біскуп Юрый Касабуцкі

4 сакавіка наша парафія, апекуном якой з'яўляецца св. Казімір, святкавала свае імяніны. Вернікі віталі дастойных гасцей: Яго Эксцэленцыю кс. бп. Юрыя Касабуцкага - галоўнага цэлебранта адпустовай святой Імшы, Маладзечанскага дэкана кс. прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, кусташа Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Сяргея Мацюшонка,  шаноўных святароў, братоў капуцынаў, сясцёр з суседніх парафій.

Спецыяльна да свята, а таксама з нагоды 20-гадовага юбілею атрымання дазволу на будаўніцтва нашага касцёла, парафіяльная тэатральная група падрыхтавала гістарычна-тэатралізаваную імпрэзу на тэму “Страчаная спадчына. Надзея. Вера. Любоў”, якая была прадстаўлена ўвазе гледачоў а 17 гадзіне, перад св. Імшой. 

Аўтары і артысты запрасілі прысутных у своеасаблівую  пілігрымку, падарожжа ў часе па родных мясцінах. Перад вачыма прысутных у непарыўнай сувязі прайшлі эпохі, лёсы людзей і святынь ад паганскіх часоў аж да цяперашняга часу, калі паўстала наша парафія. Сюжэтная лінія, гістарычная інфармацыя, мастацкія прыёмы маляўніча і змястоўна распавялі пра гістарычныя падзеі, а таксама пра тое, як чалавечую гісторыю накіроўваюць пошукі Бога, як уплывае на будучыню кожны жыццёвы выбар. Калі чалавек запрашае ў сваё жыццё, у сваю гісторыю Бога, сваю надзею пакладае ў Ім, давярае Яму свой жыццёвы шлях, то яго жыццё становіцца творчым актам, а Божы провід уплятае яго лёс у прыгожыя ўзорыстыя карункі гісторыі. А калі чалавек, грамадства адкідаюць Бога, то вынікам жыцця становяцца руіны. Але ў перыяды знішчэння і стратаў асабліва востра чалавек разумее, наколькі ён пусты і ўразлівы без Божай дапамогі. І тут таксама дзейнічае Божы провід, які праз веру, надзею і любоў людзей на новай хвалі гісторыі натхняе на аднаўленне святыняў і духоўнага жыцця. Бо "Слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну" (Іс 55:11).

Яшчэ адна істотная рэч, на якую звернута ўвага ў прадстаўленні, - гэта тое, якую вялікую, жыццядайную моц мае шчырая малітва, малітва Касцёла, і як кожная душа яе патрабуе.  "Маліцеся за мяне!" - гэты заклік аднаго з герояў імпрэзы, Францішка Скарыны, нагадвае нам, наколькі важна тых, хто нас апярэдзіў на жыццёвым шляху і ўжо застаўся ў гісторыі, мець не толькі ў памяці, але і ў малітве! 

Кс. бп. Юрый выказаў свае моцныя ўражанні ад прадстаўлення, а таксама падзякаваў таленавітым парафіянам. Ён адзначыў, што такая імпрэза можа прамаўляць лепш, чым многія пропаведзі. Іерарх заахвоціў іншых таленавітых людзей не саромецца і не хавацца, але далучацца да ўдзелу ў такой форме апостальства свецкіх дзеля большай хвалы Божай. А святы Казімір кожнага ў гэтым няхай благаслаўляе.  

У гаміліі Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на тое, што мае значэнне не толькі храм са сценаў і столі, але вялікую вартасць уяўляе сабой храм чалавечага сэрца. Бо гэта святыні чалавечых сэрцаў ажыўляюць і асвячаюць збудаваную святыню.

Святы Казімір за сваё кароткае, у 24 гады, жыццё змог стварыць са свайго сэрца храм і дасягнуць Божага Валадарства. Ён нарадзіўся у 1458 г. у сям'і Польскага караля Казіміра Ягеллончыка, меў выдатныя здольнасці, атрымаў вельмі добрую адукацыю і павінен быў стаць каралём. Але... З ранняга ўзросту ён вылучаўся асаблівай пабожнасцю. Яго пабожная маці, каралева Альжбета,  дапамагла яму здабыць мудрасць, даручыўшы яго выхаванне святарам каноніку Яну Длугашу і св. Яну Вацэнгу (з Кент). Малады каралевіч рана зразумеў, што жыццё ў раскошы можа лёгка і незаўважна закрыць сэрца чалавека на патрэбы бліжняга, што матэрыяльныя даброты павінны быць сродкамі, а не мэтай. Таму сваю мяккую пярыну памяняў на цвёрдую падлогу, а пад адзеннем насіў валасяніцу. Каралевіч штодня бываў на святой Імшы, клапаціўся аб жыцці сакрамэнтамі. Яго хутчэй можна было знайсці ў храме, чым у палацы. Ён любіў доўга маліцца перад абразом Маці Божай, нават, як казалі людзі, даўжэй за святароў. Казіміра называлі каралевічам міласэрнасці, бо ён нікому з патрабуючых, якія сустракалі яго на вуліцы, не адмаўляў у міласціне, быў простым, не лічыў сябе вышэйшым ў адносінах з беднымі. Значную частку свайго жыцця Св. Казімір  правёў у Вільні і Гродна, дзе любіў прыходзіць на святую Імшу ў віленскую катэдру або гродзенскую Фару Вітаўта і маліцца разам з народам, хоць у палацы была свая капліца і святар. Ён уставаў вельмі рана, ішоў да святыні, і калі дзверы святыні яшчэ былі зачыненымі, маліўся, укленчыўшы перад дзвярыма, не дазваляючы паклікаць брамніка. Суровы лад жыцця пагоршыў здароўе каралевіча, але нават хвароба не прымусіла яго адмовіцца ад дадзенага ім Богу абяцання чыстасці і паслабіць суровасць ладу свайго жыцця, бо прагнуў застацца верным Богу. Яго рэліквіі захоўваюцца ў Вільні ў Катэдральным саборы св. Станіслава і св. Уладзіслава.

 

Па прыкладу нашага святога апекуна і з яго дапамогай Яго Эксцэленцыя заахвоціў адкрываць сваё сэрца на іншага чалавека, быць чулымі да патрэбаў бліжняга, які патрабуе падтрымкі, увагі. Можа гэта старэйшы чалавек, які патрабуе, каб хтосьці яго выслухаў і пабыў побач.

Прыкладам для нас таксама з'яўляюцца любоў св. Казіміра да Найсвяцейшага Сакрамэнта і малітвы, а таксама асабліва цёплыя адносіны да Панны Марыі. Біскуп адзначыў, што малітва за чалавека прыносіць плён і таму, за каго моляцца, і таму, хто моліцца. Ен падзяліўся сведчаннем адной жанчыны, удзельніцы руху "Маці ў малітве", якая страціла свайго сына-юнака. Сын меў хваробу, і маці прысвяціла яго Маці Божай Будслаўскай, а таксама штодня малілася за яго. І для яе стала суцяшэннем, знакам апекі Маці Божай, знакам Божай волі і Божай любові тое, што яе сын адышоў з гэтага свету менавіта 2 ліпеня, у дзень успаміну Маці Божай Будслаўскай.

Кс. бп. Юрый асабліва адзначыў яшчэ адну рысу жыцця св. Казіміра - гэта давер да Бога. Даверыць Богу - гэта значыць аддаць у Яго рукі. Мы хочам вучыцца давяраць Богу нашыя справы і тады, калі ўсё легка і добра, і тады, калі ёсць цяжкасці і праблемы. Калі Пан Бог штосьці задумаў, яно споўніцца. Іерарх распавёў, як узнікла ідэя будаваць касцёл св. Юзафа ў складаныя 90-я гады, як святыня паўстала дзякуючы адвазе кс. Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага і Божаму дзеянню. А сёння мы асабліва хочам падзякаваць св. Казіміру за яго заступніцтва ў справе заснавання нашай парафіі і будоўлі нашага касцёла, падзякаваць Богу, бо гэта дзякуючы Яго ласцы у сэрцах многіх людзей з'яўляецца жаданне дапамагаць будоўле. "Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў" (Ян, 15:16). Калі мы даверым свае справы Богу, Ён правядзе нас тым шляхам, які вядзе ў Божае Валадарства. І калі на гэтым шляху нас сустракаюць цяжкасці, то іх трэба ўспрымаць  як напамін, што сітуацыю трэба аддаць у рукі Бога.

 

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Ірына Фаміна, Эрык Савянок, Вікторыя Гулецкая

Відэа і мантаж: Эрык Савянок, Цімафей Савянок

Шчырая падзяка аўтарам імпрэзы (Таццяне Шумель, с. Кацярыне Грынчык, Цімафею Савянку), вядучым а. Андрэю Жылевічу, Таццяне Шумель, Ігару Лапаце (голас за кадрам), Вадзіму Каралькову (голас за кадрам) і артыстам (9 сем'ям з нашай парафіі), а таксама нашаму парафіяльнаму хору і літургічнай службе, якія, як адзначыў Яго Эксцэленцыя, заўсёды на высокім узроўні.

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».