Два першыя лістападаўскія дні ў каталіцкай царкве прысвечаны памяці памерлых: 1 лістапада - Дзень Усіх Святых і 2 лістапада - Дзень памінання памерлых (Дзяды).

1 лістапада адзначаецца адно з галоўных каталіцкіх святаў - Урачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень царква згадвае не толькі афіцыйна прызнаных святых, гэта значыць беатыфікаваных і кананізаваных, але і ўсіх верных памерлых, чыё жыццё было адзначана святасцю.

Першапачаткова свята адзначалася 13 мая. У гэты дзень у 609 годзе папа Баніфацый IV асвячаў рымскую ратонду, прысвечаную Божай маці і ўсім пакутнікам царквы. Да гэтага дня з катакомбаў туды былі перавезены 28 вазоў парэшткаў хрысціян, якія аддалі жыццё за веру. Штогадовы ўспамін гэтай падзеі і стаў першым святкаваннем дня, які цяпер вядомы як Урачыстасць Усіх Святых. (Па іншых крыніцах гэтае свята ўвёў рымскі папа Рыгор IV у 835 годзе.)

Праз некаторы час, пры папе Рыгоры III (690 г. - 741 г.), паняцце святасці пашырылася. Пантэон святых стаў уключаць у сябе і тых, хто зведаў пераслед і пакуты за веру ў Хрыста, нават і тады, калі ганенні не завяршыліся мучаніцкай смерцю, а затым і падзвіжнікаў, якія праславіліся дабрадзейным жыццём, – “усіх беззаганных праведнікаў, на ўсёй зямлі спачылых”.

А ў пачатку ХІ стагоддзя гэтае свята было перанесена на 1 лістапада. Тады гэты дзень прысвячаўся тым святым, у якіх не было свайго свята на працягу года.

1 лістапада людзі прыходзяць на могілкі, каб запаліць знічы (сімвал памяці памерлых) і памаліцца за памерлых - блізкіх і сяброў. Наведванне могілак - гэта звычай, вядомы амаль усім народам, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Урачыстасць Усіх Святых з’яўляецца адным з абавязковых святаў каталіцкага касцёла, удзельнічаць у ім варта ўсім хрысціянам, акрамя тых, хто не можа зрабіць гэтага з пэўных прычын.

На наступны дзень пасля Ўсіх Святых (2 лістапада) адзначаецца Дзень памінання памерлых. Для хрысціян гэта дзень малітваў за ўсіх веруючых ў Хрыста, якія ўжо пакінулі гэты свет, але знаходзяцца ў чыстцы і маюць патрэбу ў нашай малітве, каб атрымаць выратаванне.

На працягу васьмі дзён, пачынаючы з 1 па 8 лістапада ў «актаве» — кожны дзень вернікі запрашаюцца да асабліва моцнай малітвы за дарагіх для іх сэрца памерлых. Такім чынам можна атрымаць поўны адпуст для адной душы, якая пакутуе ў чыстцы. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі.

Дзень памінання памерлых нагадвае аб тым, што людзі павінны шанаваць тых, хто пайшоў з жыцця, і дапамагчы памерлым ачысціцца ад грахоў. Скараціць тэрмін ачышчэння могуць толькі добрыя справы, малітвы і пакаянне тых, хто жыве і памятае аб памерлых.

У гэты дзень таксама прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых. Усе католікі павінны паклапаціцца аб тым, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама закінутыя магілы паблізу.

Згодна з хрысціянскай традыцыяй недапушчальна прыносіць на могілкі ежу і спіртныя напоі, а таксама пакідаць іх на магілах. Годным успамінам аб памерлых з'яўляецца запалены на магіле зніч і кветкі, а таксама малітва за спачын душы.

Тэкст: Таццяна Шумель

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter».