У нядзелю 3 верасня вучні, іх бацькі і настаўнікі спяшаліся на Імшу а 12 гадзіне, бо мелі моцнае жаданне, каб Пан Бог разам з імі зрабіў крок у новы навучальны год, каб паблагаславіў кожнага з іх, а таксама школьныя прылады і дзённікі. Некаторыя асабліва руплівыя вучні нават падстаўлялі старонкі адкрытых дзённікаў пад кроплі асвячонай вады, напэўна, спадзеючыся на асаблівую Божую ласку :)

А пасля набажэнства на адкрытым паветры адбылося парафіяльнае свята. Святочная праграма весяліла жартамі і загадкамі, напаўняла ваколіцу радаснымі спевамі праслаўлення Бога. Салодкія пачастункі, дранікі, піца, розныя цікавыя гульні і забавы...

Вядучыя а. Андрэй Жылевіч і Таццяна Шумель нагадалі пра тыя гістарычныя падзеі і даты, якія прывялі да аднаўлення рэлігійнага жыцця ў нашай парафіі, пра сёлетнія юбілеі:

  • 265 гадоў прайшло з даты асвячэння аднаго з першых касцёлаў у Маладзечне – драўлянага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаванага ў верасні 1758 года, які згарэў пры пажары, быў адноўлены, дзейнічаў да 1864 года, пасля быў закрыты, а каталіцкая парафія была скасавана;
  • 105 гадоў таму, у 1918 годзе, касцёл аднавіў сваю дзейнасць, але называўся ён ужо касцёлам святога Казіміра. 1956 годзе яго практычна цалкам разабралі і пабудавалі на яго месцы ліцейны корпус станкабудаўнічага завода;
  •  20 гадоў таму, 17 жніўня 2003 г., адбылося ўрачыстае асвячэнне крыжа перад капліцай.

Цяпер касцёл св. Піо вядомы ўсяму гораду сваёй прыгажосцю. Нібы нябачнай ніткай ён звязаны з багатай гісторыяй, праз якую працятыя душы нашых продкаў.

Касцёл у нас прыгожы,
Толькі такі адзіны.
Аддана, у ласцы Божай,
Тут служаць браты капуцыны.

Не сценамі, цэглай адметны,
А справамі добрых людзей.
Тут з верай, любоўю запаветнай
За Хрыстусам кожны ідзе.

(Алег Шумель)

Няхай жа Пан Бог шчодра благаслаўляе нашых дзетак, каб яны спраўна здабывалі веды, перамагаючы ляноту і спакусы, і настаўнікаў, каб з радасным сэрцам маглі дзяліцца сваімі ведамі. Няхай кожнае сэрца памятае, што галоўная мэта для нашых ведаў - навучыцца сапраўднай любові і служэнню Богу і бліжняму.

Шчыра дзякуем валанцёрам парафіяльнага Карытас, даросламу і дзіцячаму хорам і іх кіраўнікам, Дамініцы і Ірэне,  і ўсім датычным да арганізацыі  свята.

Тэкст: Кацярына Савянок, Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок, Лена Каральковаа, Андрэй Жылевіч

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».