Адна незвычайная гісторыя, якую святкуем у дзень Пана, – гісторыя Езуса Хрыста. Гісторыя аднаго народа, твая і мая, – гісторыя нашага збаўлення, якая існуе ўвесь час, але не абмяжоўваецца ні часам, ні прасторай.

Святы Айцец Ян Павел ІІ у апостальскім лісце “Dies Domini” шмат разоў піша пра час: пра таямніцу часу, пра час, прысвечаны Хрысту. Захоплівае дух ад разумення таго, што кожная нядзеля – гэта свята на ўспамін падзей ад стварэння сусвету і да новага стварэння, да адкуплення каштоўнай крывёю Езуса Хрыста (пар. 1П 1, 19), да сустрэчы ў новым Ерузалеме (пар. Ап 21, 2). Але яшчэ больш кранае, што акт стварэння няспынны (Dies Domini п.11) і адкупленне трывае, і надзея на збаўленне жыве. На мой погляд, можна лічыць, што нядзеля – гэта не толькі ўспамін, але і час, калі чалавек пражывае сваю гісторыю, адчувае сябе часткай тых падзей, якія былі нашмат раней да яго нараджэння, не зважаючы на храналогію. Неверагодна, але дзякуючы таму, што чалавек атрымаў ласку быць саўдзельнікам Божай натуры (пар. 2П 1, 4), ён здольны адчуць смак сапраўднай будучыні ўжо цяпер. І кульмінацыяй гэтай сустрэчы з’яўляецца нядзельная Эўхарыстыя.
Перажыванне нядзелі, як сваёй гісторыі, дае чалавеку магчымасць праз дапамогу Духа Святога і Святое Пісанне пазнаць ранейшыя падзеі і зразумець тое, што адбываецца цяпер у сучасным свеце і яго асабістым жыцці. А гэта, у сваю чаргу, натхняе на цярплівасць, супакой і радасць.
Абудзіўшыся ад сну нядзельнай раніцай, думка аб тым, што ідзём святкаваць стварэнне свету з надзеяй убачыць новае неба і новую зямлю (пар. 2П 3, 13; Ап 21, 1), запаўняе ўвесь розум, узмацняе дух, прыносіць радасць. Праслаўляючы Пана Бога і святкуючы нядзелю, інакш уваходзім у наступны працоўны, поўны клопатаў, тыдзень.
Знайсці час для Пана Бога, не забыцца сустрэцца з Ім у цішы некалькіх хвілін Эўхарыстыі, і Ён застанецца разам з намі на часы. Адчуць на сабе дотык Яго Любові, калі тваё сэрца б’ецца хутчэй і мацней, калі Дух Святы цябе так перапаўняе, што і лёгкія раскрываюцца максімальна, і малітва праслаўлення да Айца льецца вершамі. Як гаварыў апостал Павел: “І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус” (Гал 2,20), Той Самы, што ёсць спрадвеку, цяпер і назаўжды.

Тэкст: Алена Каралькова

Малюнак: Амалія Каралькова