24 - 26 сакавіка ў нашай парафіі перажывалі Велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў айцец марыянін Павел Федаровіч MIC. У гэтыя тры дні мы можам глыбей угледзецца ў таямніцу Уваскрасення Пана.
24.03.2023. Дзень 1.
"...Блізкі Пан да тых, чыё сэрца змучана"
А. Павел, абапіраючыся на Божае Слова, якое прапануе нам сёння Касцёл, заахвочвае нас прыгледзецца да місіі Хрыста на зямлі. Дзеля чаго Бог спаслаў свайго Адзінароднага Сына, ведаючы што Яго чакае на зямлі?
Ужо само імя Езус (Іешуа), якое у габрэйскай мове азначае "Бог збаўляе, ратуе", раскрывае нам Яго місію - нашае збаўленне. Гэтае збаўленне адбываецца праз цярпенне, крыж. Калі б быў іншы шлях уратавання, Хрыстус паказаў бы нам. Крыж ёсць непазбыўнай часткай хрысціянскага жыцця. Кожны чалавек у свой час сутыкнецца са сваім крыжам, цярпеннямі духоўнымі ці фізічнымі. Але добрая навіна ў тым, што ва ўсіх нашых цярпеннях Езус Хрыстус побач.
Езус, прайшоўшы праз здраду, суд і страшныя мукі ў постаці чалавека, паказвае, што Ён перажывае боль кожнага чалавека, як Свой асабісты. Хрыстос ведае што нам баліць, што турбуе, што непакоіць нашае сэрца.
Езус паказвае людзям, што менавіта Ён ёсць тым Выбраным, які вызбавіць усіх людзей і пакажа сапраўдную дарогу да Айца ў Небе.
Тэкст: Ігар Лапата
25.03.2023. Дзень 2.
Як быць паслухмяным Богу кожны дзень?
У другі дзень Велікапосных рэкалекцый ксёндз Павел паспрабаваў даць канкрэтны адказ на пастаўленае вышэй пытанне.
Паслухмянасць.
Езус быў бездакорным прыкладам паслухмянасці нашаму Нябеснаму Айцу. Ён казаў: "Бо Я сышоў з неба не для таго, каб чыніць сваю волю, але волю таго, хто Мяне паслаў." (паводле Яна 6:38).
Паглядзіце, усё Яго жыццё было прысвечана паслухмянасці Айцу, і ўсё ж гэта было не заўсёды лёгка для Яго.
Гэтак жа, як і нам бывае нялёгка ісці Той дарогай, якая вядзе ў Божае Валадарства.
Езус быў падвергнуты тым жа спакусам, што і ўсе мы. Ён ведаў, якія мукі, выпрабаванні Яго чакаюць наперадзе.
Але што Ён робіць? Панікуе? Спрабуе ўсё змяніць? Зрабіць нешта па сваім задуманым плане? Ці нават зусім уцякае ад маючых адбыцца падзей?
Зусім не. Ён усё аддае ў рукі Бога. І гэтаму вучыць нас саміх, нагадваючы, што Божыя планы заўсёды лепшыя за нашыя.
Узгадайце момант у Гетсэманскім садзе, Ён казаў: «І, адышоўшы крыху ўперад, упаўшы на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты». (паводле Мацвея 26:39).
І менавіта, дзякуючы таму, што Езус ва ўсім падпарадкаваўся волі Айца, Ён падараваў Збаўленне для ўсіх нас.
А што, калі і мы, падобна Езусу, будзем змагацца ў малітве, пакуль не прыйдзем да кропкі поўнай паслухмянасці і самаадрачэння?
Тэкст: Вікторыя Гулецкая
26.03.2023. Дзень 3.
У трэці дзень Велікапосных рэкалекцый асноўным пытаннем стаўла: "Як грэх уплывае на нашы адносіны з Богам?"
Падобна таму, як любячы бацька адчувае боль, калі бачыць, як пакутуюць яго дзеці, нават калі яны самі ў гэтым вінаватыя, Бог таксама хвалюецца за нас, калі мы аддаляемся ад Яго, здзяйсняючы грахі.
Менавіта таму мы павінны заўсёды памятаць, што грэх – гэта найперш перашкода для нашых адносін з Богам. З Тым, Які як ніхто іншы хвалюецца за нас і чакае, калі мы прыйдзем да Яго з просьбай аб дапамозе перамагчы разам гэты грэх, з просьбай аб прабачэнні, бо, калі ты прыняў прабачэнне ад Бога - табе лягчэй прабачаць іншых.
Мы павінны памятаць, калі мы напаўняем сябе Словам Божым, працуем над адносінамі з Богам, прымаем сакрамэнты — мы ўпэўнена ідзём сваім шляхам, і гэта дае нам сілы быць падтрымкай для іншых. А значыць быць спакойным і ўпэўненым, а таксама жадаючым надаць упэўненасці ў Богу камусьці, у каго яе няма.
Тэкст: Вікторыя Гулецкая
Фота: Ірына Фаміна, Алена Каралькова, Вікторыя Гулецкая