Быццам узняўшы вежы-рукі, як доўгачаканага госця, сустракае кожнага касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Хоўхлава.  Сёлета касцёл адзначае 285-ы год свайго існавання. За гэты час ён быў сведкам розных падзей, перажываў перыяды страт і адраджэння, прыходзіў у заняпад і ўзнімаўся, напаўняўся людзьмі і пусцеў, паспеў пабываць праваслаўнай царквой у часы Расійскай імперыі і калгасным складам у савецкія часы, але ніколі не быў пазбаўлены шчырых вернікаў, якія, як маглі, клапаціліся пра стан святыні. І хоць цяпер гэты касцёл і парафія перажываюць складаныя часы, калі большасць моладзі выехала ў гарады і засталася рэшта мясцовых вернікаў, касцёл жыве.

Сёння, у свята Найсвяцейшага Імя Марыі, касцёл напоўніўся людзьмі – мясцовымі парафіянамі, вернікамі з суседніх вёсак, з г. Маладзечна. Парафіяне сардэчна віталі дарагіх гасцей: Яго Эксцэленцыю кс. бп. Юрыя Касабуцкага - галоўнага цэлебранта адпустовай святой Імшы, Маладзечанскага дэкана кс. прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, святароў капуцынаў бр. Ігара Колзуна, бр. Андрэя Жылевіча, бр. Уладзіслава Мінько.

Напачатку Таццяна Шумель, настаўніца гісторыі і даследчыца, падзялілася вынікамі сваёй працы па гісторыі Хоўхлаўскай парафіі і касцёла. Быццам жыццё жывой асобы прадстала перад слухачамі жыццё касцёла.

Касцёл ў Хоўхлаве – гэта найстарэйшы касцёл у Маладзечанскім дэканаце, адзін з самых старых драўляных касцёлаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта адзін з двух храмаў, якія былі ўганараваны быць размешчанымі на вокладцы школьных падручнікаў.

У часы росквіту, да сярэдзіны 19 ст., тут гучалі арганы на 11 галасоў, касцёл быў багата аздоблены, выкарыстоўвалася пазалочанае і срэбнае начынне. У алтары змяшчаўся цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам у срэбным з пазалотай акладзе і двума срэбнымі каронамі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі г. Мінска.

На парафіяльнае свята вернага народа сабіралася так шмат, што не толькі сцены касцёла не маглі змясціць усіх, але і ўся плошча вакол касцёла была запоўненая. Усе вуліцы і двары былі застаўлены фурманкамі, на якіх прыязджалі з аддаленых вёсак і мястэчак.

Яшчэ на пачатку 20 ст. парафія налічвала больш 2000 вернікаў. Цяпер жа не набярэцца, напэўна, і дзясятка. Кандратовіч Чэслава, Федаровіч Валянціна, Лобач Ірына, Сенько Станіслава, Давідзёнак Лідзія, Захарык Лілія, Яблонская Ядзвіга, а таксама Шпілеўская Ганна - дачка Вацлава Шпілеўскага, дзякуючы энтузіязму якога ў 90-я гг. 20 ст. касцёл быў вернуты вернікам, - і яе муж, Брадзінскі Ян, а таксама некаторыя іншыя. Дзякуючы адданай працы гэтых людзей на карысць святыні на працягу дзясяткаў год, яна дагэтуль мае дагледжаны выгляд, а тэрыторыя вакол касцёла ўпрыгожана кветкамі. Спадар Ян Брадзінскі з дапамогай некаторых мужчын  уласнаручна зрабіў канфесіянал, алтар, лаўкі, дарожкі вакол святыні.  Вядома, працы заўсёды хапае, ужо патрэбны сродкі на рамонт, бо апошні раз сцены касцёла былі пафарбаваны каля дзесяці год назад, і фарба ўжо ў многіх месцах аблупілася.

Біскуп Юрый узгадаў, што не раз бываў у Хоўхлаўскай святыні разам з кс. Эдмундам, які займаўся аднаўленнем касцёла і рэлігійнага жыцця ў гэтай парафіі ў 90-я гг. Яго Эксцэленцыя падзякаваў парафіянам за іх унёсак у жыццё касцёла і падкрэсліў, што ў сценах гэтай святыні яму заўсёды цёпла, нават у маразы, хоць няма тут ацяплення, бо ў ім гучыць шчырая малітва і цэлебруецца Эўхарыстыя, касцёл жывы.

У сваёй гаміліі біскуп падкрэсліў, што гэты касцёл не проста прыгожы будынак, але ён мае сваю гісторыю. І гэта не столькі гісторыя касцёла, колькі гісторыя парафіі, вернікаў, якія збіраліся тут на малітву, каб прасляўляць Бога, перажывалі моманты радасці і смутку. На першым месцы ў гісторыі стаіць чалавек, бо гэта ён творыць гісторыю.

“Вы прыгожыя,  - сказаў іерарх, - бо на вашых тварах усмешкі, а ў вачах напісаны словы “Бог”, “вера”, “дабрыня”, “надзея”, таму што вы тут дакранаецеся да Бога, а Бог ёсць любоў”.

І хоць сёння не тая ікона ў алтары, і няма той велічы і ўпрыгожванняў, але тое, што ажыўляе святыню і надае сапраўдную прыгажосць касцёлу – гэта дух малітвы, вера людзей.

Сёння літургія слова звяртае ўвагу на Касцёл як супольнасць людзей. Прарока Езэхіэля Пан перасцерагае, каб ён клапаціўся аб духоўным жыцці іншага чалавека, асцерагаў ад граху, прыкладаў намаганні, каб той “навярнуўся і жыў” (Ізэхіэль 33:11). У Евангеллі Езус таксама падкрэслівае важнасць супольнасці: “Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік”. І таксама: “…калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”. (Мц 18:15-20)

Біскуп адзначыў, што ў людзей ёсць некалькі падыходаў  да Бога і Касцёла.

Ёсць тыя, якія кажуць, што ім не патрэбны ні Бог, ні Касцёл, ні святар. Але сапраўды свядома адкідаючых Бога сярод іх вельмі мала. Асноўная колькасць проста не хоча задумацца.

Іншыя лічаць, што Бог ім патрэбны, але не патрэбны Касцёл і святар, бо яны самі здольныя дамовіцца з Богам. Але чалавек сам сабе несвядома здольны стварыць такі вобраз  Бога, які не будзе мець нічога супольнага з Жывым Богам. Чалавек будзе думаць, што моліцца да Бога, а ў выніку апынецца, што ён моліцца да Сатаны. Захоўваць правільны вобраз Бога, вучэнне Хрыста  і пераказваць наступным пакаленням – як раз адна з важнейшых функцый Касцёла.

Ёсць людзі, якія лічаць, што Касцёл як супольнасць, касцёл як будынак ім патрэбны, а Бог – не. Яны любяць прыгожыя абрады, арганную музыку, любяць “культурна” праводзіць час. А вучэнне Касцёла, запаведзі, асабліва калі не адпавядаюць іх ладу жыцця і супярэчаць іх грахоўным схільнасцям, такімі людзьмі адкідаюцца, бо іх грэх ім падабаецца, і яны нічога не хочуць змяняць, іх сумленне супраціўляецца пазнанню праўды. Яны шукаюць толькі вонкавае, а сутнаснае, глыбіннае застаецца па-за іх жыццём.

Калі ў касцёле любяць толькі вонкавае, калі няма цэлебрацыі св. Імшы, сакрамэнтаў, малітвы, тады сцены святыні будуць халоднымі, мёртвымі.

“Важна любіць Бога, Касцёл як супольнасць, касцёл як дом Бога і важна любіць Бога ў касцёле! – падкрэсліў бп. Юрый. – Хрыстос праз смерць на крыжы і ўваскрасенне адчыніў нам брамы Неба. Але атрымліваем мы гэты дар праз сакрамэнты, гэта значыць, у Касцёле, праз Касцёл і дзякуючы Касцёлу, бо “…што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 18:18). Хрыстос даў уладу Касцёлу, каб ён верна кіраваў людзей да мэты іх жыцця – да збаўлення”.

Біскуп пажадаў усім прысутным вернікам любіць Бога і Касцёл і ніколі іх не раздзяляць.

«Розныя матэрыяльныя каштоўнасці – прамінаючыя. Але ёсць тое, што не прамінае: вера, давер Богу, надзея, каштоўнасці любові і добразычлівасці. Калі будзе гэты фундамент, то касцёл будзе адраджацца і жыць. І калі з часам у будынку касцёла будуць заменены нават усе дошчачкі, галоўнае, каб былі людзі і малітва. Іначай ў гэтых дошчачках не будзе сэнсу”. – падсумаваў іерарх.

Пасля св. Імшы адбылася працэсія вакол касцёла, пасля якой усіх гасцей чакаў пачастунак, які рупліва падрыхтавалі парафіяне.

Развітваючыся з Хоўхлава і касцёлам, на сэрцы было цёпла, але і сумна. Нашыя продкі нам у спадчыну пакінулі касцёл. Ці здолеем захаваць веру, захаваць святыню і перадаць нашым дзецям? Хочацца верыць, што ніколі не прыйдзе дзень, калі наша Нябесная Маці ўбачыць пустыя лаўкі, калі ніхто з Яе любых і чаканых дзяцей не зазірне ў Яе вочы і не адчуе на сабе Яе уважлівы позірк…

Тэкст: Кацярына Савянок, Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок, бр. Андрэй Жылевіч OFM Cap, Алена Каралькова

 

Захаваць сабе фота можна па спасылцы: https://cloud.mail.ru 

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».