах Крыжовага шляху, Песняў жальбы і рэкалекцыях. Будзем навяртацца таксама да чалавека, найперш, да таго, з якім жывём, сябруем ці працуем. Людзі, якія знаходзяцца побач з намі, павінны адчуць, што ў Касцёле пачаўся Вялікі пост, бо ў шэрай штодзённасці стала больш сардэчнасці, чуласці, цярплівасці, самавалодання, больш добрых, цёплых слоў, позіркаў, учынкаў.

Тэкст: Таццяна Шумель