12 лістапада ў нашым касцёле адбылася вельмі радасная падзея: свае вечныя абяцанні ў Францішканскім Ордэне Свецкіх (Трэці закон св. Францішка) склала Кацярына Савянок, а Вольга Батура аднавіла свае абяцанні на год. Свае абяцанні сёстры склалі на рукі настаяцельніцы Ірэны Руткоўскай.

Пасля прачытання ўрыўка з Евангелля бр. Уладзіслаў Мінько - асістэнт Францішканскага Ордэна Свецкіх у нашым касцёле, паказваючы Евангеліярый, падкрэсліў, што ўсе хрысціяне, а асабліва свецкія францішкане абавязаны чытаць слова Божае, пераходзячы ад жыцця да Евангелля і ад Евангелля да жыцця. Пастаяннае чытанне Божага слова павінна прыводзіць да ўвядзення біблейскіх ісцін у сваё жыццё. Гэта і ёсць таямніца і ключ да святасці і шчасця.

Пасля гаміліі распачаўся акт аднаўлення абяцанняў. Настаяцельніца спытала ў кандыдатак, аб чым яны хочуць прасіць Бога і Касцёл. Сёстры адказалі, што жадаюць аднавіць свае абяцанні, якія будуць рэалізоўваць у законнай супольнасці Францішканскага Ордэна Свецкіх. Брат Уладзіслаў заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да францішканскіх супольнасцяў: Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, Францішканскага Ордэна Свецкіх, Францішканскай моладзі Тау.

Гэта падзея для ўсіх нас вельмі важная, так як паказвае, як звычайныя вернікі - нашы сябры, родныя і знаёмыя - могуць быць прыкладам у жыцці і працы, у сям’і і сяброўстве; як у супольнасці Касцёла можна ісці па дарозе Бога і з Богам. І вельмі хочацца, каб для кожнага з нас сталі дэвізам  словы: “О, Божа мой, Цябе шукаю, і прагне Цябе мая душа”, і кожны з нас паказваў прыклад хрысціянскага жыцця для тых людзей, якія пакуль яшчэ далёкія ад Касцёла.

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».