"Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету. ... калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. ... Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім. " (Ян 6: 51, 53, 56)

Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) у чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы як напамін пра тое, што сакрамэнт Эўхарыстыі быў устаноўлены Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. У гэты дзень Касцёл дзякуе Пану Богу за тое, што Ён пажадаў прыняць цела, стаць чалавекам, дзякуе за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, Яго Цела і Крыві пад відам хлеба і віна, у якім Ён сам прабывае.

А. Уладзіслаў Мінько ў гаміліі разважаў над тым, які голад можа наталіць Найсвяцейшы Сакрамэнт, Цела і Кроў Хрыста.
Вядома, кожны з нас час ад часу адчувае голад і патрабуе ежы, каб жыць.
Але яшчэ ад Адама, ад таго часу, калі чалавек адышоў ад Бога, ён мае ў сабе іншы голад. Як Адам адчуў сябе голым, пустым, напалоханым, гэтак тую спрадвечную галоту, пустэчу, страх пражыць жыццё без сэнсу, быць непатрэбным, адкінутым адчувае кожны чалавек. Таксама кожны мае свой асабісты голад: хтосьці спазнаў несправядлівасць, быў прыніжаны, хтосьці не можа прабачыць, хтосьці не адчувае радасці, плёну жыцця.

І Пан Бог мае ежу, якая можа наталіць гэты наш голад.

"...цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой" (Ян 6, 55) "Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі." (Ян 6,58)

Бо што ж трэба спажываць, каб наталіць свой голад любові, каб любіць, каб умець слухаць, заўважаць патрэбы іншага, дарыць свой час, прабачаць? Адказ просты: трэба есці Любоў. Бог ёсць Любоў, Ён дае нам Сябе на спажытак, дае Свае сапраўдныя жывыя Цела і Кроў.
Пэўнае пацверджанне гэтаму даюць даследванні розных эўхарыстычных цудаў, калі Гостыя бачным чынам перамянялася ў жывую тканку, а менавіта ў тканку сэрца ў стане агоніі.

А. Уладзіслаў параўнаў Найсвяцейшы Сакрамэнт з цудоўным эліксірам, які хочацца прапісаць на кожны чалавечы душэўны боль. Гэты лек сапраўды дзейсны. Ён настолькі даступны і просты, што вельмі многія на яго нават не глядзяць, не заўважаюць, шукаюць чагосьці больш складанага. А між тым, Гостыя, такая простая і маленькая, змяшчае самога Бога, яе моц найвялікшая з усіх лекаў.

Толькі трэба гэты лек правільна прымаць: з усведамленнем таго, Каго я прымаю ў Эўхарыстыі; з даверам, шчыра аддаючы сябе Божаму Провіду; з цвёрдым намерам перамяніць сябе і сваё жыццё так, як хоча Бог.


Пасля Эўхарыстыі Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце, а таксама ў Сваім Містычным Целе - верніках, паяднаных з Хрыстом - прайшоў у працэсіі вакол касцёла, каб благаславіць кожнага прысутнага і ўвесь горад.

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».