6 студзеня традыцыйна Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб'яўлення Пана. У народзе яго называюць святам трох каралёў: «... прыйшлі ў Ерузалем мудрацы з Усходу і кажуць: Дзе нованароджаны Кароль Юдэйскі?» (гл. Мц 2, 1-2).
У гэты святочны дзень кожны свядомы католік знайшоў час, каб прыняць удзел у Святой Імшы! Асаблівым чынам хочацца расказаць пра Імшу для дзяцей, якая адбылася ў тры гадзіны дня. Маладым парафіянам прыняць удзел у Святой Імшы не перашкодзіла халоднае надвор'е і канікулы. Падчас гаміліі яны разважалі разам з айцом Уладзіславам, што значыць быць дарослым і кім з'яўляецца Езус у нашым сэрцы: гаспадаром або толькі госцем, ад якого мы чакаем падарункі, і ці гатовы мы даверыць Сыну Божаму ключы ад нашага сэрца...
Затым былі шчырыя дзіцячыя просьбы падчас малітвы вернікаў. У канцы Імшы былі асвечаны крэйда, ладан і вада.
З асаблівым нецярпеннем чакалі дзеці святкавання ў капліцы. Моладзь падрыхтавала забаўляльную праграму і кіравала "салодкім сталом". Малечы разам спявалі, танцавалі, гулялі, а напрыканцы надышоў доўгачаканы момант: завітаў Святы Мікалай і раздаў прысутным цудоўныя падарункі!
У добрым настроі пакідалі дзеці капліцу!
Тэкст: Людміла Губко
Фота: Вікторыя Гулецкая