Герыятр - гэта спецыяліст

Валанцёры парафіяльнага “Карытас” стварылі праект “Век жыві, век вучыся” (гэта разнастайныя заняткі, майстар-класы, псіхалагічныя трэнінгі, лекцыі аб здаровым ладзе жыцця, гістарычныя вандроўкі), у рамках якога адбылася сустрэча з урачом-герыятрам паліклінікі №1 г. Маладзечна Таццянай Скрабінай.

Герыятр - гэта спецыяліст, у сферу дзейнасці якога ўваходзіць аказанне медыцынскай дапамогі пажылым і састарэлым людзям. Яна заключаецца ў дыягностыцы, лячэнні і папярэджанні захворванняў з улікам асаблівасцяў сталага ўзросту.

Таццяна расказала як аздаравіць свой арганізм без сур'ёзных матэрыяльных выдаткаў, каб папярэдзіць шматлікія захворванні.     

17.10.23
 
 

Для гэтага неабходна павялічыць фізічную актыўнасць. Карысныя прагулкі на свежым паветры, якія спрыяюць паляпшэнню стану суставаў, умацаванню цягліц, паляпшэнню крывацёку. Паводле даследаванняў, у дзень пажылому чалавеку неабходна рабіць 5-8 тысяч крокаў, калі пераводзіць на час - у тыдзень 150 хвілін хады. Вітаецца скандынаўская хада, пры якой вельмі важна навучыцца правільна дыхаць. Дыхальная гімнастыка - выдатная прафілактыка для арганізма, як і лячэбна-аздараўленчая фізкультура.

Асаблівую ўвагу трэба надаваць правільнаму харчаванню. Сутачны рацыён павінен утрымоўваць дастатковую колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў, мінеральных рэчываў.

Гародніны і садавіны павінна быць не менш за аб'ём, які змяшчаецца ў вашу далонь.

Абавязкова прысутнасць у рацыёне нішчымнага, або нятлустага, мяса (ялавічына, цяляціна, трусяціна, індычка), рыбы, яек, малака і кісламалочных прадуктаў. Хлеб абавязкова павінен прысутнічаць у рацыёне, лепш за ўсё збожжавы, з вотруб'ем, бялковы.

 

17.10.23-2
 

Неабходна сачыць за вагой, ціскам і ўзроўнем халестэрыну.

Безумоўна, людзям ва ўзросце неабходна адмовіцца ад шкодных звычак - курэння, алкаголю.

Як зазначыла Таццяна, пастаянныя стрэсы, адзінота, дэпрэсіі, дрэнны сон могуць стаць прычынамі заўчаснага старэння і розных хвароб.

Галоўнае для чалавека – не адчуваць сябе адзінокім. Трэба выходзіць у соцыўм, выбраць занятак па душы, напаўняць сваё жыццё пазітывам і радавацца кожнаму дню.

Каб знайсці занятак па душы запрашаем на сустрэчы, якія адбываюцца ў нашым касцёле кожны аўторак і пятніцу.

 Październik

Тэкст і фота: Ірына Фаміна

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».