братоў Ігара Колзуна OFMCap і Андрэя Жылевіча OFMCap, сястры Кацярыны Грынчык MSF “Страчаная спадчына: Надзея. Вера. Любоў”

“Умацуй мае крокі на сцежках Тваіх,
каб не пахіснуцца нагам маім”.
Псалом 16, верш 5.


Па запрашэнні ксяндза-прэлата, дэкана Маладзечанскага, пробашча парафіі святога Юзафа наша тэатральная трупа пад кіраўніцтвам і апекай братоў Ігара Колзуна OFMCap і Андрэя Жылевіча OFMCap, сястры Кацярыны Грынчык MSF 19 сакавіка наведала вернікаў гэтай парафіі і прадставіла іх увазе гістарычна-тэатралізаваную імпрэзу “Страчаная спадчына: Надзея. Вера. Любоў”.

Што важна, дзень выступлення супаў з адной са шматлікіх юбілейных дат, якія ў гэтым годзе адзначаюць дзве маладзечанскія парафіі: святога Казіміра і святога Юзафа. 20 гадоў назад менавіта ў гэты дзень, 19 сакавіка 2003 года, вярнуўся на працу ў наш горад ксёндз-прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Ксёндз Эдмунд праявіў незвычайную мудрасць, кемлівасць і адвагу і, дзякуючы яго намаганням, быў пабудаваны не толькі касцёл святога Юзафа ў Маладзечне, але і шматлікія храмы ў Беларусі. 19.03.23-20

Увазе гледачоў былі прадстаўлены некалькі сюжэтных ліній, кожная з якіх пераклікаецца з пэўнай эпохай гісторыі чалавецтва. Сваё адлюстраванне на сцэне знайшлі часы паганства, з’яўленне пісьменнасці і кніжнасці, а, адпаведна, і зварот людзей да храмаў і Бога, сучаснасць.

Пазнаёміліся гледачы і з гісторыяй Святынь, якія, нягледзячы на тое, што раскіданы па розных кутках Маладзечаншчыны, аб’яднаны дарогамі, “дарогамі да прыгожага і вечнага”, дарогамі да Бога.

Спектакль з элементамі мюзікла, сучаснай харэаграфіі і іншых мастацкіх сродкаў змог закрануць патайныя струны глядацкіх сэрцаў.

19.03.23-4
Ёсць шмат спосабаў гаварыць з гледачом пра Бога, любоў, дабрыню. Удзельнікі ж нашай тэатральнай трупы маюць сваю місію – міласэрнае служэнне, шчырую “размову” з гледачом, якая, магчыма, кагосьці закране, падтрымае, прымусіць задумацца, і ўвасабляецца ўсё гэта менавіта праз тэатральнае мастацтва.


Мастацтва сцэны ў розныя часы было заклікана не толькі забаўляць, але выхоўваць, прапаведаваць. І наша тэатральная група гэта даказвае. Шчырае ўвасабленне, “пражыванне” і перажыванне сваіх роляў акцёрамі нікога не пакідае абыякавым. Выканальніцкае майстэрства, калектыўная зладжанасць, артыстызм і прафесіяналізм удзельнікаў спектакля выклікаюць захапленне гледачоў. І галоўныя, і эпізадычныя ролі артысты выканалі праўдападобна і натуральна.

19.03.23-8

І так сталася, што наша тэатральная трупа стала па-сапраўднаму сямейнай: не толькі з-за атмасферы, якая пануе на рэпетыцыях і выступленнях, але і з-за клопатаў адзін аб адным па-за межамі тэатра і касцёла! А яшчэ і таму, што ў якасці акцёраў у тэатральных пастаноўках удзельнчаюць бацькі і дзеці, браты і сёстры. Нават калі ад сям’і толькі адзін акцёр, іншыя члены сям’і прымаюць актыўны ўдзел у вырабе дэкарацый, рэквізіту, пашыве касцюмаў, маральнай падтрымцы акцёраў, што вельмі важна.

Важным з’яўляецца і тое, што адным з удзельнікаў тэатральнай трупы з’яўляецца святар - брат Андрэй Жылевіч, які сваёй харызмай і талентам натхняе ўсіх нас.

19.03.23-11Удалым з’яўляецца мастацкае і музычнае афармленне спектакля, над якім працавалі Ірына Фаміна, Дамініка Гулевіч, Ірэна Туровіч, якое дапамагае лепшаму ўспрыманню дзейства.

Але, вядома, у любой справе патрэбна “звёздочка-зажигалочка”, такі чалавек, які б усіх вёў за сабой, але, перш за ўсё, быў ініцыятарам і натхняльнікам. І такім чалавекам з’яўляецца сястра Кацярына Грынчык MSF, якая сваёй кіпучай энергіяй і дзейнасцю, неверагоднымі ідэямі і талентам вядзе ўсіх нас да Бога і святасці. Упэўнена, што пад яе мудрым кіраўніцтвам наша сямейна-тэатральная трупа зможа захапіць не адно чалавечае сэрца, запаліць ў ім іскрынку Надзеі, Веры і Любові!

19.03.23-12
А гэта вельмі важна таму, што 2023 пастырскі год праходзіць пад дэвізам “Апостальства свецкіх – знак надзеі для Касцёла ў Беларусі”. Тым больш, што Касцёл, як сказаў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, – гэта “сакрамант паўсюднага збаўлення, і яго сэрца павінна працаваць рытмічна, уключаючы ў сваю дзейнасць не толькі духоўных, але і свецкіх, якія складаюць большасць Касцёла”. І мы сваёй дзейнасцю і тымі ласкамі, якімі нас адарыў Пан Бог, стараемся несці Божае слова і добрыя ўчынкі да магчыма большай колькасці людзей.

Я веру, што ў гэты дзень мы ўсе разам – і акцёры, і гледачы – зрабілі маленькі крок наперад у захаванні культурна-гістарычнай спадчыны, адраджэнні з небыцця хаця б адной са Святынь Маладзечанскага раёна!

Творчы калектыў падарыў добры настрой гледачам, якія гучнымі несканчонымі апладысментамі адудзячылі артыстам. Падзякаваў удзельнікам і ксёндз-прэлат, пробашч парафіі святога Юзафа Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.

 

Ён сказаў, што касцёл - гэта не сцены і скляпенні, якія з цягам часу прыходзяць у заняпад, а, у першую чаргу, - гэта людзі, якія сваімі справамі і ўчынкамі праслаўляюць імя Пана Бога. Шчаслівы той чалавек, які жыве з Богам, - зрабіў выснову ўсяму ксёндз-прэлат. І мы - шчаслівыя, бо, як сказалі вядучыя: “Нам усім па дарозе з Богам!”.

 Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Святлана Гулецкая, Вадзім Каралькоў

Больш фота: 

https://www.facebook.com

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».