Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта ў цямніцы для дзяцей адбылася ў нашай парафіі 7 красавіка а 16 гадзіне. Праводзіла малітоўную сустрэчу с. Аляксандра Рыбалтоўская. Удзельнічалі вучні 5 і 6 класаў.

Перад малітвай с. Аляксандра распавяла ўдзельнікам, што падчас адарацыі чалавек сустракаецца з Богам у Яго сапраўднай прысутнасці. Дзеці чыталі ўрыўкі са Святога Пісання і слухалі адпаведныя разважанні. Напрыклад, што значыць прыносіць плён? Сучасны свет дыктуе, што трэба быць прадуктыўным. Гэта не абавязкова азначае быць прыгожым, бліскучым, здольным да авантуры. Нябесны Айцец чакае іншага плёну, які чалавек можа прынесці толькі тады, калі будзе глыбока з’яднаны з Панам Богам і верны Яму.

Кожны мог падзякаваць за атрыманыя ласкі, перепрасіць за кепскія ўчынкі, памаліцца ў асабістых інтэнцыях. На заканчэнне дзеці памаліліся на ружанцы.

Дзякуем с. Аляксандры, што знайшла час, каб пабыць з нашымі дзеткамі разам з Езусам!

Тэкст і фота: Алена Каралькова

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».