6 лістапада ўпершыню ў нашай парафіі Святога Казіміра прайшоў Баль Усіх Святых.
Cвятыя – гэта каштоўныя пярліны, якія заўсёды побач з намі, якія сваім жыццём паказваюць нам, што Бог, нягледзячы ні на што, любіць нас заўсёды,і ўсе мы таксама можам быць Святымі!
Як маленькі, так і вялікі
Можа быць святым,
І таўсцюшка, і худзенькі
Можа быць святым,
Як і я, так і ты
Можаш быць святым.
Менавіта з гэтай песні і пачаўся Баль. Як дзеці, так і дарослыя мелі магчымасць прыйсці на свята ў касцюмах Святых, блізкіх ім па духу, якія служаць добрым прыкладам у жыцці. І ведаеце, якіх толькі Святых не прыйшло на свята?! Месца ўсім не хапала! Гэта былі як добра ўсім вядомыя Святыя: Агата, Піо, Тэрэза, Марыя, Юзаф, Юда Тадэвуш, Францішак, Стэфан, Баляслава Лямант, Ян Павел ІІ... Так і Святыя, пра якіх, нават не кожны дарослы хрысціянін чуў: Антоній Ляшчэвіч (росіцкі святы), Фідэль, Жозэфіна Бакіта, Джана Берэта Мола, Марыя Гарэцці, Дамінік Савіо, Схаластыка і Бенядзікт, Феламена... А таксама шматлікія пастушкі і анёлы.
Для ўдзельнікаў Балю былі падрыхтаваны разнастайныя конкурсы, гульні, бяспройгрышная латарэя. Не абышлося і без салодкіх пачастункаў!
Але асаблівую цікавасць выклікаў флэшмоб ад брата Уладзіслава - танчылі ўсе!
Напрыканцы свята адбыўся паказ мод і выбар пераможцаў конкурсу на лепшае ўвасабленне вобразу Святога. Вельмі няпростая справа была ў журы: дастойных вобразаў было шмат! Пераможцы атрымалі прыемныя падарункі. Адным словам, свята ўдалося, час праляцеў зусім непрыкметна!
Дзякуй вялікі нашым святарам, сёстрам, аніматарам і валанцёрам, якія ў вобразе сясцёр назарэтанак, дапамагалі ў правядзенні свята.
Спадзяёмся, што дадзены Баль Усіх Святых стане для нашай парафіі добрай традыцыяй.
Памятаем, што святасць перамагае! Варта быць Святым, ты таксама можаш!
Тэкст:Таццяна Шумель
Фота: Эрык Савянок
Больш фота: