Завяршыўся V Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання -2023. У ім прымалі ўдзел і нашы малодшыя парафіяне: Грыбовіч Сафія, Каралькова Аўрэлія, Савянок Антон, Стрэж Андрэй і Шаура Канстанцін. Напярэдадні свята Божай Міласэрнасці, у суботу 15.04.2023, у Віцебску прайшоў фінальны этап конкурсу.

Усе мы спадзяваліся на перамогу.  І вось у нас 2 пераможцы: 

1 месца, малодшая катэгорыя  - Аўрэлія Каралькова

2 месца, старэйшая катэгорыя - Канстанцін Шаура.

Трэба дадаць, што для Аўрэліі гэты конкурс ужо трэці, як і трэцяя перамога.

Інтэрв'ю з нашымі пераможцамі:

 

Хачу падзяліцца сваім уражаннем ад працы з дзецьмі падчас падрыхтоўкі да конкурсу па веданню Святога Пісання. У гэтым годзе арганізарамі конкурсу былі зададзеныя кнігі Эстэр з Старога Запавету і Дзеі апосталаў з Новага Запавету. Падрыхтоўка да конкурсу працягвалася больш за 3 месяцы. Кожную суботу мы збіраліся на 2.5 гадзіны з перапынкамі на гарбату. Дзеці распачыналі вывучэнне зададзеных кніг з нуля і паступова набіралі веды. Было шмат пытанняў, разважанняў, гістарычных пошукаў, малявання мап з падарожжамі св. Паўла. Кожны сапраўды хацеў вывучаць Святое Пісанне, а не вучыцца дзеля вынікаў, і гэта мне вельмі спадабалася і дало шмат матывацыі да працы. Падчас сустрэчаў былі розныя моманты супольных разважанняў: параўноўвалі першыя супольнасці вучняў (іх называлі “святыя”) і сучасных хрысціянаў; перажывалі момант навяртання св. Паўла і яго пакліканне Езусам абвяшчаць Евангелле язычнікам. Некаторыя моманты былі як адказ на розныя сучасныя праблемы варажбы і замоў. Адзін з іх у Дз.16,16-19, дзе ідзе гаворка пра служанку, якая праз злога духа прамаўляла і прыносіла вялікі прыбытак гаспадарам, а калі св. Павел выгнаў з яе злога духа, яна не магла больш прыносіць заробку. Былі таксама і вясёлыя моманты: калі мы чыталі пра юнака (Дз.20,9-12), які, слухаючы доўгую пропаведзь св. Паўла, заснуў, зваліўся з трэцяга паверха і памёр, а св. Павел яго ўваскрасіў, то ў нас распачалася гутарка пра розныя дамы, паверхі і як можна змарыцца ад гаворкі іншых, і мы адышлі ад тэмы амаль на паўгадзіны. Апамятаўшыся, пасмяяліся і зноў вярнуліся да тэмы. Не абышлося і без добрых дыскусій, асабліва сярод старэйшых удзельнікаў.

Напрыканцы хачу падзякаваць братам капуцынам, якія заўсёды адкрытыя на розныя ініцыятывы, і дзеці кожны год удзельнічаюць у конкурсе і радуюць нас перамогай, а ў гэтым годзе падвойнай. Таксама падзяка Алене Каральковай, якая рыхтавала пробныя тэсты. Лічу, што яны дапамаглі дзецям лягчэй справіцца з галоўнымі тэстамі. І асабістая падзяка кожнаму з дзяцей, бо яны сапраўдныя героі, якія не пабаяліся аддаць свой час для цяжкай працы над кожным урыўкам зададзеных кніг. Кожны з удзельнікаў - дыямент, бо простыя рэчы шмат дзе можна набыць, а каштоўную - рэдка дзе знойдзеш. Канешне, віншую, ганаруся і цешуся за фіналістаў! У наступным годзе запрашаю іншых дзяцей да ўдзелу.

Сам конкурс я лічу патрэбным, бо Божае Слова тады пачынае дзейнічаць, калі мы адкрываем свой розум і сэрца на яго, і гэта добрая магчымасць падрабязна разабраць некаторыя кнігі Бібліі. Дзякую ўсім арганізатарам за магчымасць паглыблення ведаў і заахвочванне да пазнання Божага Слова. Усё няхай будзе для большай хвалы Божай.

Тэкст: С. Аляксандра Рыбалтоўская MSF

Фота: Вадзім Каралькоў, Алена Каралькова, с. Аляксандра Рыбалтоўская MSF

Відэа з інтэрв'ю: Вікторыя Гулецкая

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».