16-18 снежня ў нашай парафіі прайшлі адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Юрый Варанко, пробашч парафій у Мазыры і Калінкавічах.
Дзень 1.
Напачатку святар заахвоціў настроіцца на тое, каб услухацца і пачуць падчас рэкалекцый, што Пан Бог хоча кожнаму з нас сказаць. Магчыма, тыя словы, якія шмат разоў чулі, сёння прагучаць менавіта для мяне іначай і асаблівым чынам. Мы можам мець сумненні ў тым, што Бог ў стане нешта змяніць. Тая самая жонка (муж), дзеці, праца, хвароба... Але як наконт сэрца? Можа быць, Пан Бог зробіць яго здольным іначай паглядзець на сітуацыю, на бліжняга, палюбіць таго, каго не можам цярпець...
Падчас Адвэнту мы пакліканы аднавіць у нас дух чакання. Чакання другога прыйсця Езуса Хрыста. Першыя хрысціяне гэтак чакалі, што некаторыя нават пераставалі працаваць. (Менавіта да іх звяртаўся св. ап. Павел са словамі: "Калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць." (2 Тэс 3,10)).
Сучасны чалавек не любіць чакаць і паступова губляе гэтую здольнасць. Сёння сфера паслуг працуе так, што чалавеку створаны ўсе ўмовы, каб ён менш чакаў і як найхутчэй мог задаволіць свае жаданні і патрэбы, а нават каб не паспеў перадумаць.
Чаго я чакаю у жыцці? Ці чакаю я сустрэчы з Богам? Падчас Адвэнту літургія, спевы накіраваны на тое, каб запаліць у нас чаканне. Словамі мы выказваем жаданне, каб Езус хутчэй прыйшоў. Але гэтае чаканне цяжка спалучыць з прывязаннасцю да зямных рэчаў. Так, Пане, ты прыйдзі, але не цяпер, можа год праз дзесяць, бо мне трэба на дачы дах перакрыць, унукаў выгадаваць. Пачакай, Пане, бо хачу яшчэ пажыць тут, на зямлі. Тады словы малітвы і спеваў ці не гучаць крывадушна? Прыходзь ці не прыходзь? Чакаю ці не чакаю?
Вельмі адпавядае часу Адвэнту малітва "Анёл Панскі". Першая частка малітвы - гэта прапанова (не прымус) Пана Бога да Марыі, каб яна згадзілася стаць Божай Маці. Напэўна, Марыя разумела, што сутыкнецца з асуджэннем, цяжкасцямі, ды і мела свае планы на жыццё. Уражвае тое, што Пан Бог лічыўся з жаданнем маладой дзяўчыны, і Божыя планы залежалі ад яе адказу.
Трэба заўважыць, што ініцыятар адносінаў з Панам Богам не чалавек, а сам Бог. І для кожнага з нас у Пана Бога ёсць прапанова. Мэта жыцця чалавека - распазнаць і выканаць Божую волю, бо толькі тады ён будзе шчаслівы.
Ці я веру ў тое, што Пан Бог, маючы прапанову для мяне, здольны забяспечыць і яе выкананне? Ці я веру, што Ён усемагутны і можа ў маім жыцці штосьці зрабіць?
Дзень 2.
Кс. Юрый засяродзіў увагу на тым, што Пан Бог выбірае не найлепшых для выканання сваіх спраў. Абрагам, Юда, Давід, Саламон, інш. не былі без грэху.
Чаму менавіта я, ты сёння тут, у касцёле, з усіх жыхароў горада? Ці мы найлепшыя, самыя святыя? Не. І гэта таямніца. Можа быць Пан Бог наблізіў мяне да Сябе, каб я мог камусьці сказаць, што быў і такі, і такі, а Бог перамяніў мяне праз дзеянне Сваёй ласкі.
Другая частка малітвы "Анёл Панскі" нам дае прыклад рашучасці, калі Марыя прымае Божую прапанову адзін раз і на ўсё жыццё, не пакідаючы сабе альтэрнатывы. У нашым грамадстве гэтая рыса губляецца. Сёння лічыцца правільным быць неадназначным, мець некалькі варыянтаў, не абмяжоўваць сябе. Чалавеку складана зрабіць крок да шлюбу, да прыняцця дзіцяці, да святарства, бо трэба зрабіць выбар аднаго варыянту і перакрэсліць іншыя магчымасці.
Калі я атрымаў Божую прапанову, калі пачуў добрую навіну, што Бог мяне збавіў, што Бог мяне любіць, то якія могуць быць лепшыя варыянты, хто можа запрапанаваць лепшае? Як таму, хто знайшоў каштоўную пярліну (Мц 13,46), варта аддаць усё, што маю, сваё жыццё і пайсці за Божай воляй, каб атрымаць жыццё вечнае.
Дзень 3.
Кс. Юрый прапанаваў параўнаць два розных падыхода да прыняцця рашэнняў: у Ахаза (Іс 7, 10–14) і ў Юзафа (Мц 1, 18–24).
Ахаз, кароль Юды, апынуўся перад небяспекай заваявання яго дзяржавы з боку ворага, які пераўзыходзіў яго моцай. Праз прарока Ісаю Бог запэўніваў яго ў Сваёй дапамозе і ў перамозе, калі Ахаз паверыць. Але кароль юдэйскі меў свае планы, якія не ўключалі Бога, - і ўсё страціў.
Юзаф, нарачоны Марыі, даведаўся аб яе цяжарнасці і балюча перажываў, не ведаючы як паступіць правільна. Юзафа называлі справядлівым, бо ён імкнуўся ў жыцці аддаваць кожнаму належнае, а Богу належыць нашая паслухмянасць. І Юзаф жадаў выконваць Божую волю, быць паслухмяным Богу - і зрабіў тое, што здавалася немагчымым.
Як мы разважаем ў складанай сітуацыі? Мы часта перад абліччам цяжкасцяў, бачачы свае слабасці і малыя рэсурсы, пачынаем рацыянальна падыходзіць да спраў, выключаючы Бога і магчымасць Яго дзеяння са свайго жыцця, і не можам рашыцца на пэўны крок. А часам трэба мець адвагу распачаць добрую справу, прыняць цярпенні, вырашыць прабачыць бліжняга, нават не ведаючы, ці атрымаецца. Бо калі Бог захоча, то прыйдзе дапамога нават з таго боку, з якога не чакаеш.
Езус прыйшоў на свет, каб памерці, збавіць нас праз Сваю смерць. Ён змяніў жыццёвую сітуацыю чалавека: чалавек не меў надзеі на вечнае жыццё - і раптоўна атрымаў, нават не паварушыўшы для гэтага пальцам! Ніколі не трэба губляць надзею на Пана Бога і выключаць Яго са свайго жыцця. Ён усемагутны, верны, ніколі не падманвае.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Ірына Фаміна