Хрыстос ёсць Той,
Хто Сваім уваскрасеннем рассейвае цемру граху і смерці,
Хто зноў вылівае ў сэрцы радасць жыцця.
Вялікдзень – гэта свята Хрыстова Уваскрэсення і магчымасць для кожнага чалавека праз пакуты і выпрабаванні Збаўцы духоўна ачысціцца і атрымаць вечнае жыццё душы, гэта свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця, свята аднаўлення ўсяго стварэння ў Езусе Хрысце. Вялікдзень таксама называюць Пасхай, што ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае “пераход”.
Паходжанне назвы
Свята Вялікадня ўзяло свой пачатак ад габрэйскай Пасхі, святкаванне якой было звязана з выйсцем выбранага народу з егіпецкай няволі ў абяцаную зямлю.
Слова “Пасха” пайшло ад габрэйскага слова “Песах”, што значыць “праходзіць міма”, і ўзыходзіць да апісанага ў Пяцікніжжы апошняга пакарання егіпецкага, калі Гасподзь пабіў усіх егіпецкіх першынцаў за адмову егіпецкага фараона вызваліць падняволеных габрэяў. Выжылі толькі габрэйскія першынцы, паколькі габрэям было сказана памазаць вушакі дзвярэй сваіх дамоў крывёю ахвярнага ягняці. Анёл смерці праходзіў міма пазначаных такім чынам дамоў габрэяў. Пасля апошняга пакарання егіпецкага адбыўся зыход габрэяў з Егіпта, у сувязі з якім было усталявана свята Песах.
Паколькі пакаранне і ўваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых адбыліся ў Ерусаліме ў дні святкавання Песаха, хрысціяне перанялі ў юдэяў назву свята. У большасці еўрапейскіх моў яно так ці інакш паходзіць ад слова “Пасха” – Pascua па-іспанску, Pasqua па-італьянску, Páscoa па-партугальску, Pâques па-французску, Pasen па-галандску, Påske па-нарвежску і па-дацку і г. д.
Заходнія славяне называюць Уваскрасенне Хрыстова “Вялікім днём” або “Вялікай ноччу”. Напрыклад, па-польску Пасха будзе Wielkanoc.
Але найпрыгажэй гэта слова гучыць на беларускай мове – Вялікдзень. Усё ж такі ёмкае гэтае беларускае слова… І перакладу не патрабуе. І адразу ж робіцца зразумелым, што дзень гэты сапраўды вялікі, а яшчэ – вельмі прыгожы. Асветлены ўсмешлівымі абліччамі, велікоднымі пачастункамі, сімваламі свята.
Дата святкавання
Вялікдзень – “рухомае” свята, бо яно не замацавана назаўсёды на пэўную дату. У Евангеллі канкрэтна не сказана, калі ўваскрос Хрыстус: тое, што Яго цела знікла з магілы, заўважылі на світанні першага дня пасля суботы, або на трэці дзень пасля Яго смерці і пахавання.
Днём смерці Хрыста даследчыкі святых тэкстаў лічаць пятніцу 7 красавіка 30 года, аднак гэта магло адбыцца, хоць і з меншай ступенню верагоднасці, 27 красавіка 31 года або 3 красавіка 33 года.
Такім чынам, найбольш верагодная дата Уваскрасення Хрыста – гэта 9 красавіка 30 года.
Раннія хрысціяне святкавалі Вялікдзень штотыдзень. Кожную пятніцу яны ўспаміналі пакуты Хрыста, а кожная нядзеля была днём радасці. Прыкладна ў II стагоддзі н. э. свята стала штогадовым. Першапачаткова хрысціяне прытрымліваліся традыцый святкавання Песаха, аднак пасля многія цэрквы сталі адзначаць Вялікдзень у першую нядзелю пасля яго.
Паколькі Песах святкуецца праз 14 дзён пасля пачатку новага года (а пачынаецца габрэйскі год заўсёды ў маладзік), хрысціянскае свята Уваскрасення Хрыста павінна было б святкавацца ў першую нядзелю пасля Песаху, як гэта апісана ў Евангеллі. Але паколькі праз 14 дзён пасля маладзіка бывае поўня, то на Нікейскім саборы ў 325 годзе было ўстаноўлена, што ўсе цэрквы павінны святкаваць Вялікдзень у адзін дзень. Правілы, па якіх стала разлічвацца дата свята, былі распрацаваны ў Александрыі. Карысталіся пры гэтым месяцова-сонечным календаром.
Правілы былі такія: Вялікдзень варта было святкаваць у першы нядзельны дзень з надыходам поўні ў дзень або адразу ж пасля вясновага раўнадзенства (маецца на ўвазе каляндарнае веснавое раўнадзенства, якое ў паўночным паўшар’і прыпадае на 21 сакавіка) і толькі пасля габрэйскай Пасхі. Калі дата хрысціянскага Вялікадня супадала з габрэйскай Пасхай, трэба было перайсці да поўні наступнага месяца.
Рым пераняў Александрыйскую пасхалію (дата, атрыманая шляхам разлікаў) у VI-VIII стагоддзях. Аднак каталіцкая і праваслаўная царква прыкладна праз тысячу гадоў перасталі разлічваць час Вялікадня па аднолькавых правілах. Гэта было звязана з тым, што дні каляндарных поўняў і раўнадзенстваў перасталі супадаць з астранамічнымі назіраннямі. Па юліянскім календары раўнадзенства змяшчаецца на адны суткі назад за 128 гадоў, і ў выніку розніца паміж каляндарным і астранамічным раўнадзенствам да XVI стагоддзя склала 10 сутак.
Таму ў XVI стагоддзі Папа Рымскі Рыгор XIII увёў грыгарыянскую пасхалію і грыгарыянскі каляндар. Ён прапанаваў канстанцінопальскаму патрыярху Ераміі II пераняць новы каляндар, які ў большай ступені адпавядае астранамічным назіранням, аднак патрыярх аддаў анафеме і сам грыгарыянскі каляндар, і пасхалію, і тых, хто яго прымае.
Такім чынам, паколькі каталіцкая і праваслаўная царква сталі праводзіць свае разлікі па розных сістэмах, то і даты святкавання Вялікадня перасталі супадаць.
Сімвалы і звычаі свята
Адным з атрыбутаў велікодных дзён з’яўляецца фарбаванае (пераважна чырвонае) яйка. Паводле біблейскага падання, аднойчы Марыя Магдалена прыйшла з пропаведдзю да рымскага імператара Тыберыя. Па старажытным звычаі імператару падносілі дары, і святая Марыя Магдаліна паднесла яйка са словамі: “Хрыстос уваскрос!”. Імператар адказваў, што, як яйка белае, а не чырвонае, так і мёртвыя не ўваскрасаюць. У той жа момант яйка ў яго руцэ пачырванела. З таго часу і пайшла традыцыя фарбаваць яйкі на Чырвонае яйка – сімвал невіноўнасці Хрыста і сведчанне таго, што ўвесь свет адказны за Яго пралітую кроў. Акрамя таго, яйка – сімвал кругазвароту і бясконцасці жыцця. У Беларусі дагэтуль існуе звычай прыносіць велікодныя яйкі ў падарунак.
Першапачаткова яйкі фарбавалі ў чырвоны колер (крашанкі), пазней – размалёўвалі рознымі ўзорамі (пісанкі).
Яшчэ адна прыкмета Вялікадня ў Беларусі – валачобніцтва. Групамі ў 8-10 чалавек вяскоўцы хадзілі па хатах на чале з “пачынальнікам”. Апошні меў самую адказную місію – ён спяваў валачобную песню, якая магла мець да 150 радкоў. Астатнія – “падхватнічкі” – спявалі рэфрэн. У гурце абавязкова былі музыкі. Гаспадары шчыра адорвалі валачобнікаў пачастункамі. У сусветнай традыцыйнай культуры валачобныя песні захаваліся і зафіксаваны толькі ў беларусаў.
Літургія Вялікага Тыдня
Ушанаванне мукі i ўваскрасення Пана Езуса доўжыцца поўныя тры днi. Распачынаецца яно ў Вялiкi чацвер вечарам, а заканчваецца вечарам у нядзелю. Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца своеасаблiваю кульмiнацыяй усяго літургічнага году. Гэта не падрыхтоўка да Вялiкадня, а само ўшанаванне Хрыстовай Пасхi, праз удзел у Яго муцы, смерцi i ўваскрасенні. Вернiкi павiнны прымаць шчыры ўдзел у гэтых абрадах, прыступаць да святой Камунiі, таму варта паспавядацца яшчэ да Вялiкага чацвярга.
Каб па-сапраўднаму зразумець сэнс Святога Пасхальнага Трыдуума, трэба памятаць, што смерць i ўваскрасенне Хрыста – адно цэлае. Хрыстос адкупiў чалавецтва не толькi праз сваю смерць, але i праз уваскрасенне, – значыць, усёю Пасхальнаю мiстэрыяй.
Вялікі чацвер
Вечарам усе вернiкi збiраюцца разам са сваiмi душпастырамi, каб ушанаваць Апошнюю Вячэру ў часе ўрачыстай святой Iмшы. У евангельскім чытанні гэтай Iмшы гаворыцца пра абмыванне ног Апосталам (Ян 13, 1–15). Узаемная любоў павiнна быць умоваю i плёнам Эўхарыстыi. Наследуючы Хрыста, святар можа, паводле Евангелля, абмыць ногi дванаццацi мужчынам. На Gloria звоняць званы, а пасля змаўкаюць аж да Пасхальнай вiгiлii.
Пасля святой Iмшы Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай працэсii пераносiцца да цямнiцы (бочная каплiца), дзе вернiкi адаруюць Пана Езуса да поўначы, разважаючы над Яго пакутаю ў Алiўным садзе. З алтара здымаюць убранне як сiмвал таго, што з Езуса здзерлi шаты.
У Вялiкi чацвер таксама ўзгадваецца ўстанаўленне сакрамэнту святарства.
Вялікая пятніца
У гэты дзень св. Імша на знак вялікай пашаны да ахвяры Езуса Хрыста на крыжы за грахі ўсяго свету не цэлебруецца. У цэнтры гэтага дня – літургія Мукі Пана. Самае важнае ў часе гэтага набажэнства – ушанаванне таямнiцы крыжа. Набажэнства распачынаецца пры алтары, на якiм няма крыжа, свечак i абрусаў. Уся лiтургiя скiравана на тое, каб засяродзiць увагу вернiкаў на алтары, якi сiмвалiзуе самога Хрыста.
З Вялікай Пятніцы распачынаецца Навэна да Божай Міласэрнасці, якая працягвацца 9 дзён.
Вялікая субота
У Вялікую суботу Касцёл трывае ля Гроба Панскага, разважаючы пра пакуты і смерць Хрыста.
Літургія Пасхальнай вігіліі належыць ужо да нядзелі Змёртвыхпаўстання. Вернікі прыносяць у гэты дзень для асвячэння велікодныя стравы ў кошычках.
У велікодны кошычак трэба пакласці: хлеб (сімвал Езуса), яйка (сімвал плоднасці, адраджаючага жыцця і знак перамогі Езуса над смерцю), мяса і вяндліны (сімвал дастатку сям’і), соль (захоўвае ад псавання, мае таксама ўласцівасць ачышчэння), хрэн, сыр, велікодную булку, фігурку ягняці (сімвал Змёртвыхпаўсталага Езуса, пакоры і лагоднасці) і ваду.
Пасхальная вігілія
Увечары ў касцёле цэлебруецца Пасхальная вігілія. Яна з’яўляецца найважнейшай і найбагацейшай формай літургічнай цэлебрацыі на працягу касцёльнага года.
Пасхальная вігілія складаецца з чатырох частак:
- Літургія святла;
- Літургія слова Божага;
- Літургія Хросту;
- Эўхарыстычная літургія.
Заканчваецца служба па традыцыі запаветнымі словамі:
- “Хрыстос уваскрос””
- “Сапраўды ўваскрос!”
Затым адбываецца рэзурэкцыйная працэсія вакол храма і вернікі нясуць святы агонь у свае дамы.
Велікодны сняданак у коле сям’і
Урачысты стол накрываецца белым абрусам з залатой стужкай, на які ставяцца галінкі вярбы, асвечаныя яйкі, прарошчаная пшаніца ці буйміна, барвенак ці самшыт. Зеляніна сімвалізуе новае жыццё, атрыманае падчас святога хросту. На велікодны стол таксама пажадана падаць асвечаную соль, хрэн і перац, якія прыпамінаюць біблейскія горкія травы.
У цэнтры стала можа быць змешчаны сямейны пасхал, велікодны баранак і асвечаныя яйкі, хлеб і соль (т. зв. свянцонка). Таксама можна загадзя падрыхтаваць асвечаную ваду і крапідла.
Бацька запальвае сямейны пасхал і, уздымаючы яго, кажа:
Сапраўды Хрыстос уваскрос. Аллелюя.
Усе адказваюць:
Дзякуем Пану Богу. Аллелюя.
Потым бацька чытае ўрывак са Святога Пісання (Лк 24, 36-43):
Чытанне з Евангелля паводле Лукі: Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: “Спакой вам!” Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: “Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю”. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: “Ці маеце тут што з’есці?” Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі. Гэта Слова Божае.
Усе адказваюць:
Хвала Табе, Хрыстэ.
Працягвае далей:
Няхай гэтая асвячаная вада нагадае нам нашае хроснае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і пакліканне да жыцця ў вольнасці Дзяцей Божых.
Бацька акрапляе асвечанай вадой усіх прысутных, увесь дом (двор і гаспадарчыя будынкі). Падчас акраплення можна заспяваць велікодную песню:
Уладарка неба, узрадуйся, аллелюя,
Бо Той, Каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як казаў нам, аллелюя
Богу за нас маліся, аллелюя.
Бацька віншуе з Вялікаднем:
Умілаваныя, вестка аб уваскрасенні Хрыста перамяніла апосталаў і напоўніла ўсіх вялікай радасцю. Гэтую радасць адчуваюць усе вучні Хрыста на працягу вякоў. Няхай пачуццё радасці напаўняе і нашыя сэрцы. Жадаю ўсім нам, каб Уваскрослы Хрыстос назаўсёды пасяліўся ў нашым доме, а Яго супакой – у нашых сэрцах. На знак нашай узаемнай добразычлівасці і любові, якая яднае нас у супольнасць, падзелімся святочным яйкам – сімвалам жыцця. Агорнем нашай малітвай увесь свет і будзем прасіць нашага Бога:
Ойча наш...
Бацька працягвае:
Божа, Твой Адзінародны Сын перамог смерць і адчыніў нам брамы вечнага жыцця, учыні, каб разам з Ім мы дасягнулі нябеснай гасціны ў Тваім Валадарстве. Які жывеш і Валадарыш на вякі вечныя.
Усе адказваюць:
Амэн.
Бацька кожнаму падае кавалак асвечанага яйка, пасля чаго ўсе сядаюць за стол і з радасцю спажываюць велікодны пасілак. Пасля снядання ўсе моляцца словамі:
За гэты пасілак, за ўсе Твае дабрадзействы і за пакліканне нас да вечнага жыцця праслаўляем Цябе, Божа, праз уваскрослага нашага Пана Езуса Хрыста, які з Табой жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.
Такім чынам, Вялікдзень – гэта не проста хрысціянскае свята, а само сэрца хрысціянства, яго неад’емная аснова. Без яго проста немагчыма ўявіць сабе існаванне рэлігіі і самой чалавечай веры ў цуды.
Уваскрасенне Збавіцеля з мёртвых азначае не толькі праяву звышнатуральнай сілы, але і ўяўляе сабой вобраз бязмежнай любові Бога да чалавека. Аднойчы людзі здзейснілі грэхападзенне, але цяпер кожны можа скарыстацца сваім правам на прабачэнне і памілаванне.
Хрыстос перамог грэх і смерць. І калі радасныя хрысціяне віншуюць адзін аднаго з надыходам Вялікага дня, яны маюць на ўвазе нешта большае, чым сам факт ўваскрашэння. На справе Гасподзь здзейсніў ахвяру, дзякуючы якой кожны вернік можа разлічваць на выратаванне праз прабачэнне грахоў.
Таму можна сказаць, што Вялікдзень – гэта свята адраджэння, абнаўлення, надзей на светлыя перамены. Дар Збавіцеля ў выглядзе ўласнай ахвяры можа прыняць кожны чалавек. Таму Хрыстова Уваскрасенне – гэта вобраз перамогі над грахом як залог новага свабоднага жыцця.
Плённага вам часу на падрыхтоўку і святкаванне і “...няхай сапраўды жыццё вашае стане ўваскрослым жыццём з Хрыстом, жыццём шчырых сведкаў узнёслай праўды змёртвыхпаўстання перад усiм светам” (Ян Павел II).
Па матэрыялах сайтаў: https://slowo.grodnensis.by/, https://catholic.by/, https://ave-maria.by/
Тэкст: Таццяна Шумель