Святы Пасхальны Трыдуум – гэта найбольш важныя тры дні ў жыцці хрысціян, у якія Касцёл не проста ўрачыста ўспамінае асноўныя падзеі апошніх дзён зямнога жыцця, смерці і ўваскрасення нашага Збаўцы, на якіх уфундаментавана наша вера. Касцёл нястомна нагадвае, што мы пакліканы свядома пражыць гэты час. Тут і цяпер, з усімі нашымі знешнімі і ўнутранымі абставінамі, мы запрошаны прайсці гэтым трохдзённым шляхам разам з Езусам і быць не проста гледачамі, але непасрэднымі ўдзельнікамі.

Вялікі Чацвер. У гэты дзень Касцёл пражывае тыя далёкія падзеі, калі Езус Хрыстус, наш Пан і Збаўца, у супольнасці Апосталаў устанавіў і пакінуў для нас сакрамэнты Эўхарыстыі і Святарства. У эўхарыстычнай малітве чуем: “Напярэдадні Мукі дзеля збаўлення нашага і ўсіх людзей, гэта значыць сёння, Ён узяў хлеб…” Тут і цяпер ўсе мы прысутнічаем на Вячэры Пана. Таямнічым чынам мы далучаемся ў горніцы да вучняў Езуса, дзе Ён ламае і раздае хлеб, які ёсць Яго Цела, і перадае келіх з віном, якое ёсць Яго Кроў. Мы тут і цяпер бяром удзел у першай Эўхарыстыі, якую цэлебруе сам Езус.
Каб мы былі годнымі сесці за Яго стол і ўдзельнічаць у Яго Вячэры, Езус бярэ на сябе ролю слугі і абмывае нашыя ногі, як і ногі апосталаў. Жэст абмывання ног, як падкрэсліў у гаміліі а. Андрэй Жылевіч,– гэта, па сутнасці, выраз любові да слабых людзей, да тых баязліўцаў і здраднікаў, якімі праз пару гадзін стануць вучні, праява любові да ворагаў. Езус паказвае прыклад любові, якая займае апошняе месца, пакорная, не шукае свайго, “не качае правоў”, дазваляе сябе ўкрыжаваць, здрадзіць, і якая ніколі не прамінае. І мы пакліканы да такой любові. “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.” (Ян 13:34)

У Аліўным садзе, ведаючы аб здрадах, блізкіх пакутах і крыжы, Езус свядома выбірае любоў, цярпенне і смерць, прымаючы келіх Айца і аддаючы Сябе ў ахвяру: “І за іх Я пасвячаю сябе...” (Ян 17:19)
Сёння мы можам далучыцца да малітвы і ахвяры Езуса і прасіць Божага благаславення для ўсіх, каго мы пакліканы любіць дома, на працы, у дарозе, у касцёле, нават калі яны нас зранілі (і не ў апошні раз). Мы можам прыняць гэты келіх – зноў і зноў прабачаць і шукаць дабра для іх, каб усе мы разам дайшлі да Дому Айца.


Ян Дамель. Маленне аб Чашы (1830-я гг. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь)

Сакрамэнты Эўхарыстыі і Святарства з’яўляюцца выразам любові і служэння Бога чалавеку для яго збаўлення, гэта дар Бога для нас. 
Чым для мяне з’яўляецца Эўхарыстыя? Ці разумею, што тут сустракаюся з жывым Богам, сілкуюся Яго целам і вучуся любові, гатовай аддаць жыццё? Ці я хачу, ці я ўмею прыняць і не адкінуць Божую любоў, Божую волю адносна сябе? Ці не злоўжываю я імем “хрысціянін”, называючы сябе так, але не маючы ўдзелу ў Богу?

Вялікая Пятніца. Езус, асуджаны на смерць, ідзе свой Крыжовы Шлях і памірае на крыжы. Людзі не прынялі, не распазналі свайго Бога, забілі Крыніцу жыцця…

Літургія гэтага дня мае свае адрозненні. Няма знаку крыжа на пачатку, няма музыкі, не цэлебруецца Эўхарыстыя, цэнтральнае месца займае адарацыя Крыжа. Літургія накіроўвае нашыя сэрцы да таго стану бездапаможнасці, разгубленасці, у якім, напэўна, знаходзіліся і вучні Езуса.
Але гэта быў Божы план збаўлення. “…што дасць чалавек узамен за душу сваю?” (Мц 16:26). У чалавека няма нічога, што ён мог бы аддаць як выкуп за сваю душу. Таму Езус – сапраўднае Ахвярнае Ягняці – добраахвотна і свядома з любові да нас ўзяў на Крыж нашыя грахі, Сваёй Крывёй адкупіў нас, адчыніў для нас брамы Неба. Мы “куплены за вялікую цану!” (1 Кар 6:20).
У Хрыстовым Крыжы кожны можа ўбачыць вартасць свайго ўласнага крыжа, злучанага для кагосьці з хваробай, для іншага - з адзінотай, прыніжэннем, г.д. Часта наш крыж нам можа здавацца зацяжкім, мы наракаем, імкнемся адкінуць яго. А. Ігар Колзун узгадаў прытчу, у якой Бог дазволіў чалавеку замяніць свой крыж на любы іншы, які яго больш задаволіць. Чалавек прымяраў розныя крыжы. Адны былі зацяжкія, другія задоўгія, іншыя нязручныя і націралі спіну… Пасля доўгіх пошукаў ён выбраў найбольш зручны для сябе і быў здзіўлены, што ім аказаўся як раз яго ўласны крыж. «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною.” (Мц 16:24). Прымаючы свой крыж, мы таямнічым чынам удзельнічаем у Ахвяры Хрыста.


Сэрцам Літургіі Мукі Пана з'яўляецца ўшанаванне Крыжа. Шацунак да крыжа – тое, што вылучае хрысціян. Калі мы яго губляем, мы трацім веру. Аб гэтым засведчыў а. Ігар у гісторыі, якая мела месца ў часы камунізму ў Чэхіі. У той час гэта была вельмі каталіцкая краіна. Вера перашкаджала камуністычным уладам. І яны задумалі эксперымент. На адным заводзе у памяшканні, дзе працаўнікі пераапраналіся, былі зняты ўсе цвікі і кручкі і замест іх развешаны крыжы. Спачатку працаўнікі абураліся, але з цягам часу пачалі вешаць на іх вопратку… Цяпер Чэхія – краіна, у якой мала веруючых.
Укленчыўшы перад Езусам Укрыжаваным, хочам дзякаваць за дар Яго Ахвяры, калі Ён узяў на Крыж нашу грахоўную натуру, каб мы сталі мёртвымі для граху, і ўчыніў нас Божымі дзецьмі, новым стварэннем для новага жыцця ў Хрысце. “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?” (Рым 6:3). “Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус.“ (Гал 2:19-20). “Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.” (Гал 3:27).
Ці прымаю я дар Крыжовай Ахвяры Хрыста? Ці жыву як новае стварэнне? Ці давяраю Пану Богу, прымаючы свой уласны крыж?

Вялікая субота. Гэта дзень засяроджанага чакання і смутку. Дзень, які больш падобны на ноч, бо Езус – Святло свету –у грабніцы, а ўсе спадзяванні вучняў, іх разуменне свайго жыцця, іх планы - усё рухнула.
Напрыканцы дня для перажывання галоўнай літургіі ўсяго года - Пасхальнай Вігіліі - вернікі збіраюцца ў святыні, у якой выключана святло, каб падкрэсліць глыбіню цемры і смутку гэтай ночы.
І вось са спевам “Радасны наш Светач, сапраўдная адзіная Мудрасць, Езу Хрысце, Пане наш” запалены асвечаным агнём новы Пасхал, сімвалізуючы Уваскрослага Езуса, уносіцца ў святыню - і рассвятляе цемру. “Дзівосны бляск Цара рассеяў цемру і змрок гэтага свету!” Езус уваскрос! Сапраўды уваскрос! Гэта тая ноч, у якую Езус уваскрасеннем перамагае смерць, знішчае старадаўнюю віну Адама, злучае зямное з нябесным.


У гаміліі а. Уладзіслаў Мінько патлумачыў, што ў сімвалічным значэнні ноч – гэта вобраз смерці, граху, страху, усяго таго, што нас забівае. Кожны з нас калі-небудзь перажываў або перажывае цяпер сваю “ноч”. Для некаторых гэта асаблівы час прыняцця важных, пераломных рашэнняў, час цярпенняў і бяссонніцы.
У кожным з нас ёсць многа ночы: мы не ўмеем прабачаць, хутка раздражняемся і гатовы нішчыць нашых блізкіх. Сярод прысутных на Вігіліі многія з нас падчас падрыхтоўкі да святаў паспелі пасварыцца, адчуваюць сябе стомленымі жыццём, не падрыхтаванымі да святаў, не вартымі. Мы нават можам думаць, што гэтая Пасха –недарэчная, не для нас. Але як раз гэтая Пасха ёсць для такіх нас. Гэта як раз тая самая асаблівая, пераломная ноч, у якую тут і цяпер Езус прыходзіць, каб рассвятліць ноч твайго і майго жыцця, выцягнуць нас з нашых магілаў. Можа не зменіцца ўсё ў адзін момант, але і Езус чакаў 3 дні, пакуль уваскрос!

У гэтую ноч Езус запрашае кожнага з нас прыняць вялікую радасць - надзею на вечнае жыццё, на ўваскрасенне. Ці хачу я акунуцца ў воды Хросту, у ноч Хрыста і Яго смерць і шчыра аднавіць абяцанні Хросту, выракаючыся Сатаны і давяраючы сябе і сваё жыццё Богу?

Святы Пасхальны Трыдуум дапамагае глыбей увайсці ў разуменне тых праўдаў, на якіх грунтуецца наша вера, і вучыцца імі жыць. Пасха не заканчваецца ў Велікодную нядзелю, бо кожная нядзельная Імша – гэта так званая малая Пасха. А нават і падчас кожнай Эўхарыстыі таямнічым чынам мы сустракаемся з укрыжаваным і ўваскрослым Езусам і можам мець велікодную радасць кожны дзень.

Кожную Імшу Ты, Пане, прагнеш з любоўю прыняць мяне, стаць для мяне спажыткам, каб мы былі адно, каб я была здольнай да той любові, да якой Ты клічаш мяне: любові ахвярнай, любові да канца. Ты ўжо ўсё прыгатаваў і чакаеш...

Над артыкулам працавалі: Кацярына Савянок, Алена Каралькова
Фота, відэа: Эрык Савянок, Ірына Фаміна

 

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».