Божае Нараджэнне: гісторыя, традыцыі святкавання і сімвалы вігілійнага вечара

Божае Нараджэнне — адно з найбольш цудоўных святаў хрысціянства. Яно, як і многія, мае сваю адметную і цікавую сімволіку ў святкаванні.
Узгадаем пра некаторыя сімвалы вігілійнага вечара i што неабходна памятаць, каб належна прыняць у свае сэрцы, дамы і сем’і нованароджанага Хрыста.

Гісторыя свята
Католікі, як і большасць хрысціянаў, адзначаюць Божае Нараджэнне 25 снежня. Гэта традыцыя вельмі старажытная: першы ўспамін аб святкаванні Калядаў у гэты дзень датуецца 354 годам.
Дата святкавання была абрана ўмоўна. У 275 годзе рымскі імператар Аўрэліян аб’явіў 25 снежня святам непераможнага Сонца. Затым адбылася хрысціянізацыя гэтага свята, бо Хрыстус — Сонца і Святло хрысціяніна. Да сярэдзіны VI ст. святкаванне

Божага Нараджэння менавіта 25 снежня распаўсюдзілася па Еўропе, Паўночнай Афрыцы і на хрысціянскім Усходзе.
Чаму ж цяпер хрысціяне адзначаюць свята не ў адзін дзень? І чаму, аднак, можна казаць пра тое, што ўсе адзначаюць яго 25 снежня?
Як вядома, у 1582 г. папа Грыгорый XIII увёў новы астранамічны каляндар, больш дакладны ў параўнанні з Юліянскім. У Расіі грыгарыянскі каляндар ў якасці дзяржаўнага быў уведзены ў 1918 г., але Руская Праваслаўная Царква ў літургіі надалей карыстаецца юліянскім. Таму і святкаванне прыпадае на розныя дні: 25 снежня — па грыгарыянскім календары, 7 студзеня — па юліянскім.

Традыцыі святкавання
Свята Божага Нараджэння нагадвае нам пра пачатак нашага збаўлення, дае надзею. Для таго, каб перажыць яго належным чынам, варта рыхтавацца да свята загаддзя, а дакладней - быць падрыхтаваным да яго заўсёды. Таму Калядам папярэднічае перыяд Адвэнту. Адпаведна, Адвэнтам можна назваць усё нашае жыццё — час, дадзены нам Богам для таго, каб крочыць да збаўлення, час падрыхтоўкі да сустрэчы са Збаўцам. 

 

1. Памятаць пра сутнасць свята, духоўную падрыхтоўку да яго і традыцыі.


Напярэдадні свята, 24 снежня, адзначаецца яго вігілія («начное чуванне»). У каталіцкім касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад святам Нараджэння Пана. У гэты дзень у сем’ях упрыгожваюць ёлкі, робяць стаенкі. Гісторыя стаенак бярэ свой пачатак у сярэднявеччы. Святы Францішак Асізскі ў 1223 г. у Грэччо (Умбрыя, цэнтральная Італія) упершыню арганізаваў святочную стайню, каб наблізіць да вернікаў гісторыю Нараджэння Хрыста. Францішканскі закон падтрымаў ідэю стаенак і распаўсюдзіў гэтую традыцыю амаль па ўсёй Еўропе.


Што датычыцца ёлкі, то яе павінны ўпрыгожваць удзень перад вігілійнай вячэрай, калі мы ўзгадваем нашых прабацькоў, Адама і Еву. Пачаткі традыцыі ўпрыгожвання ёлкі некаторыя бачаць у Кнізе Ісаі. “Гонар Лібана прыйдзе да Цябе: разам кіпарыс, вяз і самшыт, каб упрыгожыць святое месца”. (Іс 60,13). Негледзячы на тое, што сёння найчасцей ставяць штучную ёлку, яна сімвалізуе райскае дрэва жыцця, доступ да якога мы згубілі з-за першароднага граху. Падзенне і адкупленне чалавека, якія змяшчаюцца ў сімволіцы гэтага ўпрыгожанага дрэўца. Езус вяртае чалавецтву доступ да вечнага жыцця. Ён з’яўляецца пладом адкуплення, «Дрэвам жыцця».

У Беларусь звычай вігілійнай вячэры прыйшоў у ХVІІІ ст.
Згодна з традыцыяй, вячэра распачынаецца пасля таго, як на небе загарыцца першая вечаровая зорка. Гэты звычай нарадзіўся падчас успаміну бетлеемскай зоркі, якую ўбачылі мудрацы і вельмі ўзрадаваліся (Мц 2,10).
Памаліўшыся і зачытаўшы адпаведны ўрывак з Евангелля (можна Лк 2, 1–20), усе дзеляцца аплаткай і складаюць адно аднаму калядныя віншаванні і пажаданні.

Вігілійную вячэру, якая распачынаецца пасля дзялення аплаткай, называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы. Колькасць страваў можа быць рознай. Гэта залежыць ад матэрыяльнага стану сям’і, ад мясцовых звычаяў і здольнасцяў гаспадыні. Колькасць можа быць парная або не. У некаторых рэгіёнах рыхтуюць 12 страваў, якія сімвалізуюць 12 апосталаў. Найважнейшай стравай з’яўляецца рыба. У старажытныя часы яна сімвалізавала Хрыста. З асобных літар гэтага слова, запісанага ў транскрыпцыі з грэчаскага, хрысціяне чыталі так: Jesus Christos Theu Hios, Soter – Езус Хрыстус Сын Бога, Збаўца.

У гэты дзень з радасцю прымаюцца і нечаканыя госці. Пакідаць свабодным і накрытым месца за сталом — гэта прыгожы звычай, які выказвае памяць аб нашых родных і блізкіх, якія не могуць правесці Каляды разам з намі. Гэта таксама знак сувязі з мёртвымі з нашых сем'яў і нашай гатоўнасці прыняць у наш дом у гэты асаблівы вечар самотнага чалавека. Трэба падумаць аб тым, каб запрасіць да стала менавіта такую асобу. Гэта можа быць проста самотны сусед або сваяк, або проста праваслаўны чалавек. Вольнае месца мае сэнс толькі тады, калі хто-небудзь яго зойме. 

Асаблівую атмасферу гэтага вечара ствараюць і калядкі (песні на Божае Нараджэнне), якія можна таксама спяваць усёй сям’ёй.

Кульмінацыяй вечара становіцца Святая Імша ў вігілію Божага Нараджэння.

У само свята, 25 снежня, уся сям’я, родныя і блізкія таксама збіраюцца за супольным сталом.
Але ж галоўнае — загадзя паклапаціцца пра стан сваёй душы і быць духоўна падрыхтаваным да святаў. З гэтай мэтай у перыяд Адвэнту Касцёл зааахвочвае браць пастановы, у парафіях таксама адбываюцца адвантавыя рэкалекцыі з магчымасцю прыступіць да сакрамэнту споведзі.

 

2. Набыць неабходныя рэчы і памятаць пра іх сімволіку


Аплаткі
Па-лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткай, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткай пасля прачытанага ўрыўку з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.

Белы абрус
Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.

Сена
Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме.

Святочная ёлка
Звычай упрыгожваць цацкамі ёлку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. У Беларусі ёлкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ ст.

Падарункі
Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, - гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Таму і мы складаем падарункі сваім блізкім, дзелячыся праз гэта радасцю свята Божага Нараджэння.
Падарункі пад ёлкай сімвалізуюць дабрыню Бога, які адорвае нас шматлікімі ласкамі. Радасць, таямніца і неспадзяванасць надаюць падарункам асаблівую вартасць, вучаць нас быць шчодрымі і дзяліцца з іншымі.

Радаснага ўсім чакання і шчаслівага святкавання!

 

 

ВІГІЛІЙНЫ АБРАД
На стале, пакрытым белым абрусом, кладзём Святое Пісанне і аплатку, ставім свечкі.
Адно месца пры стале застаецца вольным як знак памяці пра блізкіх, якія не могуць разам з намі прысутнічаць на Вігіліі (напрыклад, памерлыя з сям'і).
Вігілійная вячэра распачынаецца малітвай.

 

ЗАПАЛЬВАННЕ СВЕЧКІ
Старэйшы член сям'і запальвае свечку на стале. Бацька ці маці прамаўляе: "Святло Хрыста!".
Усе адказваюць: "Дзякуй Богу".

 

ЧЫТАННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ
Больш за дзве тысячы гадоў таму ў свет прыйшоў Езус Хрыстус, Сын Божы, чаканы Збаўца. Апавядае пра гэта Евангелле паводле св. Лукі.

Тэкст чытае, напрыклад, старэйшае дзіця.

У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы
былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
Раптам з'явіўся ім анёл Пана, хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: "Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях". І раптам з'явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: "Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі".

Пасля можна заспяваць калядку.

СУПОЛЬНАЯ МАЛІТВА
Бацька ці маці прамаўляе просьбы, усе адказваюць:
"Цябе просім, выслухай нас, Пане".
Божа, наш Ойча, у гэтую ўрачыстую гадзіну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, калі паслаў нам свайго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу, і просімІЦябе…
• Удзялі нашай сям'і дар любові, згоды і супакою.
Цябе просім, выслухай нас, Пане.
• Адары нашых суседзяў, сяброў і знаёмых спакоем гэтай ночы.
Цябе просім, выслухай нас, Пане.
• Усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных, галодных ва ўсім свеце суцеш і ўмацуй Добрай Навіной гэтай святой ночы.
Цябе просім, выслухай нас, Пане.
• Нашых памерлых (пералічыць імёны) адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы.
Цябе просім, выслухай нас, Пане.

Усе разам адгаворваюць малітву "Ойча наш".

Пане Божа, Ты ўчыніў, што гэтая святая ноч заяснела бляскам сапраўднага святла Твайго Адзінароднага Сына. Учыні, каб і мы яснелі бляскам Твайго святла ў сваім штодзённым жыцці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 

ЛАМАННЕ АПЛАТКАЙ
Перад ламаннем аплаткай бацька ці маці прамаўляе
наступныя словы: А цяпер у духу любові і прабачэння падзелімся
аплаткай - хлебам любові. Раскрываючы свае сэрцы
на ўзаемную любоў, мы адкрываем іх на прыход Пана.
Няхай Ён заўсёды будзе з намі.

Складанне адзін аднаму сардэчных пажаданняў.

 

МАЛІТВА ПАСЛЯ ВЯЧЭРЫ
Дзякуем Табе, Божа, наш добры Ойча, за Сына Твайго Езуса Хрыста. Дзякуем за любоў да ўсіх людзей, за гэты
бласлаўлёны вечар і дары, якія мы спажывалі. Табе хвала на вякі. Амэн.

 

Тэкст: Таццяна Шумель

Крыніцы: Абрады вігілійнай вячэры - Гродзенская дыяцэзія (grodnensis.by)

Абрады вігілійнай вячэры (chyrvony.by)

Святкавання Божага Нараджэння - Санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў | Санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў (waladarka.by)

Божае Нараджэнне: сімвалы вігілійнага вечара (tomin.by)

Catholic.by - Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі

 

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».