Святкаванне Божага Нараджэння ў нашай парафіі распачалося з каляднага спектакля "Шлях да Бэтлеему" Сяргея Кавалёва, які падрыхтавалі нашыя парафіяне разам з с. Кацярынай.

Па сюжэту Зорка абвясціла Восліку Добрую Навіну аб тым, што Бог прыйшоў на зямлю і патрабуе яго дапамогі.  Пачуўшы Навіну, Вослік, якому не падабаўся ані ён сам, ані яго жыццё, пайшоў шукаць Бога, каб Яму дапамагчы і атрымаць узнагароду: ператварыцца ў зорку. Па дарозе Вослік клікаў з сабой розных жывёл, але так і пайшоў зусім адзін. Астатнія адмовіліся ісці, бо выбралі для сябе богам штосьці іншае: хто ежу і камфорт, хто сваю магутнасць і ўладу, хто грошы, традыцыі і памылковыя вераванні, хто сваю асобу, па-свойму зразуметую свабоду і жаданне помсты... Той, хто сапраўды шукае - знаходзіць. Вослік, зусім нечакана знайшоўшы Нованароджанага, знайшоў і сябе. 

Святочная Імша распачалася працэсіяй. Узнесеная на руках А. Андрэя Жылевіча фігурка Нованароджанага Езуса пад цудоўны святочны спеў была ўрачыста пранесена праз увесь касцёл і пяшчотна пакладзена ў яслі.

"Чуеш, гучыць
Звон уначы.
Ён кажа ўсім:
Справы адкінь.
Збаўца Хрыстос
Радасць прынёс
Малым, старым,
Смелым, слабым."  

У гаміліі а. Андрэй нагадаў, што мы адзначаем свята найвялікшай таямніцы Бога, найвялікшага цуду - цуду Яго нараджэння, калі Ён настолькі прынізіў Сябе, што змяніў Нябесную Хвалу на брудны хлеў і яслі, захацеў стаць бездапаможным немаўляці, да якога можа прыйсці нават самы просты чалавек. І ў гэтым выяўляецца веліч Бога. Менавіта простыя людзі, пастухі, першымі былі пакліканы, каб быць сведкамі Божага нараджэння. Яны вырушылі ў дарогу на сустрэчу з Нованароджаным, нават не быўшы да канца свядомымі таго, што адбылося.

Сёння мы маем магчымасць чарговы раз задумацца над тым, чым для кожнага з нас з'яўляецца таямніца Божага нараджэння. Ці спосаб нашага перажывання гэтай таямніцы дае магчымасць змяняць нашыя сэрцы, нашае жыццё?  

А. Андрэй падзяліўся уласным досведам перажывання моманту Божага нараджэння, калі пасля аперацыі незнаёмы чалавек прынёс яму шклянку вады з трубачкай, каб было зручней піць. Бог прыйшоў у простых гэстах і словах. Гэта не было штосьці вялікае, але адчувалася важным і патрэбным.

Бог можа паслугоўвацца кожным з нас. Мы жывем у складаны час, калі брат паднімае руку на брата, калі ёсць многа цярпення ў свеце. І мы, калі працягваем руку брату, робім справы міласэрнасці, нават проста ўсміхаемся, падтрымліваем словам, тады праз такія часта вельмі простыя рэчы можам спрычыніцца да Божага нараджэння ў сэрцах іншых людзей. 

І наадварот, часам, наша стаўленне да іншага чалавека суровае, бязрадаснае, няўважлівае. Мы можам апраўдваць сябе тым, што сапраўды перажываем цяжкі дзень. Але ці тады праз нас прыходзіць Божае нараджэнне?

Няхай прыклад пастухоў будзе натхненнем для кожнага з нас, каб трываў працэс Божага нараджэння ў нашых сэрцах, каб адбывалася сустрэча з Езусам на Эўхарыстыі, у малітве, у іншых людзях, патрабуючых любові, радасці, суцяшэння, дапамогі.  

Няхай нашыя сэрцы напаўняе радасць, спакой, удзячнасць да Пана Бога за цуд Яго пакорлівай любові. 

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота, відэа: Эрык Савянок, Цімафей Савянок

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».